Як быццам учора мы шчыра перажывалі за выступленне Уладзіслава Савіцкага ў Казані, пільна назіралі за яго працай у прафесійнай кампетэнцыі “Акватроніка”, якая была ўпершыню прадстаўлена на міжнародным чэмпіянаце. І вось праз год Уладзіслаў выйшаў на нацыянальны конкурс у новым амплуа. Ён эксперт і курыруе выступленне свайго выхаванца Яўгена Красоўскага.
Уладзіслаў Савіцкі, выпускнік Маладзечанскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа, філіяла Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі. Па гэтай кампетэнцыі ён выступаў не толькі ў Казані, але і прадстаўляў нашу краіну ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы ў рамках праекта “Адзін пояс, адзін шлях”.
Што ўяўляе сабой кампетэнцыя “Акватроніка”? Вада і чалавек непарыўна звязаны паміж сабой. Без яе людзі проста не выжылі б. Вада пастаянна выкарыстоўваецца намі на працягу ўсяго жыцця як у побыце, так і ў прамысловасці. Калі б вада на планеце заўсёды была чыстай — панавала б сапраўдная ідылія. На жаль, гэта не так. На водазаборных станцыях усталёўваецца абсталяванне для ачысткі вады, каб яна адпавядала патрабаванням СанПіН. Ва ўсім свеце ўдзяляецца вялікая ўвага якасці пітной вады і падрыхтоўцы спецыялістаў у галіне акватронікі. З гэтага года пачата падрыхтоўка спецыялістаў па гэтым напрамку ў БДТУ. У маладзечанскім каледжы такая падрыхтоўка вядзецца ўжо не першы год. Акватронік — гэта спецыяліст у галіне водазабеспячэння, водаадвядзення і аховы воднага басейна, які займаецца маніторынгам, кіраваннем і дакументаваннем розных працэсаў на збудаваннях водазабеспячэння і водаадвядзення. Такія спецыялісты павінны валодаць ведамі па электроніцы, механіцы, праграмаванні, абслугоўванні аўтаматычных сістэм кіравання, хімічным аналізе.
Веды і ўменні па кампетэнцыі “Акватроніка” яе ўдзельнікі дастойна прадставілі на чэмпіянаце. Сярод іх навучэнец філіяла РІПА “Маладзечанскі дзяржаўны політэхнічны каледж” Яўген Красоўскі.
Падрыхтавала Ала КЛЮЙКО.