Алгарытм развіцця беларускага маўлення ў малышоў

- 12:13Выхаваўчая прастора

Развіццё асобы дзіцяці ў соцыуме немагчыма без ведання роднай мовы. Менавіта ў нацыянальнай мове замацаваны змест культуры пэўнага народа, яго каштоўнасці, духоўны падмурак, гістарычны досвед. Вобразна кажучы, адзін з галоўных і дасканалых настаўнікаў дзіцяці — яго родная мова.

Асноўная мэта дзейнасці педагога — гэта развіццё ў дзяцей звязнага маўлення, усвядомленага стварэння выказванняў (сказаў) і тэкстаў, якое не можа быць забяспечана без засваення моўных норм. На самым пачатку знаёмства дзяцей з беларускім маўленнем я стварала ўмовы для фарміравання ў іх маўленчага адчування, давала сваім выхаванцам слухаць на аўдыяносьбітах выступленні прафесійных чытальнікаў, якія дэкламавалі вершы, чыталі апавяданні на беларускай мове, знаёмілі дзяцей з беларускімі казкамі, у тым ліку народнымі. Так дзеці чулі жывое беларускае слова. Падчас праслухоўвання беларускіх фальклорных твораў я звяртала ўвагу дзяцей на шматгранныя асаблівасці роднай мовы: яе самабытнасць, прыгажосць, “цёплую” і ласкавую мелодыку, сілу ўздзеяння на слухача.

З усімі сваімі выхаванцамі я размаўляю выключна па-беларуску. Невядомыя ім беларускія словы тлумачу. Шырока выкарыстоўваю разнастайныя дыдактычныя, развіццёвыя і настольна-друкаваныя гульні. Я стварыла шэраг лінгвістычных гульняў, якія спрыяюць удасканаленню правільнага беларускага гукавымаўлення і словаўтварэння, асваенню граматычнага ладу беларускай мовы.

Знаёмства дзяцей з беларускім фальклорам і яго вывучэнне ажыццяўляецца ў розных відах дзейнасці: спецыяльна арганізаванай, сумеснай дзейнасці педагога і дзяцей, самастойнай дзейнасці дзяцей. З самага пачатку я імкнулася навучыць выхаванцаў уважліва слухаць фальклорныя творы, пазнаваць іх і па магчымасці запамінаць. Выразнае чытанне твораў з адпаведнай інтанацыяй, паўзамі, мімікай дазваляе звярнуць увагу выхаванцаў на музычнасць, мілагучнасць, рытмічнасць і дакладнасць беларускага маўлення. Для развіцця ў дзяцей умення ўважліва слухаць, запамінаць паслядоўнасць з’яў (сюжэтная лінія твора), свабодна арыентавацца ў тэксце выкарыстоўваю розныя развіццёвыя гульні і практыкаванні, прадметна-схематычныя і схематычныя мадэлі, а таксама праблемныя пытанні. Напрыклад, “Ты згодны з гэтым?”, “Як бы ты зрабіў? Чаму?”

Колькасць метадаў і прыёмаў работы з дзецьмі дашкольнага ўзросту па развіцці беларускага маўлення сродкамі фальклору, які выкарыстоўваю, даволі вялікая. Калі я вылучыла і сістэматызавала іх, атрымаўся ўніверсальны алгарытм работы па азнаямленні і вывучэнні твораў беларускага фальклору розных жанраў.

На першым этапе алгарытму адбываецца першае чытанне (слуханне) фальклорнага твора. Яно павінна быць няспешным і выразным, каб выключыць у слухачоў “недачутае” і незразумелае. Падчас першага слухання ў дзяцей працягвае фарміравацца і развівацца неўсвядомленае маўленчае адчуванне беларускага маўлення. Акрамя таго, у выхаванцаў развіваецца ўспрыманне, увага. Першае чытанне твораў часта суправаджаю паказам цацкі альбо малюначнага вобраза. Пэўныя рухі і дзеянні таксама могуць суправаджаць тэкст (напрыклад, калыханне лялькі падчас знаёмства з песнямі-калыханкамі). Абавязкова выкарыстоўваю ў сваёй рабоце кніжныя ілюстрацыі, пры разглядзе якіх асаблівую ўвагу ўдзяляю эмацыянальнаму стану персанажаў: “Што з ім здарылася?”, “Чаму ён плача?”, “Які ў зайчыка настрой?” (беларуская народная казка “Зайкава хатка”). Разгляданне кніжных ілюстрацый як твораў мастакоў-графікаў не толькі прыцягвае ўвагу дзяцей да рэплік герояў, падштурхоўвае да разважанняў, але і выхоўвае эстэтычны густ. Такім чынам, не апошняе месца пры азнаямленні з фальклорнымі творамі адводзіцца нагляднасці.

На другім этапе алгарытму адбываецца гутарка з дзецьмі пра тое, якое ўражанне на іх зрабіў пэўны твор. На трэцім этапе праводзіцца, па меры неабходнасці (а такая неабходнасць, як паказала практыка, узнікае заўсёды і абавязкова), словатлумачальная работа, падчас якой дзеці знаёмяцца з незнаёмымі ім словамі як сучаснай беларускай мовы, так і састарэлымі. Такім чынам, узбагачаецца слоўнікавы запас дзіцяці. На чацвёртым этапе алгарытму адбываецца другое чытанне (слуханне) твора.

Пятым этапам становіцца гутарка пра змест твора. Я прыраўноўваю гэты этап да простага літаратуразнаўчага аналізу твора пэўнага жанру, зразумела, у даступнай дзецям гульнявой форме. Мы абмяркоўваем асаблівасці пэўнага жанру, высвятляем тэму твора. Ідзе гаворка і пра сюжэт, аналізуюцца ўчынкі герояў (а не самі героі). Пасля мы з выхаванцамі разважаем над тым, чаму нас вучыць гэты твор (я падкрэсліваю, што любы носьбіт народнай мудрасці чаму-небудзь вучыць людзей).

На шостым этапе алгарытму праводзіцца гутарка пра форму (мову) твора. Вялікую ўвагу ўдзяляю стылістычным сродкам выразнасці. Для таго каб дзеці іх змаглі хутчэй заўважыць, прапаноўваю гульнявыя практыкаванні: “Знайдзі прыгожае параўнанне”, “Назаві словы, якія бываюць толькі ў казцы”. У працэсе работы з мастацкім творам прапаную дзецям знайсці ў тэксце словы, падобныя або процілеглыя па значэнні. На гэтым этапе ажыццяўляецца найпрасцейшы мовазнаўчы аналіз твора як тэксту. Дарэчы, лічу, што гэты этап можна абасобіць і арганізаваць як заняткі па навучанні грамаце дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту.

На сёмым этапе алгарытму неаднойчы прачытаны твор узнаўляецца (паўтараецца) дзецьмі. Цалкам і дакладна паўтараюцца творы малых жанравых форм. Вялікія жанравыя формы ўзнаўляюцца альбо цалкам, але недакладна, бліжэй да тэксту, альбо фрагментарна і дакладна. На гэтым этапе (як і на ўсіх папярэдніх) адпрацоўваецца правільнае беларускае гукавымаўленне, развіваецца беларускае звязнае непрадукцыйнае маўленне, а таксама ўвага, памяць, мысленне дзяцей.

Восьмы этап алгарытму — пераказ — тычыцца пераважна казак і не можа з’яўляцца абавязковым пры знаёмстве з фальклорнымі творамі іншых жанраў. Казка з’яўляецца найбольш распаўсюджаным і блізкім для дзяцей, любімым жанрам. Пераказ твораў садзейнічае развіццю звязнага маўлення дзяцей. Найбольш папулярным у маіх выхаванцаў стаў пераказ казак “па ланцужку”, у якім могуць удзельнічаць усе дзеці па чарзе.

На дзявятым этапе алгарытму праводзіцца інсцэніраванне твора (цалкам або часткова). Хачу ўдакладніць, што не ўсе жанры фальклорных твораў можна “паказаць” праз драматызацыю. Часцей за ўсё мы з выхаванцамі інсцэніруем забаўлянкі, народныя песні, народныя казкі. Гэтая работа, я лічу, немагчыма без музычнага суправаджэння, таму яна адбываецца ў цесным супрацоўніцтве з кіраўніком музычнага выхавання. Этап інсцэніравання шматступеньчаты, і пачынацца ён павінен з яшчэ аднаго (чарговага) чытання твора. Пасля гэтага прапаную дзецям “прыняць” пэўны гульнявы вобраз і адлюстраваць падзеі твора ў адпаведнасці са зместам. Дзеці з задавальненнем абыгрываюць песенькі, забаўлянкі, казкі. Драматызацыя мастацкіх твораў развівае творчасць і фантазію дзяцей, раскрывае іх творчыя здольнасці, садзейнічае развіццю іх звязнага непрадуктыўнага і прадуктыўнага маўлення, разнявольвае замкнёных па характары выхаванцаў. Такім чынам, на ўсіх ступенях алгарытму вырашаюцца розныя задачы па развіцці беларускага маўлення дзяцей дашкольнага ўзросту ад фанетычнага (фанематычнага) да тэкставага ўзроўню беларускай мовы, а таксама шэраг задач па развіцці псіхічных (кагнітыўных і камунікатыўных) працэсаў у дзяцей.

Прывяду неразгорнуты прыклад работы з дзецьмі дашкольнага ўзросту па азнаямленні з беларускай народнай казкай “Зайкава хатка” паводле гэтага алгарытму. Спачатку ўважліва слухаем сам твор. Пасля словатлумачальнай работы, паўторнага чытання і гутарак па змесце разам з дзецьмі вызначаем тэму, удакладняем, з чаго пачынаецца і чым заканчваецца казка. Разважаем над прычынна-выніковымі сувязямі ў сюжэце. Высвятляем, што героі казкі “Зайкава хатка” выключна жывёлы, якія могуць размаўляць, плакаць, хітрыць. Так паступова дзеці засвойваюць уяўленні пра жанравыя асаблівасці казкі: у любой казцы ёсць зачын і канцоўка, якія вельмі часта ў розных казках паўтараюцца. У аснове казак ляжыць фантастычная выдумка, на якой базіруецца адлюстраванне рэчаіснасці з дапамогай спецыяльных мастацкіх сродкаў і прыёмаў, выпрацаваных на працягу стагоддзяў. Учынкі жывёл увасабляюць станоўчыя якасці людзей або адлюстроўваюць чалавечыя недахопы.

Калі мы аналізуем мову гэтага твора, то разглядаем менавіта тыя моўныя сродкі і магчымасці, якія зрабілі гэтую казку такой, якой яна жыве шмат гадоў. Вядома, што ўсе моўныя адзінкі тэксту казкі прааналізаваць проста немагчыма. Выкарыстоўваем той ці іншы моўны матэрыял (у залежнасці ад пастаўленай мэты). Цікава, што дзеці “падкідваюць” запыт на гэты матэрыял самі! Напрыклад, падчас знаёмства з галоўным станоўчым героем казкі “Зайкава хатка” Пеўнем дзіцячае пытанне “А чаму Певень так называецца?” падводзіць нас да этымалогіі названага слова. Высвятляецца роднаснасць слова “певень” са словам “спяваць”. Такая яскравая зацікаўленасць дзяцей сведчыць пра тое, што ім вельмі цікавая не толькі казка, але і сама мова як нейкая асобная краіна са сваімі законамі і паступовым жыццём. А сапраўднае здзіўленне дзіцяці “А чаму Певень называе сабе Пятух-Чабятух?” накіроўвае нас да далейшага разважання над словам “пятух”. Дзецям я тлумачу, што слова “пятух” у сучаснай беларускай мове няма, але казкі, як скарбніца даўніны, захоўваюць такія скарбы, якія раскрываюць нам гісторыю самой мовы. Магчыма, гэта ўстарэлае слова, якое не стала лексічнай нормай сучаснай беларускай мовы. Можа, як дыялектная форма захавалася ў некаторых раёнах (вёсках) Беларусі. І сапраўды, некаторыя дзеці з радасцю паведамлялі, што іх бабулі ў вёсках называюць вядомую свойскую птушку “пятух”. Зразумела, што тлумачэнні я раблю ў даступнай, зразумелай дзецям форме. На элементарным узроўні дзеці засвойваюць, што мова, нягледзячы на пэўную ўстойлівасць, развіваецца, жыве сваім жыццём. Акрамя засваення лексічных і граматычных норм беларускай мовы, якія “дайшлі” да нас, дзеці міжволі ўсведамляюць этымалогію пэўных слоў.

Да этапу інсцэніравання казкі “Зайкава хатка” з дзецьмі праводзілася папярэдняя работа над жэстамі, мімікай, інтанацыяй маўлення, сілай голасу, якая ажыццяўлялася падчас трэнінгаў, эцюдаў і практыкаванняў. Паказ гатовага спектакля “Зайкава хатка” стаў паспяховым завяршэннем плённай і руплівай працы. Атрымаўся яскравы касцюміраваны тэатралізаваны паказ. Дарэчы, касцюмы і атрыбуты да пастаноўкі рыхтавалі самі бацькі выхаванцаў. Дзеці-выступоўцы дакладна ўзнаўлялі рэплікі герояў, а дзіця, якое ад імя аўтара (народа) расказвала ўвесь сюжэт, узнаўляла казку не дакладна, а бліжэй да тэксту.

Дасканалае вывучэнне любой народнай казкі можа даць дзецям дашкольнага ўзросту паўнацэнную карціну свету і соцыуму. Казка адлюстроўвае чалавечыя ўзаемаадносіны і грамадскія з’явы. Больш моцны і жорсткі, больш хітры (Ліса) крыўдзіць слабага (Зайка). Па законе жанру, нарэшце, дабро перамагае зло. Калі, вобразна кажучы,“анатаміраваць” любую казку, то ў працэсе гэтага можна вырашаць шэраг праграмных задач з розных адукацыйных галін вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі (“Дзіця і прырода”, “Дзіця і грамадства”). Напрыклад, падзеі ў казцы “Зайкава хатка” замацоўваюць уяўленні дзяцей пра сезонныя з’явы ў прыродзе (прыйшла вясна — прыгрэла сонейка). Адпаведна, удакладняюцца ўяўленні дзяцей пра ўласцівасці вады і ўмовы пераходу яе з цвёрдага стану ў вадкасць (прыгрэла сонейка — хатка Лісы з труску-сняжку растала). Я лічу мэтазгодным прапаноўваць сваім выхаванцам творчыя заданні і праблемныя сітуацыі на аснове ўжо добра знаёмых тэкстаў. Напрыклад, “Якога свайго героя вы хацелі б увесці ў казку “Зайкава хатка”? Для чаго?” альбо “А як бы вы працягнулі гэтую казку і завяршылі яе?”. Зразумела, не ставіцца задача перайначыць народны твор і яго сюжэтную лінію альбо правесці метамарфозы з фіналам. Мы толькі разважаем над пэўным творам, і гэтыя разважанні раскрываюць неабмежаваную прастору для фантазіі дзяцей, спрыяюць развіццю іх лагічнага мыслення і звязнага прадуктыўнага маўлення і, галоўнае, садзейнічаюць выхаванню ў дзяцей агульначалавечых каштоўнасцей. Сапраўды, думкі і адказы дзяцей часам захапляюць! Так, калі мы абагульнялі свае думкі пра змест казкі “Зайкава хатка”, канцоўка твора шмат каго з дзяцей задаволіла: “Так Лісе і трэба!” Але маё пытанне “А як цяпер сябе адчувае Ліса?” прымусіла выхаванцаў задумацца. Добра, што Зайка цяпер шчаслівы, толькі зараз дрэнна ўжо Лісе. Яна, канечне, рабіла дрэнныя ўчынкі, але цяпер згодна выправіцца, і ёй трэба дапамагчы. Пасля гэтага дзеці дружна, без ніякага сумнення, пашкадавалі Лісу, нават даравалі ёй ад імя ўсіх Заек яе кепскія паводзіны. Пасля я прапанавала выхаванцам прыдумаць свой працяг казкі. Думаю, чытачу будзе цікава пазнаёміцца з некаторымі варыянтамі казачных канцовак. Напрыклад, Певень, нягледзячы на свае мінулыя пагрозы Лісе, пабудаваў ёй асобны надзейны дом у лесе, а заадно і сабе. Былі, канечне, дзіцячыя прапановы не адпускаць Пеўня з зайкавай хаткі (“А хто тады будзе Зайку абараняць?”). Тады ўжо дзеці карэкціравалі так: “Певень пасяліўся побач з Зайкам, у адным двары”. Пасля вырашэння жыллёвых праблем усіх герояў дзеці самі прапанавалі вырашыць і іх сямейныя пытанні. Так, у адным з дзіцячых працягаў Певень ажаніўся з Курыцай, Зайка — з Зайчыхай, Ліса — з Лісам. Зразумела,у кожнай сям’і нарадзілася шмат дзетак.

Акрамя казак, мы знаёмімся з фальклорнымі творамі іншых жанраў: загадкі, лічылкі, дражнілкі, прыказкі і прымаўкі, скорагаворкі і чыстагаворкі. Напрыклад, работа з загадкамі спалучае ў сабе як адгадванне, так і самастойнае загадванне. Я звяртаю ўвагу выхаванцаў на асаблівасці гэтай малой жанравай формы: называецца не сам загаданы прадмет (з’ява), а толькі яго яскравыя, адметныя рысы. У развіцці беларускага маўлення нельга пераацаніць ролю беларускіх народных гульняў.

Наталля БЯЛЯЕВА,
выхавальнік ясляў-сада № 314 Мінска.