Як навучыць дзяцей працаваць на зямлі, растлумачыць значнасць і прывіць павагу да працы селяніна? Адказы на гэтыя пытанні добра ведаюць у Пачапоўскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Краснапольскага раёна.
У гэтай невялікай вясковай школе ёсць свой цудоўны малады сад, цяпліцы з агароднінай і нават уласны гадавальнік пладовых раслін. Агульная плошча прылеглага да навучальнай установы ўчастка складае амаль паўгектара.
— Як сельская школа ў ліку прыярытэтаў сваёй дзейнасці заўсёды бачылі фарміраванне ў навучэнцаў працоўных навыкаў, іх арыентацыю на сельскагаспадарчыя прафесіі, якія найбольш запатрабаваны ў нашым раёне. Любоў да зямлі складана прывіць словамі. Тут патрэбна рэальная практыка. Раней у нас быў стандартны прылеглы ўчастак. Але захацелася пайсці ў гэтай справе далей, — паведаміла дырэктар Пачапоўскага ВПК Валянціна Шапавалава.
Паводле яе слоў, у свой час калектыў вучэбна-педагагічнага комплексу вырашыў прыняць удзел у конкурсе, які праводзіўся пад эгідай праграмы малых грантаў Глабальнага экалагічнага фонду і Міжнароднага фонду развіцця сельскіх тэрыторый. Педагогі школы прадставілі маштабную ідэю, якая ў выніку знайшла ўсеагульную падтрымку.
— Так стартаваў праект “Зялёная эканоміка саду для адраджэння вёскі “Дрэвы супраць беднасці і дэградацыі зямлі”. Мы марылі стварыць вакол школы пладовы гадавальнік, каб вучыць выніковаму земляробству не толькі навучэнцаў, але і мясцовых жыхароў, саміх сялян, — расказала Валянціна Уладзіміраўна.
З пачаткам рэалізацыі той задумы мінула ўжо сем гадоў. І сёння ідэя цалкам ажыццявілася. Для вядзення сельскай падсобнай гаспадаркі школе па рашэнні райвыканкама было перададзена амаль 0,5 гектара ўрадлівай зямлі. За фінансавы грант быў набыты мотаблок з плугам і фрэзай, закуплены кропельная сістэма паліву, сякатары, сучкарэзы, прышчэпачны і абразны нажы, тачыльны камень. Непасрэдна сам гадавальнік быў высаджаны агульнымі намаганнямі педагогаў і вучняў.
— Зараз у нас расце каля 5 тысяч пладовых дрэў і кустоў. Гэта традыцыйныя грушы і яблыні, а таксама вішні, маліна, ажына, парэчкі розных гатункаў. Некаль гадоў назад вырашылі расшырацца — у рамках новага праекта стварылі ў гадавальніку зону з дэкаратыўнымі раслінамі: туямі, ядлоўцам, кіпарысавікам, хвойнымі дрэвамі і разнастайнымі кветкамі. А летась выйгралі яшчэ адзін грант. Цяпер развіваем выкарыстанне тэхналогіі вермікампасціравання па перапрацоўцы арганічных раслінных адходаў, а таксама рэалізуем праект “Зялёная школа”, — адзначыла Валянціна Шапавалава.
Адметна, што з усёй работай па доглядзе гадавальніка ў школе спраўляюцца ўласнымі сіламі. Навучэнцы пад кіраўніцтвам педагогаў з энтузіязмам працуюць на зямлі.
— Некаторыя дзеці прыходзяць нават на канікулах. Летам у нас дзейнічае працоўны экалагічны атрад “Зялёны дазор”. Вучні займаюцца праполкай, абрэзкай дрэў, зборам ураджаю. Мы ўпэўнены, што менавіта так — праз апрацоўку сваёй градкі, збор ураджаю, вырашчанага сваімі рукамі — у сэрцах дзяцей нараджаецца любоў да працы на зямлі. Працуючы, яны мімаволі пачынаюць адчуваць сябе сапраўднымі гаспадарамі, — падкрэсліла Валянціна Уладзіміраўна.
Акрамя далучэння навучэнцаў да працы, рэалізацыя праектаў вельмі дапамагае школе і ва ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы. Гадавальнік прыносіць установе добры прыбытак. Вырашчаныя навучэнцамі і педагогамі саджанцы карыстаюцца попытам у мясцовага насельніцтва.
— Аднак на продаж ідзе не ўсё. Шэраг саджанцаў мы перадаём малазабяспечаным і мнагадзетным сем’ям, якія пражываюць у вёсцы. Такім чынам развіваем садаводства ў раёне, бо наш праект скіраваны яшчэ і на адраджэнне зямель, пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС, — заўважыла дырэктар.
Сваю ініцыятыву ў Пачапоўскім ВПК актыўна развіваюць. Не так даўно ва ўстанове стварылі мясцовы рэсурсны цэнтр, куды атрымліваць веды прыходзяць цэлымі сем’ямі. Педагагічны калектыў папулярызуе свой вопыт і пашырае межы праекта. Дзякуючы ўсебаковай інфармацыйнай і матэрыяльнай дапамозе, свой сад з’явіўся ў суседнім Казельскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе. Кансультатыўную падтрымку і навучанне пачапоўскія педагогі праводзяць і для ўстаноў адукацыі з іншых раёнаў вобласці. І гэта таксама дае адпаведны плён: падобны пладовы гадавальнік ужо стварылі ў Лабанаўскім яслях-садзе — базавай школе Чэрыкаўскага раёна.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.