Аляксандр Кадлубай: «Мы маем унікальны 28-гадовы вопыт функцыянавання інтэграванага навучання і выхавання»

- 10:02Актуально, Новости

Пасяджэнне Савета па ўстойлівым развіцці сабрала прадстаўнікоў органаў дзяржкіравання, грамадскіх аб’яднанняў інвалідаў, а таксама працуючых у Беларусі агенцтваў ААН, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

У цэнтры ўвагі былі тры ключавыя блокі: рэалізацыя дзяржаўнай палітыкі па інтэграцыі людзей з інваліднасцю ў актыўнае жыццё грамадства, стварэнне даступнага асяроддзя і паляпшэнне якасці жыцця, партнёрства з грамадскімі арганізацыямі па падтрымцы людзей з інваліднасцю і з краінавай камандай ААН у Рэспубліцы Беларусь у галіне забеспячэння правоў людзей з інваліднасцю, іх сацыяльнай рэабілітацыі і фарміравання інклюзіўнага грамадства.

Фота з архіва БелТА

Намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай адзначыў, што адным з прыярытэтаў сучаснай сістэмы адукацыі з’яўляецца забеспячэнне даступнасці і якасці адукацыі для кожнага дзіцяці. Важны пастулат знайшоў адлюстраванне ў асноўным нарматыўным прававым дакуменце — Кодэксе аб адукацыі, у якім замацаваны прынцып інклюзіі ў адукацыі, яго рэалізацыя.

Адзначана, што прынцып інклюзіі ўключае арганізацыю такога адукацыйнага працэсу, пры якім усе дзеці, незалежна ад іх асаблівасцей (псіхафізічных, культурных, сацыяльных, моўных), уключаны ў агульную адукацыйную сістэму. Такім дзецям аказ­ваецца неабходная падтрымка, улічваюцца іх асаб­лівыя адукацыйныя патрэбы.

“Нельга сказаць, што інклюзія з’яўляецца для нашай краіны чымсьці новым і пачалася толькі з замацавання прынцыпу інклюзіі ў нарматыўных прававых актах. Мы маем унікальны 28-гадовы вопыт функцыянавання інтэграванага навучання і выхавання, ва ўмовах якога вучацца больш за 70 працэнтаў дзяцей з АПФР, якія маюць патрэбу ў атрыманні спецыяльнай адукацыі. Колькасць спецыяльных груп і класаў інтэграванага навучання і выхавання штогод узрастае. Практычна ў кожнай установе дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі працуюць пункты карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, якія наведваюць дзеці з лёгкімі парушэннямі развіцця”, — паведаміў Аляксандр Кадлубай.

У рамках рэалізацыі стратэгічна важных нарматыўных дакументаў прыняты шэраг практычных мер — створаны Інстытут інклюзіўнай адукацыі на базе факультэта спецыяльнай адукацыі БДПУ, адкрыты рэспубліканскі рэсурсны цэнтр інклюзіўнай адукацыі. У ажыццяўленні прынцыпу інклюзіі ў адукацыі прымаюць удзел і ўстановы спецыяльнай адукацыі, функцыі і напрамкі дзейнасці якіх пашыраюцца. У іх ліку — 141 цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, 48 спецыяльных дзіцячых садоў, 47 спецыяльных школ і школ-інтэрнатаў для дзяцей з парушэннямі зроку, слыху, маўлення, цяжкасцямі ў навучанні, парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату, з інтэлектуальнай недастатковасцю.

Развіццё інтэграванага навучання і выхавання дазволіла за апошнія 20 гадоў у два разы скараціць колькасць спецыяльных школ і школ-інтэрнатаў.

Увага Міністэрства адукацыі ў цяперашні час накіравана на ўдасканаленне актуальных напрамкаў работы. Па-першае, гэта забеспячэнне ўстаноў адукацыі кадрамі, якія валодаюць неабходнымі кампетэнцыямі. Па-другое, стварэнне спецыяльных умоў для арганізацыі адукацыйнага працэсу для навучэнцаў з АПФР.

Адной з прыярытэтных задач ведамства з’яўляецца развіццё інклюзіўнай прафесійнай адукацыі, паколькі атрыманне якаснай прафесійнай адукацыі дазваляе пашырыць магчымасці сацыялізацыі, працаўладкавання, самарэалізацыі і кар’ернага росту людзей з інваліднасцю. Важным напрамкам застаецца і фарміраванне інклюзіўнай культуры ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу.

Аляксандр Кадлубай падкрэсліў, што рэалізацыя прынцыпу інклюзіі ў адукацыі — гэта доўгатэрміновая стратэгія, якая разглядаецца не як лакальны ўчастак работы, а як сістэмны падыход у арганізацыі дзейнасці сістэмы адукацыі па ўсіх напрамках у цэлым.

Па матэрыялах сайта Мінадукацыі
падрыхтавала Вольга ДУБОЎСКАЯ