На Рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах школьнікі паказалі выдатныя веды. Многія ўдзельнікі пацвердзілі папярэднія поспехі, што сведчыць пра належную якасць ведаў і вялікую працу педагогаў. Падрабязна пра гэта даведаліся карэспандэнты “Настаўніцкай газеты”.
Інтэлектуальны рэзерв
Сёлета Брэстчына прымала ўдзельнікаў заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Геаграфія” і “Фізічная культура і здароўе”.
73 аматары здаровага ладу жыцця з’ехаліся ў Пінск, каб на базе сучасных спартыўных пляцовак ПалесДУ паспаборнічаць у фізічнай падрыхтоўцы і не толькі.
— Алімпіяда складалася з трох тураў, — расказала старшыня журы загадчыца кафедры фізічнай культуры БрДУ імя А.С.Пушкіна Таццяна Дзямчук. — Тэарэтычны тур, на які адводзіліся дзве гадзіны, уключаў тэставыя заданні, размеркаваныя па трох блоках. Заданні тычыліся тэорыі і методыкі фізкультуры, алімпійскага руху, навучэнцы вызначалі адпаведнасць паміж рознымі паняццямі і тэрмінамі, а таксама дапаўнялі прапанаваныя фразы ў заданнях з адкрытай формай адказаў. Асаблівых цяжкасцей тэарэтычны тур у школьнікаў не выклікаў.
У другім туры алімпіяднікі спаборнічалі ў хуткасным плаванні на 50 метраў і спартыўных гульнях з камбінацыі гандбола, валейбола, футбола і баскетбола. Трэці тур тэсціраваў фізічную падрыхтоўку ў чаўночным бегу 4 х 9 метраў, скачках у даўжыню з месца, падцягванні на высокай перакладзіне і падыманні тулава за адну мінуту.
Па словах Таццяны Дзямчук, школьнікі паказалі выдатныя веды і добрую фізічную падрыхтоўку. Асаблівую падзяку яна выказала кіраўніцтву ПалесДУ за цудоўную спартыўную базу і якасную арганізацыю алімпіядных спаборніцтваў.
Дыпломы І ступені атрымалі дзесяцікласнікі Арсеній Саковіч са Спецыялізаванага ліцэя пры Універсітэце грамадзянскай абароны МНС Беларусі і Марыя Анціпава з гімназіі № 3 Магілёва, адзінаццацікласнікі Станіслаў Радчанка з Мінскага абласнога кадэцкага вучылішча, Арцём Крычко з Цялушскай сярэдняй школы Бабруйскага раёна, Марыя Садоўская з сярэдняй школы № 37 Гродна і Вікторыя Пранцішава з сярэдняй школы № 45 Магілёва. Спецыяльным прызам міністра адукацыі адзначана васьмікласніца Варвара Любечка з сярэдняй школы № 10 Пінска.
* * *
У Брэсцкім абласным ліцэі імя П.М.Машэрава сабраліся 111 знаўцаў геаграфіі.
— Алімпіядныя спаборніцтвы складаліся з трох тураў, — паведаміла старшыня журы дэкан факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ Алена Кальмакова. — За тры гадзіны, адведзеныя на тэарэтычны тур, патрабавалася выканаць два блокі заданняў па фізічнай і сацыяльна-эканамічнай геаграфіі. Падчас мультымедыйнага тура алімпіяднікі працавалі з прэзентацыямі. Праектна-практычны тур праходзіў у два этапы (палявы і камеральны), на якія адводзіліся дзве і тры гадзіны адпаведна.
На першым этапе школьнікі вывучалі тыпалогію забудовы і сацыяльную інфраструктуру Брэста, вылучалі прапановы па яе аптымізацыі, выконвалі функцыянальнае заніраванне пэўнай тэрыторыі. На другім этапе алімпіяднікі вывучалі сацыяльную інфраструктуру Брэста на прыкладзе аптэчнай сеткі, выконвалі заданне, звязанае з глебава-зямельнымі рэсурсамі ключавых раёнаў Брэстчыны, а таксама распрацоўвалі ваенна-патрыятычную экскурсію па вобласці, прысвечаную 80-годдзю Вялікай Перамогі. За апошняе заданне школьнікі атрымалі найбольшую колькасць балаў. У дадатковым (англамоўным) туры, які ўключаў пісьмовае заданне і вуснае субяседаванне, удзельнічалі звыш 70 вучняў.
Па словах Алены Кальмаковай, многія ўдзельнікі пацвердзілі папярэднія поспехі, што сведчыць пра належную якасць ведаў і вялікую працу педагогаў. Геаграфія пераможцаў надзвычай шырокая. У лідарах па колькасці дыпломаў — Мінск, Магілёўшчына і Віцебшчына. Тым не менш настаўнікам варта ўдзяляць павышаную ўвагу практычнай падрыхтоўцы вучняў.
Аляксандр Тамковіч з настаўніцай Кацярынай Трафімчук
Адзінаццацікласнік Аляксандр Тамковіч з Брэсцкага абласнога ліцэя імя П.М.Машэрава захапіўся геаграфіяй яшчэ ў 1 класе, калі бабуля падарыла яму глобус, на якім ён любіў разглядаць розныя краіны і шукаць іх сталіцы. Да алімпіяднага руху юнака далучыў у 7 класе настаўнік геаграфіі Сяргей Соўпель з сярэдняй школы № 7 Кобрына, дзе тады вучыўся Аляксандр. Удзельнічаць у інтэлектуальных спаборніцтвах яму вельмі падабаецца, бо яны дораць азарт, новыя веды і знаёмствы, дазваляюць убачыць вынікі сваёй работы ў параўнанні з іншымі вучнямі.
На рахунку юнака — дыпломы ІІ і ІІІ ступеней, атрыманыя па выніках рэспубліканскай алімпіяды ў 9 і 10 класе. Сёлета Аляксандр паўтарыў мінулагодні вынік, за якім стаяць сур’ёзная работа з настаўніцай Кацярынай Трафімчук, карпатлівая самападрыхтоўка і заняткі з універсітэцкімі выкладчыкамі.
— Пэўныя цяжкасці выклікаў тэарэтычны тур, дзе прапаноўваліся нязвыклыя заданні, звязаныя з аналітычнымі ўменнямі, — заўважыў юнак, які разглядае факультэт геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ як адно з найбольш верагодных месцаў для працягу адукацыі.
Дыпломы І ступені атрымалі дзевяцікласнікі Міхаіл Груца з гімназіі № 6 імя Ф.Э.Дзяржынскага Гродна, Дзмітрый Пушкар з сярэдняй школы № 14 Наваполацка, Арсеній Туровіч з гімназіі № 3 імя В.І.Соламавай Гродна і Настасся Шарамет з сярэдняй школы № 37 Магілёва, дзесяцікласнікі Раман Іўлеў з гімназіі № 2 Віцебска і Вольга Казанцава з Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 1, адзінаццацікласнікі Аляксандр Шалкоўскі з Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 1, Мікалай Місіюк з гімназіі № 2 Брэста і Аляксей Клімко з сярэдняй школы № 118 Мінска.
На высокім узроўні
Падведзены вынікі Рэспубліканскай алімпіяды па хіміі. Школьнікаў узнагародзілі падчас урачыстай цырымоніі, якая прайшла ў сярэдняй школе № 225 Мінска.
У алімпіядзе прынялі ўдзел 117 навучэнцаў 9—11 класаў. Тэарэтычны тур спаборніцтваў адбыўся на базе Мінскага гарадскога кадэцкага вучылішча, а эксперыментальны — на хімічным факультэце БДУ.
— Заданні заключнага этапу закраналі ўсе асноўныя раздзелы хіміі, па ўзроўні складанасці многія з іх былі набліжаны да міжнароднага ўзроўню, бо адна з мэт алімпіяды — адабраць кандыдатаў для ўдзелу ў міжнародных хімічных выпрабаваннях, — адзначыў старшыня журы дэкан хімічнага факультэта БДУ Аляксандр Зураеў.
Заданні тэарэтычнага тура сёлета ўключалі разнастайныя пытанні па неарганічнай і арганічнай хіміі, біяхіміі, фізічнай, квантавай хіміі, электрахіміі. Эксперыментальны тур у 9 класе быў звязаны з аналітычнай хіміяй: навучэнцам трэба было распазнаць катыёны і аніёны ў прабірках. У 10 класе праходзіў дослед па аналітычнай хіміі, які ўключаў цітраванне на вагах у трох розных варыянтах праходжання хімічных рэакцый. У 11 класе праводзілася змешаная практыка, якая складалася з дзвюх задач. Першая задача была звязана з аналітычнай хіміяй. Не рашыўшы яе, нельга было перайсці да другой часткі, звязанай з арганічнай хіміяй. На першым этапе работы неабходна было ўстанавіць канцэнтрацыю аднаго з рэагентаў для наступнага сінтэзу. На другім этапе, выкарыстоўваючы атрыманыя даныя, вучні рыхтавалі рабочы раствор і ажыццяўлялі сінтэз арганічнага злучэння гетэрацыклічнага рада пад назвай бензімідазол і праводзілі аналіз атрыманага рэчыва. У працэсе работы ацэньвалася праходжанне рэакцый і падбіраўся элюент для храматаграфічнага даследавання. Таксама вызначаўся выхад прадукту рэакцыі.
Члены журы адзначылі, што дзецям было эмацыянальна цяжка адаптавацца да высокага ўзроўню складанасці заданняў. Ім трэба было правільна разлічыць свае сілы і дакладна размеркаваць адведзены на рашэнне заданняў час. Сёлета гэта было прасцей зрабіць, бо крыху змяніўся фармат алімпіяды: уведзена адзіная сістэма разбалоўкі. Упершыню ўдзельнікі атрымалі бланкі, дзе былі адзначаны балы, якія можна атрымаць за кожны пункт задання. Таму на гэты раз не было традыцыйнай апеляцыі. У дзень прагляду заданняў кожнаму кіраўніку каманды былі адпраўлены электронныя версіі заданняў і поўныя іх рашэнні з указаннем балаў за выкананне кожнага пункта. Такім чынам, удзельнікі алімпіяды маглі самастойна падвесці вынікі.
Дыпломамі рэспубліканскай алімпіяды былі ўзнагароджаны 52 вучні. Дыпломы І ступені ў 9 класе атрымалі Валерыя Казлова з сярэдняй школы № 28 Брэста, Яўгенія Сударыкава з гімназіі № 2 Віцебска, Мацвей Літвіновіч з гімназіі № 32 Мінска; у 10 класе — Дзмітрый Анішкевіч з гімназіі № 3 Барысава, Аляксей Сцяпанаў з гімназіі № 41 Мінска імя В.Х.Сярэбранага, Платон Сушчынскі з сярэдняй школы № 9 Мінска імя У.І.Шчарбацэвіча; у 11 класе — Аляксей Бычак з сярэдняй школы № 210 Мінска, Аляксандр Наліўка з гімназіі № 37 Мінска, Пётр Бурак з гімназіі № 10 Маладзечна.
Спецыяльнага прыза міністра адукацыі ўдастоены Платон Несцярэнка з гімназіі № 3 Магілёва як навучэнец, які паказаў высокі вынік пры выкананні заданняў другога (эксперыментальнага) тура. Юнак вучыцца ў 8 класе, а на алімпіядзе выступаў за 9 клас і атрымаў дыплом ІІІ ступені.
Спецыяльны прыз старшыні Мінгарвыканкама быў уручаны Мацвею Літвіновічу з гімназіі № 32 Магілёва як вучню, які паказаў высокі вынік пры выкананні заданняў першага (тэарэтычнага) тура.
Па выніках рэспубліканскіх спаборніцтваў навучэнцы сёлета адбіраюцца для ўдзелу ў Міжнароднай хімічнай алімпіядзе, Міжнароднай Мендзялееўскай алімпіядзе школьнікаў па хіміі, Міжнароднай алімпіядзе для школьнікаў імя Абу Райхана Беруні ва Узбекістане. Галоўны крытэрый пры вызначэнні кандыдатаў — аднолькава высокі ўзровень падрыхтоўкі вучняў як па тэарэтычных пытаннях, так і па выкананні эксперыментальных заданняў.
Навучэнец 11 класа Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 1 Андрэй Яфрэмаў трапіў у склад нацыянальнай каманды, якая сёлета прадставіць Беларусь на Мендзялееўскай алімпіядзе. Юнака падрыхтаваў настаўнік хіміі ліцэя алімпіядны трэнер каманды Магілёўскай вобласці Георгій Папоў.
— У алімпіядным руху я з пачатковых класаў. З дзяцінства ў мяне ёсць запаветная мара — атрымаць Нобелеўскую прэмію, — гаворыць Андрэй. — Удзельнічаў у спаборніцтвах па матэматыцы, англійскай мове, геаграфіі, біялогіі і фізіцы. Атрымліваў дыпломы гарадскога ўзроўню. З 6 класа дакладна вырашыў займацца хіміяй. Узровень складанасці алімпіяд расце з кожным годам. І толькі дзякуючы штодзённай карпатлівай працы, падтрымцы настаўніка Георгія Аляксеевіча і выкладчыкаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій, яшчэ летась мне ўдалося стаць уладальнікам дыплома ІІ ступені на рэспубліканскай алімпіядзе. Сёлета я паўтарыў вынік. Планую паступаць на хімічны факультэт БДУ.
Дыпломы — заслужаныя
460 юных талентаў — такая колькасць адораных навучэнцаў з усёй краіны сабралася на мінулым тыдні ў Магілёве. У горадзе на Дняпры праходзіў заключны этап Рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы, інфарматыцы, фізіцы і астраноміі.
Праверыць свае веды і кемлівасць разумнікі і разумніцы змаглі ў ходзе выканання разнастайных заданняў. Сёлета арганізатары пастараліся зрабіць іх творчымі і арыгінальнымі.
Так, удзельнікі алімпіяды па астраноміі рашалі задачы па ўсіх раздзелах гэтай навукі. На тэарэтычным туры акцэнт быў зроблены на сферычнай астраноміі, нябеснай механіцы, астрафізіцы, касмалогіі. На практычным прапаноўваліся заданні, звязаныя з картай зорнага неба, механікай руху нябесных цел і радыёастраноміяй.
— Заданні былі практыка-арыентаваныя і набліжаныя да міжнароднага ўзроўню. Змест шэрага задач распрацоўваў асабіста, — паведаміў старшыня журы дацэнт кафедры тэарэтычнай фізікі і цеплатэхнікі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Казімір Зноска. — Напрыклад, я падрыхтаваў заданне, для рашэння якога неабходна было вызначыць экліптычныя каардынаты зоркі, яе радыус і масу, зорную велічыню, параўнаць свяцільнасць з іншымі зоркамі. Такіх комплексных задач было шмат, бо яны дазваляюць убачыць, як вучань мысліць і сінтэзуе веды. Навучэнцы выступілі выдатна, некаторыя вельмі парадавалі. Абсалютным пераможцам стаў прадстаўнік ліцэя № 1 імя акадэміка Ю.М.Астроўскага Гродна Ян Церахаў. Высокі вынік паказала і Варвара Каляснёва з Ліцэя Беларуска-Расійскага ўніверсітэта імя Л.Я.Маневіча.
***
Нетыповымі заданнямі была адметная алімпіяда па фізіцы. Штогод задачы для яе распрацоўваюцца з максімальнай набліжанасцю да рэальнасці.
— Калі казаць пра тэорыю, то дзевяцікласнікі рашалі задачы з раздзелаў кінематыкі і дынамікі. Асаблівую цікавасць у іх выклікалі заданні, дзе трэба было выявіць прыроду дажджу і прынцып работы электрычнай лямпачкі. Вучні 10-х класаў вывучалі разгон часціц і крыніцы электраэнергіі, а адзінаццацікласнікі даследавалі токі Фуко, дзеянне магнітнага поля на электрычныя зарады. У аснове задач эксперыментальнага тура былі розныя аптычныя і механічныя з’явы, складаныя механічныя ўстаноўкі. Заданні былі настолькі лёгкімі, наколькі гэта магчыма, а складанымі — наколькі неабходна. Змест быў складзены так, каб навучэнцы маглі праявіць логіку, знаходлівасць і ідэйнасць, — расказаў член журы, студэнт фізічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, выкладчык фізікі Ліцэя імя Ф.Э.Дзяржынскага БДУ Мацвей Валдоўскі.
Тое, што заданні выдаліся ў меру складанымі і цікавымі, пацвярджаюць і самі ўдзельнікі. Для Софіі Пшанічнай з гімназіі № 14 Гомеля нерашальных задач не было.
— Даўно захапляюся фізікай і ўзмоцнена рыхтавалася да алімпіяды. Спадзяюся, што ўсё зрабіла правільна. Я вельмі ўдзячная сваёй настаўніцы Алене Паўлаўне Знахарэнка, а таксама трэнерам Міхаілу Уладзіміравічу Бую і Андрэю Вадзімавічу Бужану за багаж ведаў і падтрымку, — падзялілася дзяўчына.
— Нам спадабалася, што задачы былі розныя. Некаторыя — простыя, а іншыя — больш складаныя, дзе давялося паразважаць. Былі задачы з незвычайнымі ўмовамі. Але калі здолееш разабрацца ў сутнасці, любое заданне становіцца зразумелым, — запэўнілі прадстаўнікі каманды Магілёўскай вобласці Дзмітрый Гаранін і Багдан Ракутаў.
Па словах настаўніка фізікі Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 1 Уладзіміра Грабцэвіча, які з’яўляецца трэнерам магілёўскай каманды, галоўнае ў падрыхтоўцы да алімпіяды — карпатлівая праца.
— Узаемадзейнічаем з выхаванцамі штодзень. Для кожнага выбудоўваю індывідуальную траекторыю развіцця, разам з тым рашаем задачы сумесна. Звычайна выходзім за рамкі школьнай праграмы, разбіраем задачы міжнародных алімпіяд. Эфект адпаведны. Летась мае падапечныя вызначыліся на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды двума пераможнымі дыпломамі і адным пахвальным водзывам. Зараз палепшылі гэтае дасягненне: пераможныя дыпломы — у чатырох вучняў, — адзначыў Уладзімір Іванавіч.
Дарэчы, усе ўладальнікі дыпломаў алімпіяды па фізіцы набралі звыш паловы магчымых балаў. Як заўважыў старшыня журы, загадчык кафедры агульнай фізікі БДУ, дацэнт, кандыдат фізіка-матэматычных навук Анатоль Слабадзянюк, асобныя вучні выступілі бліскуча і наблізіліся амаль да максімуму балаў. Прычым сярод лідараў — навучэнцы з розных рэгіёнаў.
***
Яскрава праявілі сябе вучні і на Рэспубліканскай алімпіядзе па матэматыцы. Між тым тэматыка заданняў адпавядала міжнародным алімпіядам.
— Традыцыйна навучэнцы рашалі алгебраічныя і геаметрычныя задачы, задачы па тэорыі лікаў і камбінаторыцы. Характэрнай адметнасцю заданняў была іх творчая накіраванасць. Пры ацэнцы ўлічваўся не толькі адказ, але і логіка разважанняў. Калі вучань дапусціў малазначныя памылкі, а ход рашэння правільны, ён атрымліваў пэўны бал. Заданні аказаліся дзецям па сілах. Вядома, некаторыя задачы выклікалі цяжкасці. Аднак у цэлым навучэнцы справіліся. І гэта нядзіўна, бо сярод удзельнікаў ёсць тыя, хто ўжо мае перамогі на міжнароднай арэне, — расказаў намеснік старшыні журы старшы навуковы супрацоўнік Інстытута матэматыкі Нацыянальнай акадэміі навук Міхаіл Карпук.
На думку Уладзіслава Антанюка з гімназіі № 8 Віцебска, які ў заключным этапе алімпіяды па матэматыцы ўдзельнічае ўжо трэці раз, сярод заданняў стала больш нестандартных. Такіх жа меркаванняў прытрымліваецца вучаніца сярэдняй школы № 2 Магілёва Анастасія Окунева.
— Я не першы раз на заключным этапе, была ў ліку пераможцаў, і мне здаецца, што задачы ўскладняюцца. Каб знайсці рашэнне, неабходны ўважлівасць і канцэнтрацыя. Менавіта гэтым я і кіравалася, — расказала дзяўчына.
Выбраная тактыка прынесла Анастасіі дыплом ІІ ступені. Настаўніца матэматыкі 2-й магілёўскай школы Ірына Шылько ў чарговым поспеху сваёй выхаванкі нават не сумнявалася.
— Разам з Насцяй шмат працуем у звязцы. Гэта найважнейшы фактар выніковасці. Паміж педагогам і вучнем павінны быць поўнае ўзаемаразуменне і агульная зацікаўленасць. Толькі тады будуць перамогі, — пераканана Ірына Віктараўна.
***
На заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы ў абодвух турах навучэнцам трэба было рашыць па чатыры задачы. Сярод іх як адносна простыя класічныя, так і складаныя заданні, якія патрабуюць ведання вышэйшай матэматыкі і іншых навук.
— Задачы былі звязаны з праграмаваннем і тэорыяй алгарытмаў. Яны адзіныя для ўсіх удзельнікаў. Фактычна гэта веданне ўніверсітэцкага курсу інфарматыкі. Навучэнцы паказалі моцную падрыхтоўку. Усе дыпломы цалкам заслужаныя. А для перамогі патрэбны быў не толькі талент, але і выключная працавітасць. Гэтыя якасці вучні якраз праяўляюць, прычым змалку. Так, сярод пераможцаў ёсць сямікласніца, якая выступала нароўні з вучнямі 10—11 класаў, — адзначыў старшыня журы старшы выкладчык факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ Аляксандр Буслаўскі.
Высокія дасягненні ўдзельнікаў алімпіяд былі адзначаны на цырымоніях узнагароджання. Дыпломы і пахвальныя водзывы атрымалі звыш 220 хлопцаў і дзяўчат.
Падрыхтавалі Сяргей ГРЫШКЕВІЧ, Надзея ЦЕРАХАВА, Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтараў