Амаль 20 гадоў радуе навучэнцаў смачнымі карыснымі стравамі шэф-кухар Ігар Кавалёў

- 14:26Новости

Шэф­-кухар сталовай сярэдняй школы № 3 Клімавіч Ігар Кавалёў ведае ўсё пра здаровае харчаванне. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Сучаснае абсталяванне, якасныя прадукты — першачарговыя аспекты арганізацыі збалансаванага харчавання дзяцей. А каб стравы атрымліваліся не толькі карыснымі, але і смачнымі, трэба гатаваць з душой. Кулінарыяй я захоплены з юнацтва. Зацікаўле­насць паступова прывяла да выбару прафесіі, і я ні разу не расчараваўся ў тым, што стаў кухарам, — падзяліўся Ігар Анатольевіч.

Сёння ў сталовай 3-й клімавіцкай школы харчуюцца каля 500 хлопчыкаў і дзяўчынак. Своечасова накарміць такую колькасць дзяцей — няпростая задача. Але пад кіраўніцтвам Ігара Кавалёва работнікі сталовай з ёй спраўляюцца.

— Навучэнцы яшчэ дома, а на харчаблоку ўжо ва ўсю кіпіць работа. Прыходзім а 7-й раніцы, а да 10.00 трэба паспець згатаваць снеданне. У меню звычайна каша, макарона, амлет, драчона, мясныя стравы, гарачыя напіткі, — расказаў Ігар Анатольевіч.

Рытм школьнай сталовай даволі напружаны. Пасля снедання кухары аператыўна гатуюць абед, а потым і падвячорак. З 2023 года харчаванне дзяцей тут арганізоўваюць з улікам новых прынцыпаў.

— Пераход на новую сістэму харчавання не выклікаў нейкіх цяжкасцей. У школе заўсёды ўсё робіцца з упорам на запыты дзяцей. Функцыянаванне сталовай не выключэнне. Мы ўнеслі змяненні ў меню з улікам пажаданняў навучэнцаў і сталі працаваць па новых рэгламентах. Гатуем па прыкладным двухтыднёвым рацыёне. Строга прытрымліваемся тэхналогій, улічваем неабходныя патрабаванні і нормы. Але імкнёмся знаходзіць месца і для кулінарнай творчасці. Да сваёй справы мы неабыякавыя. Гэта дапамагае нават звычайную кашу згатаваць так, каб школьнікі папрасілі дабаўкі, — адзначыў Ігар Кавалёў.

Вялікая ўвага ў сталовай удзяляецца разнастайнасці дзіцячага харчавання. Зараз у меню ёсць нават піцы, прычым цалкам карысныя, без шкодных дабавак.

— Вядома, гэта адна з любімых страў у дзяцей. Падабаецца ім таксама рыбнае філе ў паніроўцы, бо яно падобна на папулярныя ў маладзёжным асяроддзі нагетсы. З задавальненнем навучэнцы ядуць і традыцыйныя стравы: гарохавы і малочны супы, расольнік, катлеты, бульбу па-вясковаму, мясныя гнёзды, шарлотку з яблыкамі. У нас рэгулярна праходзіць дзень беларускай кухні. Дранікі, бабка, ­боршч таксама заходзяць на ўра. А ўвогуле, заўважыў: вучні добра ядуць тое, што для іх прывычна. Калі дома кашу і суп не гатуюць, то і ў школе дзіця іх есці не будзе. Ад культуры харчавання вельмі многае залежыць, — перакананы Ігар Анатольевіч.

Сваё прафесійнае майстэрства Ігар Кавалёў нядаўна пацвердзіў на раённым конкурсе “Лепшы школьны кухар”. Па выніках тэарэтычнага і практычнага тураў ён стаў адным з пераможцаў.

— Атрымаў дыплом ІІ ступені і адкрыў для сябе дадатковыя грані ў прафесійным развіцці. Для мяне галоўная ўзнагарода — бачыць дзяцей задаволенымі і сытымі, — запэўніў шэф-повар. — У нейкай ступені гэта ўплывае на паспяховасць навучання, таму ў планах — працягваць самаўдасканальвацца.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара