Наталля СТЭЛЬМАХ
Прафесія псіхолага ў нашай краіне адносна маладая, але яна вельмі хутка набірае папулярнасць і даказвае сваю неабходнасць ва ўсіх сферах жыцця чалавека. Гадоў 30 назад мала хто ўяўляў, для чаго патрэбны псіхолаг, чым ён займаецца і якія праблемы вырашае.
З уласнага вопыту магу сказаць, што ў пачатку маёй прафесійнай дзейнасці ў дзіцячым садзе бацькі першапачаткова асцерагаліся звяртацца па дапамогу, блытаючы псіхолага з псіхіятрам, псіхатэрапеўтам, нават з неўрапатолагам. Памылкова лічылі, што псіхолаг абавязкова выставіць іх дзіцяці дыягназ і гэта неяк паўплывае на яго далейшы лёс пры паступленні ў школу. Але час ідзе, і псіхолаг стаў ледзь не самым папулярным спецыялістам у многіх сферах дзейнасці. Псіхолагі працуюць з персаналам у буйных будаўнічых кампаніях, банках, IT-кампаніях, без удзелу псіхолага не абыходзяцца субяседаванні пры прыёме на работу. І тым больш цяжка ўявіць сёння любую ўстанову адукацыі без псіхолага.
Прафесія псіхолага ўваходзіць у спіс так званых прафесій, якія дапамагаюць. Гэта дзейнасць, звязаная з вялікай колькасцю кантактаў і эмацыянальнай уключанасцю чалавека ў вынік працы. Так, эфектыўнасць псіхолага ацэньваецца яго асабістымі ўласцівасцямі: гуманнасцю, суперажываннем, спагадай, клопатам пра кліента і г.д. З аднаго боку, такі ўдзел і эмацыянальная прыналежнасць — гэта неад’емная частка работы і паказчык высокага ўзроўню прафесіяналізму, а з другога — шлях да эмацыянальнага выгарання.
Яшчэ адной прычынай выгарання і сыходу з прафесіі з’яўляецца тое, што спецыяліст не заўсёды кампетэнтны і пачынае адчуваць сваю прафесійную нерэалізаванасць. Але ў гэтым няма нічога ганебнага. Прафесія псіхолага падразумявае пастаянную самаадукацыю — курсы павышэння кваліфікацыі, вучэбныя семінары, вэбінары і г.д. Сёння, якой бы прафесіяй вы ні валодалі, недастаткова адзін раз асвоіць патрэбныя вузкаспецыялізаваныя веды, гадоў за 5 адтачыць іх на практыцы, а далей проста нарошчваць рэпутацыю. Усё навокал імкліва мяняецца: патокі інфармацыі ў любым прафесійным асяроддзі растуць, прывычныя падыходы да работы і зносін паміж людзьмі замяняюцца новымі. Гэтыя і многія іншыя фактары прыводзяць да таго, што маладыя спецыялісты, адпрацаваўшы пару гадоў, сыходзяць з прафесіі.
Як і ўвесь педагагічны склад любой установы адукацыі, псіхолагі дзеляцца на тых, хто працуе, таму што вельмі даўно гэтым займаецца, дыхае прафесіяй, у ім шмат альтруізму, і зусім маладых, якія прыйшлі, агледзеліся, атрымалі першую зарплату і пачынаюць узважваць, ці хочуць яны прыкладаць столькі намаганняў пры такім становішчы рэчаў. Малады спецыяліст хоча ўсё і адразу, у тым ліку і ў зарплаце. Заработная плата, вядома, залежыць ад катэгорыі, маладым спецыялістам ідзе даплата, ёсць фонд іншай матэрыяльнай падтрымкі, але тым не менш… Мы ўсе пачыналі некалі свой прафесійны шлях, не маючы стажу і катэгорый. Як і ў любой прафесіі, сутыкаліся з цяжкасцямі на сваім шляху. Але тут важна разумець, хочам мы застацца ў прафесіі ці проста выпадковыя людзі ў ёй. Ёсць людзі, якім, напрыклад, не дадзена спяваць з-за адсутнасці слыху. Затое яны могуць выдатна лічыць і рэалізавацца ў фінансавай сферы. Гэтак жа і з прафесіяй псіхолага: каб быць псіхолагам, трэба мець асаблівыя якасці характару і тэмпераменту. Работа псіхолага — гэта работа на перспектыву, адкладзены вынік.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА