Вучні Барунскага ясляў сада — сярэдняй школы Ашмянскага раёна пасадзілі алею Асветніцтва ў гонар 400-годдзя развіцця адукацыі ў Барунах. Алея Асветніцтва павінна нагадваць, што школа ў Барунах з’яўляецца адной з найстарэйшых у Беларусі. 400 гадоў назад манахі-базыльяне пачалі тут навучанне мясцовай моладзі, якая шчыра гарнулася да асветы.
На працягу стагоддзяў Барунская школа была месцам спасціжэння навукі для тысяч маладых людзей. Яе выпускнікамі былі грамадскія дзеячы і літаратары Антоні Эдвард Адынец, Ігнат Ходзька, Леанард Ходзька, Юльян Корсак і інш. У Барунах выкладаў сын класіка беларускай літаратуры Францішка Багушэвіча — Тамаш Багушэвіч. Алея Асветніцтва паўстала каля муроў будынка базыльянскага кляштара, дзе доўгі час размяшчалася школа. Было высаджана каля сотні дрэў, пераважна ялін і бяроз, якія сімвалізуюць жыццё і неўміручасць ведаў. Саджанцы для алеі прадаставіў мясцовы лясгас. Барунскі сельскі Савет дапамог у арганізацыі працы. Моладзь, якая ўдзельнічала ў закладанні алеі, выказала спадзяванне, што пасаджаныя дрэвы стануць помнікам імкненню да ведаў многіх пакаленняў барунцаў.
Алена БРАЖЫЦКАЯ,
настаўніца нямецкай мовы
Барунскага ясляў сада — сярэдняй школы Ашмянскага раёна.
Фота аўтара.