Адна сям’я

- 10:26Выхаванне, Выхаваўчая работа

Шосты школьны дзень стане больш цікавым, калі ў яго правядзенні будуць прымаць удзел не толькі дзеці, але і іх бацькі. 

Гэта на прыкладзе сваёй установы адукацыі паказала педагог-псіхолаг Полацкай дзяржаўнай гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны Таццяна Генадзьеўна Вяршыніна. 

Развіваць эмоцыі

У мінулым навучальным го­дзе на абласным конкурсе прафесійнага майстэрства “Маё прызванне — псіхолаг” Т.Вяршыніна стала пераможцай. Расказваючы пра гэта, Таццяна Генадзьеўна адзначае, што такое дасягненне — вынік сумеснай плённай работы з дзецьмі і бацькамі.    

“Калі прыйшла працаваць у гімназію пасля заканчэння Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава, мне было страшна пачынаць сваю работу, — успамінае Т.Вяршыніна. — Не буду хаваць: нават для таго, каб данесці да дзетак нейкую інфармацыю, мне не хапала вопыту”. 

З кожным годам інфармацыі, якую трэба правільна і дасведчана падаць школьнікам, становіцца ўсё больш. А значыць, і нагрузка ў школе на педагогаў, у тым ліку псіхолагаў, узрастае: павялічваецца аб’ём работы з дакументамі. 

“Нягледзячы на гэты фактар, я не перастаю любіць сваю работу, бо бачу яе станоўчы вынік, — канстатуе Таццяна Вяршыніна. — Кожны дзень назіраю за тым, як мяняюцца дзеці”.

Працуючы з малодшымі школьнікамі, псіхолаг штогод прасоч­вае адну і тую ж тэндэнцыю: у кожным класе ёсць дзеткі, якія баяцца адказваць ля дош­кі, — гэта першая прымета таго, што вучань не адаптаваўся да калектыву, у якім знаходзіцца.  

“Мне вельмі пашанцавала з тым, што я педагог-псіхолаг у пачатковых класах, — прызнаецца Таццяна Генадзьеўна. — З дзеткамі мы працуем на развіццё крэатыўнасці, мыслення. Напрыклад, у мяне ёсць праект па развіцці эмацыянальнага інтэлекту ў малышоў, бо я ўпэўнена ў тым, што дзецям трэба пастаянна развівацца, не стаяць на месцы. Баць­кі ў сваю чаргу не павінны адказнасць за развіццё дзіцяці перакладваць на настаўнікаў, як і не павінна быць наадварот. Відавочна, каб дасягнуць пэўнага выніку, школа і бацькі павінны быць камандай і працаваць на дасягненне адной мэты, а не вінаваціць адно аднаго. 

Не сакрэт: у школах здараюцца сітуацыі, калі дзіця не паспявае ў вучобе. Праводзячы ў шосты школьны дзень трэнінгі з мамамі і татамі, задаю ім пытанне, цікаўлюся, што яны зрабілі для таго, каб дапамагчы дзіцяці справіцца з гэтай праблемай. Дарэчы, у бліжэйшую суботу арганізую з бацькамі навучэнцаў 2 класа семінар, падчас якога абмяркуем, як дарослыя право­дзяць свабодны час з дзіцем, ці чытаюць разам кнігі”.

Нават самы маленькі прагрэс акажа на дзіця велізарны ўплыў, стане для яго своеасаблівым штуршком, які падкажа, што ўсё магчыма, што няма добрых і дрэнных вучняў.

Памылкай, якую бачыць педагог-псіхолаг, з’яўляецца і тое, што часта навучэнцаў дзеляць на паспяховых і непаспяховых.

“Тых, хто добра вучыцца, стараюцца задзейнічаць амаль ва ўсіх пазакласных мерапрыемствах, на іх вешаюць шмат дадатковых роляў, забываючы, што ў школьным узросце ў дзіцяці роля адна, але вельмі важная — вучыцца і атрымліваць ад гэтага задавальненне, — прыво­дзіць прыклад Т.Вяршыніна. — З-за такога падыходу дзіця за 2—3 гады выгарае, яму нічога не хочацца рабіць, вучоба таксама перастае цікавіць. А бывае і наадварот. У школах ёсць дзеткі, у якіх з вучобай не вельмі добра. Бачачы, што ў іх нешта не атрымліваецца, настаўнікі перастаюць прыцягваць такіх вучняў да ўдзелу ў мерапрыемствах. Але гэта таксама няправільна. Не атрымалася раз-другі, значыць, атрымаецца пазней. Настаўнікі, асабліва класныя кіраўнікі, павінны гэта разумець і падтрымліваць сваіх вучняў. Нават самы маленькі прагрэс акажа на дзіця велізарны ўплыў, стане для яго своеасаб­лівым штуршком, які падкажа, што ўсё магчыма, што няма доб­рых і дрэнных вучняў. Ёсць навучэнцы, у якіх усё атрымліваецца хутка і лёгка, і тыя, хто дасягае станоўчых вынікаў крыху пазней. Менавіта для таго, каб паказаць важнасць такой работы з дзецьмі, мы з бацькамі абмяркуем падобныя сітуацыі, паспрабуем пагля­дзець на праблему вачамі дзіцяці і ўбачыць, што яно адчувае ў эмацыянальным і псіхалагічным плане, калі здараюцца такія гісторыі”.

Да работы з псіхолагам многія бацькі першапачаткова ставяцца даволі скептычна: не ўсе дарослыя ўмеюць бачыць і прызнаваць свае памылкі, асабліва тыя, што прасочваюцца ў выхаванні дзяцей.

“Праводзячы дыягностыку, часта бачу, што ў дзяцей зніжана канцэнтрацыя ўвагі, — працягвае Т.Вяршыніна. — Безумоўна, я тэлефаную бацькам і расказваю пра гэта, тлумачу, што дзяцей трэба прывесці на карэкцыйныя заняткі. Не з першага разу, але дастукацца ўдаецца. Затое калі ў сям’і здараюцца праблемы ў міжасобасных адносінах, калі бацькі не могуць знайсці з дзіцем агульную мову, гэта чамусьці страшна выносіць на абмеркаванне з псіхолагам. Здараецца, што настаўнікі заўважаюць, як дзіця заціскаецца, замыкаецца ў сабе, калі яго выклікаюць да дошкі. Такія паводзіны сведчаць, што навучэнец падвяргаецца насіллю. Размаўляю з ім — тэорыя пацвярджаецца. Але чамусьці выра­шаць праблему ніхто не спяшаецца,  пры­знаць яе вельмі цяжка. Так, у кожнай сям’і здараюцца канфлікты, і гэта нармальна, як і нармальна прыйсці да школьнага псіхолага і параіцца з ім, як дзейнічаць у той ці іншай сітуацыі”.

Сакрэты сонечнага зайчыка

 Каб дзіця мякка, без наступс­тваў, адаптавалася да школы, баць­кі і настаўнікі таксама павінны працаваць разам. 

“Здараецца, што бацькі прыходзяць і просяць змяніць дзіця, зрабіць яго зручным для дарослых, і пажадана, каб за адзін раз, — прыводзіць яшчэ адзін прыклад педагог-псіхолаг. — Калі такое чую, адказваю, што на працягу 7 гадоў малыш жыве ў адным, сваім, рэжыме. А адаптацыя да школы працягваецца ад 6 месяцаў да года (некаторыя нават за 11 гадоў навучання не могуць прывыкнуць). Адаптацыя да вучобы — гэта вельмі важна, яна павінна пачынацца ў старшай групе дзіцячага садка. Сёння нагрузка на дзяцей вялікая. Калі да школы малыш нічым не займаўся, дома яго не садзілі за стол пачытаць, то і ў першым класе ў яго з гэтым адназначна ўзнікнуць цяжкасці. Вызначыць такіх дзетак проста: яны прыходзяць у школу з дыягназам гіперактыўнасці ці сіндромам дэфіцыту ўвагі. Нягле­дзячы на тое, што ў пачатковых класах настаўнікі гуляюць з дзеткамі, кампенсаваць сіндром увагі так проста не ўдаецца”. 

Заўважыць, што ў першакласніка праблемы з адаптацыяй у школе, бацькі могуць дома. Такія дзеткі скардзяцца на аднакласнікаў, адмаўляюцца ісці ў школу, яны няўседлівыя і не могуць знайсці агульную мову з першай настаўніцай і выхавальнікам. 

Калі ў сям’і неспрыяльная псіхалагічная абстаноўка, то на дзіцяці гэта моцна адбіваецца: яно не можа думаць ні аб чым іншым, акрамя як аб вырашэнні праблемы ўзаемаадносін з бацькамі.

“Для работы з дзеткамі, якія маюць праблемы з адаптацыяй, у мяне распрацавана ўласная карэкцыйная праграма “Знаёмства з сонечным зайчыкам”, якая складаецца з 30 заняткаў па 35—40 мінут. Яны праводзяцца ў групе прадоўжанага дня ў групавой ці індывідуальнай форме, — заўважае Таццяна Вяршыніна. — Мы выкарыстоўваем двухпаўшарнае маляванне па кропках (малюем дзвюма рукамі), чытаем словы, а таксама праводзім гульні, якія накіраваны на згуртаванне класа (для групавой работы). Для індывідуальнай работы з навучэнцам выкарыстоўваю метафарычныя карты, карты на запамінанне. Дарэчы, штогод у верасні право­джу дыягностыку на вызначэнне таго, наколькі камфортна дзецям у школе, дыягностыку ўвагі і пазнавальных працэсаў, мыслення, а таксама сацыяметрыю. На аснове вынікаў, што атрымліваю, фармірую карэкцыйную групу, у якую ўваходзяць 12—15 дзетак. Што тычыцца індывідуальнай работы з навучэнцам, то часта прыцягваю да яе бацькоў, паказваю маме, як працую з малышом, і тлумачу, што яшчэ трэба зрабіць дома, якія заданні выканаць.

Пасля завяршэння карэкцыйнай работы паўторна праводжу дыягностыку. Гэта неабходна для таго, каб убачыць, што змянілася ў дзіцяці, а калі нічога не змянілася, то важна гэта заўважыць і пасля прааналізаваць, чаму так адбылося. Увогуле, я ўпэўнена, што абстаноўка ў сям’і, стыль выхавання, стаўленне бацькоў да талентаў свайго дзіцяці маюць для яго развіцця вырашальнае значэнне, бо менавіта дарослыя з’яўляюцца першаадкрывальнікамі здольнасцей у малышоў. Безумоўна, вялікае значэнне мае клімат у сям’і. Калі дома ў школьніка ўсё добра і спакойна, то дзіця таксама спакойнае, яно падтрымлівае зносіны з бацькамі на роўных. 

Калі ў сям’і неспрыяльная псіха­лагічная абстаноўка, то на дзіцяці гэта моцна адбіваецца: яно не можа думаць ні аб чым іншым, акрамя як аб вырашэнні праблемы ўзаемаадносін з бацькамі. Спадзяюся, што мерапрыемствы, якія праводзім з удзелам дарослых у шосты школьны дзень, дапамогуць бацькам зразумець і выправіць гэта. Так, за адзін дзень стварыць спрыяль­ную псіха­лагічную абстаноўку дома не атрымаецца. Але ўсё магчыма. Галоўнае, не баяцца прыйсці ў кабінет школьнага псіхолага”. 

Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.