Пяты год у Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёханеса Рау функцыянуе студэнцкі экалагічны клуб, які аб’ядноўвае студэнтаў з сямі дзяржаўных універсітэтаў, размешчаных у Мінску. Маладыя людзі маюць магчымасць больш глыбока пагрузіцца ў праблематыку аховы навакольнага асяроддзя, разам шукаць, распрацоўваць і спрабаваць на практыцы вырашэнні праблем устойлівага развіцця. У ходзе работы клуба рэалізуюцца шматлікія тэматычныя праграмы па адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця, экалагічныя акцыі, сустрэчы з экспертамі ў гэтай галіне і іншыя. Да іх дзейнасці далучаюцца студэнты іншых УВА і школьнікі. Асабліва цесна наладжана супрацоўніцтва клуба з гімназіяй № 19 Мінска. Толькі за апошнія тры гады былі рэалізаваны наступныя сумесныя праекты з навучэнцамі гэтай гімназіі: “Перасядзь на веласіпед!”, акцыі “Чыстая энергія”, “Чарнобыльская свечка памяці”, “Школа энергазберажэння для пажылых” і многія іншыя. Адзін з самых цікавых праектаў — “Ноч музеяў”, які нарадзіўся тры гады назад. “Ноч музеяў” — гэта штогадовая акцыя, прысвечаная Міжнароднаму дню музеяў, якая сёння праводзіцца больш чым у 50 краінах свету. Велізарная колькасць музеяў, вялікіх і маленькіх, “не спіць” адзін раз у год, адчыняючы свае дзверы ўсім, каму цікава ўбачыць музей ноччу. Традыцыйна супрацоўнікі музеяў і валанцёры рыхтуюць спецыяльныя творчыя праграмы: тэматычныя выставы, канцэрты, тэатралізаваныя паказы, аўтарскія экскурсіі, майстар-класы, гульні, віктарыны, конкурсы і г.д. Упершыню ў Дзяржаўным музеі прыроды і экалогіі Рэспублікі Беларусь “Ноч музеяў” была арганізавана ў маі 2012 года. Мінчан і гасцей сталіцы сустракаў Дом прыроды ў Траецкім прадмесці. Арганізатарамі і ідэйнымі натхняльнікамі акцыі сталі члены Студэнцкага экалагічнага клуба і навучэнцы гімназіі № 19 Мінска. Па іх задумцы адзін раз у год памяшканне Дома прыроды ператвараецца ў Экаград — крэатыўны экалагічны горад. У ім мноства “вуліц”, “бульвараў” і “паркаў”, якія ўяўляюць сабой рабочыя пляцоўкі, на якіх арганізоўваюцца тэматычныя мерапрыемствы, акцыі і г.д. А наведвальнікі музея вызначаюць сабе пляцоўкі, арыентуючыся па ўказальніках. Так, на “Бульвары экалагічных ідэй” разгортваюць сваю работу экалагічнае рэкламнае агенцтва, Нацыяльная экалагічная школа прыгажосці, фабрыка экалагічных цацак. У “Парку рамантычных эказабаў” можна сваімі рукамі стварыць экалагічны амулет, падарунак для сваёй палавінкі, даведацца пра тайную мову кветак падчас майстар-класа па фларыстыцы і нават “набіць” экатату. “Квартал прыродных таямніц” чакае самых практычных, бо тут можна атрымаць слушную кансультацыю касметолага па выкарыстанні прыроднай касметыкі, а калі цяжка засяродзіцца на новым параграфе ці заснуць у ноч перад экзаменам, сваімі парадамі падзеляцца спецыялісты па фіталячэнні. Тыя, хто ведае дарогу ў гэты квартал, не будзе дарма насіць парасон ці гумавыя боты — тут яны навучацца па прыродных з’явах дакладна вызначаць надвор’е, а свой настрой (а можа, і жыццё — хто ведае!) паляпшаць, узяўшы на ўзбраенне магічныя сілы камянёў, дрэў і кветак. На “Плошчы майстроў-эколагаў” традыцыйна не змаўкаюць стук малаткоў і візгат піл — тут ідзе работа для “падрадчыкаў” на пабудову птушынага жылля, а таксама аматараў арыгінальных прылад працы для работы ў садзе і агародзе. На “Арэне экалагічных гульняў” збіраюцца шумныя кампаніі прыхільнікаў інтэлектуальных, рухавых і беларускіх нацыянальных гульняў. Канечне, усе яны праходзяць з экалагічнай афарбоўкай. У “Завулку ўдачы” можна выпрабаваць свой лёс падчас экалагічнай латарэі, а на “Караоке-авеню” — пад бурныя апладысменты гасцей Экаграда спець любімыя песні пра нашу Зямлю, дзіўны свет яе прыроды. І, канечне, за добрае выкананне спевакі атрымліваюць прызы. “Нашай задачай было паказаць Дом прыроды, які з’яўляецца філіялам, выставачнай пляцоўкай Музея экалогіі і прыроды, нетрадыцыйна, — гаворыць Надзея Уладзіміраўна Самерсава, кіраўнік студэнцкага экалагічнага клуба ММАЦ імя Ёханеса Рау. — Акцыя “Ноч музеяў” дазваляе зацікавіць больш шырокую аўдыторыю — і дзіцячую, і дарослую — і паказаць, што ўяўляе сабой Музей экалогіі і прыроды, раскрыць яго патэнцыял і, канечне, павялічыць колькасць наведвальнікаў”. Вельмі хутка, у маі, акцыя “Ноч музеяў” у Доме прыроды пройдзе ўжо трэці раз. Яна ўжо атрымала шырокі рэзананс, а яе арганізатары — студэнты і школьнікі — шчырую ўдзячнасць дырэкцыі музея і мінчан.
Святлана НІКІФАРАВА.