Аляксандр Бахановіч — пра прыёмную кампанію, падрыхтоўку спецыялістаў і развіццё ўніверсітэцкай навукі

- 10:06Компетентно

Пра будучыню айчыннай вышэйшай школы карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пагутарыла з першым намеснікам міністра адукацыі Беларусі Аляксандрам Бахановічам.

Спецыялісты на заказ

— Аляксандр Генадзьевіч, у Савет Міністраў накіраваны План мера­прыемстваў па развіцці вышэйшай школы на 2024—2025 гады. Чаго, згодна з ім, нам чакаць?

Александр Баханович

— На сустрэчы з членамі Рэспубліканскага савета рэктараў Прэзідэнт нагадаў, што дэвіз Года якасці — перасягнуць сябе: “Каб нармальна канкурыраваць на ўсіх рынках і выжыць. А значыць, узнімаем планку патрабаванняў да сябе і шчыра прызнаём, дзе недапрацавалі”. Каб вызначыць, дзе недапрацоўваем, створана міжведамасная рабочая група. Яе члены правялі ўсебаковы маніторынг універсітэтаў і распрацавалі План мерапрыемстваў па ўдасканаленні і павышэнні эфектыўнасці вышэйшай адукацыі. У ім змешчаны меры, накіраваныя на забеспячэнне падрыхтоўкі спецыялістаў у адпаведнасці з патрэбамі рынку працы, на павышэнне якасці адукацыі, развіццё навукі і далучэнне мола­дзі да навукова-выкладчыцкай дзейнасці, удасканаленне ідэалагічнай і выхаваўчай, а таксама эканамічнай работы УВА. Выкананне плана дазволіць удасканаліць сістэму пад­рыхтоўкі і выхавання, забяспечыць хуткае рэагаванне на знешнія выклікі і пагрозы, задаволіць патрэбнасць эканомікі ў кадрах, захаваць высокую якасць адукацыі.

— Мінадукацыі мае прынцыповую пазіцыю — рыхтаваць спецыялістаў строга пад заказ канкрэтных прадпрыемстваў і арганізацый, каб не было вучобы дзеля вучобы. Сёння як ніколі важная цесная ўзаемасувязь УВА і заказчыкаў кадраў. Мэтавых месцаў стане больш?

Зараз абітурыент выбірае не столькі ўніверсітэт, колькі будучае месца працы. А таму мэтавая падрыхтоўка з кожным годам становіцца ўсё больш папулярнай. Напрыклад, сёлета айчынныя УВА прынялі 4,6 тысячы мэтавікаў, а гэта кожны дзясяты першакурснік-2024. Мэтавая падрыхтоўка мае шэраг пераваг як для будучага спецыяліста, так і для работадаўца. Па сутнасці, яна становіцца індывідуальнай траекто­рыяй навучання з высокай практыкаарыентаванасцю. Сёння мы бачым рост заказу мэтавікаў ад прадпрыемстваў. Упэўнены, у наступным годзе колькасць мэтавых месцаў бу­дзе павялічана.

Прадастаўленне выпускніку першага рабочага месца з’яўляецца канстытуцыйным правам на працу грамадзян Беларусі і сацыяльнай гарантыяй. Акрамя таго, работа пасля заканчэння ўніверсітэта — гэта прадаўжэнне практыка-арыентаванай пад­рыхтоўкі непасрэдна на рабочым месцы.

Зараз выпускнікі-бюджэтнікі працуюць па размеркаванні 2 гады, а мэтавікі — 5 гадоў, і іншыя навацыі Мінадукацыі не разглядае.

— Наша краіна мае вострую патрэбнасць у інжынерных кадрах. Што яшчэ неабходна зрабіць, каб узмац­ніць цікавасць моладзі да інжынернай справы?

— Трэба падыходзіць да гэтага комплексна, уключаючы як адукацыйныя, так і сацыяльна-эканамічныя меры. Па кожным з напрамкаў выконваецца вялікая работа. Напрыклад, летась пачалі функцыяна­ваць 237 інжынерных класаў, у якіх вучыцца звыш 2,5 тысячы школьнікаў. Выпускнікі гэтых класаў могуць паступаць ва ўніверсітэты на шэраг інжынерных спецыяльнасцей без уступных экзаменаў.

Да таго ж мы ўдасканальваем формы і метады прафарыентацыйнай работы. У мінулым навучальным годзе праведзена больш за 2 тысячы мерапрыемстваў, у тым ліку звыш 160 кірмашоў мэтавай пад­рыхтоўкі, у якіх узялі ўдзел каля 36 тысяч школьнікаў. У новым фармаце правялі выставу “Адукацыя і кар’ера” і адзіны дзень адкрытых дзвярэй — іх удзельнікамі сталі каля 37 тысяч абітурыентаў і амаль 950 арганізацый-работадаўцаў.

Распрацаваны дарожныя карты супрацоўніцтва УВА, дзяржорганаў і работадаўцаў па падрыхтоўцы кадраў, вырашэнні навукова-тэхнічных задач, арганізацыі прафарыентацыйнай работы, выяўленні і падтрымцы адоранай моладзі. Гэтая работа мае станоўчыя вынікі. Сёлета на інжынерныя спецыяльнасці выраслі прахадныя балы і конкурсы, колькасць залічаных медалістаў, выпускнікоў Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка, ліцэяў і гімназій, абітурыентаў з 300 і больш баламі. Работа, безумоўна, будзе прадоўжана, тым больш што ў 2025 годзе адбудзецца першы выпуск інжынерных класаў.

— А як можна павысіць прэстыж аграрных прафесій і адпаведных УВА?

— Прэзідэнт на красавіцкай нарадзе, прысвечанай развіццю вёскі і павышэнню эфектыўнасці аграрнай галіны, адзначыў, што “ад стану спраў у вёсцы ў многім залежаць дабрабыт нашых людзей, узровень харчовай бяспекі і ў канчатковым выніку сацыяльна-палітычная стабільнасць у краіне”.

Сельскай гаспадарцы патрэбны высока­кваліфікаваныя спецыялісты, асабліва ва ўмовах пераходу на новы тэхналагічны ўзровень, укараненне дакладнага земляробства, лічбавізацыі галіны. Разам з тым мае месца дэфіцыт кадраў, невысокі прэ­стыж аграрных прафесій і недаборы на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці.

Галоўнае, што трэба зрабіць для павышэння прэстыжу аграрных прафесій і адпаведных УВА, — стварыць неабходныя вытворчыя і сацыяльна-бытавыя ўмовы для маладых спецыялістаў, для іх замацавання і прафесійнага росту. Нашы прапановы мы рэгулярна абмяркоўваем з кіраўніцтвам Мінсельгасхарча, распрацавана адпаведная дарожная карта.

Правільны выбар

Аляксандр Генадзьевіч, на вашу думку, куды ўсё ж такі лепш пасту­паць: у рэгіянальны ці сталічны ўніверсітэт?

— Кіраўнік дзяржавы на нядаўняй сустрэчы са студэнтамі УВА Віцебскай вобласці падкрэсліў: “Няважна, дзе ты будзеш вучыцца. Праграмы практычна аднолькавыя па той ці іншай спецыяльнасці. Выкладчыкі розныя, але я ўпэўнены, што ў рэгіянальных універсітэтах выкладчыкі не горшыя, чым у мінскіх”.

Сёння ў рэгіёнах Беларусі створаны добрыя ўмовы для жыцця і развіцця. Узровень выкладання ў рэгіянальных універсітэтах, матэрыяльна-тэхнічная, вучэбна-лабараторная, навукова-тэхнічная, спартыўная, культурная база, умовы пражывання і харчавання, арганізацыя вольнага часу студэнтаў не адрозніваюцца, а недзе нават пераўзыходзяць сталічныя. Галоўнае падчас вучобы — гэта належным чынам асвоіць выбраную спецыяльнасць, стаць прафесіяналам у сваёй галіне. Добры спецыяліст ніколі не застанецца без добрай работы.

— Пытанне, якім задаваліся многія баць­кі падчас прыёмнай кампаніі: чаму ў гэтым годзе не было дадатковага набору ва УВА? У будучыні гэтая тэндэнцыя захаваецца?

Я перакананы, што калі абітурыент мэтанакіравана выбраў спецыяльнасць, старанна рыхтаваўся да паступлення, то яго не будзе хваляваць пытанне дадатковага набору.

Нагадаю, што згодна з Правіламі прыёму асоб для атрымання агульнай вышэйшай і спецыяльнай вышэйшай адукацыі на месцы, вызначаныя кантрольнымі лічбамі прыёму, якія засталіся пасля залічэння абітурыентаў вакантнымі, можа ажыццяўляцца дадатковы набор. Такой магчымасцю скарысталіся тры УВА сельскагаспадарчага профілю. Іншыя ўстановы вышэйшай адукацыі не ініцыіравалі дадатковы набор. Карыстаючыся выпадкам, праінфармую, што падчас уступнай кампаніі гэтага года ва УВА залічана студэнтаў-бюджэтнікаў на 2,5 тысячы больш, чым летась. Усе жадаючыя паступілі падчас асноўнай фазы ўступнай кампаніі.

Мэтавая падрыхтоўка з кожным годам становіцца ўсё больш папулярнай. Сёлета айчынныя УВА прынялі 4,6 тысячы мэтавікаў, а гэта кожны дзясяты першакурснік.

— Сёлета не было набору па шэрагу спецыяльнасцей, якія не з’яўляюцца профільнымі для канкрэтных універсітэтаў. У наступным годзе такая аптымізацыя закране і іншыя спецыяль­насці. Ці варта чакаць адкрыцця новых спецыяльнасцей?

Адной з задач міжведамаснай рабочай групы з’яўлялася вызначэнне няпрофільнай падрыхтоўкі. Устаноўлена, што ў цэлым структура набору адпавядае профілям, усе спецыяльнасці забяспечаны заяўкамі. Разам з тым шэраг спецыяльнасцей у розных УВА дубліруюць адна адну. Найбольшая колькасць такіх спецыяльнасцей эканамічнага профілю. У сувязі з гэтым было вырашана выключыць у 2025 годзе прыём абітурыентаў па 38 спецыяльнасцях у 15 УВА (з іх па 10 спецыяльнасцях у 5 УВА прыём не ажыццяўляўся ўжо ў гэтым годзе). Акрамя таго, па 73 спецыяльнасцях прыём будзе ажыццяўляцца выключна на падставе заявак у аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэме, дагавораў аб узаемадзеянні УВА з базавымі арганізацыямі і дагавораў аб мэтавай падрыхтоўцы.

Што да адкрыцця новых спецыяльнасцей, то гэта не самамэта. Універсітэты забяспечваюць падрыхтоўку па ўсіх напрамках эканомікі і сацыяльнай сферы — па 546 спецыяльнасцях першай і другой ступені і па 484 спецыяльнасцях агульнай, спецыяльнай і паглыбленай вышэйшай адукацыі. Зараз нам неабходна праектаваць прафесіі будучыні. Кіраўнік дзяржавы на педсавеце адзначыў слабую работу ў напрамку развіцця міждысцыплінарных спецыяльнасцей (тэлемедыцына, агракібернетыка, біяхакінг). Мы практычна не рыхтуем спецыялістаў з навыкамі знешняй камунікацыі, якія ўмеюць эфектыўна рэалізоўваць нашу прадукцыю на знешніх рынках. Не ў поўнай меры разумеем, як выкарыстоўваць магчымасці штучнага інтэлекту для развіцця эканомікі. Гэтыя напрамкі падрыхтоўкі прапрацоўваем са спецыялістамі — тэарэтыкамі і практыкамі.

— Якіх новаўвядзенняў чакаць у наступную ўступную кампанію?

— Ніякіх прынцыповых новаўвядзенняў ва ўступнай кампаніі — 2025 не плануецца. Практыка паказала, што падыходы па правядзенні выніковай атэстацыі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі і прыёмнай кампаніі ва УВА эфектыўныя, забяспечваюць роўныя правы абітурыентаў і станоўча ўспрыняты нашым грамадствам. Акрамя таго, у гэтых падыходах закладзены значны патэнцыял для далейшага развіцця нашай таленавітай, адоранай і матываванай моладзі. Будзем развіваць гэты патэнцыял.

Ключавы элемент

— Аляксандр Генадзьевіч, як далей будзе развівацца ўніверсітэцкая навука?

Роля навукі ва УВА павінна пастаянна ўзрастаць, бо яна ключавы элемент навуковага патэнцыялу краіны. Сёння кожная другая кандыдацкая і доктарская дысертацыя падрыхтавана супрацоўнікамі ўніверсітэтаў. Усе ўстановы вышэйшай адукацыі — акрэдытаваныя навуковыя арганізацыі, якія выконваюць заданні дзяржпраграм навуковых даследаванняў і навукова-тэхнічных праграм, работы для дзяржорганаў, айчынных і замежных арганізацый.

У сістэме Мінадукацыі дзейнічаюць 7 навукова-тэхналагічных паркаў, якія маюць 74 рэзідэнты, 3 цэнтры трансферу тэхналогій, 4 цэнтры калектыўнага карыстання ўнікальным навуковым абсталяваннем і 34 галіновыя лабараторыі. Сёлета створаны 2 цэнтры кампетэнцый у БрДТУ і БДУІР, дзе арганізаваны якасны вучэбны працэс, правядзенне навуковых даследаванняў і вытворчасць інавацыйнай прадукцыі. Зараз разглядаюцца прапановы іншых УВА.

Інавацыйная прадукцыя ўстаноў вышэйшай адукацыі экспартуецца ў іншыя краіны. У асноўным гэта вырабы і паслугі ў галіне радыёэлектронікі і прыборабудавання, ядзернай фізікі і медыцыны. УВА прадстаўляюць свае навукова-тэхнічныя распрацоўкі на шматлікіх міжнародных выставах, дзе толькі летась заключана 85 кантрактаў. Разам з тым мы лічым, што навуковы патэнцыял УВА не раскрыты ў поўнай меры. Нацэльваем навуковую супольнасць на больш цеснае ўзаемадзеянне з рэальным сектарам эканомікі для забеспячэння тэхналагічнага суверэнітэту і экспартнай незалежнасці Беларусі.

Вучоныя УВА праводзяць даследаванні практычна ва ўсіх галінах дакладных, прыродазнаўчых і сацыяльна-гуманітарных навук. Найбольш знакавыя напрамкі: ядзерная фізіка, прыборабудаванне, матэрыялазнаўства, медыцына, хімічныя і біялагічныя тэхналогіі, оптыка, радыёэлектроніка, інфармацыйныя тэхналогіі. Нашы галіновыя лабараторыі створаны для навукова-тэхнічнага суправаджэння прадпрыемстваў і арганізацый 17 профільных міністэрстваў і ведамстваў краіны, таму ўніверсітэты не маюць цяжкасцей з укараненнем сваіх распрацовак.

— Што робіцца ва УВА краіны для прыцягнення моладзі ў навуку?

— Для гэтага арганізавана комплексная работа на дзяржаўным і галіновым узроўні. Амаль 30 гадоў функцыянуе спецыяльны фонд Прэзідэнта Беларусі па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Толькі ў 2024 годзе прынята рашэнне аб заахвочванні 754 чалавек і 2 аб’яднанняў навучэнцаў і студэнтаў. Сістэматычна абнаўляецца банк даных адоранай моладзі (на пачатак года ў яго было ўключана звыш 4,5 тысячы чалавек). Моладзь, адзначаная спецфондам, мае шэраг ільгот і прэферэнцый. Штогод назначаюцца стыпендыі Прэзідэнта студэнтам, курсантам, аспірантам і таленавітым маладым вучоным.

На ўзроўні Мінадукацыі ажыццяўляецца грантавая падтрымка навукова-даследчых работ дактарантаў, аспірантаў, саіскальнікаў і студэнтаў. Так, сёлета намі падтрымана ўжо звыш 120 праектаў. На працягу 30 гадоў праводзіцца Рэспуб­ліканскі конкурс навуковых работ студэнтаў. У 2024 го­дзе на заключны этап прадстаўлена амаль 3 тысячы работ, званне лаўрэата прысвоена 60 аўтарам, дыпломаў І катэгорыі ўдастоены 714 работ, ІІ — 703 і ІІІ — 771.

У 2020 годзе створаны савет маладых вучоных пры Мінадукацыі. Гэта пастаянна дзеючы кансультатыўна-дарадчы орган па пытаннях маладзёжнай палітыкі ў галіне навукі. Да таго ж у кожным універсітэце распрацаваны комплекс мер па падтрымцы таленавітай моладзі і прыцягненні яе да навукова-педагагічнай дзейнасці. Да іх адносяцца гранты рэктара, стыпендыі савета УВА, прыцягненне маладых даследчыкаў да аплатнай навукова-даследчай работы, устанаўленне ім дадатковых надбавак і выплат, удзел у навуковых канферэнцыях, сімпозіумах і выставах, першачарговае апублікаванне вынікаў даследаванняў у навуковых часопісах і зборніках і інш.

— Аляксандр Генадзьевіч, дзякуй за змястоўную размову!

— Карыстаючыся выпадкам, шчыра віншую ўсіх педагогаў і выкладчыкаў краіны з надыходзячым Днём настаўніка! Ад усёй душы жадаю моцнага здароўя, мірнага неба, невычэрпнай энергіі, цікавага і насычанага падзеямі жыцця, радасных і шчаслівых перажыванняў! Няхай гэты навучальны год стане паспяховым і стваральным!

Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота аўтара і Алега ІГНАТОВІЧА