Прэзентацыя факультэтаў і спецыяльнасцей, цікавыя майстар-класы, накіраваныя на выбар будучай прафесіі, — у БДТУ прайшло другое мерапрыемства праекта “Дні Мінскай вобласці”. Яго ўдзельнікамі сталі каля двухсот старшакласнікаў з 28 школ і гімназій, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
У пачатку навучальнага года БДТУ распрацаваў дарожную карту супрацоўніцтва са школамі і гімназіямі Мінскай вобласці. Для знаёмства вучняў інжынерных класаў з універсітэтам створаны праект “Дні Мінскай вобласці”.
“Першае масавае мерапрыемства праекта адбылося ў кастрычніку. Тады да нас прыехала амаль 400 вучняў 38 інжынерных класаў сталіцы і Міншчыны. Зараз мы другі раз правялі азнаямленчыя лекцыі і каля 20 майстар-класаў. Лічу наш праект вельмі карысным, бо ўсе ведаюць, што апошнім часам найбольш папулярныя ІТ-спецыяльнасці, эканамічныя і юрыдычныя, а да інжынерных напрамкаў цікавасць меншая. Каб абудзіць яе, мы вырашылі арганізаваць вось такія сустрэчы, не адмаўляючыся пры гэтым і ад дзён адкрытых дзвярэй, наступныя адбудуцца ў лютым і сакавіку. Да таго ж вясной у нас запланаваны яшчэ два мерапрыемствы “Дзён Мінскай вобласці”, а па суботах мы рэгулярна праводзім розныя заняткі для старшакласнікаў”, — паведаміў першы прарэктар Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Андрэй Саковіч.
З эфектам прысутнасці
У дзвюх лекцыйных залах дэканы факультэтаў і загадчыкі кафедр рэкламавалі свае спецыяльнасці. Так, дэкан факультэта інфармацыйных тэхналогій Дзмітрый Шыман расказаў, што яго студэнты авалодваюць спецыяльнасцямі “Праграмная інжынерыя” і “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі” з профілямі “Лічбавы дызайн” і “Інфармацыйныя сістэмы”.
“Мы робім усё, каб нашы выпускнікі былі здольныя не толькі арыентавацца ў тэхналогіях сённяшняга дня, але і хутка разбірацца ў заўтрашніх тэхналогіях”, — падкрэсліў Дзмітрый Васільевіч.
Пра адметнасці факультэта прынттэхналогій і медыякамунікацый расказала яго дэкан Таццяна Далгова. Яна запрасіла патэнцыяльных абітурыентаў на тры спецыяльнасці: “Выдавецкая справа”, “Прынттэхналогіі” і “Друкаваныя лічбавыя сістэмы і комплексы”. А яшчэ папярэдзіла іх, што сярод уступных іспытаў не толькі руская (беларуская) мова і матэматыка, але і замежная мова, хімія і фізіка адпаведна вышэйназваным спецыяльнасцям.
У сваю чаргу намеснік дэкана лесагаспадарчага факультэта па вучэбнай і навуковай рабоце Сяргей Кавалеўскі прадставіў такія спецыяльнасці, як “Лясная гаспадарка”, “Ландшафтнае праектаванне і будаўніцтва” і “Турызм і прыродакарыстанне”. На апошнюю, на маё здзіўленне, трэба прайсці ўступны іспыт па фізічнай культуры і спорце ў выглядзе здачы 6 нарматываў: бег на 30 м, падцягванне на перакладзіне для юнакоў і падніманне тулава для дзяўчат, скачкі ў даўжыню з месца і г.д.
“Мы рыхтуем студэнтаў па трох спецыяльнасцях, зараз іх каля 500 чалавек. Спецыяльнасці хоць і розныя, але аб’ядноўвае іх адно — любоў да прыроды, краіны і жаданне зрабіць яе лепшай”, — дадаў Сяргей Уладзіміравіч.
З прыцэлам на прафесію
Пасля лекцый госці БДТУ разышліся па розных аўдыторыях на майстар-класы. На адным з іх — “Стварэнне фільтра з зярністай загрузкай для ачысткі вады” — вучні нарацкай сярэдняй школы № 2 разгледзелі працэс фільтравання вады ў хатніх умовах.
Да таго ж старшы выкладчык кафедры прамысловай экалогіі факультэта хімічнай тэхналогіі і тэхнікі Вольга Кічкайла расказала ім пра два блокі спецыяльнасцей: “Першы — “Інжынерная экалогія” і “Прамысловыя і камунальныя сістэмы водападрыхтоўкі і водаачысткі”. Каб паступіць на іх, давядзецца здаваць хімію, матэматыку і рускую (беларускую) мову. У час навучання асаблівы ўпор будзе рабіцца на вывучэнне хіміі. Другі блок — спецыяльнасці “Аўтаматызацыя тэхналагічных працэсаў і вытворчасцей”, “Тэхналагічныя машыны і абсталяванне”, “Вытворчасць вырабаў з кампазіцыйных матэрыялаў”, “Вытворчасць вырабаў на аснове трохвымерных тэхналогій” і “Прамысловы дызайн”, дзе неабходна здаць яшчэ і творчы экзамен. На астатнія ж спецыяльнасці прадастаўляюцца сертыфікаты па фізіцы, матэматыцы і рускай (беларускай) мове”.
Вольга Уладзіміраўна больш падрабязна спынілася на спецыяльнасці “Інжынерная экалогія”, патлумачыла, хто такі інжынер-хімік-эколаг і чаму попыт на такіх спецыялістаў перавышае колькасць выпускнікоў: “У нас добра развіты прамысловы комплекс, які значна ўплывае на навакольнае асяроддзе, забруджванне атмасфернага паветра, водных аб’ектаў, глебы, таму такія спецыялісты вельмі запатрабаваныя. Звярніце ўвагу, што сёлета прахадны бал на бюджэт быў усяго 170 — зусім невялікі, хоць якасць адукацыі ў нас на высокім узроўні”.
Яшчэ адзін майстар-клас правяла дацэнт кафедры біятэхналогій факультэта тэхналогіі арганічных рэчываў Вольга Ігнатавец. Яна прапанавала школьнікам сярэдняй школы № 24 Барысава выканаць лабараторную работу трэцякурснікаў па вызначэнні колькасці вітаміну С у фруктах.
“Юнакам і дзяўчатам трэба было вызначыць колькасць вітаміну С у розных фруктах, таксама крыху пагаварылі пра яго ролю ў прыродзе і арганізме чалавека. Старшакласнікі даведаліся, чаму лепш з’есці мандарын альбо банан, чым таблетку. Пры дапамозе розных хімічных методык — цітравання, экстрагавання біялагічна актыўных рэчываў, правядзення рэакцыі — дзеці вызначылі колькасць вітаміну С і параўналі свае вынікі з данымі, якія публікуюцца ў розных крыніцах. Так, лідар па колькасці вітаміну С — ківі, у дзень дастаткова аднаго, на другім месцы — апельсін і лімон, затым ідуць парэчкі, перац і квашаная капуста. Такія майстар-класы дапамагаюць школьнікам зразумець, ці змогуць яны быць хімікамі”, — патлумачыла Вольга Сцяпанаўна.
Дарэчы, барысаўскія дзесяцікласнікі прыехалі ў БДТУ разам са сваім класным кіраўніком Вікторыяй Ляцман, настаўніцай нямецкай мовы. Яна адзначыла: “Мае вучні на павышаным узроўні вывучаюць хімію і біялогію, фізіку і матэматыку. Мы прыехалі азнаёміцца з факультэтам тэхналогіі арганічных рэчываў. Магчыма, хтосьці з навучэнцаў зменіць сваё меркаванне наконт будучай прафесіі, зразумее, ці ляжыць у яго душа да пэўнай спецыяльнасці і ці хацеў бы ён вучыцца ў БДТУ. Такія практычныя заняткі заўсёды прыносяць карысць і дапамагаюць старшакласнікам вызначыцца са спецыяльнасцю. Мы супрацоўнічаем яшчэ і з БНТУ і вельмі ўдзячныя гэтым універсітэтам за такія цікавыя сустрэчы і адметныя практычныя заняткі. Між іншым многія бацькі маіх вучняў гавораць, што калі б у іх час была магчымасць атрымаць профільную падрыхтоўку ў школе, то яны, верагодна, выбралі б іншы прафесійны напрамак”.
А вось для вучняў 10 класа Вілейскай гімназіі № 1 “Логас” і Каладзішчанскай сярэдняй школы майстар-клас правёў Дзмітрый Раманенка, загадчык кафедры інфарматыкі і вэб-дызайну. Ён паказаў, як карыстацца магчымасцямі розных дадаткаў.
У сваю чаргу вучні інжынерных класаў Лошніцкай гімназіі Барысаўскага раёна і сярэдняй школы № 2 Заслаўя наведалі інтэрактыўны майстар-клас “Фізічныя прынцыпы работы і канструявання музычных інструментаў”. На ім загадчык кафедры фізікі факультэта інфармацыйных тэхналогій Мікалай Крук расказаў пра тыпы гукавых хваль і асаблівасці іх распаўсюджвання ў паветры. З дапамогай дэманстрацыйнага эксперымента ён паказаў старшакласнікам узаемасувязь даўжыні гукавой хвалі і яе частаты, а таксама методыку вызначэння частаты хвалі на прыкладзе камертона, які выкарыстоўваецца для настройкі музычных інструментаў, узаемасувязь частаты гуку і ноты ў музычным гукарадзе.
Не расчаравацца ў выбары
Пакуль старшакласнікі Міншчыны вызначаюцца з будучай прафесіяй, першакурсніцы факультэта тэхналогіі арганічных рэчываў Аляксандра Абанічава і Кацярына Яўтушык дзеляцца сваімі аргументамі на карысць выбару менавіта БДТУ.
“Мы абедзве скончылі Брэсцкі ліцэй № 1 імя А.С.Пушкіна, дзе вучыліся на хіміка-матэматычным профілі. Калі паўстала пытанне выбару ўніверсітэта, то ў нас былі толькі два варыянты: магілёўскі БДУТ і мінскі БДТУ. Аднак пасля наведвання ў дзень адкрытых дзвярэй сталічнага тэхналагічнага ўніверсітэта нам стала зразумела: паступаем сюды. Да таго ж у Брэсце шмат прадпрыемстваў, звязаных з хімічнай прамысловасцю, дзе патрэбны тэхнолагі. Многія знаёмыя пасля заканчэння менавіта нашага факультэта зараз працуюць па спецыяльнасці і займаюць добрыя пасады”, — сказала Кацярына.
За першы семестр навучання дзяўчаты ні кроплі не расчараваліся ў зробленым выбары.
“Нам далі месца ў інтэрнаце, які размешчаны ледзь не ў двух кроках ад вучэбных карпусоў, што вельмі зручна. І вучыцца пакуль не складана, галоўнае — усё своечасова выконваць і ніякіх праблем не будзе. У БДТУ можна атрымаць добрую кваліфікацыю, а ў далейшым пайсці ў магістратуру. Увогуле мы атрымліваем трайную спецыяльнасць — інжынер-хімік-тэхнолаг, таму зможам пайсці як на прадпрыемства, так, напрыклад, і ў школу выкладаць хімію. Вось такая рознабаковая прафесія атрымліваецца”, — дадала Аляксандра.
Сапраўды, у БДТУ шмат цікавых і, галоўнае, запатрабаваных рэальным сектарам эканомікі спецыяльнасцей, таму і спектр прапаноў па працаўладкаванні ў яго выпускнікоў шырокі.
Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота аўтара