Аляксандр і Ала Мельянчук: сапраўдны настаўніцкі дуэт атрымліваецца тады, калі ёсць каханне, павага і ўзаемападтрымка

- 14:21Учительский дуэт

Педагогаў дадатковай адукацыі Цэнтра дзіцячай творчасці Івацэвіч Аляксандра Іванавіча і Алу Мікалаеўну Мельянчук смела можна назваць дуэтам. Таму што іх агульная песня ліецца з тэатральнай сцэны, лунае пад купалам амфітэатра і плыве ўдалячынь пад гучныя апладысменты гледачоў і выхаванцаў. І немагчыма выдзеліць у гэтай песні асобныя галасы, бо гэта сапраўдны настаўніцкі дуэт. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Агонь і паветра

Як пражыць жыццё з чалавекам, якога выбрала тваё сэрца, і ўмець пачуць кожнае адценне яго голасу? Як не змагацца за пальму першынства, калі муж і жонка — прафесіяналы ў адной справе? Як далучыць свой голас да голасу спадарожніка жыцця і cтва­рыць мілагучны дуэт, а не какафонію гукаў?

Гэтыя і шмат іншых пытанняў я задаю мужу і жонцы Мельянчукам, пакуль мы рыхтуемся да інтэрв’ю ва ўтульным памяшканні, дзе праводзяцца заняткі аб’яднання па інтарэсах у Цэнтры дзіцячай творчасці Івацэвіч. Тут са сцен, паліц, сталоў, столі на мяне глядзяць… клоўны. Так, я была гатова да тэатра і сцэны, бо завітала ў госці да кіраўнікоў тэатральнай і вакальнай студый, аднак у гэтай прасторы віруе дух цырка. Клоўн Чубчык — сцэнічнае ўвасабленне Алы Мельянчук, вобраз, які ідзе поплеч з настаўніцкім дуэтам усе іх імклівыя, напоўненыя творчасцю, тэатральным хараством і звонкімі дзіцячымі галасамі гады.

Ала Мікалаеўна — культарганізатар, педагог дадатковай адукацыі аб’яднання “Тэатр гульні” Цэнтра дзіцячай творчасці Івацэвіч, Аляксандр Іванавіч — акампаніятар, педагог дадатковай адукацыі вакальнай дзіцячай студыі “Бім-Бом” названага цэнтра. Яна вучыць хлопчыкаў і дзяўчынак сцэнічнаму майстэрству, спрыяе таму, каб яны адкрывалі ў сабе талент вядучага і масавіка-забаўніка. Ён дапамагае выхаванцам у асваенні сучаснага песеннага рэпертуару, адкрывае івацэвіцкім дзецям шлях на шырокую музычную прастору. І, дарэчы, вельмі плённа, бо сярод яго выпускнікоў — спявачкі Вольга Плотнікава і Аліна Молаш. І калі Аляксандр Мельянчук — агонь, які запальвае зоркі, то Ала Мельянчук — паветра, без якога не можа гарэць гэты агонь.

Фанатычна да прафесіі

Педагогі шчыруюць поплеч з 1983 года, калі Ала Мікалаеўна пачала працаваць з танцавальным калектывам у тады яшчэ Доме піянераў, дзе працаваў будучы муж. Які ж танец без акампанементу? Рабочы дуэт у хуткім часе перарос у сямейны. Жонка развуч­вала танцы, муж іграў на баяне, разам вучыліся ўсяму новаму, напрыклад, ствараць фанаграмы. Гэта зараз усё можна зрабіць на камп’ютары, а ў канцы 80-х — пачатку 90-х музыку трэба было ствараць у прамым сэнсе ўручную. Часам Аляксандру Іванавічу даводзілася заседжвацца на працы да 2 гадзін ночы. І жонка не крыўдавала: разумела, што гэтая справа мужу даспадобы. Выхоўвалі сыночка-немаўля і стваралі аркестр — усё было пад сілу, бо заўжды былі каханне, ра­зуменне і павага адно да аднаго. А яшчэ адчуванне, што родны чалавек абавязкова дапаможа, падкажа, падставіць плячо. Таму і перамагалі, займалі 1-я месцы на конкурсах і фестывалях.

— Мы не дзелім нашых выхаванцаў у аб’яднаннях, працуем з усімі, — адзначае Ала Мельянчук. — Я адказваю за артыстыч­насць юных вакалістаў, а муж рыхтуе музычны матэрыял для маіх акцёраў. Я заўжды гавару, што нідзе ў горадзе няма лепшага музычнага матэрыялу, чым у Мельянчука. І гэта факт! Муж мае абсалютны слых і абсалютную любоў да музыкі. Упэўнена, што мы з мужам сышліся на фанатычнай любові да прафесіі. Я часта паўтараю: “Усё будзе добра. Таму што “дрэнна” мяне не задавольвае”. Мы не маем права на халтуру. Тое, што мы разам па жыцці і на працы, нам ніколькі не перашкаджае, гэта нас толькі абагачае. Дзякуючы нашаму дуэту, наша ўстанова мае наладжаную культурна-масавую работу.

Сямейнае шчасце

Ала Мікалаеўна прызнаецца, што яны з Аляксандрам Іванавічам працуюць дзеля дзяцей. Ужо даўно на пенсіі, але як ты кінеш выхаванцаў і справу ўсяго жыцця? Дарослыя выпускнікі педагагічнага дуэта Мельянчук злятаюцца на святло іх сямейнага ачага з розных куткоў зямнога шара, каб падзяліцца радасцю з настаўнікамі. У пачатку лістапада, на вялікія выхадныя, многія былыя акцёры і спевакі забягалі ў госці (у цэнтр і дадому).

— Работа займае большую частку нашага сумеснага жыцця, — гаворыць Ала Мельянчук, — таму што мы ўсё робім разам. Нават сварымся мы творча і заўжды знаходзім кампраміс. Кайфую ад работы, калі ўваходжу ў кураж, асабліва зараз, у маім узросце.

— Як удаецца жыць столькі гадоў з такой творчай, імпульсіўнай, энергічнай жанчынай? — пытаюся ў Аляксандра Іванавіча.

— Я яе добра разумею. Бывае, завядзецца, не падумаўшы, а потым супакойваецца. Мы за ўсе пражытыя гады ні разу сур’ёзна не пасварыліся, бо я не звяртаю ўвагі на ўсялякую лухту, — дзеліцца рэцэптам сямейнага шчасця Аляксандр Мельянчук.

Я гляджу на мужа і жонку і дзіўлюся, якія яны падобныя адно да аднаго — нібыта люстэрка, адлюстроўваюць свайго спадарожніка жыцця. І ў кожным позірку, кожным жэсце — клопат, падтрымка і вялікае каханне. Шчасце — калі ў мужа, жонкі нічога не баліць, калі ў сям’і сына лад, калі выхаванцы не забыва­юць. Лад у сям’і — калі муж і жонка глядзяць не адно на аднаго, а ў адным напрамку. Ала Мікалаеўна раз-пораз гэта падкрэслівае.

Муж выдатна гатуе, а я — так сабе, — смяецца мая гераіня. — Прыдумляе нешта смачнае, я ж толькі прыгажосць на стале наводжу. Ён любіць рыбалку і часам збягае на Прыпяць, а я яго з лёгкім сэрцам адпускаю, бо разумею: яму гэта неабходна, каб перазагрузіцца. Я ж люблю падарожнічаць, хоць у суседні горад, каб напоўніцца новай энергіяй.

Як запаліць зорку

Аляксандра Іванавіча смела можна назваць гукавых спраў майстрам. Калісьці ў савецкія часы з ансамблем ён удзельнічаў у знакамітым конкурсе “Чырвоныя гваздзікі”. Вакальнае аб’яднанне “Бім-Бом” для Аляксандра Мельянчука — гэта і работа, і хобі, і справа жыцця. Работа, якая некалькі дзесяцігоддзяў назад пачыналася як акампаніраванне вакалісту на баяне, зараз пад­разумявае выдатнае валоданне камп’ютарнымі тэхналогіямі, паглыбленне ў аранжыроўкі і гукавыя эфекты.

Сёння ў педагога каля 15 выхаванцаў, у кожнага з іх — свой рэпертуар, стыль, манера выканання. Бываюць і зоркі. Спявачку Вольгу Плотнікаву і ўдзельніцу дзіцячага “Еўрабачання” Аліну Молаш мы ўжо згадвалі раней. Акрамя іх, Аляксандр Іванавіч пазнаёміў з вялікай сцэнай удзель­ніка праекта “Поющие города” Мікіту Мірзоева, акцёра тэатра і кіно Мікіту Клютко. Таленавітыя дзеці ёсць і зараз. Першакласнікі яшчэ чытаць толкам не ўмеюць, а развучваюць даўжэз­ныя тэксты. Так што чакаем ад Аляксандра Мельянчука і аб’яднання “Бім-Бом” новых, яшчэ ярчэйшых зорак.

Ала Мікалаеўна жа ўсё сваё жыццё любіць тэатр і нават паступала на тэатральнае аддзяленне. Аб’яднанне “Тэатр гульні” — гэта некалькі пакаленняў выпускнікоў, уласныя традыцыі і свой сімвал — клоўн Чубчык. Галоўнае слова ў гэтых сценах — адда­насць, а дэвіз — “Служым роднаму Цэнтру дзіцячай творчасці!”. Сёння “Тэатр гульні” — гэта 18 дзяцей, абсалютна новы склад. Гэта значыць, зноў новы пачатак, зноў з нуля. І гэта кожны раз няпроста, як прызнаецца Ала Мельянчук.

— Я ганаруся сямейнасцю, кланавасцю, — расказвае Ала Мікалаеўна. — Мае выхаванцы прыводзяць да мяне ў аб’яднанне братоў і сясцёр. У гісторыі “Тэатра гульні” ёсць сем’і Падаляка, Каратцовых, Пегальскіх, Аўрусевіч, Кандратчык, Каляда. Я сустракаю гэтых дзяцей і разумею, што раб­лю патрэбную справу. Зараз мы працуем над падрыхтоўкай святочных сустрэч для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, акцыяй “Нашы дзеці” і навагоднімі праграмамі.

— Якую параду вы можаце даць маладым настаўніцкім дуэтам? Як жыць у сям’і і не сапернічаць, не старацца быць галоўным? — напрыканцы сустрэчы пытаюся ў сямейнай пары педагогаў Мельянчук.

— Кахайце адно аднаго і любіце сваю прафесію, — адказвае Ала Мікалаеўна. — Разумейце асаблівасці работы мужа (жонкі), любіце вучэбныя прадметы адно аднаго. Вучыцеся чуць спадарожніка жыцця, улоўліваць адценні яго настрою. Падтрымлівайце вашага мужа (жонку). Думаю, што калі кахаеш чалавека, то бу­дзеш хацець падтрымліваць, дапама­гаць, слухаць, чуць і разумець. Рабіце адно аднаму кампліменты, заўважайце поспехі. І абавязкова адпачывайце сумесна, каб ра­зам бачыць прыгожае і разам радавацца. Тады будзе шчасце і ўсё атрымаецца.

Наталля КАСТЭНКА
Фота з архіва настаўніцкага дуэта МЕЛЬЯНЧУК