Птушка шчасця заўтрашняга дня: пераможцы рэспубліканскай алімпіяды — фактычна студэнты. І школьнікаў Гомельшчыны сярод іх шмат. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Пакуль адны школьнікі бесклапотна адпачывалі на вясновых канікулах, іншыя пастараліся прадэманстраваць свае веды на рэспубліканскім этапе прадметных алімпіяд. Для фінальных выпрабаванняў у каманду Гомельскай вобласці ўвайшлі 206 разумнікаў і разумніц. У выніку школьнікі рэгіёна заваявалі 107 дыпломаў, што на 11 узнагарод больш, чым у 2023 годзе. Па інфарматыцы і матэматыцы — па 11 дыпломаў, па беларускай мове — 10, грамадазнаўстве — 9.
Начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Руслан Смірноў падкрэсліў выніковы ўдзел навучэнцаў вобласці: па выніках заключнага этапу алімпіяды ў агульнарэспубліканскім рэйтынгу рэгіён заняў першую пазіцыю сярод абласцей і другую, уступіўшы пальму першынства толькі гораду Мінску.
— Дыпломы ёсць па ўсіх 18 вучэбных прадметах, — паведаміў Руслан Смірноў. — Найбольш паспяхова навучэнцы выступілі па інфарматыцы, матэматыцы, беларускай мове і літаратуры, грамадазнаўстве і астраноміі.
Нагадаем: у Гомелі прайшоў заключны этап рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы, фізіцы, астраноміі, у Жлобіне — па працоўным навучанні.
Як адзначыла галоўны спецыяліст аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай і прафесійнай адукацыі галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Алена Сурава, самы вялікі ўклад у скарбонку перамог унеслі навучэнцы Жлобінскага, Жыткавіцкага, Калінкавіцкага, Лоеўскага, Мазырскага, Петрыкаўскага, Рэчыцкага, Рагачоўскага, Светлагорскага раёнаў і Гомеля. Акрамя таго, практычна ўся каманда Гомельскай вобласці ўзяла дыпломы на інтэлектуальным спаборніцтве па грамадазнаўстве і астраноміі.
Добры вынік дасягаецца толькі ў тандэме настаўніка з вучнем, таму вялізная заслуга сённяшняга поспеху школьнікаў дасягнута дзякуючы прафесіяналам сваёй справы — педагогам Гомельшчыны.
Старшыня журы па астраноміі, кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт Станіслаў Секержыцкі адзначыў, што юныя астраномы выдатна справіліся з алімпіяднымі заданнямі, фінальны этап паказаў, што навучэнцы дабіліся добрых вынікаў.
— Паколькі на працягу апошніх двух дзесяцігоддзяў захоўвалася пераемнасць у правядзенні алімпіяд па астраноміі і назапашаны багаты вопыт, то і магчымасці рашэння задач удзельнікамі алімпіяды істотна павысіліся, — падкрэсліў Станіслаў Станіслававіч. — Дзеці ведаюць, на якія моманты трэба звярнуць увагу пры падрыхтоўцы, з разуменнем рашаюць задачы на этапе інтэлектуальнага спаборніцтва. Дарэчы, у Гомелі алімпіяда па астраноміі праходзіла 5-ы раз, сёлета 40 чалавек прынялі ў ёй удзел.
Мацвей Пугачоў
Адразу два навучэнцы Гомельскага гарадскога ліцэя № 1 заваявалі дыпломы на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па астраноміі: Раман Хамянкоў узяў “бронзу”, Мацвей Пугачоў прызнаны абсалютным пераможцам. Варта адзначыць, што кожны год выхаванцы ліцэя становяцца лідарамі спаборніцтва і працягваюць гэтую традыцыю ўжо на міжнароднай арэне. Напрыклад, летась Аляксей Канцавенка заваяваў сярэбраны медаль на II Адкрытай Міжнароднай астранамічнай алімпіядзе (Сочы, Расія).
За апошнія 12 гадоў настаўнік астраноміі ліцэя, загадчык кафедры тэарэтычнай фізікі факультэта фізікі і інфармацыйных тэхналогій Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны, кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт Генадзь Цюмянкоў падрыхтаваў 14 пераможцаў Рэспубліканскай алімпіяды па астраноміі. Дарэчы, гэты год унікальны і неверагодна паспяховы для юных астраномаў, бо ўпершыню ў камандзе з 6 чалавек шчаслівымі ўладальнікамі ўзнагарод сталі 5. А калі гаварыць пра вынікі, якія сёння ўпісваюцца ў больш як 20-гадовую гісторыю Рэспубліканскай алімпіяды па астраноміі, то за гэты час усяго 4 вундэркінды з Гомеля станавіліся абсалютнымі пераможцамі. Факты гавораць самі за сябе: на Гомельшчыне арганізацыя работы з адоранымі і высокаматываванымі дзецьмі займае асаблівае месца ў адукацыі.
— Спектр задач алімпіяды па гэтым вучэбным прадмеце шырокі і вельмі сур’ёзны, — засяродзіў увагу Генадзь Юр’евіч. — У школьным курсе для вывучэння астраноміі даецца ўсяго толькі год, а першы тур алімпіяды праводзіцца пасля двух месяцаў з моманту пачатку вывучэння прадмета. Да абласнога этапу трэба ведаць усё, вышэйшы пілатаж — удзел у рэспубліканскім туры. Сапраўды, трэба быць неверагодна таленавітым і самастойным, здольным хутка ўспрымаць новыя веды і прымяняць іх пры рашэнні задач. У нейкай ступені гэта дапамагло Мацвею стаць лідарам на ўсіх турах, плюс у яго цудоўная фізіка-матэматычная падрыхтоўка. Заключны этап, як і раней, праходзіў у два туры — тэарэтычны і практычны, у якіх дакладнае рашэнне кожнай з 4 складаных задач ацэньвалася ў 25 балаў. Заданні былі няпростыя, але, як сказаў Мацвей, рашальныя.
Выпускнік ліцэя, мабыць, лепш за іншых ведае зорнае неба, ён з 1 класа захапляецца астраноміяй, а ў 2 класе ў яго ўжо з’явіўся свой тэлескоп. Абсталяванне для назірання за нябеснымі свяціламі дазваляе бачыць тое, пра што чытаюць у падручніках. Гэта зачароўвае. Акрамя таго, астраномія дапамагае яму зразумець фізічныя працэсы, якія адбываюцца на Зямлі.
— Даследаванні праводжу ў яснае надвор’е, раней займаўся візуальнымі назіраннямі за аб’ектамі Сонечнай сістэмы, далёкага космасу: зорнымі наваламі, туманнасцямі, галактыкамі, а таксама за каметамі. Цяпер больш увагі ўдзяляю астрафатаграфіі, — патлумачыў Мацвей. — У гэтым годзе спрабую займацца астраноміяй больш прафесійна: з дапамогай спецыялізаванай камеры раблю здымкі і, выкарыстоўваючы спецыяльныя камп’ютарныя праграмы, іх аналізую. У апошні час займаюся здымкай далёкага космасу, літаральна днямі зняў некалькі дзясяткаў галактык. Цяпер у цэнтры ўвагі — камета 12P/Понса-Брукса. Што да алімпіяды, паколькі займаюся астраноміяй даўно, назапашаны нядрэнны вопыт, у тым ліку ў рашэнні практычных задач, гэта дало магчымасць дасягнуць жаданага выніку на рэспубліканскім этапе.
Пасля перамогі на алімпіядзе выпускнік ліцэя плануе прадоўжыць навучанне ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Ф.Скарыны на факультэце фізікі і інфармацыйных тэхналогій і займацца астрафізікай на базе ўніверсітэта пад кіраўніцтвам Генадзя Цюмянкова.
Юныя майстры
Жлобін гасцінна прымаў удзельнікаў заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні.
Праверыць свае веды на трываласць прыехалі юныя майстры і рукадзельніцы з розных куткоў краіны. У склад каманды Гомельскай вобласці ўвайшлі 12 чалавек. Шэсць хлопчыкаў змагаліся за дыпломы па тэхнічнай працы, шэсць дзяўчынак паказалі свае сілы ў абслуговай працы. У выніку каманда Гомельскай вобласці заваявала 8 дыпломаў, па 3 — у светлагорцаў і жлабінчан, 2 дыпломы ў гамяльчан.
Каб дасягнуць поспеху, трэба працаваць на вынік. Менавіта такі падыход дазволіў вучням сярэдняй школы № 13 імя В.В.Гузава Жлобіна Мацвею Лапцеву і Вадзіму Скобелеву перамагчы ў гэтым алімпіядным сезоне. Так, дзевяцікласнік Мацвей стаў уладальнікам дыплома I ступені, адзінаццацікласнік Вадзім — дыплома II ступені. Таленавітыя школьнікі зрабілі крок да свайго поспеху дзякуючы свайму настаўніку Дзмітрыю Доўнару. За ўвесь прафесійны шлях у педагогіцы настаўнік працоўнага навучання падрыхтаваў 26 пераможцаў алімпіяднага руху.
— Рэспубліканскі этап алімпіяды праходзіў у два туры, у практычнай частцы навучэнцы выконвалі заданне па апрацоўцы драўніны і металу, — падрабязна расказаў Дзмітрый Доўнар. — Па чарцяжы неабходна было зрабіць выраб, дапускалася ўнясенне ў дэталі творчых змяненняў, членамі журы ацэньваліся дакладнасць, арыгінальнасць і якасць выканання. За 4 гадзіны дзеці з драўніны змайстравалі сувенір — стылізаваную падстаўку ў выглядзе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, з металу трэба было зрабіць сувенірныя інструменты — цыркуль, транспарцір. Удзельнікі справіліся з заданнем на ўра, на гэтым этапе спаборніцтва ўсе стараліся творча падысці да працы. У тэарэтычнай частцы хлопчыкаў і дзяўчынак чакаў тэст, які складаўся з 20 пытанняў па праграме працоўнага навучання.
У гэтым годзе вучні Жлобіна паказалі вельмі высокія вынікі, напрыклад, у тэарэтычнай частцы з магчымых 40 балаў яны набралі 38,6 бала і 37.
— Мацвей Лапцеў і Вадзім Скобелеў у алімпіядным руху ўдзельнічаюць некалькі гадоў запар, акрамя таго, яны з задавальненнем наведваюць аб’яднанні па інтарэсах, — працягвае Дзмітрый Барысавіч. — Думаю, у будучыні яны прадоўжаць развівацца ў гэтым напрамку. Па вопыце скажу, што ўсе падрыхтаваныя мной пераможцы алімпіяды звязалі сваю прафесійную дзейнасць з тэхнічным кірункам, паступілі ў БНТУ, БелДУТ, сталі інжынерамі. Варта адзначыць і шырокія магчымасці, якія паўстаюць перад пераможцамі алімпіяднага руху, у выпускнікоў ёсць права льготнага паступлення на запатрабаваныя ў эканоміцы спецыяльнасці. Прыемна, што ў тым ліку перавагу аддаюць педагогіцы, паступаючы ў Мазырскі дзяржаўны ўніверсітэт імя І.П.Шамякіна на настаўнікаў працоўнага навучання.
Вадзім Скобелеў удзячны за неверагодны ўклад, працу, вопыт, прафесіяналізм, мудрасць свайму настаўніку, які выгадаваў не адно пакаленне высокакваліфікаваных спецыялістаў і проста выдатных людзей.
— З 6 класа наведваў аб’яднанне па інтарэсах, як і любому юнаку, мне падабалася вырабляць пісталеты і аўтаматы, — успамінае вучань. — У 8 класе ўпершыню прыняў удзел у алімпіядзе. Так, я нечакана сам для сябе выйграў адну, потым другую, трэцюю. Урокі працы Дзмітрыя Барысавіча прынеслі свой жыццёвы эфект: лёгка папраўлю любы прадмет інтэр’ера, завастру нажы, а яшчэ выраблю любую дэкаратыўную рэч, нядаўна маме дарыў драўляную талерку і ўнікальны падсвечнік, які зрабіў сам. Але самае галоўнае, дзякуючы настаўніку, які ўвесь свой час прысвячае выкладанню, студэнцкі білет у мяне ўжо ў кішэні, не трэба перажываць пра тое, як здам ЦЭ і ЦТ. Адзначу, разам з такім выдатным прафесіяналам сваёй справы было неверагодна цікава прайсці ўвесь гэты шлях навучання.
Рашылі дакладна
Цяжка не значыць немагчыма: зорныя вучні рашылі задачы не з лёгкіх і апынуліся ў ліку лепшых на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы і матэматыцы.
Заключны этап Рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы праходзіў у два туры, у кожным трэба было выканаць па 4 заданні.
– Заданні інтэлектуальнага спаборніцтва былі не з лёгкіх і патрабавалі нестандартнага падыходу да іх рашэння, – падкрэсліў старшыня журы дацэнт кафедры вышэйшай алгебры і абароны інфармацыі БДУ Ігар Варановіч. – Вядома, няпроста было набраць запаветныя балы, але ўдзельнікам гэта ўдалося. Напрыклад, вучань 11 класа гімназіі № 41 Мінска імя В.Х. Сярэбранага Мацвей Вылягжанін паспяхова справіўся з усімі задачамі і стаў дыпламантам І ступені, набраўшы максімальна магчымы бал.
Цудоўныя вынікі і добрую падрыхтоўку прадэманстравалі школьнікі не толькі з Мінска, але і з Віцебска, Гомеля, іншых абласных гарадоў і невялікіх населеных пунктаў.
– Узровень правядзення матэматычнай алімпіяды традыцыйна высокі, былі прапанаваны задачы з самых розных раздзелаў матэматыкі: алгебры, геаметрыі, тэорыі лікаў, камбінаторыкі, – працягвае Ігар Іванавіч. – Камбінаторыцы ў школах удзяляюць менш увагі, але ўсё ж бачна, што дзеці старанна займаліся, асабліва тыя, хто імкнецца ўвайсці ў склад зборнай каманды, каб прадэманстраваць свае здольнасці на міжнароднай арэне. Што тычыцца вынікаў матэматычнага марафону, то ў лідарах прадказальна апынуліся тыя вундэркінды, якія ў мінулым годзе паспяхова прадстаўлялі нашу рэспубліку на алімпіядах міжнароднага ўзроўню. Навучэнцы, якія дасягнулі найлепшых вынікаў на рэспубліканскай алімпіядзе, прымуць удзел у вучэбных зборах, а па іх завяршэнні будзе сфарміравана каманда з 6 чалавек для ўдзелу ў міжнароднай алімпіядзе, якая ў гэтым годзе пройдзе ў Вялікабрытаніі.
Па выніках спаборніцтваў дыплом II ступені атрымаў навучэнец гімназіі № 51 Гомеля Павел Цітоў. На шляху да поспеху яго вёў настаўнік матэматыкі сярэдняй школы № 61 Гомеля Аляксандр Струк, які адзначыў, што вельмі важна вывучаць і разумець матэматыку, бо гэтая дакладная навука перш за ўсё вучыць думаць.
– З Паўлам пачалі працаваць з 5 класа, калі я яшчэ выкладаў матэматыку ў гімназіі № 51 Гомеля, – гаворыць педагог. – Велізарнае жаданне і працавітасць прывялі юнака да поспеху. Вядома, падтрымка настаўнікаў і бацькоў таксама адыгралі важную ролю.
Аляксандр Мікалаевіч за сваю прафесійную дзейнасць падрыхтаваў шмат прызёраў алімпіяд. Самая яркая яго зорка – выпускнік гімназіі № 51 Гомеля Ягор Дубовік, які заваяваў залаты медаль на 58-й Міжнароднай матэматычнай алімпіядзе ў Рыа-дэ-Жанэйра. Спаборніцтва доўжылася два дні, задачы рашалі больш за 600 таленавітых падлеткаў з усяго свету. Дарэчы, у Паўла Цітова ў скарбонцы дасягненняў ёсць таксама «серабро» і два «золаты» на Міжнароднай Жаўтыкаўскай алімпіядзе, якая праводзіцца ў Казахстане, а таксама дзве «бронзы» на алімпіядах у Нарвегіі і Японіі.
Старшыня журы алімпіяды па фізіцы загадчык кафедры агульнай фізікі фізічнага факультэта БДУ Анатоль Слабадзянюк таксама адзначыў выдатную падрыхтоўку навучэнцаў 9–11 класаў да спаборніцтва па фізіцы. Традыцыйна заключны тур праводзіўся ў два этапы: тэарэтычны і эксперыментальны. Удзельнікі заключнага этапу некалькі гадзін разважалі над рознымі заданнямі.
– У тэарэтычнай частцы ў кожным класе было прапанавана рашыць тры дастаткова аб’ёмныя заданні па ўсіх раздзелах курса фізікі, некаторыя з іх максімальна набліжаны да сучаснасці, – падкрэсліў Анатоль Іванавіч. – У якасці прыкладу прывяду тыя задачы, якія выклікалі ў мяне найбольшую цікавасць. У адной з іх разглядалася пытанне, чаму маленькія дзеці больш мерзнуць, чым дарослыя (біяфізіка). У 10 класе адна з задач была звязана з праблемай узнікнення магнітнага поля Зямлі, у 11-м – з праблемамі цел, якія параўнальныя з масай Зямлі. У эксперыментальным туры дзевяцікласнікі выконвалі адно заданне, на яго рашэнне адводзілася 5 гадзін, для навучэнцаў 10–11 класаў было прадугледжана па 2 заданні. Іх тэматыка ў некаторым сэнсе традыцыйная для алімпіяд. Напрыклад, дзевяцікласнікі рашалі задачы на механіку, а дзесяцікласнікі – даволі хітрую задачу, звязаную з электрычнасцю, і задачу, арыентаваную на газавыя законы. У 11 класе адна з задач была дастаткова традыцыйная – на ваганні, а другая – аптычная, у ёй ускосна закраналіся прычыны ўзнікнення вясёлкі.
Па словах Анатоля Іванавіча, удзельнікі алімпіяды паказалі даволі высокі ўзровень падрыхтоўкі. У лідарах сярод адзінаццацікласнікаў сёлета апынулася дзяўчына, што вельмі прыемна. Гэта Аліна Палонская, вучаніца Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 1. Летась яна была пераможцай сярод дзесяцікласнікаў, а сёлета стала лепшай сярод навучэнцаў 11 класа.
– Яе вынік не выпадковы, а заканамерны з улікам карпатлівай працы, – працягнуў суразмоўнік. – Міхаіл Хурсін таксама ў ліку пераможцаў, ён прадстаўляў гімназію № 41 Мінска імя В.Х. Сярэбранага, за ім ідуць адразу тры прадстаўнікі ліцэя БДУ. Сярод вучняў 10 класа ўладальнікамі двух дыпломаў І ступені сталі выхаванцы гімназіі № 1 імя акадэміка Я.Ф. Карскага Гродна. Сярод навучэнцаў 9 класа найбольш паспяховыя разумнікі і разумніцы Віцебскай і Гомельскай вобласці. Гэта сведчыць аб тым, што геаграфія дасягненняў у алімпіядным руху заўсёды шырокая, прыемна, што ўсе рэгіёны паспяхова выступілі на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды.
Пераможца трох этапаў алімпіяды па фізіцы, а таксама ўладальнік дыплома II ступені рэспубліканскага тура – навучэнец гімназіі № 51 Гомеля Іаан Муславец.
– У цэлым алімпіядныя заданні былі складанымі, але разам з тым і цікавымі, са сваімі іскрынкамі, з пэўнымі прыёмамі і спосабамі рашэння, – падзяліўся ўражаннямі Іаан. – Дастаткова шмат часу прыйшлося патраціць на падрыхтоўку да выпрабавання, у гэтым мне дапамагалі гімназічныя педагогі Сяргей Карнавухаў і Аляксей Паўлаў, а таксама дацэнт кафедры фізікі і энергаэфектыўных тэхналогій БелДУТ Міхаіл Буй. Рыхтаваўся ва ўзмоцненым рэжыме, але ўсе намаганні былі варты таго. У найбліжэйшых планах паступленне ва ўніверсітэт, ужо даўно вырашыў развівацца ў інжынерным напрамку.
Па словах настаўніка матэматыкі, фізікі і астраноміі гімназіі № 51 Гомеля Сяргея Карнавухава, алімпіядныя заданні не выходзілі за межы школьнай праграмы, але на самай справе патрабавалі грунтоўнай падрыхтоўкі. Іаан Муславец пачаў рабіць першыя крокі ў алімпіядным руху яшчэ ў 7 класе, з 9 класа стабільна дэманстраваў дастойны вынік на абласным і заключным этапах алімпіяды тры гады запар. Трэба адзначыць, што настаўнік у гэтым годзе прывёў да поспеху на алімпіядзе не толькі Іаана, але і яшчэ траіх навучэнцаў, якія адзначаны дыпломамі на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па астраноміі.
Спецыяльны прыз міністра адукацыі атрымалі:
навучэнцы 11 класа гімназіі № 41 Мінска імя В.Х. Сярэбранага Мацвей Вылягжанін (па матэматыцы) і Магілёўскага абласнога ліцэя № 1 Аліна Палонская (па фізіцы).
Дыпломы I ступені на алімпіядзе па фізыцы атрымалі:
навучэнцы 9 класа гімназіі № 14 Гомеля Аляксандр Волкаў і Софія Пшанічная, гімназіі № 8 Віцебска Захар Шотаў;
навучэнцы 10 класа Магілёўскага абласнога ліцэя № 1 Марк Гаўрусёў і Дзмітрый Гаранін, гімназіі № 1 імя акадэміка Я.Ф. Карскага Гродна Вячаслаў Кляукін і Адрыян Раўкоўскі;
навучэнцы 11 класа Ліцэя БДУ Андрэй Ёрш і Ілья Іваноў, гімназіі № 41 Мінска імя В.Х. Сярэбранага Міхаіл Хурсін, Магілёўскага абласнога ліцэя № 1 Аліна Палонская.
Дыпломамі I ступені на алімпіядзе па матэматыцы ўзнагароджаны:
навучэнцы 8 класа гімназіі № 36 Мінска Марат Тагіль, гімназіі № 11 Мінска імя І.Д. Чарняхоўскага Аляксей Пшанічны, гімназіі № 41 Мінска імя В.Х. Сярэбранага Яўген Ліпа;
навучэнцы 9 класа гімназіі № 41 Мінска імя В.Х. Сярэбранага Марыя Нарбіна і Стафанія Шутурмінская, сярэдняй школы № 12 Наваполацка Дзяніс Вістуноў;
навучэнцы 10 класа гімназіі № 41 Мінска імя В.Х. Сярэбранага Яраслаў Праткін і Міхаіл Райхман, гімназіі № 1 імя акадэміка Я.Ф. Карскага Гродна Глеб Сцяпанычаў, гімназіі № 2 Віцебска Максім Манастырскі;
навучэнцы 11 класа гімназіі № 41 Мінска імя В.Х. Сярэбранага Мацвей Вылягжанін і Усяслаў Красненка, гімназіі № 2 Віцебска Іван Коршунаў і Мацвей Арэшчанка.
Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота прадастаўлены ўдзельнікамі алімпіяд і гімназіяй № 51 Гомеля