Актыўны важаты — актыўныя дзеці

- 21:08Выхаванне, Выхаваўчая работа

Сёлета студэнтка Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Настасся Брэль правяла як важатая дзве змены ў аздараўленчым лагеры “Зялёны Бор” Мінскай вобласці.

У дзяцінстве работа ў педагагічнай сферы здавалася дзяўчыне чароўнай. Стаўшы дарослай, яна здзейсніла мару і прымерала на сябе ролю педагога.

Першы важацкі вопыт Насця атрымала ў мінулым годзе. Студэнтцы было прыемна ўсвядо­міць, што работа, якая захапляе яе, апраўдала ўсе чаканні. Таму ў гэтым годзе дзяўчына з радасцю паехала па новую порцыю прыгод і эмоцый.

Хоць Насця яшчэ студэнтка, яна адразу зразумела, што ў важацкай справе без падрыхтоўкі нікуды, бо гэта вялікая адказ­насць. Тэхніка бяспекі, асновы працы з дзецьмі, медыцынская пад­рыхтоўка… Таму перад паездкай у лагер студэнты праходзяць школу важацкага майстэрства — гэта абавязковая ўмова перад практыкай. 

— На першай змене ў мяне былі дзеці 6—8 гадоў, — расказ­вае Насця. — Асаблівасць гэтага ўзросту ў тым, што дзеці моцна сумуюць па бацьках. Таму важатым трэба ўдзяляць сваім падапечным максімум увагі. Сітуацыю ратуе іх актыўнасць: дзеці ўдзельніча­юць у мерапрыемствах, гуляюць і такім чынам адцягваюцца ад думак пра дом. 

На другой змене ў пачынаючай важатай быў спартыўны атрад, які складаецца з адных хлопчыкаў ва ўзросце 8—13 гадоў. У гэты перыяд дзеці праяўляюць нашмат больш самастойнасці, таму задачай Насці было кантраляваць іх, знаходзіць патрэбныя словы, каб выбудаваць даверныя і паважлівыя адносіны.

— Важаты, які хоча, каб дзеці да яго цягнуліся, павінен быць чулым, спагадлівым і адкрытым. Калі ён разумее дзіця, а не гля­дзіць на яго пагардліва, то ведае, калі трэба быць мяккім, а калі больш строгім і настойлівым. Дзіцячая псіхіка далікатная: яна запамінае любую агрэсію, якая назаўсёды можа змяніць асобу дзіцяці. 

“Актыўны важаты — актыўныя дзеці!” — упэўнена студэнтка. Яны заўсёды пераймаюць паводзіны дарослых. Таму, дзякуючы станоўчаму прыкладу важатага, можна зрабіць атрад лепшым з лепшых. А для дзяцей такі статус таксама вельмі важны — гэта матывуе іх трымаць планку і паводзіць сябе па-даросламу.

— Усе дзеці такія розныя, цікавыя, таленавітыя — і я не ­перабольшваю! Сапраўды ўсе. Чым даўжэй з імі знаходзішся, тым больш разумееш, як знайсці з імі агульную мову. Не ўсе ідуць на кантакт адразу — і гэта нармальна. Але з часам ключык можна знайсці да кожнага. Галоўнае — цярпенне. 

Напрыклад, у першы ж дзень адно дзіця з атрада студэнткі пакрыўдзілася на яе з-за таго, што яго бацькі пераблыталі іх з сястрой пакеты. Але Насця не адказала тым жа і не праігнаравала сітуацыю, а адправілася абмяркоўваць сітуацыю з дзіцем, дала яму магчымасць адчуць сябе на роўных з ёй. У выніку літаральна праз 15 мінут пра гэтую сітуацыю хлопчык забыў, а вось пра сваю “крутую важатку” — не. Цяпер ён давярае ёй і імкнецца не падво­дзіць.

На думку Насці, адна з галоўных памылак, якую дапускаюць нават самыя вопытныя важатыя, — выбар любімчыкаў. Усе дзеці для выкладчыка павінны быць роўныя, проста да кожнага патрабуецца свой падыход.

Пра сябе

Насця вучыцца ў педагагічным універсітэце імя Максіма Танка на факультэце пачатковай адукацыі. Гэта дапамагло ёй у рабоце ў лагеры. Яна прыехала падрыхтаванай: ведала шмат гульняў і забаў, каб у свабодныя хвіліны пазабаўляць дзяцей. Ва ўніверсітэце дзяўчына вывучала асновы дзіцячай псіхалогіі, таму разумела ўсё на глыбінным, а не павярхоўным узроўні, ведала, як вырашыць праблемы без агрэсіі і націску. 

— Важаты павінен быць звязаны з педагагічнай дзейнасцю, — упэўнена Насця. — Работа з дзецьмі не простая. Без адпаведных ведаў і падрыхтоўкі з ёй не справіцца. Ну і вядома, гэтую прафесію трэба шчыра любіць. У адваротным выпадку яе можна хутка зненавідзець.

Далей Насця плануе пайсці працаваць па спецыяльнасці ў пачатковую школу: дзяўчына ба­чыць сябе толькі ў гэтай прафесіі. Яна гатова аддаваць дзецям усю сябе і дапамагаць ім расці дастойнымі людзьмі.

— Быць важатай — гэта асалода, — прызнаецца студэнтка. — Рэдка сустрэнеш работу, сумешчаную з адпачынкам. Днём мы рыхтуемся да выступленняў, а ўвечары адпачываем на дыскатэцы. І ўсё гэта разам з дзецьмі. Кожную змену важатыя з атрадам пражываюць маленькае жыццё і назаўсёды застаюцца адно ў аднаго
ў памяці.

Соф’я ЦЫКУНОВА.