Адзіныя мэты і ўзаемапавага: у школе № 3 Любані працуе зладжаны вучнёўска-педагагічны калектыў

- 15:10Пресс-тур «Настаўніцкай»

У сярэдняй школе № 3 Любані імя Г.Л.Сячко працуе зладжаны вучнёўска-­педагагічны калектыў. Адзіныя мэты, узаемапавага і падтрымка спрыяюць дасягненню вынікаў, нават самых амбіцыйных. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Настаўніца пачатковых класаў Наталля Курда з вучнямі

Знаёмства з навучальнай установай пачалося з дэманстрацыі візітоўкі. У школе вучаць і выхоўваюць, развіваюць інтэлектуальныя, спартыўныя і творчыя навыкі. Імкнуцца, каб кожны вучань і педагог раслі і развівалі свае таленты, што магчыма толькі пры ўмове ўзаемаразумення паміж настаўнікам і школьнікам. Танцавальна-спеўная самапрэзентацыя прадэманстравала з’яднанасць вучнёўска-педагагічнага калектыву. Дарэчы, актыўны ўдзел у прэзентацыі прыняла дырэктар Ірына Нямальцава. Па яе меркаванні, сістэмная сумесная праца кіраўніка і калектыву з’яўляецца асновай для эфектыўнага функцыянавання і развіцця ўстановы адукацыі.

Педагагічны калектыў — 56 чалавек. Больш за 74% педагогаў маюць стаж звыш 15 гадоў. Па выніках абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2023” настаўніца кітайскай мовы Ірына Куляшэўская стала пераможцай у намінацыі “Замежная мова” і з’яўляла­ся ўдзельніцай фіналу рэспуб­ліканскага этапу.

Штодзень за ведамі прыходзяць 578 вучняў. Ва ўстанове рэалізоўваюцца адукацыйныя праграмы спецыяльнай адукацыі. У 10 інтэграваных класах вучыцца 15 дзяцей. У пачатковай школе ёсць спартыўны клас (плаванне і барацьба вольная). У межах профільнага навучання працуе профільная група педагагічнай накіраванасці, 2 групы аграрнай накіраванасці. Акрамя таго, адкрыты групы спартыўна-педагагічнай і інжынернай накіраванасці. На павышаным узроўні вывучаюцца англійская мова, матэматыка, руская мова, хімія, біялогія, фізіка, матэматыка, фізічная культура і здароўе. 74% выпускнікоў мінулага года паступілі ва ўстановы вышэйшай адукацыі.

За гэтымі статыстычнымі данымі стаіць штодзённая карпатлівая праца педагагічнага калектыву, сярод якога ёсць і настаўнікі-інаватары — у школе рэалізуецца інавацыйны праект рэспубліканскага ўзроўню “Укараненне мадэлі фарміравання моўнай культуры дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа ва ўмовах дзяржаўнага двухмоўя”.

Галіна Слівец са сваімі выхаванцамі

Актыўная дзейнасць вядзец­ца ў межах раённага рэсурснага цэнтра па духоўна-маральным выхаванні. Як заўважыла яго кіраўнік намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Алена Вярэнік, рэсурсны цэнтр аб’яднаў настаўнікаў, вучняў і бацькоў. Дзеці вывучаюць базавыя паняцці духоўнасці і маралі, удзельнічаюць у шматлікіх творчых выставах, дабрачынных акцыях, наведваюць гістарычныя помнікі праваслаўнай культуры, з’яўляюцца валанцёрамі атрада сацыяльнай накіраванасці “Крылы анёла”. Таты і мамы наведваюць сямейны клуб “Мы разам”. Педагогі абменьваюцца вопытам, папаўняючы свае арганізацыйна-метадычныя скарбонкі падчас тэматычных семінараў. Займаюцца распрацоўкай экскурсійных маршрутаў, удзельнічаюць у конкурсах.

Падчас наведвання школы нам было прапанавана паў­дзельнічаць у майстар-класе па вырабе анёлаў. Аказалася, што дзіцячыя анёлы больш прэзентабельныя, што не дзіўна, бо выразанне дэталей патрабуе ўвагі і засяроджанасці. Акрамя таго, была прэзентавана выстава макетаў праваслаўных храмаў, якая яшчэ раз нагадала пра непарыўную сувязь гісторыі і творчасці.

З 2019 года ў школе дзейнічае школьны музей воінаў-інтэрнацыяналістаў “Памяць” і клуб “Юны афганец”. У гэтым годзе была адкрыта экспазіцыйная зала “80-годдзю вызвалення Беларусі прысвячаецца…”. Прадстаўленая тэматычная тэатральна-літаратурная кампазіцыя стала самым незабыўным і кранальным момантам знаёмства са школай.

У 2022 годзе адбылося ўрачыстае адкрыццё літаратурнага музея “Любаншчына літаратурная” і клуба “Юны журналіст”. Кіраўнік музея настаўніца беларускай мовы і літаратуры Галіна Слівец разам са сваімі вучнямі правяла нам невялікую экскурсію. Прызнацца, вельмі ўразілі інфармацыйныя стэнды і экспанаты, бо, як аказалася, Любаншчына багатая на вялікіх і таленавітых людзей. Тут нара­дзіліся этнографы, пісьменнікі, перакладчыкі Уладзіслаў Сыракомля і Павел Шпілеўскі, паэт заслужаны работнік культуры Беларусі Іван Муравейка, паэт перакладчык Уладзімір Паўлаў, паэт, музыкант, кампазітар Іван Раманчук.

Безумоўна, такая літаратурна-гістарычная спадчына не проста ўзбагачае вучэбна-выхаваўчы працэс школы, дае падставы ганарыцца родным краем, але і спрыяе выхаванню грамадзяніна і сапраўднага пат­рыёта.

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА