Аксана Юкоўская: «Сельская школа, сельскі настаўнік, сельскія дзеці — наш здабытак»

- 12:15Планерка

Радавацца спачатку поспехам іншых, а затым ужо сваім — жыццёвая ўстаноўка Аксаны Юкоўскай, начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Лоеўскага райвыканкама. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Аксана Юкоўская ўзначальвае аддзел адукацыі Лоеўскага райвыканкама з 2003 года. Выдатнік адукацыі, лаўрэат рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 1997”.

Сістэма адукацыі раёна ўключае 17 устаноў адукацыі, а гэта 1426 навучэнцаў і 314 педагогаў.

— Аксана Аркадзьеўна, хто ці што прадвызначыла ваш прафесійны выбар?

— Рашэнне стаць педагогам для мяне не было сітуатыўным, паколькі я расла ў настаўніцкай сям’і і ў цудоўным педагагічным асяроддзі Лоеўскай сярэдняй школы. Цікавасцю да педагогікі я абавязана, нараўне з мамай, маёй першай настаўніцы Любові Емяльянаўне Астапенка. Яна ўмела вучыць так, што кожны хацеў вучыцца. А вось мая мама, Надзея Адамаўна Давыдзенка, працавала настаўніцай пачатковых класаў, намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце лоеўскай сярэдняй школы № 2, вядучым інспектарам аддзела адукацыі. Сёння яна ўзначальвае раённы савет ветэранаў, па ініцыятыве якога, дарэчы, быў адкрыты раённы музей гісторыі адукацыі. Я заўсёды прытрымліваюся яе кіраўніцкай устаноўкі: настаўнік павінен умець не толькі вучыць, але і выхоўваць асабістым прыкладам. Прыклад маіх настаўнікаў прадвызначыў маё настаўніцкае, ды і кіраўніцкае прызванне, а таксама прафесійную і жыццёвую ўстаноўку: радавацца спачатку поспехам іншых, а потым ужо сваім.

— Што характэрна для сістэмы адукацыі Лоеў­шчыны? Якія рэсурсы забяспечваюць яе якасць?

Сельская школа, сельскі настаўнік, сельскія дзеці — наш здабытак. Забяспе­чыць якасныя ўмовы для навучання, выхавання і развіцця дзяцей з улікам іх індывідуальных запытаў і патрэб няпроста, але магчыма. Важна рацыянальна выкарыстоў­ваць усе матэрыяльныя і кадравыя рэсурсы, эфектыўна выбудоўваць узаемадзеянне ўстаноў адукацыі з суб’ектамі гаспадарання і арганізацыямі сацыяльнай сферы. І, вядома ж, увага да праблем адукацыі з боку прадстаўнікоў выканаўчай улады толькі на ка­рысць справе. У якасці прыкладу назаву той жа падвоз 186 дзяцей з аддаленых населеных пунк­таў.

— Вы кіруеце раённай сістэмай адукацыі больш за 20 гадоў. Назавіце задачы, якія з’яўляюцца для вас прыярытэтнымі.

— Пры ўсёй іх разнас­тайнасці першараднае зна­чэнне надаю кадравай па­літыцы і кіраванню кадрамі: кадравы рэсурс лічу найважнейшым фактарам паспяховасці сістэмы. Адзначу, што вышэйшую адукацыю маюць 220 нашых педагогаў, вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю — 212. За апошнія тры гады ў раён прыбылі 66 маладых спецыялістаў, іх замацаваль­насць — 92,3%. На ўмовах мэтавай падрыхтоўкі вучацца 29 чалавек. Прыярытэтам для мяне заўсёды была работа з рэзервам кіруючых кад­раў, падбор якіх у нашых умовах — задача не з простых. Важна беражліва ставіцца да дзеючых кіраўнікоў у мэтах максімальнага выкарыстання іх патэнцыялу…

Інавацыі таксама ад­но­шу да прыярытэтаў. У раё­не рэалізуецца праект “Укараненне мадэлі са­цыяльна-­эмацыянальнага навучання як умовы фарміравання ўніверсальных кампетэнцый навучэнцаў”, а таксама эксперыментальны праект “Апрабацыя вучэбнай праграмы і вучэбнага дапаможніка “Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі” для 10 класа ўстаноў адукацыі, якія рэалізу­юць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі”. Знахо­дзімся ў пастаянным пошуку новых падыходаў, форм, метадаў, прыёмаў работы. На погляд педагогаў раёна, рацыя­нальнае спалучэнне традыцыйных і інавацыйных форм работы можа гаранта­ваць сістэме адукацыі стабільную паспяхо­васць. Дарэчы, гэтае меркаванне пацвярджа­юць вынікі работы: за бягучы год нашы навучэнцы заваявалі 31 дып­лом на абласных, рэспуб­ліканскіх конкурсах і алімпіядах.

Хачу адзначыць і наша прасоўванне ў пытаннях арганізацыі профільнага навучання. На базе 10 класа Суткаўскай сярэдняй школы адкрылася інжынерная група. У Лоеўскай сярэдняй школе імя А.В.Казлова ёсць група аграрнай накірава­насці.

Людміла КУРЫЛЬЧЫК