Перамагла ў раённым аглядзе-конкурсе ў намінацыі “Лепшае ветэранскае падвор’е” і пачала новую справу ў якасці самазанятай. Чым яшчэ займаецца на пенсіі настаўніца з Ушач Надзея Губко, даведалася карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Кветкавы настрой
Надзея Леанідаўна пачала свой шлях у прафесію з сельскіх устаноў адукацыі раёна, потым больш за 30 гадоў працавала ва Ушацкай сярэдняй школе. Расказвае, што раней у сям’і не было педагогаў, але яе рашэнне стаць настаўніцай пачатковых класаў нікога не здзівіла. Яшчэ ў школьныя гады дзеткі малодшага ўзросту цягнуліся да дзяўчыны, а яна любіла бавіць час з імі. У школе дапамагала арганізоўваць дзіцячыя мерапрыемствы, у вольны час ладзіла на бацькоўскім двары гульні. Стаўшы настаўніцай, шчыра любіла сваю работу, імкнулася натхніць на атрыманне ведаў кожнага маленькага чалавечка, які сядзеў за партай. У 2005 годзе стала пераможцай на раённым этапе конкурсу “Настаўнік года”. Яе асабісты прафесійны ўклад — 8 выпускаў малодшых школьнікаў. Тры гады назад, выпусціўшы сваіх чарговых чацвёртакласнікаў, вырашыла пайсці на пенсію.
— Першыя месяцы раніцай ускоквала з думкай: трэба на работу. Потым успамінала, што ўжо на пенсіі, можна расслабіцца, — расказвае яна. — Па характары я чалавек энергічны, актыўны, сядзець склаўшы рукі не прывыкла. Захацела заняць свой вольны час чымсьці цікавым, раскрыць нерэалізаваныя таленты.
Як чалавек, які жыў толькі ў дамах з зямельнымі ўчасткамі, яна заўсёды, акрамя садавіны і агародніны, вырошчвала кветкі. Але іх было няшмат. Між тым і яна, і муж кветкі вельмі любяць. Таму на сямейным савеце вырашылі, што цяпер усё лета на іх прысядзібным участку будзе сапраўднае буянства фарбаў і пахаў.
Пасля актыўных і шумных школьных будняў трэба заняць сябе на заслужаным адпачынку чымсьці цікавым, да чаго душа заўсёды ляжала, але не хапала часу.
Яны вырошчваюць кветкі самых розных відаў і гатункаў — хрызантэмы, лілеі, касачы, барбарысы, ружы, цюльпаны, нарцысы, прымулы… Каля дома разбіты 12 клумб розных форм, на якіх як толькі адцвітаюць адны кветкі, пачынаюць распускацца іншыя. У 2022 годзе іх квітнеючы двор перамог у намінацыі “Лепшае ветэранскае падвор’е” раённага агляду-конкурсу на лепшае добраўпарадкаванне і санітарны стан населеных пунктаў, утрыманне аб’ектаў вытворчага і сацыяльна-культурнага прызначэння, які ладзіць Ушацкі раённы выканаўчы камітэт.
— Усю гэтую прыгажосць ствараем разам з мужам. Ён захапляецца кветкаводствам не менш, а то нават і больш, чым я. Калі спадабаецца нейкі гатунак расліны, не супакоіцца, пакуль не знойдзе яго і не прынясе для нашых клумб. Шмат працы менавіта на ім, адна я, зразумела, усё не пацягнула б, — расказвае Надзея Губко. — Паколькі я на пенсіі, хапае часу і на клумбах папрацаваць, і адпачыць. Люблю ў цёплае надвор’е пасядзець на садовых арэлях і палюбавацца нашымі кветнікамі.
Кветкавы настрой маці перадаўся і дзвюм дочкам, якія жывуць і працуюць у Віцебску. Яны з задавальненнем бяруць у яе насенне для сваіх дачных участкаў. З гатоўнасцю дзеліцца гаспадыня насенным багаццем і з іншымі сваякамі, сябрамі і знаёмымі, у тым ліку з калегамі-педагогамі. Дарэчы, з працуючымі і былымі настаўнікамі яна падтрымлівае самыя цёплыя адносіны.
Прыручыць ратанг
Нядаўна ў Надзеі Губко з’явілася новае хобі, якое перарасло ў невялікую ўласную справу. Усё жыццё яна любіла рукадзелле. З задавальненнем стварала разам са сваімі вучнямі розныя вырабы, вяла творчыя аб’яднанні па інтарэсах. Захаплялася макрамэ, вышыўкай, выпальваннем па дрэве, вязаннем на прутках. І вось на пенсіі вырашыла асвоіць новы від творчасці — пляценне кашпо з ратангу.
Падштурхнула да гэтага само жыццё. Керамічныя вазоны для хатніх і садовых раслін даволі хутка пакрываюцца расколінамі, плямамі, ад іх адбіваюцца кавалачкі керамікі, што псуе знешні выгляд. Пластыкавыя ж вазоны яна не любіць. Пашукала ў інтэрнэце варыянты вырашэння праблемы, паглядзела некалькі майстар-класаў па пляценні кашпо з ратангу — і захапілася. Заказаўшы патрэбны матэрыял у інтэрнэт-магазіне, узялася за справу.
— Калі рабіла першыя сцяжкі, баялася, што нешта наблытаю, што саб’ецца малюнак. Але хутка асвоілася, і цяпер усе рухі ўжо даведзены да аўтаматызму. Асноўныя віды пляцення, такія як коска, ланцужок, жгуцік, афрыка, вывучыла падчас майстар-класаў. А ўжо як спалучаць паміж сабой узоры і колеры, прыдумваю сама. Нічога цяжкага тут няма, а сам працэс пляцення расслабляе і супакойвае, — тлумачыць мая суразмоўніца.
Выставіўшы фотаздымкі сваіх вырабаў у сацсетках, атрымала станоўчыя водгукі. Людзі цікавіліся, ці можа яна сплесці для іх кашпо патрэбных колераў і памераў. Надзея Леанідаўна вырашыла ўсё зрабіць па літары закона і ў лютым гэтага года зарэгістравалася як самазанятая. Дзякуючы продажу вырабаў, забяспечыла сабе невялікую прыбаўку да пенсіі.
Сваім прыкладам Надзея Леанідаўна паказвае, што выхад на заслужаны адпачынак не прычына пазбаўляць сябе фарбаў жыцця. Пакуль дазваляе здароўе, чалавек сам вырашае, якога колеру будуць яго дні.
Аксана МЫЦЬКО
Фота аўтара і прадастаўлены суразмоўніцай