Быць настаўнікам сёння, у няпросты і дынамічны час, — гэта вялікая грамадзянская адказнасць. Роля педагога выходзіць далёка за межы выкладання прадмета.

Гісторыя беларускага народа, яго традыцыі і звычаі, моўная культура, творчая спадчына — аснова сацыяльнага і духоўнага развіцця асобы дзіцяці. Як гаварыць пра ўсё гэта так, каб яно стала часткай нашых вучняў? Толькі на канкрэтных прыкладах: ад лёсу сям’і — да лёсу грамадства. Не проста Вялікая Айчынная вайна, а рэальныя жыццёвыя драмы прадзядуляў, прабабуль сённяшніх навучэнцаў.
Адсюль нашы даследчыя работы. Адна з іх — “Мае гераічныя продкі: лёс народа ў лёсе чалавека” пра Паўла Яфрэмавіча Зарубу, прадзядулю маёй вучаніцы Марыі Зарубы, ваеннапалоннага Шталага-304. Матэрыялы даследавання атрымалі дыплом I ступені на конкурсе навукова-даследчых і творчых работ на тэму “Памяць роду: мінулае вачыма сучаснікаў”, які праводзілі рэдакцыя часопіса “Роднае слова” і Выдавецкі дом “Звязда” яшчэ ў 2016 годзе, а таксама леглі ў аснову вялікага рэспубліканскага тэматычнага выдання.
Даследаванне “Мінулае — маяк памяці” ў рэспубліканскім адкрытым дыстанцыйным культурна-асветніцкім марафоне “Час вымяраецца памяццю”, прымеркаваным да Года гістарычнай памяці, было таксама плённым. Мая вучаніца Ульяна Павукова вывучала лёсы сваіх прабабуль Надзеі Лявонаўны і Еўдакіі Лявонаўны Касцючэнка, удзельніц партызанскай брыгады “Дубава” (Полацка-Лепельская партызанская зона). Ульяна высветліла, што Надзея Лявонаўна загінула гераічна: калі 50 немцаў пад прыкрыццём танка прарвалі абарону партызан, яна са звязкай гранат кінулася пад гусеніцы. Ахвярны ўчынак навечна занесены ў кнігу ўдзячнай памяці нашчадкаў карцінай баталіста М.І.Абрыньбы “Бой за Пышна”, якая знаходзіцца ў сценах Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
Сама даследчыца дзялілася з вучнямі ўрыўкамі з кнігі ўспамінаў М.І.Абрыньбы “Лёс апалчэнца”. Вось так партызанскі рух на Ушаччыне вачыма ўдзельніка і лёсы рэальных людзей сталі ў выніку даследавання асновай для глыбакадумных разваг маіх вучняў, усведамлення імі таго, якой цаной здабывалася Перамога.
Частка маёй дзейнасці — гэта арганізацыя выстаў сямейных рэліквій. Многія з нас беражліва захоўваюць памяць аб родных і блізкіх у лістах з фронту, шэрых фотаздымках, газетах ваеннага перыяду.
А вось Ульяна Павукова прынесла прабабулін кашалёк, які ў маі 1944 года, у час прарыву блакады ва Ушацкім раёне, уратаваў ёй жыццё. Ён ляжаў у левай кішэні, разам з крыжыкам, які прабіла напалову, і пашпартам, дзе і затрымалася куля, якая, акрамя суцэльнай дзіркі на адзенні, не пакінула на целе нават драпінкі. Безумоўна, любое маё слоўнае ўздзеянне на вучняў саступіла б адной толькі гэтай рэчы, якую кожны на выставе імкнуўся патрымаць у руках, нібыта дакрануцца да падзей мінулага.
Менавіта подзвігі байцоў Полацка-Лепельскай партызанскай зоны, родных і блізкіх маіх вучняў падштурхнулі нас да наведвання мемарыяльнага комплексу “Прарыў”, і экскурсія гэтая была, бясспрэчна, запамінальнай для кожнага.
Ад сямейнай гісторыі — да гісторыі краіны” — прынцып маёй штодзённай працы.
Мінімум два разы за навучальны год — так мы падарожнічаем з вучнямі ўсе 30 гадоў маёй прафесійнай дзейнасці. Сярод аб’ектаў наведвання ёсць не толькі тыя, якія ўвекавечваюць подзвіг народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Нас цікавіць і духоўная спадчына — саборы і манастыры, цэрквы і касцёлы, арганныя канцэрты, тэатры і галерэі, цікавыя людзі, удзел у вахтах Памяці, конкурсах і праектах, накіраваных на зберажэнне спадчыны беларускага народа, прымнажэнне яго чалавекалюбных ідэалаў, адказнай ролі кожнага за агульную справу мірнага заўтра. Калі мы зведаем Беларусь, то зразумеем, што не любіць яе немагчыма! Яна, як і маці, — адзіная і на ўсё жыццё!
Каб не стаць асабліва звыклай для вучняў, я, дзякуючы адміністрацыі нашай установы, ладжу сустрэчы з цікавымі людзьмі, якім ёсць чым падзяліцца са слухачамі. Так, госцем школы была дэлегат VI і VII Усебеларускага народнага сходу Інга Казлова, чый сын Ілья некалі вучыўся ў мяне. На яе думку, выхаванне годнага грамадзяніна — гэта задача, якая патрабуе ўвагі да многіх аспектаў. Перш за ўсё важна прывіваць дзецям асноўныя каштоўнасці: павагу, сумленнасць, адказнасць і спачуванне.
Уменню вырашаць пытанні, якія тычацца далейшага развіцця нашай дзяржавы, малой радзімы, майстэрству адказнасці за лёс беларускага народа вучыла на сустрэчах і Наталля Валынец, дэлегат VII Усебеларускага народнага сходу, наша былая выпускніца.
Гледзячы на ўдзельнікаў такіх сустрэч, мае вучні спрабуюць у сабе сфарміраваць актыўную жыццёвую пазіцыю, якая выражаецца ў канкрэтных дзеяннях, асабістым удзеле ў дабрачынных акцыях, грамадска карысных справах. А мая задача — якасна іх вучыць, ствараць атмасферу, дзе ёсць мудрасць прызнаць сваю памылку, бо гэта — фундамент грамадства будучыні, пабудаванага на ўзаемапавазе і супрацоўніцтве.
Шчыра веру ў тое, чым займаюся. Таму мая грамадзянская пазіцыя як настаўніка — быць прыкладам, правадніком і сябрам для вучняў. Я не вучу іх, як жыць, я жыву разам з імі, паказваючы, што любоў да Бацькаўшчыны пачынаецца з любові да слова, з павагі да бліжняга і з асабістай адказнасці за тое, якім будзе заўтрашні дзень. Я служу сваёй Айчыне і гэтым ганаруся!
Ала ПРОХАРАВА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 7 Наваполацка





