Пра развіццё інклюзіі ў адукацыйнай галіне карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала начальнік аддзела адаптацыі і інтэграцыі асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця Міністэрства адукацыі Ала Вераценнікава.
— Адным з прыярытэтаў сучаснай сістэмы адукацыі з’яўляецца забеспячэнне даступнасці і якасці адукацыі для кожнага дзіцяці.
— Гэта па сутнасці фундаментальны напрамак развіцця нацыянальнай сістэмы адукацыі, які знайшоў адлюстраванне ў асноўным нарматыўным прававым дакуменце — Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб адукацыі. У ім замацаваны прынцып інклюзіі ў адукацыі як адзін з прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі ў адукацыйнай сферы, а яго рэалізацыя — адзін з асноўных напрамкаў яе развіцця. Калі гаварыць больш дакладна, то прынцып інклюзіі прадугледжвае пэўную арганізацыю адукацыйнага працэсу, дзе ўсе дзеці, незалежна ад іх асаблівасцей (псіхафізічных, культурных, сацыяльных, моўных і г.д.), уключаны ў агульную адукацыйную сістэму і вучацца ва ўстановах адукацыі, якія ўлічваюць іх асаблівыя адукацыйныя патрэбы і аказваюць ім неабходную падтрымку. Разнастайнасць і варыятыўнасць адукацыйных патрэб, неабходнасць стварэння адаптыўнага адукацыйнага асяроддзя, штогадовае павелічэнне колькасці дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і інваліднасцю — усё гэта перадумовы таго, каб вызначыць іх як асноўную мэтавую групу для рэалізацыі прынцыпу інклюзіі ў адукацыі.
— Якія падыходы ў інклюзіўнай адукацыі сёння рэалізуюцца?
— На сённяшні дзень у нашай галіне эксперыментальна апрабоўваюцца розныя мадэлі і варыянты ўключэння дзіцяці з АПФР у сумеснае навучанне з іншымі дзецьмі, іх адаптацыі і інтэграцыі ў адукацыйным асяроддзі. Вядзецца работа па распрацоўцы навукова-метадычнага забеспячэння інклюзіўнай адукацыі, мадэрнізацыі зместу вышэйшай педагагічнай адукацыі ў кантэксце прынцыпу інклюзіі. Пашыраюцца магчымасці сацыялізацыі дзяцей з асаблівасцямі ў псіхафізічным развіцці за кошт дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Удасканальваецца матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў адукацыі, дзе вучацца дзеці з АПФР, для стварэння даступнага асяроддзя. Арганізавана бясплатная перавозка ва ўстановы дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі ўсіх навучэнцаў з інваліднасцю, якія маюць у гэтым патрэбу. Для перавозкі выкарыстоўваюцца больш за 150 адзінак транспарту, абсталяванага пад’ёмнымі ўстройствамі. Працягвае павялічвацца ахоп дзяцей з АПФР дадатковай адукацыяй дзяцей і моладзі.
У навучальных установах развіваецца сетка рэсурсных цэнтраў інклюзіўнай адукацыі, дзе канцэнтруюцца матэрыяльныя, метадычныя і іншыя рэсурсы для работы з дзецьмі з АПФР. Дзейнасць такіх цэнтраў садзейнічае павышэнню прафесійнай кампетэнтнасці педагагічных работнікаў, прыцягненню законных прадстаўнікоў такой катэгорыі навучэнцаў да больш актыўнага ўдзелу ў навучанні і выхаванні сваіх дзяцей.
— Хто каардынуе арганізацыю інклюзіўнай адукацыі на месцах?
— У рэгіёнах каардынатарамі гэтай работы выступаюць цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Сумесна з цэнтрамі ранняга ўмяшання сістэмы аховы здароўя і ўстановамі сацыяльнага абслугоўвання гэтыя цэнтры забяспечваюць стварэнне комплекснай сістэмы псіхолага-медыка-педагагічнай дапамогі дзецям з АПФР, пачынаючы ад нараджэння. У рамках міжведамаснага ўзаемадзеяння ажыццяўляецца выяўленне дзяцей з асаблівасцямі ў развіцці, інфармаванне бацькоў пра іх узроставыя і індывідуальныя асаблівасці, сацыяльныя льготы і гарантыі, праводзіцца псіхолага-педагагічнае суправаджэнне сям’і і дзіцяці. Штогод раннюю комплексную дапамогу толькі ў сістэме адукацыі атрымліваюць больш за 2 тысячы дзяцей з АПФР ва ўзросце да 3 гадоў.
— Наколькі сфера інклюзіі забяспечана кадрамі?
— Сёння пастаўлена задача: кожны педагог павінен умець працаваць з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Міністэрства адукацыі скіроўвае ўсе свае намаганні на тое, каб рэалізаваць гэты напрамак і забяспечыць установы адукацыі кадрамі, якія маюць неабходныя кампетэнцыі. Перагледжаны прыкладныя вучэбныя планы па ўсіх педагагічных спецыяльнасцях. Пры распрацоўцы вучэбных праграм устаноў вышэйшай адукацыі акцэнт быў зроблены на функцыянальнасці дзіцяці, фарміраванні сацыяльных і жыццёвых кампетэнцый, разуменні асаблівых адукацыйных патрэб як асновы для стварэння спецыяльных умоў, накіраваных на падтрымку і развіццё патэнцыяльных магчымасцей дзіцяці.
Падрыхтоўка настаўнікаў-дэфектолагаў ажыццяўляецца на базе шасці ўстаноў вышэйшай адукацыі, асноўнай з якіх ужо шмат гадоў застаецца Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. У мэтах удасканалення падрыхтоўкі студэнтаў для работы з рознымі катэгорыямі дзяцей з АПФР і іх сем’ямі, выкарыстання новых эфектыўных форм і метадаў работы з імі ў вучэбныя планы ўстаноў вышэйшай адукацыі па вышэйназванай спецыяльнасці ўключана педагагічная практыка ў цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Перагледжаны змест вучэбных праграм павышэння кваліфікацыі, перападрыхтоўкі спецыялістаў.
— Як павінен быць арганізаваны адукацыйны працэс для такой катэгорыі навучэнцаў?
— Мы зыходзім з таго, што адукацыйны працэс для дзіцяці з асаблівасцямі ў развіцці павінен быць арганізаваны па месцы жыхарства. Любая ўстанова адукацыі павінна быць гатова да таго, што заўтра да іх прыйдзе асаблівы навучэнец. У рамках рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы “Адукацыя і маладзёжная палітыка” забяспечана набыццё спецыяльных сродкаў навучання і вучэбнага абсталявання для навучэнцаў з АПФР. Установы дашкольнай, агульнай з сярэдняй і спецыяльнай адукацыі рэгулярна папаўняюцца разнастайнымі элементамі даступнага асяроддзя для розных катэгорый навучэнцаў з інваліднасцю. На гэта ж скіравана дзейнасць устаноў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, дзе таксама ёсць навучэнцы, якія маюць асаблівасці ў развіцці.
— Якое вучэбна-метадычнае суправаджэнне распрацавана для задавальнення адукацыйных патрэб дзяцей з АПФР?
— Толькі за апошнія 4 гады выдадзена больш за 130 вучэбных дапаможнікаў для дзяцей з АПФР, у тым ліку 18 — на аснове рэльефна-кропкавага шрыфту Брайля. У рамках навукова-даследчай работы ствараюцца новыя вучэбныя праграмы. Распрацаваны і зацверджаны 7 вучэбных праграм факультатыўных заняткаў, 11 вучэбных праграм па вучэбных прадметах (дадаткова 6 вучэбных праграм на беларускай мове). І мы будзем працягваць работу па распрацоўцы вучэбна-праграмнага забеспячэння адукацыйнага працэсу асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.
— Як будзе развівацца прафесійная адукацыя маладых людзей з АПФР?
— Гэта адна з прыярытэтных задач галіновага міністэрства, паколькі атрыманне якаснай прафесійнай адукацыі адкрывае перспектывы для пашырэння магчымасцей сацыялізацыі, працаўладкавання, самарэалізацыі і кар’ернага росту такіх людзей. Штогод каля 1000 чалавек з ліку асоб з інваліднасцю і асоб з АПФР атрымліваюць вышэйшую, сярэднюю спецыяльную адукацыю, каля 1400 чалавек — прафесійна-тэхнічную. Выпускнікі з інваліднасцю могуць быць канкурэнтаздольнымі на рынку працы, калі яны засвоілі адпаведныя патрабаванні адукацыйных стандартаў па спецыяльнасцях.
Забеспячэнне даступнасці якаснай прафесійнай адукацыі для інвалідаў і асоб з АПФР шмат у чым абумоўлена аптымальнай арганізацыяй адукацыйнага працэсу, стварэннем спецыяльных умоў. У гэтых мэтах распрацоўваюцца і ўкараняюцца ў практыку спецыяльныя методыкі і падыходы навучання, ствараецца даступнае асяроддзе. У рамках рэалізацыі плана мерапрыемстваў па правядзенні ў 2024 годзе Года якасці на міжведамасным узроўні распрацаваны праект Канцэпцыі ўдасканалення падрыхтоўкі асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця да працоўнай дзейнасці, сямейнага жыцця, іх сацыялізацыі і інтэграцыі ў грамадстве на 2025—2027 гады.
— Што сабой уяўляе інклюзіўная культура і як яна фарміруецца ў адукацыйным асяроддзі?
— З гэтай мэтай вядзецца актыўная асветніцкая работа сярод кіраўніцтва ўстаноў адукацыі, педагогаў, навучэнцаў, іх бацькоў. Яна скіравана на стварэнне адзінай адукацыйнай прасторы, камфортнага асяроддзя для навучання і выхавання ўсіх навучэнцаў. Ва ўстановах адукацыі праводзяцца разнастайныя мерапрыемствы, інфармацыйныя кампаніі, у тым ліку прымеркаваныя да Дня інваліда, Сусветнага дня інфармавання аб праблеме аўтызму, Сусветнага дня людзей з сіндромам Даўна, Міжнароднага дня белага кія, Дня глухіх і г.д. Многія мерапрыемствы праводзяцца па-за межамі навучальных устаноў, у іншых установах, на культурных аб’ектах. У час такіх сустрэч фарміруецца інклюзіўная культура, талерантнае стаўленне адно да аднаго, умацоўваюцца сяброўскія адносіны паміж дзецьмі, нарошчваецца творчае ўзаемадзеянне паміж членамі педагагічнай супольнасці.
Адзначу, што ў нас склалася комплексная сістэма суправаджэння дзяцей з АПФР і іх сем’яў — пачынаючы ад нараджэння і да атрымання імі прафесійнай адукацыі. Такі комплексны падыход ажыццяўляецца праз узаемадзеянне сістэм адукацыі, аховы здароўя і сацыяльнай абароны, грамадскіх аб’яднанняў, што ў выніку забяспечвае практычна стапрацэнтны ахоп спецыяльнай адукацыяй і карэкцыйна-педагагічнай дапамогай усіх выяўленых дзяцей з АПФР. Рэалізацыя прынцыпу інклюзіі ў адукацыі разглядаецца як планамерная стратэгія арганізацыі дзейнасці сістэмы адукацыі па ўсіх напрамках у цэлым, цеснае ўзаемадзеянне ўсіх суб’ектаў адукацыйнага працэсу, іншых структур і грамадскіх арганізацый.
Ала КЛЮЙКО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА