Раскрыць творчы талент і здольнасці да тэхнічнай дзейнасці, стварыць спрыяльныя псіхалагічныя ўмовы для навучання і выклікаць цікавасць да навукі — на гэтым робяць акцэнт педагогі Маладзечанскага раёна, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Чарговы прэс-тур прадстаўнікоў Выдавецкага дома нездарма быў запланаваны ў Маладзечна. У рэгіёне актыўна чытаюць “Настаўніцкую газету”, педагогі заўсёды з задавальненнем дзеляцца з журналістамі цікавымі падзеямі і навінамі сістэмы адукацыі.
— “Настаўніцкая газета” ніколі не забывае пра нашых настаўнікаў, — пацвердзіла начальнік упраўлення па адукацыі Маладзечанскага райвыканкама Людміла Каханоўская. — Тым больш што ім ёсць чым падзяліцца з калегамі. Усе нашы ўстановы адукацыі ў сваім развіцці вызначаюць шмат прыярытэтных кірункаў, сярод якіх адным з самых важных з’яўляецца фарміраванне каштоўнасці здароўя і здаровага ладу жыцця. Арганізуючы працэс выхавання, акцэнт робім на занятасці дзяцей у пазаўрочны час, павелічэнні колькасці дадатковых адукацыйных заняткаў.
Яхты, караблі, самалёты
Менавіта над іх стварэннем працуюць выхаванцы гурткоў “Фрэгат” і “Ветразь” Маладзечанскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Маладзік”.
Тое, што ў “Маладзіку” пануе натхняльная, творчая атмасфера, заўважаеш яшчэ на першым паверсе цэнтра. Кожны куточак, кожная сцяна тут упрыгожаны работамі выхаванцаў.
— У нас кожны навучэнец займаецца любімай справай, — запэўнівае дырэктар Маладзечанскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Маладзік” Наталля Усцюшэнка. — У цэнтры дзеці развіваюць задаткі і здольнасці ў тым відзе творчасці, якой аддаюць перавагу. Але самае галоўнае — тут можна з карысцю правесці вольны час і знайсці новых сяброў з ліку аднагодкаў і педагогаў.
Сярод вялікага пераліку гурткоў у “Маладзіку” дзейнічаюць пяць аб’яднанняў па інтарэсах тэхнічнага профілю: “Тэхнічная творчасць”, гурток пачаткова-тэхнічнага мадэлявання “Ладдзя”, гурток тэхнічнага мадэлявання “Фрэгат”, “Электронік”, гурток “Ваенна-гістарычнае мадэляванне “Узлёт”.
На занятках спартыўна-тэхнічнага профілю вучні займаюцца ракета- і суднамадэлізмам. Так, у суднамадэльным гуртку “Ветразь” юныя тэхнікі ствараюць макеты караблёў, а пасля ўдзельнічаюць у конкурсах і спаборніцтвах па запуску мадэлей на вадзе.
— У ракетамадэльным гуртку “Палёт” дзеці вучацца рабіць мадэлі ракет, — дадае Н.Усцюшэнка. — Са сваімі работамі яны ўдзельнічаюць у шматлікіх конкурсах. Так, у мінулым навучальным годзе нашы выхаванцы занялі прызавыя месцы ў абласных спаборніцтвах па ракетамадэльным спорце ў межах XXII Рэспубліканскай спартакіяды навучэнцаў па тэхнічных відах спорту “Тэхнаспорт”. Тады ў нас было пяць дыпломаў ІІ і чатыры дыпломы ІІІ ступені. Акрамя гэтага, у нас штогод шмат перамог на абласных спаборніцтвах па адпаведным кірунку.
Гордасць “Маладзіка” — узорная студыя выцінанкі “Народныя крыніцы”, якім кіруе педагог дадатковай адукацыі Вольга Маслава. Два гады назад таленавітая настаўніца вырашыла спалучыць беларускую выцінанку з тэатрам ценяў. У выніку з’явіўся праект “Моўныя залацінкі”, за рэалізацыю якога калектыў студыі быў узнагароджаны дыпломам ІІ ступені на ІІ Рэспубліканскім фестывалі-конкурсе праектаў навучэнцаў “Нашчадкі традыцый”. Гэта не першы інтэграваны праект, у якім вучні спалучылі дэкаратыўна-прыкладное мастацтва з тэатрам. Да гэтага педагог аформіла батлейку і стварыла для яе лялькі ў тэхніцы выцінанкі.
Народная студыя “Вясёлы церамок” таксама вартая ўвагі. Яе ўдзельнікі пад кіраўніцтвам педагога Наталлі Сівай шыюць цацкі, сярод якіх і лялькі-абярэгі. Гэты кірунак цікавы вучням, бо мае гістарычны аспект: лялькі суправаджалі нашых продкаў увесь час, у кожны перыяд жыцця, пачынаючы ад нараджэння. Сёння ўдзельнікі “Вясёлага церамка” з цікавасцю і ахвотай адраджаюць тагачасныя традыцыі, але не забываюць і пра сучаснасць. Калі ўмела ўсё спалучыць, атрымаецца не проста лялька, а сапраўдны сімвал, які нясе ў сабе пэўны сэнс.
Інтэлект у кубе
Інтэлектуальны клуб “КубіКО”, які дзейнічае ў пачатковай школе № 15 Маладзечна, дапамагае дзецям разіваваць іх пазнавальную актыўнасць. Але гэта яшчэ не ўсё.
Стварыць клуб — ідэя настаўніка-метадыста намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце пачатковай школы № 15 Маладзечна Валянціны Самаль. Заняткі ў клубе “КубіКО” вядуцца па розных напрамках: мнагамернае чытанне, даследчая дзейнасць, праектаванне і інш.
— Адна з прыярытэтных задач нашай установы адукацыі — стварэнне ўмоў для выяўлення і развіцця адораных і высокаматываваных навучэнцаў, — звяртае ўвагу Валянціна Андрэеўна. — Педагагічная практыка паказвае, што гэта менавіта тая катэгорыя дзяцей, якой настаўнік, арганізуючы вучэбны працэс, не ўдзяляе належнай увагі. Навучэнцы, у якіх ёсць здольнасць да дасягнення высокіх вынікаў менавіта ў вучэбнай дзейнасці, у рамках класна-ўрочнай сістэмы не заўсёды маюць магчымасць працаваць з больш складаным матэрыялам, вывучаць яго ў індывідуальным тэмпе. А значыць, узнікае неабходнасць арганізацыі пазаўрочнай работы з такімі вучнямі.
Інтэлектуальны клуб “КубіКО”, які заснавала настаўніца, якраз на гэта і накіраваны. Але чаму менавіта “КубіКО”? Куб — шасцігранная фігура, якая адлюстроўвае асноўныя напрамкі работы клуба, а “КО” — гэта кампанія аднадумцаў — навучэнцаў, якім усё цікава, якія любяць вучыцца і даведвацца новае.
— Галоўная форма работы — сістэматычныя пазакласныя вучэбныя заняткі, якія праходзяць раз у тыдзень па пяці напрамках: разумныя і інтэлектуальныя гульні, мнагамернае чытанне, даследчая і праектная дзейнасць, праграмаванне і робататэхніка, — працягвае педагог. — Акрамя гэтага, у план работы ўключана правядзенне мерапрыемстваў, прычым некаторыя з іх становяцца традыцыйнымі.
На працягу года ў школе арганізуюцца інтэлектуальныя гульні “Эрудыт” паміж камандамі класаў, а таксама рознаўзроставымі камандамі з удзелам бацькоў. Традыцыйным стаў і фестываль-конкурс даследчых работ “Хачу ўсё ведаць”, а кожную вясну — напрыканцы навучальнага года — праходзіць выстава работ творчага канструявання.
— Удзельнікамі інтэлектуальнага клуба могуць стаць навучэнцы, у якіх ёсць схільнасць і пазнавальны інтарэс да розных навук, якія праявілі сябе ў інтэлектуальных конкурсах, алімпіядах, фестывалях, — адзначае В.Самаль.
Рэчаіснасць праз мастацтва
У гімназіі-каледжы мастацтваў Маладзечна заўсёды пануе асаблівая атмасфера творчасці. І не важна, канікулы ва ўстанове ці працягваецца вучэбная чвэрць.
Гімназія-каледж мастацтваў Маладзечна — унікальная ўстанова адукацыі. Яе дырэктар Іна Рушук расказала, што тут вучацца 1046 дзяцей, 75 з якіх — на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Гэтыя вучні займаюцца па такіх кірунках, як акцёрскае майстэрства, харэаграфічнае майстэрства, жывапіс.
— Навучэнцы не толькі паспяхова асвойваюць дысцыпліны эстэтычнага профілю, але і дэманструюць высокі ўзровень ведаў па прадметах агульнаадукацыйнага цыкла, — зазначае І.Г.Рушук. — Нашы вучні прымаюць удзел у інтэлектуальных спаборніцтвах, конкурсах, навукова-практычных канферэнцыях, алімпіядах.
Тыя дзеці, якія хочуць вучыцца ў гімназіі-каледжы, пры прыёме ў 1 клас праходзяць праверку здольнасцей у прысутнасці бацькоў. Дырэктар установы расказала, што камісія з ліку розных педагогаў вызначае ўзровень музыкальнасці будучых гімназістаў, глядзіць на наяўнасць вакальных даных, ацэньвае прапорцыі цела, гнуткасць корпуса, пластыку рухаў, уменне імправізаваць і пераўвасабляцца.
— Гэта ўсё вельмі важна для залічэння на той ці іншы профіль, — дадае Іна Георгіеўна. — Таксама спецыялісты звяртаюць увагу на выразнасць і тэхніку малюнкаў, характар кампазіцыі. Часам жаданні дзяцей і бацькоў у выбары профілю не супадаюць. Здараецца, мара мамы аб тым, каб яе дзіця стала музыкантам, не можа здзейсніцца, бо школьнік не мае неабходных здольнасцей. У такім выпадку мы размаўляем з бацькамі, нацэльваючы іх на іншы напрамак.
Сёння ў гімназіі-каледжы працуюць чатыры аддзяленні, самае старэйшае з якіх музычна-харавое. Асноўны напрамак яго дзейнасці — далучэнне дзяцей да музычнай творчасці, навучанне ігры на розных інструментах, фарміраванне мастацкага густу і інш.
На харэаграфічным аддзяленні займаюцца больш як 250 вучняў. Дарэчы, ва ўстанове чатыры танцавальныя калектывы, іх рэпертуар вельмі багаты і разнастайны: народныя і сюжэтныя танцы, фантазіі на тэмы любімых казак, вакальна-харэаграфічныя кампазіцыі, балетныя танцы і інш.
— Калектыўная творчасць навучэнцаў — гэта нагляднае ўвасабленне сінтэзу мастацтва, які развівае творчыя здольнасці: пачуцці, памяць, уяўленне, інтэлект, — зазначае І.Рушук. — Такім чынам, заняткі на харэаграфічным аддзяленні спрыяюць духоўнаму і фізічнаму развіццю дзіцяці, дапамагаюць вывучаць рэчаіснасць праз мастацтва.
Настаўнік выяўленчага мастацтва Аляксандр Арцюхоў з навучэнкай
Папулярнасцю сярод вучняў таксама карыстаюцца тэатральнае і мастацкае аддзяленні. Так, на ўроках малюнка, жывапісу, кампазіцыі, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва педагогі развіваюць у вучняў візуальнае ўспрыманне, назіральнасць, уяўленне, творчае мысленне.
— Педагогі гімназіі-каледжа арганізоўваюць сумесныя выставы работ вучняў і сваіх, а гэта станоўча ўплывае на фарміраванне і станаўленне творчай асобы навучэнца, — запэўнівае Іна Георгіеўна. — Такая форма сумеснай дзейнасці пашырае кругагляд юных мастакоў і стымулюе іх пазнавальную актыўнасць.
Вынікамі сумеснай дзейнасці навучэнцаў і настаўнікаў з’яўляюцца прагляды вучэбных і творчых работ. Падчас іх вучні дэманструюць узровень валодання мастацкімі дысцыплінамі і свой творчы патэнцыял.
— Акрамя таго, выкарыстанне розных форм, метадаў і прыёмаў у навучанні дазваляе навучэнцам праз заняткі любым з відаў мастацтва рэалізоўваць свае творчыя патрэбы ўжо з малодшага школьнага ўзросту, — падсумавала І.Рушук. — Вынік такой сістэмнай, мэтанакіраванай работы — удзел навучэнцаў гімназіі-каледжа ў шматлікіх конкурсах і выставах міжнароднага ўзроўню.
Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА