“Ад нашага выбару залежыць будучыня Беларусі”

- 13:08Актуально, Выбары 2015

Дзесяць дзён застаецца да знакавай падзеі — выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Выбары — гэта заўсёды адказна, выбары прэзідэнта — адказна ўдвая. Таму што мы, народ Рэспублікі Беларусь, выбіраем свайго кіраўніка, таго, хто будзе абараняць нашы інтарэсы, гарантаваць выкананне кожнага з нашых правоў. Таго, хто гарантуе, што мы будзем жыць у вольнай і незалежнай краіне, спакойна выхоўваць сваіх дзяцей і не баяцца за іх будучыню. Таго, хто гарантуе нам МІР на нашай роднай зямлі. 
Напярэдадні выбараў-2015 мы правялі невялікае апытанне ў кожным з рэгіёнаў нашай краіны, каб высветліць, з якімі думкамі ідзе галасаць наша моладзь. Усе рэспандэнты — маладыя людзі: студэнты, аспіранты, маладыя спецыялісты і г.д. Тыя, каму будаваць наша жыццё ў бліжэйшы час, таму ім слова і галоўная ўвага.
Усе рэспандэнты адказалі на 4 пытанні:
1. Што для вас значаць выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь?
2. Ці пойдзеце вы на выбары і чаму моладзі важна ўдзельнічаць у іх?
3. Што змянілася ў вашым жыцці з папярэдніх прэзідэнцкіх выбараў?
4. Чаго вы чакаеце ад выбараў прэзідэнта 2015 года?

Юлія ВАЙЛУНОВА, магістр эканамічных навук, асістэнт кафедры “Эканамічная тэорыя і маркетынг” Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, аспірант (дата заканчэння УВА — лістапад 2015 года).
— Для мяне выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — гэта права грамадзян на ўдзел у фарміраванні будучыні, які патрабуе ад нас палітычнай адказнасці. Выбары кіраўніка дзяржавы — важная падзея для ўсіх беларусаў, таму што вырашаецца пытанне нашай будучыні, ад іх выніку залежыць заўтрашні дзень — наш і нашых дзяцей. І, вядома ж, ад яго залежыць развіццё ўсёй краіны і роднай Віцебшчыны. Кожны грамадзянін Рэспублікі Беларусь павінен зрабіць свой выбар. Гэта і выражэнне грамадзянскай пазіцыі, і абавязак кожнага з нас.
— Асабіста я абавязкова пайду на выбары. Лічу, што ўсе грамадзяне Рэспублікі Беларусь павінны прыняць удзел у гэтай важнай падзеі. Калі чалавек любіць родны горад, сваю краіну, яму неабходна пакінуць свой голас, выказаць уласнае меркаванне. У Год моладзі мы, маладыя, павінны прагаласаваць за таго кандыдата, які зможа выступаць гарантам міру і стабільнасці ў грамадстве, усебаковай дзяржаўнай падтрымкі адукацыі і аховы здароўя, інавацыйнага развіцця навукі і вытворчасці, сацыяльнай абароненасці і дабрабыту грамадзян. Неабходна памятаць, што ад правільнага выбару залежыць лёс кожнага з нас. Моладзь не можа застацца ўбаку ад гэтай найважнейшай падзеі, бо так мы бяром на сябе частку адказнасці за лёс нашай краіны.
— Напярэдадні мінулых выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь мне выпаў гонар трапіць у склад дэлегатаў IV Усебеларускага народнага сходу ад Віцебскай вобласці. Я на той час была студэнткай — вучылася на 5-м курсе. За наступныя гады ў маім жыцці адбылося многа падзей: паспяхова скончыла магістратуру і абараніла магістарскую дысертацыю, паступіла ў аспірантуру; была адзначана стыпендыяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аспірантам на 2014 год; стала лаўрэатам прэміі Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта таленавітым маладым вучоным і спецыялістам на 2014-ы і выйграла ў конкурсе грантаў НДР аспірантам на 2015 год, атрымала грант Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь на выкананне навукова-даследчай работы на 2015 год. Зараз працую над кандыдацкай дысертацыяй.
— Думаю, што кожны грамадзянін Рэспублікі Беларусь ад выбараў, якія маюць адбыцца, чакае аднаго галоўнага выніку: далейшага росквіту нашай краіны. Мы разам у імкненні да міру, дабрабыту, стваральнай працы, развіцця. Наша права і абавязак — зрабіць выбар на карысць моцнай і квітнеючай Рэспублікі Беларусь. Давайце сваім выбарам забяспечым светлы заўтрашні дзень Радзімы.

Алена ШКУЦЬКО, навучэнка Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа. Вучыцца на 4 курсе каледжа па спецыяльнасці “Пачатковае навучанне”. Камандзір зводнага студэнцкага педатрада.
— Для мяне гэта вялікая адказнасць. Так, мой голас — кропля ў моры, але менавіта гэтая кропля можа стаць вырашальнай.
— Я пайду на выбары абавязкова. Па-першае, я не магу быць абыякавай да лёсу краіны, я хачу прымаць удзел у прыняцці самага важнага рашэння. Па-другое, мне цікавы сам працэс, бо галасаваць я буду ўпершыню.
Я лічу, што моладзі неабходна сказаць сваё слова на выбарах. Нас многа, мы актыўнае пакаленне. І мы павінны самі выбіраць, што будзе далей з намі і краінай. Усё, што адбываецца навокал, уплывае на нашу вучобу, работу, жыццё наогул. А падчас выбараў мы можам паўплываць на тое, што адбываецца ў краіне.
— За гэты час я пасталела. Скончыла школу і паступіла ў каледж, стала актыўнай удзельніцай усіх мерапрыемстваў і наогул таго, што называецца маладзёжным рухам. Я ўсвядоміла, як многа магчымасцей сёння даецца моладзі, як многа дарог, па якіх можна ісці. І разам з гэтым я ўсвядоміла важнасць правільнага выбару ва ўсім: правільнага выбару прафесіі, занятку, грамадзянскай пазіцыі. І тым больш выбару кіраўніка дзяржавы.
— Нядаўна ў нашым каледжы праходзілі маладзёжныя дэбаты, на якіх абмяркоўвалася тэма палітычнай стабільнасці. Мы пісалі пасланне будучым пакаленням, у якім жадалі, каб у іх быў чалавек, які мог бы павесці іх за сабой. Гэтага я і чакаю ад выбараў: каб у нашай краіны і далей быў надзейны лідар, за якім пойдзе народ, уся краіна і моладзь у першых радах. Каб людзі давяралі яму і працавалі, беручы з яго прыклад.

Ігар ТУРКОЎ, студэнт 303-й групы філалагічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава.
— Гэта вельмі значная, глабальная падзея для ўсёй краіны. Я ўпершыню буду прымаць удзел у выбарах, і, напэўна, нічога больш хвалюючага ў маім жыцці пакуль не было. У першую чаргу таму, што мы выбіраем асобу, якая будзе несці адказнасць за народ, за моладзь, а значыць, і за мяне.
— Нават не абмяркоўваецца. Зразумела, пайду. Вялікае складваецца з дробнага: хто ведае, магчыма, менавіта мой голас стане вырашальным. Выбар вельмі важны, і нам, маладому пакаленню, трэба зрабіць яго правільна, каб наша краіна і далей квітнела, умацоўвалася, развівалася ва ўсіх сферах.
— Мы змянілі з сям’ёй месца жыхарства, пераехалі ў новую прасторную кватэру. Я змяніў свой сацыяльны статус: стаў студэнтам. Ведаеце, універсітэт раскрыў тыя мае таленты, пра якія я нават не падазраваў за школьнай партай. Цяпер у вольны ад вучобы час я вяду канцэрты, прымаю ўдзел у грамадскім жыцці нашай альма-матар і ў стварэнні праграм універсітэцкага тэлебачання. Гэта здорава! Хочацца, каб такім жа творчым, паспяховым, насычаным падзеямі, знаёмствамі і адкрыццямі быў кожны наступны год.
— Стабільнасці ў грамадстве, у дзяржаве, у сям’і. Асабіста для мяне вельмі важныя развіццё, рэалізацыя сваіх магчымасцей — ісці і дасягаць вынікаў, працаваць і адчуваць, што ты патрэбны краіне. Спадзяюся на ажыццяўленне самых галоўных мар. Не хацелася б пра іх гаварыць банальна, але так будзе дакладней за ўсё: пабудаваць дом, пасадзіць дрэва і выгадаваць сына (а ў ідэале і дачку). Для таго каб ажыццявіць гэтыя галоўныя мары, трэба адбыцца як асоба, як прафесіянал і быць упэўненым у заўтрашнім дні.

Ганна КАЗЛОЎСКАЯ, настаўніца англійскай мовы беларускамоўнай гімназіі № 2 Барысава. Працуе першы год. Скончыла БДУ.
— Для мяне выбары — гэта магчымасць захаваць мір у нашай краіне, годны ўзровень жыцця, упэўненасць у будучыні, стабільнасці і ўстойлівасць развіцця. Падчас галасавання я аддам свой голас на карысць нашай краіны.
— Я лічу, што моладзь, асабліва працуючая, павінна мець дакладную грамадзянскую пазіцыю. І яна павінна быць актыўнай. Ад маладога пакалення многа чакаюць, і многа ад яго залежыць. Удзел у выбарах у якасці выбаршчыка — гэта найвышэйшае праяўленне актыўнасці. Я пайду галасаваць першы раз. І для мяне гэта вельмі важна, я падыходжу да гэтага працэсу свядома, з цвёрдай упэўненасцю, што мой голас мае значэнне, як і голас кожнага грамадзяніна нашай краіны. Хачу прагаласаваць за чалавека, які валодае такімі якасцямі, як цвёрдасць і мэтанакіраванасць, за чалавека, уважлівага да свайго народа, у тым ліку да моладзі.
— За мінулыя пяць гадоў я скончыла ўніверсітэт, стала спецыялістам і пачала працаваць. І адукацыю, і работу я атрымала дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы, бо вучылася на бюджэтнай форме навучання, жыла ў інтэрнаце, мне было прадастаўлена першае рабочае месца. Змянілася я сама, мой светапогляд, і я стала больш бачыць вакол сябе і заўважаць тыя змены, што адбываюцца ў краіне. Мы ўступілі ў Балонскі працэс — мяне гэта вельмі радуе. Нашы ўрачы асвойваюць найскладанейшыя аперацыі, і я ганаруся, што гэта адбываецца ў маёй роднай краіне. За апошнія гады я бліжэй пазнаёмілася з культурай, традыцыямі і гісторыяй Радзімы, цяпер вось працую ў беларускамоўнай гімназі. Усё гэта дазволіла мне яшчэ вастрэй адчуць нацыянальную прыналежнасць, на новым узроўні ўсвядоміць, што я грамадзянка Беларусі, і ганарыцца гэтым бязмежна.
— Я хачу, каб мы і далей жылі пад мірным небам у квітнеючай незалежнай краіне. Я чакаю, што мы не спынімся на дасягнутым і будзем далей развівацца ва ўсіх сферах жыцця. І я спадзяюся, што мне будзе дадзена магчымасць сваёй працай зрабіць уклад у развіццё нашай краіны.

Аксана ПАЛЬТО, студэнтка 3 курса аддзялення журналістыкі філалагічнага факультэта БрДУ імя А.С.Пушкіна:
— Выбары прэзідэнта — гэта выбар будучыні краіны, шляху, па якім яна будзе развівацца ў бліжэйшыя 5 гадоў. Выбары — гэта магчымасць рэальнага ўплыву грамадства на сацыяльна-эканамічны і палітычны курс развіцця. Выбары надзвычай адказная падзея ў жыцці любой дзяржавы, і ставіцца да іх неабходна адказна і неабыякава, каб не знішчыць зробленае і забяспечыць паступальны рух наперад.
— На выбары пайду абавязкова. Удзел у іх дапамагае адчуваць сябе паўнацэнным грамадзянінам Беларусі. У выбарах прэзідэнта буду галасаваць упершыню, таму, зразумела, адчуваю пэўную ўсхваляванасць.
Маладыя людзі павінны абавязкова ўдзельнічаць у выбарах, бо ім затым жыць і працаваць у той краіне, будучыню якой яны вызначылі сваімі галасамі ці бяздзейнасцю.
— Мінулыя прэзідэнцкія выбары асабліва не памятаю з-за ўзросту. У 15 гадоў палітыкай не цікавілася. У такім узросце яшчэ сур’ёзна не задумваешся пра пошук свайго месца ў грамадстве. Сёння я ўжо разумею, што ад майго выбару і выбару маіх равеснікаў будзе залежаць і мой лёс.
— Кожны чалавек спадзяецца, што пасля выбараў яго жыццё зменіцца ў лепшы бок. Спадзяюся на гэта і я. Думаю, грамадству варта захаваць набыткі сённяшняга палітычнага курсу і не кідацца ў крайнасці. Ад выбараў чакаю ўпэўненасці ў заўтрашнім дні, стабільнай эканамічнай сітуацыі і магчымасці самарэалізацыі для моладзі ў роднай краіне, а не за мяжой.

Наталля ЗАПРУДСКАЯ, педагог дадатковай адукацыі Магілёўскага абласнога цэнтра творчасці.
— Для мяне выбары прэзідэнта з’яўляюцца значнай падзеяй. Я лічу, што гэта ключавая кропка ў жыцці кожнага грамадзяніна. Ад нашага агульнага выбару залежыць будучыня Беларусі. Менавіта ў гэты момант вызначаецца, як будзе развівацца наша дзяржава, як мы ўсе будзем жыць далей.
— Я як чалавек актыўнай жыццёвай пазіцыі заўсёды прымаю ўдзел у выбарах. Гэта не толькі маё права, але і абавязак. Ды і лёс маёй краіны мне не абыякавы. Няхай у мяне ёсць усяго толькі адзін голас, але такіх, як я, тысячы тысяч, і калі мы будзем салідарныя ў сваім выбары, то можна сказаць, што кожны бюлетэнь мае сваю ролю пры падвядзенні вынікаў.
— Галасаваць на выбарах прэзідэнта буду другі раз. За апошнія пяць гадоў у маім жыцці змянілася многае. Я скончыла ўніверсітэт, атрымала якасную адукацыю. У мяне ёсць добрая і любімая работа, ёсць перспектывы для далейшага кар’ернага росту, падтрымка ва ўсіх пачынаннях.
— Апошнія гады мы жылі ў стабільнай і бяспечнай дзяржаве. Гэтага я чакаю і зараз. Спадзяюся, што Беларусь будзе і далей ісці сваім шляхам развіцця і ў хуткім часе стане прыкладам для іншых народаў.

Ганна САВІЧ, студэнтка 2 курса хіміка-тэхналагічнага факультэта Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання.
— Выбары прэзідэнта — сур’ёзнае палітычнае мерапрыемства, падзея, важная для кожнага грамадзяніна.
— Удзел у выбарах — мой грамадзянскі абавязак, спосаб выказаць сваю пазіцыю, прыняць удзел у кіраванні дзяржавай. Будучыня Радзімы мне не абыякава, таму я буду галасаваць. Наогул, моладзі асабліва неабходна прымаць удзел у выбарах. Будучыня залежыць ад нас, ад маладога пакалення. Калі мы хочам, каб яна была годнай, трэба зрабіць свой сур’ёзны і ўсвядомлены выбар.
— Я скончыла школу, стала студэнткай. Вельмі радуе, што для моладзі ў нас у краіне адкрыты ўсе дарогі. Дзяржаўная маладзёжная палітыка падтрымлівае ў пачынаннях любога маладога чалавека, дае вялікія магчымасці для самарэалізацыі, таму мае галоўныя дасягненні яшчэ наперадзе.
— Выбары 11 кастрычніка 2015 года будуць першымі выбарамі прэзідэнта ў маім жыцці. Аднак гэтае мерапрыемства для мяне не новае. У школе, якую я не так даўно скончыла, знаходзілася ўчастковая выбарчая камісія. Мы, школьнікі, былі там у якасці грамадскіх актывістаў. Праводзілі тлумачальную работу, выступалі з творчымі самадзейнымі нумарамі. Зараз я ўжо студэнтка, але па-ранейшаму прымаю актыўны ўдзел у грамадскім жыцці.
Вядома, галасаваць упершыню будзе хвалююча, але я ўжо даўно вызначылася з кандыдатам, за якога аддам свой голас. Я выбіраю стабільнасць, мір на беларускай зямлі, паспяховую і квітнеючую будучыню, таму галасаваць буду за дзеючага прэзідэнта А.Р.Лукашэнку.

Аляксандр ДАВЫДОЎСКІ — сёлетні выпускнік Лоеўскага педагагічнага каледжа. Яго першым рабочым месцам стаў Гомельскі палац творчасці дзяцей і моладзі, куды Аляксандра прынялі адразу на дзве пасады: рэжысёра і культарганізатара. Аляксандр хутка ўліўся ў калектыў, цяпер ён разам з калегамі працуе над творчымі праектамі і працягвае вучобу ва ўніверсітэце.
— Перш за ўсё — вялікая адказнасць: мая асабіста, кожнага выбаршчыка і грамадства ў цэлым. Ад таго, які выбар зробіць кожны, залежыць будучыня нашай краіны, а значыць, і будучыня нашых дзяцей. Да гэтага нельга аднесціся абыякава, неабходна добра прааналізаваць, каб зрабіць абдуманы і правільны выбар.
Гэта першыя прэзідэнцкія выбары ў маім жыцці, маю на ўвазе першыя з таго часу, як я атрымаў права мець голас. Тым не менш мне знаёмы настрой людзей, якія раніцай у нядзелю ідуць з пашпартам у кішэні да свайго выбарчага ўчастка. Я рос і вучыўся ў вясковай школе, у час правядзення выбараў разам са сваімі равеснікамі заўсёды наладжваў святочныя канцэрты для вяскоўцаў. Людзі ўспрымаюць выбары як свята, бо ў гэты дзень яны робяць важны выбар. Дарэчы, мне ўжо прыходзілася аддаваць свой голас у парламенцкіх выбарах. Але ж зараз, напярэдадні выбараў прэзідэнта, я разумею, што цяпер на мне яшчэ большая адказнасць.
— Так, я абавязкова пайду на выбары. А як інакш? Я ж грамадзянін Рэспублікі Беларусь! Наогул, лічу, што кожны разумны чалавек павінен карыстацца сваім правам голасу. Роля моладзі ў гэтым — асаблівая. Тыя юнакі і дзяўчаты, якія сёння ідуць першы ці другі раз на выбары прэзідэнта, у найбліжэйшай будучыні зоймуць пэўныя пасады, будуць развіваць эканоміку, аграпрамысловы комплекс, адукацыю і іншыя сферы жыццядзейнасці. Іншымі словамі, менавіта ім належыць будаваць сучаснасць і будучыню нашай краіны. Ад іх рашэння, а значыць, і ўдзелу ў выбарах залежыць тое, што яны прымуць у спадчыну. Зараз палітыка дзяржавы скіравана на падтрымку моладзі. Гэта вельмі важна, калі дзяржава клапоціцца пра падрастаючае пакаленне, маладых рабочых і спецыялістаў. Упэўнены, што мае равеснікі за тое, каб так было і далей. Вось яшчэ адна прычына зрабіць свой выбар.
— Ведаеце, спачатку падумаў: нічога не змянілася. Я жыў пад мірным небам, жыццё ішло сваім ходам. А потым зразумеў, што змянілася многае. У мінулыя прэзідэнцкія выбары я быў выпускніком школы. Зараз я — выпускнік каледжа, малады спецыяліст. Я вырас. Не толькі гадамі. Я вырас як чалавек, як прафесіянал, набыў пэўны багаж ведаў, які цяпер трэба падмацоўваць, я стаў па-іншаму глядзець на многія рэчы, аналізаваць. Я пасталеў. Я ўдзячны ўсім, хто верыў у мяне, хто дапамагаў мне.
— Стабільнасці і міру ў краіне. Калі будуць стабільнасць і мір, будуць працаваць заводы і фабрыкі, будзе павышацца і ўзровень жыцця. Хацелася б, каб нашы дзеці не ведалі нягод, каб дзяржава і грамадства не пакідалі клопат аб пажылых людзях.

Вольга БУЦЬКО, студэнтка факультэта фінансаў і банкаўскай справы БДЭУ (завочная форма навучання), вядучы спецыяліст сектара суправаджэння дагавораў страхавання медыцынскіх выдаткаў філіяла “Белдзяржстраха” па Мінску:
— Гэта ўжо другія прэзідэнцкія выбары, у якіх я буду прымаць удзел. Памятаю свае ўражанні ад першага галасавання: мне было надзвычай цікава, як усё адбываецца. Ужо тады я разумела, што прымаю ўдзел у нечым вельмі маштабным, значным, адказным. Было прыемна, калі на выбарчым участку мне ўдзялілі крыху больш увагі за іншых, павіншавалі з першым у жыцці галасаваннем, уручылі невялікі падарунак, усё растлумачылі. Запомнілася і святочная атмасфера на выбарчым участку.
— Так, я пайду на выбары-2015. Лічу гэта сваім грамадзянскім абавязкам. Сказаць, што канкрэтна мой голас нешта вырашыць… Канечне, не вырашыць, але ўдзел у выбарах дае кожнаму з нас разуменне, што ўсе мы жывём у краіне не самі па сабе, што мы адзін народ, адно цэлае, што праз выбары можам непасрэдна ўплываць на тое, у якой краіне будзем жыць у найбліжэйшы час.
На свае другія прэзідэнцкія выбары я пайду ўжо больш усвядомлена. Вялікі ўплыў на гэтую ўсвядомленасць аказала навучанне ва ўніверсітэце. Калі ты ўпарта вывучаеш эканоміку сваёй краіны, эканоміку замежных краін на працягу некалькіх гадоў, параўноўваеш, аналізуеш, то пачынаеш разумець усю важнасць і сур’ёзнасць гэтых пытанняў. А эканоміка напрамую звязана з выбраным прэзідэнтам і з абраным курсам сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны.
— Гэтая пяцігодка была, напэўна, адной з самых насычаных у маім жыцці, яна была багатая на значныя падзеі. Я скончыла каледж, паступіла ва ўніверсітэт, паспяхова прайшла практыку і атрымала добрую пасаду ў вядучай страхавой кампаніі краіны. Я паспяхова скончыла аўташколу, стала жыць асобна ад бацькоў і пачала будаваць сваю маладую сям’ю.Такім жа насычаным на значныя падзеі было і жыццё самой краіны. Здаецца, што ніколі дагэтуль Беларусь не была такой турыстычна прывабнай. Будаўніцтва гасцініц, гандлёва-забаўляльных цэнтраў, адкрыццё музеяў, кафэ, правядзенне фестываляў, сусветных спартыўных першынстваў, з’яўленне англійскай мовы ў транспарце… Хочацца, каб гэтая тэндэнцыя працягвалася, каб жаданне адкрыць для сябе Беларусь узнікала ва ўсё большай колькасці людзей па ўсім свеце.
— Ад выбараў-2015 усе мы чакаем сумленнасці, адкрытасці і празрыстасці.

Сяргей ІВАНОЎ, метадыст упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, старшыня пярвічнай студэнцкай арганізацыі “Белая Русь”.
— Выбары прэзідэнта краіны для мяне асабіста — гэта не проста магчымасць удзельнічаць у іх, галоўнае, што я магу падтрымаць тое, што сёння існуе ў краіне, аддаць свой голас за працяг той палітыкі, якая ажыццяўляецца ва ўсіх сферах жыцця — знешнепалітычнай, эканамічнай, сацыяльнай.
— Так, я не проста пайду на выбары. У выбарах я яшчэ ўдзельнічаю і як сакратар участковай выбарчай камісіі. Наш выбарчы ўчастак № 15 знаходзіцца ў галоўным корпусе ўніверсітэта. Тут галасуюць не толькі жыхары мікрараёна, але і студэнты. Сімвалічна, што выбары прэзідэнта адбываюцца ў знакавы год — год 70-годдзя Вялікай Перамогі і Год моладзі. Маладыя людзі ў гэты год асабіста адчулі не толькі клопат дзяржавы аб іх, але і тое, што на іх плечы кладзецца адказнасць за лёс краіны і свой асабісты лёс. Мы, маладыя, не павінны быць абыякавымі да гэтай значнай падзеі. Назіраю, як маладыя людзі ставяцца да ўдзелу ў выбарах, бо на працягу апошніх гадоў браў удзел у выбарчых кампаніях у мясцовыя органы ўлады, парламент краіны. На выбарчы ўчастак яны прыходзяць са свядомым і адказным выбарам.
— Як выбаршчык буду ўдзельнічаць у выбарах прэзідэнта другі раз. У 2010 годзе я быў студэнтам 5 курса педагагічнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы і з’яўляўся членам ініцыятыўнай групы ў падтрымку кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. У 2011 годзе атрымаў вышэйшую адукацыю, быў запрошаны на Рэспубліканскі баль выпускнікоў, пачаў працаваць у сваім родным універсітэце. За гэтыя гады многаму навучыўся, вялікі вопыт атрымаў і ад удзелу ў рабоце аб’яднання “Белая Русь”, рэалізацыі маладзёжнага культурна-гістарычнага праекта “Жывая гісторыя”. Так што гэтыя гады былі часам станаўлення мяне як спецыяліста і грамадзяніна.
— Напэўна, на гэтае пытанне многія адкажуць адным словам — стабільнасць. Выкажу яго і я. Так, я за стабільнасць і за тое, каб мая краіна стабільна развівалася. У гэта я ўкладваю такі сэнс, як магчымасць моладзі развіваць свае таленты, рэалізаваць сябе ва ўсіх сферах жыцця, быць запатрабаваным у грамадстве, проста шчаслівым у жыцці — сям’і, рабоце, сяброўстве. Гэта ўсё тое, што мы сёння маем, што складае сэнс жыцця ў стабільнай і моцнай краіне. Таму прагаласую за працяг гэтай палітыкі.

Матэрыялы падрыхтавалі:
Таццяна Бондарава, Надзея Вашкелевіч, Сяргей Грышкевіч, Наталля Кастэнка,
Наталля Лутчанка, Марына Пыркова, Дар’я Рэва, Ганна Сінькевіч.