У сярэдняй школе № 3 Астраўца няма профільнага класа педагагічнай накіраванасці. Але сёлета адразу шэсць выпускнікоў плануюць паступіць ва ўніверсітэт і каледж на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, каб пасля вярнуцца на малую радзіму і стаць настаўнікамі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Стаўка на педагогаў
Як запэўніваюць ва ўстанове адукацыі, шмат у чым дапамаглі вызначыцца з выбарам прафесіі мерапрыемствы шостага школьнага дня. Фактычна кожную суботу школа напоўнена галасамі школьнікаў. Спяшаюцца яны па вядомым адрасе, каб правесці карысна вольны час з аднагодкамі ў кампаніі педагогаў. Значнае месца ў мерапрыемствах рознай накіраванасці займаюць прафарыентацыйныя сустрэчы непасрэдна ва ўстанове адукацыі і з выхадамі на прадпрыемствы і ў арганізацыі.
Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Марына Бабіч з выпускніцамі 9 і 11 класаў, якія будуць паступаць на педспецыяльнасці як мэтавікі
— З гэтага года ў нашай школе пры актыўнай падтрымцы педагога Марыны Бабіч у межах шостага школьнага дня рэалізуецца праект “Дыялогі пакаленняў”. Гэта сустрэчы навучэнцаў з заслужанымі педагогамі. Прычым, падбіраючы суразмоўнікаў для такіх дыялогаў, не абмяжоўваемся толькі сваёй установай адукацыі, — расказвае пра цікавы вопыт дырэктар установы адукацыі Людміла Сасноўская.
Пасля знаёмства з цікавым госцем школьнікі заўсёды задаюць пытанні. І, як паказвае практыка, нярэдка прымаюць рашэнне пайсці аналагічнай дарогай у прафесіі. Чатыры адзінаццацікласніцы сёлета будуць паступаць ва ўніверсітэт як мэтавікі-педагогі.
І нават гэта далёка не поўная карціна эфектыўна арганізаваных прафарыентацыйных сустрэч у межах шостага школьнага дня. Пяцёра выпускнікоў сталі студэнтамі педспецыяльнасцей як мэтавікі ў мінулым годзе. А сёлета яшчэ і двое дзевяцікласнікаў нацэлены на паступленне ў каледжы, зноў жа выбраўшы прафесію настаўніка і свайго роду падстрахоўку ў выглядзе мэтавага накіравання.
Маладосць — да вопыту
— Наша школа з’яўляецца самай маладой у раёне не толькі па сваім узросце, але і з пункту гледжання сярэдняга ўзросту педагогаў, якія тут працуюць. Толькі ў гэтым навучальным годзе ў нас працуюць адразу 18 маладых спецыялістаў. Гэта кожны чацвёрты педагог у школе. Многія ўжо зарэкамендавалі сябе як актыўныя і ініцыятыўныя. Не выключаю, што ў пэўнай ступені на прафесійнае самавызначэнне нашых выпускнікоў паўплываў у тым ліку і іх прыклад у прафесіі, — працягвае дыялог Людміла Сасноўская.
Ганарацца ва ўстанове, што побач з вялікай колькасцю маладых прафесіяналаў працуюць тут і людзі, якія шлях у настаўніцтва выбралі ўжо ў трэцім пакаленні. Так, гасцямі суботніх дыялогаў са школьнікамі станавіліся прадстаўнікі дынастыі Жук. Маці і дачка Аліна Тадэвушаўна і Паліна Сяргееўна працуюць у школе настаўніцамі пачатковых класаў. А заснавальнікам настаўніцкага шляху ў іх сям’і стала Ядвіга Каятанаўна Шаблінская, якая працавала ў сярэдняй школе № 1 Астраўца, а цяпер знаходзіцца на заслужаным адпачынку.
— Ганарыцца сваёй педагагічнай дынастыяй і настаўніца беларускай мовы і літаратуры Марына Бабіч. Яе бабуля Вера Конан была першым дырэктарам Спондаўскай сярэдняй школы Астравецкага раёна, выкладала беларускую мову і літаратуру. У свой час выбралі прафесію настаўніка таксама маці Лілія Сініца, цётка Інеса Золатава і сястра Дзіяна Жытковіч, — працягвае размову Людміла Сасноўская.
Нараўне з прадстаўнікамі дынастый сваімі гісторыямі дзяліліся са школьнікамі вопытныя настаўніцы сярэдняй школы № 3 — Леанарда Аўтушэнка, Святлана Бацюлева, Ганна Свірская, Святлана Варановіч.
— Разам з тым частка нашых школьнікаў сёлета сталі гасцямі ХХІ Міжнароднай выставы “Адукацыя і кар’ера” ў Мінску. І, трэба сказаць, вярнуліся з яе пад вялікім уражаннем, паколькі ўбачылі прафесію педагога па-новаму — яшчэ больш маштабнай і значнай, — гаворыць Людміла Сасноўская.
Самавызначэнне праз успрыманне
У гэтым годзе ўстанова адукацыі святкуе першую значную дату — пяць гадоў. Створаная за такі непрацяглы час адукацыйная прастора служыць ідэі прафесійнага самавызначэння школьнікаў.
Ёсць тут, напрыклад, самабытны куток у беларускім стылі, які ў ненадакучлівай форме расказвае школьнікам аб працы чалавека на зямлі.
Сцены аднаго з холаў упрыгожваюць лясныя пейзажы ад столі да падлогі. І гэта не проста прыгожа. У фонавым рэжыме такое пано нагадвае школьнікам пра беражлівае стаўленне да прыроды і ненавязліва — пра прафесію лесніка ці супрацоўніка прыродаахоўнага ведамства.
— Гэтае пано, як і многія іншыя арт-аб’екты ў нашай школе, — вынік працы вучняў сумесна з майстрам вытворчага навучання Валерыяй Аўсянік. У рамках шостага школьнага дня ў школе арганізавана навучанне старшакласнікаў па прафесіі афарміцель мастацкіх работ, — працягвае дырэктар установы адукацыі.
Сёння нараўне са школьнай адукацыяй атрымліваюць яшчэ і прафесійную 17 чалавек.
Экскурсійным маршрутам
Знаёмяцца з прафесіямі вучні школы № 3 у Астраўцы і падчас экскурсій. Толькі ў гэтым навучальным годзе ў кампаніі педагогаў яны пабывалі на метэаралагічнай станцыі, у пажарнай часці і раённай бальніцы, на камунальным сельскагаспадарчым унітарным прадпрыемстве “Гудагай”…
— Гэты пералік можна працягваць і далей. Важна, што ўдзельнікі гэтых сустрэч кожны раз пашыраюць свае ўяўленні аб прафесіях. І нават калі мы гаворым пра малодшых школьнікаў, якім яшчэ вельмі далёка да выбару прафесійнага шляху, дзеці назапашваюць карысныя веды, якія абавязкова дапамогуць у пытаннях прафесійнага самавызначэння ў будучыні, — звяртае ўвагу Людміла Сасноўская.
Так, з 3 класа школьнікі становяцца гасцямі галоўнага экскурсійнага маршруту ў вучэбны цэнтр вядучага прадпрыемства краіны — атамнай электрастанцыі.
Нярэдка ініцыятарамі сустрэч з паметкай “праф” за межамі ўстановы адукацыі становяцца ў тым ліку бацькі школьнікаў. Так было падчас візіту ў вайсковую часць Астравецкага раёна, дзе экскурсію правёў тата аднаго з вучняў.
— Вынікам супрацоўніцтва з ваеннаслужачымі вайсковай часці 7434 два гады назад стала стварэнне ў нашай школе ваенна-патрыятычнага клуба “Адзінства”. З упэўненасцю можна сказаць, што заняткі ў клубе даюць вынік у прафесійнай падрыхтоўцы. Ужо нават у першы год яго працы нашы выпускнікі выбіралі прафесіі, звязаныя з ваеннай справай. Ёсць такія хлопцы і сярод сёлетніх выпускнікоў, — зазначае дырэктар установы адукацыі.
Сустрэчы з прафесіяналамі
Дапамагаюць школьнікам вызначыцца з прафесіяй ці даюць уяўленне пра іх і сустрэчы з прафесіяналамі сваёй справы непасрэдна ў сценах установы адукацыі.
У гэтым годзе, напрыклад, прафарыентацыйную сустрэчу накшталт калейдаскопа рабочых спецыяльнасцей тут правялі прадстаўнікі Гродзенскага дзяржаўнага каледжа галіновых тэхналогій.
У адну з нядаўніх субот астравецкая сярэдняя школа № 3 стала пляцоўкай для правядзення мерапрыемства ў рамках рэспубліканскага праекта “Запусці сэрца”. Акрамя таго, з цікавасцю некаторыя з вучняў удзельнічаюць у раённым праекце “Пра закон”. Сутнасць яго — праз узаемадзеянне з прадстаўнікамі дзяржструктур пашырыць уяўленні школьнікаў аб прафесіях юрыдычнай накіраванасці.
Сетка профільных класаў пашырыцца
Ідэю прафесійнага самавызначэння школьнікаў падтрымлівае ў тым ліку створаны ў школе музей атама і займальных навук. Уладкаванне галоўнага прадпрыемства раёна і краіны — БелАЭС — тут прадстаўлена схемай, даступнай для разумення школьнікаў усіх узростаў. А музейныя стэнды адлюстроўваюць усе этапы будаўніцтва станцыі.
— Нашы музеі па суботах карыстаюцца папулярнасцю ў школьнікаў з усяго раёна. Расказваем пра станцыю і работу на ёй, а заадно і пра ўдзел у цікавым праекце “Школы Расатама”, з якім мы цесна звязаны з 2020 года. Толькі ў рамках гэтага маштабнага праекта на працягу года ў нашай установе праходзіць больш за дзясятак конкурсаў, а нашы школьнікі пры падтрымцы педагогаў нязменна займаюць лідзіруючыя пазіцыі ў рэйтынгу ўсіх школ — удзельніц глабальнага праекта. А такіх сёння больш за пяцьдзясят! — гаворыць Людміла Сасноўская.
На сённяшні дзень ва ўстанове адукацыі існуюць спартыўныя і ваенна-патрыятычныя класы профільнай накіраванасці. Але з улікам спецыфікі раёна, а калі канкрэтызаваць, з улікам блізкасці АЭС, плануюць адкрыць яшчэ і інжынерны клас. Па словах кіраўніка ўстановы адукацыі, тут разглядаюць магчымасць наладзіць супрацоўніцтва з энергетычным факультэтам БНТУ якраз у пытаннях прафарыентацыйнай работы з вучнямі старшых класаў.
Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота прадастаўлены ўстановай адукацыі