Амаль 40% гарадскога бюджэту Брэста будзе накіравана сёлета на сістэму адукацыі, што з’яўляецца самым высокім паказчыкам за апошнія 5 гадоў і пацвярджае прыярытэты дзяржаўнай палітыкі. Пра здабыткі і кірункі развіцця адукацыйнай галіны абласнога цэнтра карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказаў начальнік аддзела па адукацыі Брэсцкага гарвыканкама Анатоль Наскоў.
— Наколькі эфектыўна вырашаецца актуальная не адзін год праблема крокавай даступнасці дашкольнай адукацыі ў горадзе?
— Органы мясцовай улады не пакідаюць без увагі гэтую праблему і робяць усё магчымае для яе паступовага вырашэння. Да Дня ведаў у адным з новых мікрараёнаў здадзены ў эксплуатацыю дзіцячы сад на 350 месцаў. Пачалося будаўніцтва аналагічнай дашкольнай установы ў суседнім з ім мікрараёне. Праектуецца новы дзіцячы сад на 190 месцаў і ў адным з новых кварталаў.
На жаль, у апошнія 3 гады колькасць выхаванцаў дашкольных устаноў паступова зніжаецца. Так, у мінулым навучальным годзе іх наведвалі каля 15,7 тысячы дзяцей, а сёлета амаль на 250 хлопчыкаў і дзяўчынак менш. Падобная тэндэнцыя заканамерна паўплывала і на скарачэнне колькасці першакласнікаў. Але ў цэлым колькасць школьнікаў пакуль павялічваецца.
Адукацыйную праграму дашкольнай адукацыі рэалізуюць 79 устаноў. Сацыяльны стандарт у гэтай галіне выконваецца на 93% пры нарматыве 85%. Па-ранейшаму захоўваецца дэфіцыт месцаў крокавай даступнасці ў асобных мікрараёнах горада. Для вырашэння праблемы прымаюцца розныя меры.
Актыўна ўкараняюцца новыя формы дашкольнай адукацыі (адаптацыйныя групы, групы вячэрняга і кароткачасовага знаходжання, выхаднога дня і мацярынскія школы), якія карыстаюцца попытам у бацькоў.
Не застаецца без увагі і работа з кадрамі па атрыманні імі профільнай адукацыі, павышэнні кваліфікацыі, удзеле ў эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці. Дзякуючы сістэмнай дзейнасці ў гэтым кірунку, удалося павысіць колькасць выхавальнікаў, якія прайшлі навучанне па спецыяльнасці “Педагогіка дзяцінства”.
— На запыты бацькоў і часу мабільна рэагуе і сістэма агульнай сярэдняй адукацыі?
— Безумоўна. Яе сетка ўключае 52 установы, дзе атрымліваюць веды 44,5 тысячы дзяцей і працуюць каля 3,5 тысячы настаўнікаў.
Радуюць вынікі атэстацыі вучняў за курс базавай і сярэдняй школы: вучэбны матэрыял на высокім, дастатковым і сярэднім узроўні засвойваюць каля 80% дзяцей, прычым гэты паказчык паляпшаецца з году ў год. Амаль па ўсіх экзаменацыйных прадметах выпускнікі пацвердзілі свае адзнакі.
Паспяхова апрабавана новая сістэма выніковай атэстацыі школьнікаў у форме цэнтралізаванага экзамену. 100 балаў на ЦЭ ў 65 вучняў, на ЦТ — у 20. 158 выпускнікоў школ, гімназій і ліцэяў атрымалі сярэбраныя і залатыя медалі.
Але самазаспакойвацца нельга. Работа з адоранымі дзецьмі патрабуе далейшага ўдасканалення. Пераможцамі сёлетняй рэспубліканскай прадметнай алімпіяды сталі 22 вучні. Сярод устаноў, якія паказваюць высокія вынікі ў алімпіядным руху, конкурсах і навукова-практычных канферэнцыях, варта вылучыць ліцэй № 1 імя А.С.Пушкіна, гімназіі №№ 1 і 2, сярэднія школы №№ 7, 20, 26, 28 і 31.
64% дзяцей ахоплены профільным навучаннем у педагагічных, спартыўных, патрыятычных, прававых, мытных, пагранічных, інжынерных і транспартных класах. Наладжана ўзаемадзеянне з ССНУ па прафесійнай падрыхтоўцы старшакласнікаў. Сёлета кваліфікацыйныя пасведчанні па рабочых разрадах атрымалі 27,5% выпускнікоў. Разам з тым яшчэ патрабуе ўдасканалення работа па іх арыентацыі да працягу навучання ў ССНУ.
Па выніках работы за мінулы год лепшымі дашкольнымі ўстановамі па арганізацыі якаснага адукацыйнага працэсу сталі дзіцячыя сады №№ 7, 29, 51, 72, 73 і 79.
— На жаль, з году ў год павялічваецца колькасць дзяцей з АПФР. Што робіцца для задавальнення іх адукацыйных патрэб?
— У Брэсце дзейнічаюць 4 установы спецыяльнай адукацыі. Сёння ў банку даных каля 4,8 тысячы асаблівых дзяцей, што на 2,5% больш, чым летась. Усе яны ахоплены спецыяльнай адукацыяй і карэкцыйна-педагагічнай дапамогай. Вялікая ўвага ўдзяляецца ранняй комплекснай дапамозе асаблівым дзецям ад нараджэння да 3 гадоў, а таксама якасці работы з дзецьмі з расстройствамі аўтыстычнага спектра. З гэтай мэтай умацоўваецца адпаведная матэрыяльна-тэхнічная база.
Арганізавана міжведамаснае ўзаемадзеянне ўстаноў спецыяльнай адукацыі і аховы здароўя. Сярод прыярытэтаў — выхаванне інклюзіўнай культуры ў грамадстве. Так, у Ленінскім раёне Брэста ўжо шмат гадоў паспяхова рэалізуецца праект “Сонца ў кожным”, а ў Маскоўскім раёне створаны кансультацыйны савет для вырашэння пытанняў сацыяльнай адаптацыі і інтэграцыі дзяцей з АПФР.
— Ці ёсць чым пахваліцца ў выхаваўчай рабоце?
— Установы адукацыі пастаянна шукаюць новыя, у тым ліку інтэрактыўныя, формы і метады выхаваўчай работы, у якой дробязей няма. Так, у Маскоўскім раёне ажыццяўляюцца праекты #Дзеці Новага 1000-годдзя ў рамках шостага школьнага дня, #Лета ў горадзе і “Зялёная школа”. Сёлета сярэдняя школа № 8 імя Героя Беларусі У.М.Карвата і гімназія № 2 атрымалі ганаровы статус “Школа міру”, які прысвоены і філіялу “Пост Памяці” Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Брэста. Сярод іншых цікавых праектаў — абласны конкурс “Памяць пакаленняў”, спартыўнае свята “Сямейнае кола”, “Садружнасць”, “Школьны гарадок” і інш. Плануецца адкрыць пяты ваенна-патрыятычны клуб.
— Над вырашэннем якіх задач будзе працаваць гарадская сістэма адукацыі ў новым навучальным годзе?
— У дашкольнай адукацыі гэта не толькі забеспячэнне яе даступнасці і якасці, але і зніжэнне захваральнасці выхаванцаў, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў. У агульнай сярэдняй адукацыі — павышэнне яе якасці, фарміраванне функцыянальнай дасведчанасці вучняў, удасканаленне дапрофільнага і профільнага навучання, прафарыентацыйнай работы, а таксама работы з адоранымі дзецьмі і кадрамі. У спецыяльнай адукацыі — забеспячэнне яе даступнасці, развіццё інклюзіі, кадравае ўмацаванне. У дадатковай адукацыі — павелічэнне ахопу дзяцей гуртковай, працоўнай і другаснай занятасцю праз інавацыйныя формы работы, узмацненне прафілактычнай дзейнасці. А ў цэлым — удасканаленне псіхолага-педагагічнай дапамогі вучням, прафілактыка суіцыдальных паводзін і шкодных звычак сярод моладзі, сацыяльнага сіроцтва.
Галоўнае патрабаванне да педагогаў і кіраўнікоў — працаваць эфектыўна. Зроблена шмат. Але дасягнутыя вынікі трэба замацоўваць у няспынным развіцці і самаўдасканаленні. Дзецям павінна быць камфортна і бяспечна ў любой установе адукацыі, каб туды ішлі з радасцю, у тым ліку 235 маладых спецыялістаў, якія сёлета папоўнілі дружную педагагічную сям’ю Брэста. Іх прафесійнае станаўленне і замацаванне ў галіне — таксама адна з важнейшых задач.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ