Пра сістэму адукацыі раёна і падрыхтоўку да цэнтралізаванага экзамену карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала начальнік аддзела па адукацыі Бабруйскага райвыканкама Алеся Стэльмак.
— Значны акцэнт з пачатку навучальнага года быў зроблены на падрыхтоўцы вучняў да здачы цэнтралізаванага экзамену: была праведзена маштабная растлумачальная работа сярод навучэнцаў і іх законных прадстаўнікоў, — расказвае Алеся Сяргееўна. — Навучэнцы нашага раёна двойчы прынялі ўдзел у рэпетыцыі цэнтралізаванага экзамену і прадэманстравалі ўзровень ведаў, які адпавядае тым адзнакам, што яны атрымалі за чвэрць.
Хочацца адзначыць, што сістэма адукацыі раёна нічым не саступае сістэме адукацыі горада. Ва ўстановах адукацыі Бабруйскага раёна функцыянуюць дзевяць профільных класаў: пяць аграрнай накіраванасці і чатыры педагагічныя. Вынікам работы профільных класаў з’яўляецца штогадовае паступленне навучэнцаў ва ўстановы вышэйшай адукацыі сельскагаспадарчага і педагагічнага профіляў.
— Як у раёне падтрымліваюць матываваных дзяцей?
— Для навучэнцаў, матываваных на высокі вынік, на базе сямі ўстаноў адукацыі функцыянуюць раённыя рэсурсныя цэнтры па павышэнні ўзроўню ведаў, іх мэтанакіраванай падрыхтоўцы да рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах.
Не першы год дэманструюць высокі ўзровень падрыхтоўкі на Рэспубліканскай алімпіядзе па фізічнай культуры і здароўі навучэнцы Цялушскай сярэдняй школы. Іх рыхтуе настаўнік фізічнай культуры Аляксандр Гацко. Так, у 2021/2022 навучальным годзе дыпломамі (II і III ступеней) узнагароджаны тры навучэнцы на абласным этапе. Па выніках удзелу ў заключным этапе Арцём Крычко ўзнагароджаны дыпломам II ступені і грашовай прэміяй у памеры 20 базавых велічынь. І гэты год не стаў выключэннем: два дыпломы (І і ІІІ ступеней) прывезлі навучэнцы па выніках удзелу ў заключным этапе.
У раёне створана аптымальная метадычная сетка, прадугледжаны ахоп усіх педагогаў раёна метадычнай работай у міжкурсавы перыяд. Пяць устаноў адукацыі раёна другі год прымаюць удзел у рэалізацыі рэспубліканскіх інавацыйных праектаў, што спрыяе павышэнню ўзроўню прафесійнай кампетэнцыі педагогаў.
— Што сёння ў прыярытэце для сістэмы адукацыі Бабруйскага раёна?
— Сёння мы працуем над стварэннем кластара прадметаў прыродазнаўча-навуковага цыкла (хімія, біялогія, фізіка) на базе Каменскай сярэдняй школы, што дазволіць актывізаваць навукова-даследчую дзейнасць.
Дарэчы, прафесійнаму росту настаўнікаў таксама ўдзяляецца шмат увагі. Значную ролю ў прафесійным росце педагогаў раёна адыгрываюць публікацыі ў прадметных метадычных часопісах, а таксама на старонках “Настаўніцкай газеты”, па выніках падпіскі на якую раён неаднаразова станавіўся пераможцам сярод устаноў адукацыі.
— Алеся Сяргееўна, вы кіруеце сістэмай адукацыі раёна ўжо тры гады. Што было зроблена за гэты час і якія задачы ставіце перад сабой на будучыню?
— За тры гады на пасадзе начальніка аддзела зроблена нямала, аднак хочацца дасягнуць яшчэ большага: увайсці ў тройку лідараў спаборніцтва сярод устаноў, аддзелаў адукацыі вобласці. Кадравы патэнцыял раёна дазваляе рэалізоўваць нават самыя амбіцыйныя мэты.
Наталля САХНО
Фота аўтара