Удасканальваючы сферу адукацыі, у Беларусі павінны карыстацца прынцыпамі дзяржаўнай падтрымкі, сацыяльнай справядлівасці і роўнага доступу да адукацыі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на пленарным пасяджэнні Рэспубліканскага педагагічнага савета, якое адбылося ў чацвер у сталіцы.
Вырашаць тыя пытанні, якія ставіць жыццё
“Нас чакае вялікая работа па развіцці чалавечага патэнцыялу, таму неабходна аб’ектыўна, без эмоцый даць ацэнку вынікам развіцця ўсіх звёнаў нацыянальнай адукацыі, намеціць перспектывы яе ўдасканалення. Вядома, ужо шмат зроблена ў гэтым напрамку, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Галоўнае — мы захавалі станоўчыя дасягненні, якія дасталіся нам у спадчыну ад папярэдніх пакаленняў. Сярод іх — дзяржаўная падтрымка, сацыяльная справядлівасць, роўны доступ да адукацыі, яе дастойны ўзровень. Менавіта такімі прынцыпамі мы павінны кіравацца, плануючы любыя далейшыя пераўтварэнні ў гэтай сферы”.
Усе магчымасці для эфектыўнай рэалізацыі задуманага ёсць, падкрэсліў прэзідэнт. “Створана неабходная інфраструктура ўстаноў адукацыі і выхавання. Тут працуе дастаткова кваліфікаваных кадраў. На выхаванне, навучанне і сацыяльную падтрымку моладзі дзяржава штогод выдзяляе значную частку рэспубліканскага бюджэту. Таму мы маем права чакаць ад педагагічнай грамадскасці адпаведных вынікаў на ўсіх узроўнях сістэмы адукацыі”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт растлумачыў, чаму менавіта цяпер было вырашана правесці на такім высокім узроўні Рэспубліканскі педагагічны савет. “Адзін этап мы прайшлі — я яго называў. Потым, удасканальваючы нашу адукацыю, мы прайшлі другі этап, калі можна падзяліць гэта на этапы. Убачыўшы ўсе недахопы, прапусціўшы іх праз сябе, вось цяпер мы ўбачылі праблемы, якія яшчэ не вырашылі. Гэта значыць, мы напярэдадні нейкага трэцяга этапу. Можа быць, асноўнага ў плане ўдасканалення нашай адукацыі. Мы з вамі павінны параіцца, як будзем вырашаць пытанні, якія паўсталі перад адукацыяй ва ўвесь рост. Нам трэба зрабіць новы крок у дашліфоўцы, удасканаленні нашай адукацыі: дашкольнай, школьнай, прафесійна-тэхнічнай, вышэйшай”, — рэзюмаваў ён.
Сістэму беларускай адукацыі неабходна ўдасканальваць, а не ламаць. “Вы ведаеце мае падыходы па пераўтварэнні, удасканаленні, недзе рэфармаванні сістэмы нашай адукацыі. Сутнасць гэтых падыходаў у тым, што я катэгарычна супраць нейкай ломкі, нават рэфармавання ў поўным сэнсе гэтага слова сістэмы адукацыі, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Я заўсёды выступаў і выступаю за ўдасканаленне таго ці іншага працэсу. Трэба ісці ад жыцця, вырашаць тыя пытанні, якія ставіць жыццё. Адукацыя — настолькі складаны працэс (і мы з вамі ведаем гэта не па чутках), што нешта зламаць, асабліва ў цэлым сістэму адукацыі, і выбудаваць новую не атрымаецца”.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў свой час некаторыя краіны, асабліва падобныя на Беларусь, вырашылі поўнасцю перабудаваць сферу адукацыі. Але, зламаўшы старое, новае з-за многіх прычын яны так і не стварылі. “Сёння прызнаюць, што, зламаўшы старое, не атрымалі ў спадчыну тое добрае, што было. Мы гэтым шляхам не пайшлі”, — адзначыў ён.
“Больш за тое, вы, напэўна, памятаеце, што да нас, да сярэдзіны 90-х, улады Беларусі паспрабавалі ісці гэтым шляхам. Яны за два-тры гады спрабавалі навучыць усіх нас размаўляць на той мове, на якой яны хочуць (я абсалютна тут не выступаю супраць роднай беларускай мовы, ні ў якім разе). Вы самі ведаеце, што было ў тыя гады: пачалі ламаць усё без разбору: і дакладныя навукі, і прыродазнаўства, гуманітарныя напрамкі нашай адукацыі. Нам давялося спыняць гэты працэс.
Тады мы са многімі з прысутных у гэтай зале адчулі, што можам разбурыць усё дашчэнту. Для таго каб стварыць пасля гэтага нешта новае, патрэбны каласальныя грошы. Тады грошай наогул не было. Наогул. Я не разумею, на што спадзяваліся тыя, хто быў на чале ўлады ў Беларусі, ідучы на карэнную ломку адукацыі. Таму, з якога боку ні паглядзі, мы пачалі рухацца ў няправільным напрамку. І тады, спыніўшы гэты працэс і ў палітыцы, і ў адукацыі, наладжваючы новае жыццё ў новай дзяржаве, быў вылучаны тэзіс аб удасканаленні, аб тым, каб не страціць тое лепшае, што мы назапасілі”, — нагадаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу: калі прымалася рашэнне, на якой мове павінна весціся навучанне ў школах, кіраўніцтва краіны ішло ад народа. “Мы сілай не націскалі: “Давай беларускую мову!” і да таго падобнае. Мы ішлі і ідзём ад жыцця. Калі б мы пайшлі тым шляхам, як рэфарматары пасля распаду Савецкага Саюза, мы сёння не мелі б ні адной, ні другой мовы, — выказаў меркаванне ён. — Руская мова — гэта наша родная мова. Калі нехта яе лічыць расійскай, у нас з вамі розныя падыходы. Гэта наша родная мова. Можа, калі можна так казаць, крыху менш родная, чым беларуская. Увогуле, я іх стаўлю на адзін узровень і лічу, што ад гэтай спадчыны адмаўляцца нам ні ў якім разе нельга, інакш мы страцім многае. Давайце будзем багатымі людзьмі. Няхай у нас будзе дзве родныя мовы — руская і беларуская. Пройдзе час, прыйдуць новыя людзі, новыя пакаленні, можа, жыццё зменіцца, і яны вызначацца, на якой мове размаўляць”.
Дашкольная адукацыя якасная і даступная
Прэзідэнт адзначыў, што трэба рабіць усё, каб маладыя спецыялісты хацелі заставацца ў дашкольнай адукацыі. “Сёння нам трэба вырашыць яшчэ адну задачу — укамплектаваць дзіцячыя сады кваліфікаванымі спецыялістамі. Накіроўваючы маладых спецыялістаў, трэба зрабіць усё, каб, адпрацаваўшы па размеркаванні, яны захацелі там застацца. Таксама неабходна ўдасканальваць праграмы і методыкі работы з выхаванцамі дзіцячых садоў”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт папярэдзіў урад і мясцовыя органы ўлады, што да канца 2020 года гэтыя і іншыя пытанні дашкольнай адукацыі павінны быць вырашаны поўнасцю.
Разам з тым кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу: для таго каб дашкольная адукацыя была якаснай і даступнай, за апошнія гады ў Беларусі зроблена нямала. Па гэтым паказчыку рэспубліка з’яўляецца лідарам сярод краін СНД. “Яшчэ не так даўно даволі вострым было пытанне недахопу месцаў у дзіцячых садах і яслях. Асабліва гэта тычылася мікрараёнаў-новабудоўляў, дзе сацыяльная інфраструктура не паспявала за будаўніцтвам жылля. Гэтая праблема вырашаецца. У Беларусі актыўна будуюцца новыя дашкольныя ўстановы. Толькі ў 2016 годзе ўведзена ў эксплуатацыю 12 дзіцячых садоў, у 2017 годзе — яшчэ 16. Арганізаваны падвоз выхаванцаў, адкрыты групы кароткачасовага знаходжання”, — адзначыў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў комплексе беларуская дашкольная адукацыя не мае аналагаў у свеце: яна ў асноўным бясплатная, усе маюць аднолькавы доступ да яе, дзяржава да ўсіх ставіцца аднолькава. “Нідзе ў свеце такога няма: па-першае, трэба заплаціць значную суму, па-другое, элітныя дзеці — у элітных установах, і гэтак далей. Таму ў комплексе наша дашкольная адукацыя лепшая ў свеце. І гэта не галаслоўная заява”, — падкрэсліў ён.
Кіраўнік дзяржавы дадаў, што розніца толькі ў пэўных падыходах і методыках работы. “Мы можам, убачыўшы новую форму ў Японіі, захапляцца: “Ах, як гэта добра!”, “Як гэта прыгожа!” Магчыма, добра і прыгожа. Але неабходна заўсёды разумець: ці трэба нам гэта і ці падыдзе яно нам. Падыдзе — давайце пераймаць. Мы вельмі шмат, адкрыўшыся ўсяму свету ў сярэдзіне 90-х, пераймалі. А яны дагэтуль зайздросцяць нам, асабліва простыя людзі, тыя, якія не маюць доступу да дашкольнай адукацыі”, — канстатаваў прэзідэнт.
Аснова школьнага навучання — добры падручнік
На гэта кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, знаёмячыся з выставай новых падручнікаў і вучэбных праграм, выдадзеных да 2017/2018 навучальнага года, напярэдадні пленарнага пасяджэння Рэспубліканскага педагагічнага савета.
У прыватнасці, на стэндзе былі прадстаўлены вучэбныя праграмы для 1—3 класаў, вучэбныя праграмы па беларускай і рускай мовах і літаратуры, замежных мовах, сусветнай гісторыі, гісторыі Беларусі, матэматыцы, інфарматыцы, чарчэнні, працоўным навучанні грамадазнаўстве, фізіцы, хіміі, біялогіі і іншых прадметах. Акрамя таго, Аляксандру Лукашэнку прадставілі стэнды з новымі вучэбнымі дапаможнікамі. Як лічыць прэзідэнт, трэба рабіць усё дастойна. “І гэта павінна ўдасканальвацца практычна кожны год”, — лічыць кіраўнік дзяржавы.
Удзельнікі Рэспубліканскага педагагічнага савета, пленарнага пасяджэння маглі пазнаёміцца з выставай “Адукацыя: у імя будучыні краіны”, а таксама праграмна-апаратным комплексам “Разумны аўтобус”.
“Аснова школьнага навучання — добры падручнік. Гэта тое, што ў многім вызначае якасць ведаў вучняў. Нагадваю, галоўнае патрабаванне — змест вучэбнага матэрыялу павінен быць аптымальны па аб’ёме, інфармацыі і яе глыбіні. Да 1 верасня 2019 года мы будзем мець новыя падручнікі. Не значыць, што яны будуць ідэальнымі, можа, не будуць адпавядаць узроўню патрабаванняў у 2019 годзе. Падручнікі — гэта пастаянная творчасць. Мы ўвесь час будзем штосьці дапаўняць, мяняць”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт спыніўся на неабходнасці распрацоўкі і ўкаранення ў практыку ўнікальных аўтарскіх методык навучання і выхавання. “Чаму мы не чуем аб сучасных настаўніках-наватарах? Дзе айчынныя Макаранкі, Сухамлінскія, Шаталавы? Гэта папрок і вам, і ўладам таксама — тым, хто займаецца адукацыяй”, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. На яго думку, аўтарскія методыкі навучання і выхавання нават больш важныя, чым доктарскія дысертацыі, таму што яны заснаваны на жыццёвых рэаліях, на ўзаемаадносінах настаўніка і вучня.
“Па маім патрабаванні да напісання падручнікаў, акрамя акадэмікаў, вядомых вучоных, мы прыцягнулі настаўнікаў-наватараў. Эфект уражвае. А яны ж стваралі падручнікі на падставе выкладання гэтых прадметаў у школе. Як толькі гэта стала запатрабавана, яны адгукнуліся і за кароткі час удасканалілі многія падручнікі”, — расказаў прэзідэнт.
На пасяджэнні прагучала прапанова аб дадатковых сацыяльных гарантыях для тых аўтараў, якія прыцягваюцца да напісання школьных падручнікаў. “Я прыхільнік таго, каб мы добра заплацілі, вялікія грошы, за падручнікі”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
У ліку прапаноў на педсавеце быў агучаны дадатковы творчы водпуск для аўтараў з захаваннем зарплаты. На думку кіраўніка дзяржавы, аўтары самі павінны вырашаць, пакідаць ім асноўнае месца работы, каб пісаць падручнікі, ці сумяшчаць. “Трэба даць магчымасць выбару аўтару падручніка, але плаціць трэба добра”, — сказаў прэзідэнт.
Прэзідэнт адзначыў, што галоўная задача настаўніка — навучанне і выхаванне дзяцей, а не паператворчасць. “Ці вырашаны ўсе пытанні, якія перашкаджалі педагогу ўкла-дваць душу ў сваіх выхаванцаў? Раней было шмат нараканняў на высокую загружанасць настаўнікаў неўласцівымі функцыямі. У мінулым годзе міністэрства запэўніла: прыняты вычарпальны пералік школьнай дакументацыі, пытанне залішняй нагрузкі знята. Аднак мне дакладваюць, што нашы настаўнікі па-ранейшаму скардзяцца на гэтую праблему. Хачу падкрэсліць, што галоўная задача настаўніка — вучыць і выхоўваць дзяцей, а не займацца паператворчасцю”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт папярэдзіў міністра адукацыі, губернатараў, старшынь рай- і гарвыканкамаў: у школы павінны паступаць дакументы, якія тычацца толькі адукацыі і выхавання. “Давайце канчаткова паставім кропку ў гэтым пытанні. Я намякаю на тое, што той хлам, які раней ішоў у школы, розныя адпіскі, гэта нікому не трэба. Справа нават не ў залішняй нагрузцы для настаўніка. Справа ў прыніжэнні самога настаўніка, якому даводзіцца рабіць непатрэбныя рэчы. Калі б гэта патрэбна было — іншае пытанне. Але чалавеку рабіць непатрэбную работу — гэта прыніжэнне, гэта жудасная нагрузка, гэта тое, чаго мы дапусціць ні ў якім разе не можам”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Часта школьнікаў і студэнтаў вучаць карыстацца толькі гатовым наборам ведаў, а такі падыход у адукацыі непрымальны, лічыць кіраўнік дзяржавы.
“Сёння часта школьнікаў і студэнтаў вучаць карыстацца толькі гатовым наборам ведаў. Навучэнцы перастаюць аналізаваць, разважаць. Без інтэрнэту многія ўжо не здольны лагічна сфармуляваць думку, выказаць сваё меркаванне. Як вынік — з аднаго боку, мы бачым недахоп прафесіяналаў, з другога — незадаволенасць работадаўцаў супрацоўнікамі. Такі падыход у адукацыі непрымальны”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт дадаў, што сёння сфера адукацыі і, адпаведна, роля педагога кардынальна змяніліся. “У сучасным інфармацыйным асяроддзі расце так званае пакаленне сеткі. Для маладых людзей інтэрнэт — гэта асяроддзе пражывання. Яны не бачаць сябе без электронных прыстасаванняў. Абсалютна згодны: гэтыя прыстасаванні патрэбныя, цікавыя, карысныя. Але яшчэ важней навучыць людзей думаць”, — перакананы кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка сумняваецца ў неабходнасці вяртання да пяцібальнай сістэмы ацэнак. “Рашэнне трэба прымаць тады, калі яно наспела. Калі яно становіцца абуральным, гаворачы словамі паэта. Калі праблема ўжо страшэнная. Так, я чую ў сродках масавай інфармацыі, бачу, чытаю, адсочваю працэс. Але гэтае пытанне не мае крытычнай масы, яно не наспела для таго, каб тут прымаць нейкія рашэнні”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што да сістэмы ацэнак ставяцца па-рознаму: старэйшае пакаленне прывыкла да пяцібальнай, цяпер яму даводзіцца пераводзіць адзнакі на стары лад, а моладзь ужо даўно вучыцца па дзесяцібальнай, для яе тут няма праблем. “Шмат бацькоў — за дзесяцібальную сістэму: прывыклі, ім нармальна, некаторыя асабліва і не ўнікаюць у гэта. Большасць, я так адчуваю, усё ж такі схільныя да пяцібальнай: было прасцей. Але справа ж не ў прастаце, а ў эфектыўнасці той ці іншай сістэмы. Таму я лічу, што пытанне аб вяртанні да пяцібальнай сістэмы або пытанне захавання дзесяцібальнай сістэмы крыху перабольшана ў гэтым выпадку і не мае крытычнай масы, каб было патрэбна прымаць рашэнне. Пажывём — убачым. Думаю, гэта не вельмі ўплывае на імкненне нашых дзяцей мець добрыя веды”, — лічыць кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што цікавіўся і меркаваннем свайго малодшага сына Мікалая па гэтым пытанні, які адказаў, што гэтая сістэма нармальная і да яе ўжо ўсе прывыклі. “Таму з усіх кропак, з усіх каардынат, якія мне як прэзідэнту ўдаецца атрымаць, я раблю выснову, што нам спяшацца не трэба. Неабходна паглядзець, дзесьці гэтую сістэму ўзварухнуць, калі мы бачым нейкія недахопы. Хоць я асабіста прыхільнік пяцібальнай сістэмы: прасцей, добра і зручна, усё зразумела. Але ўсё ж такі цяпер, праз некалькі гадоў работы дзесяцібальнай сістэмы, я адчуваю, што яна прыжылася”, — рэзюмаваў прэзідэнт.
Дзецям трэба прывіваць гордасць за Беларусь
“З дзіцячага сада, з першага класа школы дзецям трэба прывіваць гордасць за сваю краіну. У гэтым павінны ўдзельнічаць усе — і ўлада, і школа, і сям’я. Вельмі важна выхаваць асобу маральную, навучыць моладзь адрозніваць праўду ад хлусні. Наша задача — даць пакаленню такія арыенціры, якія дапамогуць кожнаму стаць сапраўдным патрыётам і грамадзянінам. Беларусь сёння — мір і спакой. Трэба дзяцей навучыць цаніць гэта”, — працягваў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў: “Трэба, каб беларусы, нашы людзі, моладзь, цанілі мір, бяспеку і спакойнае жыццё, жывучы ў Беларусі, а не толькі тады, калі яны пабываюць, напрыклад, ва Украіне. Вяртаючыся адтуль, яны кажуць: “Дзякуй, што ў нас такое жыццё”. Трэба, каб кожны, не выязджаючы нікуды, жывучы тут, мог гэта цаніць. І бачыць недахопы ў тым ліку”.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, кожны ўрок або дадатковыя заняткі павінны мець канкрэтнае выхаваўчае і ідэалагічнае напаўненне. І не толькі ў школе, але і ў тэатры, музеі, на спартыўных пляцоўках і стадыёнах. “Гэта не мая выдумка. Вазьміце амерыканцаў. Для іх Амерыка, гімн — гэта ўсё”, — канстатаваў прэзідэнт.
“Трэба адраджаць паўнацэнную сістэму пазакласнай работы. Мы з вамі добра разумеем яе каштоўнасць. Мной неаднаразова даваліся даручэнні напоўніць шосты школьны дзень, узмацніць работу з сям’ёй, далучыць дзяцей да працы, актыўней далучаць іх да заняткаў спортам. Сёння, на жаль, хваліцца няма чым. Але на гэтую тэму, я сказаў ужо гэта міністру, размоў больш не будзе. Шосты дзень у тыдні — не выхадны. Гэта, калі хочаце, скажу вам як настаўнік, каб вучня далучыць да жыцця, зрабіць яго здаровым чалавекам”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы паскардзіўся на недахоп гадзін працоўнага навучання. “Я ўжо гаварыў, што цяперашні малады чалавек, падлетак не разумее, што такое электрычная разетка, электрычная лямпачка. Дзяўчынка-падлетак не ўмее гузік прышыць. А ў наш час гэтаму ж вучылі. Чаму цяпер гэтага не робіцца?” — задаў пытанне прэзідэнт.
Асобна Аляксандр Лукашэнка спыніўся на фізічнай форме вучняў. “Нам у хуткім часе не будзе каго ў армію прызываць па стане здароўя. Або дыстрофікі, або вагой большыя, чым я. У 17—18 гадоў — гэта ненармальна. Таму пачынайце ў гэтым плане працаваць”, — даручыў кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да ўдзельнікаў педсавета.
Ён лічыць важным падтрымліваць у школах дысцыпліну і дрэс-код. “Дысцыпліны ў школе не хапае. Трэба, Ігар Анатольевіч Шуневіч (міністр унутраных спраў. — Заўв.аўтара), падумаць і ў сваёй частцы папрацаваць з некаторымі вучнямі. Недзе нам трэба і міліцыю падключыць, каб дырэктару школы, настаўніку, класнаму кіраўніку дапамагчы”, — адзначыў прэзідэнт.
Разам з тым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што не трэба ўсіх заганяць у рамкі, як некалі было. Наадварот, трэба даць людзям выбар. Але дрэс-код павінен быць. “Дрэс-код павінен абавязваць: якая прычоска, якое адзенне. Яно павінна быць недарагое”, — лічыць беларускі лідар.
“Я таксама бацька. Я бачу: штаны, звычайныя чаравікі, шкарпэткі нашы, кашуля і камізэлька. Усё ў Беларусі пашыта”, — дадаў прэзідэнт, гаворачы пра выбар школьнага адзення для малодшага сына.
Пытанне заработных плат павінна быць знята
Прэзідэнт Беларусі запатрабаваў дыферэнцыраваць аплату працы ў адукацыі. “Я вам шчыра скажу: настаўнік настаўніку не роўны. Вы гэта ведаеце не горш за мяне. Тады чаму мы стварылі ўраўнілаўку і настаўнікі ў нас заработную плату практычна ўсе атрымліваюць аднолькавую?” — задаўся пытаннем Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў сістэме аховы здароўя Беларусі ўдалося стварыць дыферэнцыраваную сістэму аплаты працы, пры якой зарплата медыцынскага персаналу залежыць непасрэдна ад яго кваліфікацыі і працаздольнасці. “Мы ўстанавілі пэўную планку. Скачаш вышэй за яе — атрымліваеш”, — канстатаваў прэзідэнт.
Першыя крокі ў дыферэнцыяцыі зарплаты медыкаў былі зроблены ў час стварэння беларускай школы транспланталогіі, расказаў Аляксандр Лукашэнка. “Зразумела, каб ажыццявіць перасадку сэрца, трэба быць унікальным хірургам, цэлая брыгада ўрачоў павінна працаваць. І за капейкі яны гэта рабіць не будуць. Ім трэба развівацца, чытаць, пісаць, ездзіць, цікавіцца, а гэта затраты”, — адзначыў прэзідэнт. Кіраўнік дзяржавы расказаў, што, калі апошні раз быў у цэнтры транспланталогіі, пацікавіўся ў хірурга ўзроўнем яго заработнай платы. “Яму нязручна было называць, і ён гаворыць: “Вельмі добрая”. Але ён скача вышэй за ўстаноўленую планку. Не скардзяцца медыкі. Нам трэба паўтарыць гэта і ў адукацыі. Якія крытэрыі павінны быць, трэба вызначыцца. Я гатовы ў гэтым удзельнічаць”, — падкрэсліў прэзідэнт.
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што нельга дапусціць значнай розніцы ў зарплаце настаўніка са стажам і маладога спецыяліста пры ўмове, што выпускнік ВНУ валодае ўсімі неабходнымі кампетэнцыямі. “Калі малады чалавек, прыйшоўшы з ВНУ, выкладае не горш, чым настаўнік, які адстаяў каля станка 25 гадоў, чаму мы яму плацім капейкі? Трэба вызначыць крытэрыі, па якіх мы павінны плаціць зарплату настаўніку-наватару, выкладчыку — дасведчанаму, талковаму, сучаснаму, які авалодаў усім неабходным для выкладання”, — рэзюмаваў прэзідэнт.
Лукашэнка даручыў у наступным годзе вырашыць пытанне з памерам зарплат настаўнікаў. “Мы не педалявалі гэты працэс, але міністра адукацыі і віцэ-прэм’ера на апошнім дакладзе я выразна папярэдзіў: праблема скаргаў настаўнікаў на нізкую заработную плату ў наступным годзе павінна быць знята”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што настаўнік і ўрач — ідэалагічная, маральная аснова беларускага грамадства. “Аснову маладзёжных арганізацый, прафсаюзаў, грамадскіх арганізацый, якія сёння існуюць, складаюць настаўнікі, урачы. Асабліва мясцовую інтэлігенцыю, якая працуе з народам. Калі нам трэба штосьці данесці да народа, мы гэта робім праз вас. Вы галоўная апора ў дзяржаве”, — звярнуўся ён да педагогаў.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ёсць у краіне і добрыя навучальныя ўстановы, дзе педагогі атрымліваюць дастойную зарплату. Але ў многіх арганізацыях усё зусім наадварот. “Гэтае пытанне павінна быць знята. Я не гавару аб памерах, таму што не ведаю, якім будзе памер. Але павінна быць такая зарплата, каб вам, ведаючы аб’ём работы, які вы выконваеце, сорамна было б ставіць пытанне аб павышэнні зарплаты, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Вядома, кожнаму хочацца, у тым ліку любому настаўніку, каб было больш. Але гэта будзе звязана з развіццём эканомікі”.
Прэзідэнт дадаў, што ў грамадстве часта параўноўваюць зарплату настаўнікаў у Беларусі і ў іншых краінах. “У нас у асноўным адукацыя бясплатная. І мы вялікія грошы ўкладваем у гэта. Вядома, дзесьці абядняем выкладчыка і настаўніка. У іх усё наадварот: каласальныя грошы за кошт таго, што ўсё платнае, яны трацяцца на дапамогу настаўнікам і выкладчыкам. Якім шляхам мы пойдзем? Розныя будуць падыходы, і міністр аб гэтым ведае, але мы абавязкова павінны зрабіць той крок, аб якім я гаварыў у плане заработнай платы”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, асабліва гэтае пытанне тычыцца работнікаў устаноў дашкольнай адукацыі, паколькі кожны разумее, што такое быць выхавальнікам у дзіцячым садзе. “Катастрафічна несправядліва мы ставімся да тых, хто працуе перш за ўсё ў яслях і дзіцячых садах. Любымі спосабамі і любымі шляхамі нам трэба амаль падвойваць у наступным годзе іх даходы”, — паставіў задачу прэзідэнт.
Настаў час заняцца вышэйшымі навучальнымі ўстановамі
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што настаў час заняцца вышэйшымі навучальнымі ўстановамі. “Мы гэтым пытаннем зоймемся неадкладна. У нас нядрэнныя навучальныя ўстановы, іх дастаткова”, — сказаў ён. Пры гэтым праблемы павінны вырашацца не наскокам. “Мы заўсёды павінны памятаць, што будзем мець справу з самай элітнай часткай нашага грамадства. Пакрыўдзіць іх — сабе даражэй. Таму акуратна, прынцыпова трэба вырашыць гэтыя пытанні. Да 1 верасня 2019 года ў асноўным яны павінны быць вырашаны”, — даручыў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка не выключае вызначэння базавага профілю для кожнай ВНУ. “Трэба скараціць колькасць спецыяльнасцей, якія не з’яўляюцца профільнымі для той ці іншай ВНУ. Сёння ў нас практычна кожная ВНУ выпускае сотні спецыялістаў самага шырокага профілю — юрыстаў, эканамістаў, палітолагаў. А потым яны беспаспяхова шукаюць працу па спецыяльнасці і вінавацяць у сваёй незапатрабаванасці дзяржаву. Відаць, пара вярнуцца да вызначэння базавага профілю для кожнай ВНУ”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Таксама кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што патрэбны аналіз аптымальнай колькасці ўстаноў вышэйшай адукацыі з улікам дэмаграфічных працэсаў і прагнозаў прыросту насельніцтва.
“Не трэба закрываць вочы і на праблему натуральнага старэння прафесарска-выкладчыцкага складу. Лічу, што кожная ВНУ павінна самастойна вырашаць пытанне абнаўлення кадраў, адбіраючы лепшых студэнтаў, рыхтуючы іх да абароны кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый”, — адзначыў прэзідэнт.
На яго думку, наспела неабходнасць перагледзець крытэрыі для вызначэння ВНУ наогул і вядучай ВНУ ў прыватнасці. “Ва ўніверсітэтах павінны быць створаны неабходныя ўмовы для вываду на рынак навуковых распрацовак і абавязковай іх інтэграцыі ў адукацыйны працэс. Упэўнены, што комплекснае вырашэнне гэтых пытанняў будзе садзейнічаць фарміраванню высокатэхналагічнага сегмента нашай эканомікі”, — заявіў прэзідэнт.
Прэзідэнт падкрэсліў, што ў звычайнай вясковай школе можна атрымаць добрыя веды — усё залежыць ад настаўніка. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што яго малодшы сын вучыцца ў звычайнай вясковай школе, дзе спецыяльна для яго не ствараліся нейкія асаблівыя ўмовы. “Лічу, што ён атрымлівае нармальныя веды”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Аналагічнае меркаванне ў прэзідэнта і па пытанні ўніверсітэцкай адукацыі, яе якасці і запатрабаванасці ў рэгіёнах і сталіцы. “Ніякага рэгіяналізму і вядучых сталічных ВНУ быць не павінна, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Не трэба дзяліць ВНУ на галоўныя і другарадныя. Да ўсіх патрабаванні адны”.
Прэзідэнт падкрэсліў, што трэба змяняць падыходы да падрыхтоўкі будучых выкладчыкаў непасрэдна ў ВНУ. Асновай павінна стаць практычная педагогіка і псіхалогія. Таксама кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на неабходнасць надання новага імпульсу сістэме павышэння кваліфікацыі педагагічных кадраў. “Яна павінна быць больш гібкай, здольнай аператыўна рэагаваць на запатрабаванні з улікам найноўшых дасягненняў навукі і практыкі”, — дадаў ён.
“Мы ўжо дамаўляліся, што перападрыхтоўка — гэта не месяц, два, калі настаўнік топчацца недзе ў інстытуце павышэння кваліфікацыі. Чым мы з вамі тады там займаліся, мы ведаем: колькі ішло на павышэнне кваліфікацыі, а колькі на шопінгі і сноўданне па абласных цэнтрах і сталіцы. Мы дамовіліся, што тыдзень, максімум дзесяць дзён настаўнік павінен павышаць сваю кваліфікацыю”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым ён падкрэсліў, што перападрыхтоўку павінны ажыццяўляць настаўнікі-наватары, пераможцы конкурсаў, настаўнікі-метадысты, якія павінны дзяліцца лепшым, што напрацавана на гэтым этапе. “Не трацьце грошы на тое, што не патрэбна, пазбаўцеся гэтага, і вы атрымаеце сродкі на тое, каб падтрымаць настаўніцтва”, — даручыў прэзідэнт.
Прэзідэнт запэўніў, што да рэфармавання завочнай адукацыі ў Беларусі падыдуць вельмі акуратна. “Трэба, каб завочную адукацыю атрымлівалі тыя, каму гэта трэба і хто нам патрэбны, — дзяржаве і эканоміцы. Сёння абмяркоўваецца: платная або бясплатная завочная адукацыя, колькі, дзе, як і іншае. Жыццё пакажа. Мы не будзем тут ламаць, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Мы вельмі акуратна падыдзем да гэтага пытання. Гэта чуюць члены ўрада і міністр”.
Прэзідэнт адзначыў: тых людзей, якія сапраўды маюць патрэбу ў атрыманні завочнай адукацыі, дзяржава будзе падтрымліваць. Акрамя таго, прадпрыемствы таксама змогуць аплачваць вучобу сваім спецыялістам. “Так ёсць і цяпер: недзе сам плаціць, недзе — бюджэт, недзе — прадпрыемства. Мы захаваем усё лепшае, але мы ў пачатку шляху. Таму не трэба думаць, што мы заўтра зломім усё: была завочная адукацыя — і цяпер яе не стане”.
Асобна Аляксандр Лукашэнка выказаўся адносна падрыхтоўкі да паступлення ў ВНУ, рэпетытарства. “Дайшло да таго, што паслугамі рэпетытара карыстаюцца нават у пачатковай школе, не кажучы аб падрыхтоўцы да паступлення ў ВНУ. А калі і з’яўляюцца новыя методыкі, то яны арыентаваны на фінальную падрыхтоўку выпускнікоў, або, як кажуць у народзе, на вымуштроўванне школьнікаў да здачы цэнтралізаванага тэсціравання”, — адзначыў прэзідэнт.
“Многія мяне крытыкавалі, калі я гаварыў, што школьная праграма павінна быць школьнай, не ўніверсітэцкай. Павінна быць магчымасць яе засваення без усялякага вымуштроўвання. Цэнтралізаваныя тэсты павінны адпавядаць школьнай праграме, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Нямала зроблена да гэтага года. Да будучага года, да 1 верасня 2018 года, усе тэсты будуць дапрацаваны і прыведзены ў адпаведнасць са школьнай праграмай. Гэты працэс павінен быць закончаны з улікам вопыту паступлення ў ВНУ ў гэтым годзе”.
Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што ў старшых класах школы ўведзена профільнае навучанне. Яно павінна вырашыць праблему матываванага выбару выпускнікамі будучай прафесіі. “Аднак наспела неабходнасць разгледзець пытанне аб змяненні падыходаў да падагульняльнай атэстацыі і кантролю бягучай паспяховасці школьнікаў, што забяспечыць аб’ектыўнасць і незалежнасць ацэнкі ведаў навучэнцаў”, — адзначыў прэзідэнт.
Карэкціроўка правіл прыёму ў ВНУ і інфармаванне грамадскасці аб змяненнях павінны праводзіцца загадзя. “Патрабуе далейшага ўдасканальвання сістэма паступлення ў ВНУ. Яна павінна прадаставіць абітурыенту магчымасць прадэманстраваць не толькі пэўны набор ведаў па прадмеце, але і здольнасць лагічна разважаць, рабіць высновы і творча мысліць. Папярэджваю, што карэкціроўка правіл прыёму і інфармаванне грамадскасці аб змяненнях павінны адбывацца загадзя”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Асноўная задача прафесійнай адукацыі — фарміраванне кадравага патэнцыялу работнікаў для эканомікі краіны
Прэзідэнт пакрытыкаваў урад за неаптымізаваную структуру сістэмы прафадукацыі. “Лічу, што ўрадам не прыняты належныя меры для аптымізацыі структуры падрыхтоўкі кадраў па ўзроўнях прафесійнай адукацыі і пад патрэбы эканомікі. Не выбудавана адпаведным чынам і прафарыентацыйная работа з моладдзю. Паўтараю, асноўная задача прафесійнай адукацыі — фарміраванне кадравага патэнцыялу работнікаў для эканомікі краіны”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь заўсёды ганарылася сістэмай прафесійнай падрыхтоўкі моладзі. “Я ёю ганаруся і цяпер. На адным з пасяджэнняў кіраўнікоў дзяржаў СНД узнялі пытанні прафтэхадукацыі з канстатацыяй засмучальных фактаў. Некаторыя звярнуліся да Расіі: дапамажыце падрыхтаваць па рабочых спецыяльнасцях у прафтэхвучылішчах. На што Пуцін сказаў, што, на жаль, мы разбурылі прафтэхадукацыю, — адзначыў прэзідэнт. — І толькі ў Беларусі захаваліся ўсе прафтэхвучылішчы, якія былі створаны. Многіх не хапае, але яны ёсць. Мы да гэтага часу аказваем дапамогу ў падрыхтоўцы людзей рабочых спецыяльнасцей іншым дзяржавам, у тым ліку Расіі. Гэта вялікае дасягненне, што мы такую сістэму захавалі”.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што аб высокай якасці прафесійнай адукацыі сведчаць перамогі беларускіх студэнтаў і навучэнцаў на міжнародных алімпіядах і ў конкурсах прафесійнага майстэрства. “У нас, як і ва ўсім свеце, расце попыт на прадстаўнікоў рабочых прафесій. Але і патрабаванні да іх у сучасных умовах пастаянна растуць. Нам патрэбны кваліфікаваныя кадры, якія змогуць працаваць на найноўшых вытворчасцях. Маючы практычны вопыт, яны будуць больш усвядомлена падыходзіць і да выбару вышэйшай адукацыі”, — сказаў прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што функцыі каардынацыі дзейнасці дзяржаўных органаў па прагназаванні кадравых патрэб на перспектыву, а таксама фарміраванні дзяржзаказу на падрыхтоўку спецыялістаў замацоўваюцца за Мінэканомікі і Мінпрацы і сацабароны. Карэкціроўка спецыяльнасцей павінна праводзіцца толькі на падставе аналізу патрэбы ў работніках. “І асноўная роля ў гэтым пытанні кладзецца на галіновыя міністэрствы. Важна разумець, што бесперапыннасць навучання на працягу ўсёй кар’еры становіцца асноўным патрабаваннем у падрыхтоўцы кадраў”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт Беларусі раскрытыкаваў маладзёжныя арганізацыі за залішняе захапленне паказушнымі мерапрыемствамі. “Склалася ўражанне, што апошнім часам нашы ідэалагічныя памочнікі — маладзёжныя арганізацыі, грамадскія — захапіліся флэшмобамі, піяр-акцыямі і іншымі паказушнымі мерапрыемствамі. Гэта таксама, напэўна, трэба, гэта сучасна. Але яны, мабыць, забыліся, што іх галоўная задача — гэта штодзённая карпатлівая работа з моладдзю”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што аўтарытэт у гэтым асяроддзі неабходна заваёўваць канкрэтным вынікам рэальных спраў у кожнай установе адукацыі, і для гэтага створаны ўсе ўмовы. “У нас пераважная большасць школ маюць піянерскія арганізацыі. Уключаны ў гэта практычна ўсе школьнікі. Але піянерскія гальштукі не носяць. Тое ж самае магу сказаць пра наш камсамол, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Калі мы з гордасцю значок гэты насілі, то цяпер гэтага пакуль няма. І мы кажам, што ўсё добра”, — дадаў прэзідэнт.
У канцы работы Рэспубліканскага педагагічнага савета Аляксандр Лукашэнка павіншаваў педагогаў з надыходзячым новым навучальным годам і пахваліў міністра адукацыі Ігара Карпенку за грунтоўны, разумны даклад па дзейнасці сістэмы адукацыі, які сведчыць пра цеснае ўзаемадзеянне Міністэрства адукацыі з педагогамі-практыкамі. Вялікая размова пра адукацыю адбылася.
Вольга ДУБОЎСКАЯ.