Лапаціцкая сярэдняя школа Слаўгарадскага раёна ўражвае арганізацыяй сучаснага адукацыйнага асяроддзя. Пра адметнасці кіравання сельскай школай карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пагутарыла з дырэктарам Аляксандрам Дзеружынскім.

— Аляксандр Міхайлавіч, вы дырэктар са стажам. Як мяняліся вашы адчуванні ў гэтай ролі? Працаваць стала прасцей?
— Пасада дырэктара вызначае пункт гледжання чалавека, маштаб яго бачання і асновы светапогляду. Мэты, задачы, прыярытэты, адказнасць, змест работы — на ўсё пачынаеш глядзець па-іншаму. Без іншага погляду, больш шырокага і глыбокага, кіраўнік проста не зможа акрэсліць ні свае задачы, ні задачы сваіх падначаленых. Пры любым павышэнні па службовай лесвіцы абавязкова з’яўляецца новая зона адказнасці, таму для паспяховага кіравання неабходна засвоіць новыя веды і навыкі. Працаваць не стала прасцей, але значна цікавей.
— Кампетэнцыі дырэктара школы сёння вельмі разнастайныя, гэтая пасада шматфункцыянальная. Якія функцыі дырэктара, на ваш погляд, з’яўляюцца вызначальнымі?
— Вызначальныя функцыі кіраўніка — планаванне, матывацыя, арганізацыя, кіраванне і кантроль. Яны працуюць у комплексе пры рэалізацыі арганізацыйных мэт. Аднак у першую чаргу трэба звяртаць увагу на матывацыю, бо калі ёсць матываваныя педагог і вучань, да якіх яшчэ падключаюцца неабыякавыя бацькі, то шансы на добры вынік павялічваюцца ў разы.
— На якія дакументы абапіраецеся ў рабоце?
— Школа ажыццяўляе сваю дзейнасць у адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Кодэксам аб адукацыі, Палажэннем аб установе агульнай сярэдняй адукацыі, Палажэннем аб парадку правядзення дзяржаўнай акрэдытацыі ўстаноў адукацыі, нарматыўнымі прававымі актамі органаў мясцовага кіравання і самакіравання, статутам установы адукацыі. Самымі важнымі для дырэктара школы дакументамі, якія заўсёды пад рукой, з’яўляюцца вучэбны план і гадавы план установы адукацыі на бягучы навучальны год.
— Ці трэба быць ідэйным натхняльнікам для свайго калектыву (у пэўным сэнсе гуру)? Якімі правіламі кіруецеся ва ўзаемадзеянні з педагагічным і вучнёўскім калектывамі?
— Працэс кіравання любой педагагічнай сістэмай прадугледжвае мэтавызначэнне (пастаноўку мэт) і планаванне (прыняцце рашэнняў). Галоўнае, каб сумесная дзейнасць адміністрацыі школы, настаўнікаў, бацькоўскага камітэта і органаў вучнёўскага самакіравання была нацэлена на выкананне вызначанага плана, дасягненне пастаўленай мэты. У сваёй кіраўніцкай дзейнасці прытрымліваюся наступных правіл: выразна фармуляваць задачы; не камандаваць, а супрацоўнічаць; усіх уключаць у агульнашкольнае жыццё; далучаць да прыняцця важных рашэнняў бацькоў; арганізоўваць дзейнасць школы адначасова ў двух рэжымах — функцыянавання і развіцця. Акрамя таго, мне вельмі дапамагае настаўніцкі вопыт. Да дырэктарскай пасады я 18 гадоў працаваў настаўнікам і 7 з іх — у гэтай школе, таму добра ведаю калектыў.

На ажыццяўленне мары і паступленне ва ўстанову аграрнага профілю натхняе настаўніца хіміі Анастасія Марушэнка. У школе не першы год паспяхова функцыянуюць агракласы
— Якія парады можаце даць пачынаючаму дырэктару?
— Для маладога дырэктара ў прыярытэце, на мой погляд, павінна быць дзейнасць па стварэнні прафесійнай каманды з ліку настаўнікаў-аднадумцаў. Намаганні неабходна накіраваць на ўмацаванне кадраў, іх навучанне і развіццё, бо ніякі, нават самы прасунуты дырэктар школы нічога не можа стварыць без настаўніка! Таксама дырэктар павінен паважліва ставіцца абсалютна да ўсіх супрацоўнікаў: прынцыповых і рахманых, маладых спецыялістаў і педагогаў са стажам, творчых і ініцыятыўных. Ён павінен улічваць меркаванне кожнага прадстаўніка калектыву і добрасумленна выконваюць свае службовыя абавязкі. Яшчэ трэба даваць калектыву больш прасторы для самастойнасці, абавязкова дэлегаваць паўнамоцтвы, заахвочваць за вынік і, вядома, дастаткова часу прысвячаць рабоце з дакументамі. Нарэшце, важна быць аптымістычным і жыццярадасным, а не знаходзіцца ў палоне штодзённай мітусні.
— Да чаго імкняцеся сёння як дырэктар?
— Хачу (і імкнуся да гэтага), каб у нашай школе было камфортна ўсім удзельнікам адукацыйнага працэсу: вучням, педагогам і бацькам. Вядучай задачай школы заўсёды было павышэнне якасці адукацыі. Настаўнікі нашай навучальнай установы ўвесь час працуюць над удасканаленнем форм работы і метадаў навучання. Працэс выхавання накіраваны на фарміраванне ў навучэнцаў актыўнай грамадзянскай пазіцыі праз сацыяльна значную дзейнасць на карысць асобы, грамадства, дзяржавы. Ва ўстанове адукацыі створаны ўмовы для развіцця і самавызначэння кожнага суб’екта адукацыйнага працэсу. Гэта асяроддзе, у якім гарманізуюцца мэты, каштоўнасці, інтарэсы вучняў, настаўнікаў і бацькоў. Акрамя таго, увесь час працуем над абнаўленнем і ўдасканаленнем вучэбна-матэрыяльнай базы, імкнёмся, каб у нашым доме ведаў заўсёды было чыста і ўтульна.

У школе няма навучэнцаў, якія не любілі б урокі фізічнай культуры і здароўя. А ўсё таму, што іх заўсёды чакае на занятках прафесіянал Андрэй Шукайлаў
— Наколькі важныя інавацыі для адукацыі?
— Інавацыі важныя для павышэння якасці адукацыі. Многія нашы настаўнікі выкарыстоўваюць на ўроках і ў пазаўрочны час сучасныя інавацыйныя методыкі, новыя формы арганізацыі і правядзення вучэбных заняткаў, элементы сучасных педагагічных тэхналогій, ІКТ-тэхналогіі, інтэрнэт. У школе ёсць сучасны камп’ютарны клас, лінгафонны кабінет, інтэрактыўная дошка, два мультыборды — усе гэтыя інструменты дапамагаюць рабіць урокі сучаснымі і запатрабаванымі ў вучнёўскім асяроддзі. Разам з тым камп’ютар не зможа цалкам замяніць настаўніка з крэйдай каля дошкі, бо педагогіка — гэта ў першую чаргу пра чалавечыя зносіны.
— Як будуеце адносіны з бацькамі навучэнцаў?
— Для арганізацыі паўнавартаснага працэсу навучання, выхавання і фарміравання асобы дзіцяці неабходна стварыць адпаведны мікраклімат паміж школай і сям’ёй, сям’ёй і педагогамі, педагогамі і вучнямі, вучнямі і іх аднакласнікамі. Ідэальным варыянтам выхаваўчай работы з’яўляецца раўнапраўнае, сяброўскае ўзаемадзеянне бацькоў, дзяцей і педагагічнага калектыву. Супрацоўніцтва з бацькамі ажыццяўляецца праз іх уключэнне ў адукацыйны і выхаваўчы працэс. Адносіны з бацькамі будую на ўзаемапавазе і адкрытасці. Акрамя бацькоўскіх сходаў, кантактую з мамамі і татамі праз тэлефон і месенджары. А калі ёсць патрэба вырашыць вострыя пытанні, якія не варта выносіць на публіку, праводжу індывідуальныя гутаркі: кожны тата або мама можа задаць набалелыя пытанні ці выказаць свае пажаданні.
— Поспех настаўніка — гэта поспехі яго вучняў. Падзяліцеся дасягненнямі вашых дзяцей і педагогаў у гэтым
навучальным годзе.
— Сапраўды, поспех вучня залежыць ад майстэрства настаўніка, а майстэрства нашых педагогаў пацвярджаюць вучні на алімпіядах. У гэтым навучальным годзе ў раённай алімпіядзе па вучэбных прадметах прынялі ўдзел 9 навучэнцаў 9—11 класаў. Яны дэманстравалі свае веды па 5 вучэбных прадметах. У выніку на рахунку школы — дыплом ІІ ступені на алімпіядзе па нямецкай мове, 3 дыпломы ІІІ ступені па працоўным навучанні, фізічнай культуры і здароўі. Навучэнка 11 класа дайшла да вобласці. Прызёраў раённай алімпіяды падрыхтавалі настаўнікі нямецкай мовы Алена Аляксандраўна Цітова, працоўнага навучання Наталля Уладзіміраўна Кавалёва, фізічнай культуры і здароўя Андрэй Мікалаевіч Шукайлаў.

Вырабіць жаданую цацку, змайстраваць казачнага героя або выявіць здольнасці ў саломапляценні заўсёды дапаможа настаўніца працоўнага навучання Наталля Кавалёва
У бягучым навучальным годзе на другім этапе Рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай адукаванасці нашы навучэнцы заваявалі дыпломы ІІ і ІІІ ступені. Падрыхтоўкай школьнікаў займалася настаўніца матэматыкі Таццяна Аляксееўна Ільянкова.
Наш вучань паспяхова прайшоў раённы этап рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару (канферэнцыі) навучэнцаў 5—8 класаў і на абласным этапе заваяваў дыплом ІІ ступені па вучэбным прадмеце “Беларуская мова”. Такога выніку дапамагла дасягнуць дасведчаны педагог Жанна Анатольеўна Шчэрба, якая ў тым ліку паспяхова развівае школьную каманду вясёлых, амбіцыйных, кемлівых (“КВАС”).
Пераможцаў раённых і абласных этапаў рэспубліканскіх конкурсаў творчага характару (па выяўленчым мастацтве, дэкаратыўна-прыкладной творчасці) рыхтуюць выхавальнік ГПД Наталля Фёдараўна Гарошка і настаўніца працоўнага навучання Наталля Уладзіміраўна Кавалёва. Штогод работы навучэнцаў нашай установы адзначаюцца дыпломамі на абласным этапе рэспубліканскай выставы-конкурсу “Лёд. Кветкі. Фантазія”. У гэтым навучальным годзе маем дыплом ІІІ ступені ў дыстанцыйным конкурсе выяўленчага мастацтва “Мы выбіраем жыццё”, дыплом ІІ ступені на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Тэрыторыя чараўніцтва: сезон ёлачных цацак”, дыплом І ступені ў абласной выставе-конкурсе творчых дасягненняў педагогаў.
Маладая настаўніца гісторыі і выпускніца нашай школы Аляксандра Анатольеўна Агеева раўняецца на сваіх былых школьных настаўнікаў, а цяпер старэйшых калег, і актыўна папаўняе скарбонку дасягненняў школы. У бягучым навучальным годзе вучні пад яе кіраўніцтвам здолелі заваяць дыпломы рознай вартасці на раённых інтэлектуальна-пазнавальных гульнях “Піянерскі квіз”, “Акцябрацкі квіз”, на абласным этапе рэспубліканскага прававога турніру “Сіла закона — 2024” занялі 3-е месца.
Навучэнцы школы прынялі актыўны ўдзел у абласным конкурсе фатаграфій-матыватараў “МУР 4: якасная адукацыя”, прысвечаным Году якасці. Дыпламанта ІІІ ступені падрыхтавала педагог Алена Аляксандраўна Цітова.
18 студзеня гэтага года ў Касцюковічах Магілёўскай вобласці прайшоў паўфінал турніру па ваенна-прыкладных відах спорту сярод дапрызыўнай моладзі “Абаронца Айчыны” ў гонар Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гадоў. Слаўгарадскі раён прадстаўляла каманда нашай школы. Пяцёра вучняў 9—11 класаў пры падтрымцы кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні А.М.Шукайлава добра падрыхтаваліся да спаборніцтва і заваявалі дыплом ІІ ступені ў камандным заліку.
Павіншаваць прызёраў турніру “Абаронца Айчыны” і ўручыць медалі і салодкі прыз ва ўстанову адукацыі прыехаў старшыня Слаўгарадскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Васіль Максімавіч Саўчанка.
— Дзякуй за размову і пакарэння новых вяршынь!
Даведка
У Лапаціцкай сярэдняй школе вучыцца 71 школьнік: 20 — у пачатковым звяне, 40 — у сярэднім і 11 — у старшым. Рознаўзроставую групу наведваюць 6 выхаванцаў дзіцячага сада. Адукацыйны працэс ажыццяўляюць 18 педагогаў і 2 выхавальнікі дашкольнай адукацыі, з іх 83% — з вышэйшай і першай кваліфікацыйнай катэгорыяй.
Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА





