Педагагічная сям’я Андрэя і Вольгі Сямёнавых на слыху ў адукацыйнай прасторы Кругляншчыны. Маладыя, творчыя, ініцыятыўныя, маюць нямала асабістых прафесійных перамог. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Плячо ў плячо ідуць разам па жыцці Андрэй Васільевіч і Вольга Іванаўна ўжо 18 гадоў. Некалі выбар прафесіі пасадзейнічаў і стварэнню іх сям’і.
— Прыкладам у педагогіцы для мяне сталі старэйшыя брат і сястра. Па іх слядах паступіў у Горацкі педагагічны каледж — вырашыў быць настаўнікам фізкультуры. Менавіта ў студэнцтве і сустрэўся з будучай жонкай. Амаль выпускнік пазнаёміўся з першакурсніцай, і наша сустрэча аказалася лёсавызначальнай, — з усмешкай успамінае Андрэй Сямёнаў.
— Мы вучыліся на адной спецыяльнасці. Хлопцаў у групах было мала. Андрэй вылучаўся сярод іншых: спакойны, уважлівы, надзейны. Для мяне гэта важныя якасці, таму пасябравалі адразу, — дадае Вольга Сямёнава.
Агульныя інтарэсы паспрыялі таму, што студэнцкае сяброўства хутка перарасло ў светлае пачуццё. З таго часу мінула амаль два дзесяцігоддзі, а трываласць свайго юнацкага кахання Сямёнавы захавалі па сённяшні дзень.
— Нашы пачуцці прайшлі шмат праверак. Самым складаным было знаходзіцца на істотнай адлегласці. Я атрымаў размеркаванне на работу, а Вольга яшчэ працягвала вучобу. Уз’ядналіся ў адной з сельскіх школ Чэрыкаўскага раёна. Там прайшлі прафесійнае станаўленне, завочна атрымалі вышэйшую педагагічную адукацыю. А калі згулялі вяселле, вырашылі асесці на роднай для жонкі Кругляншчыне, — паведаміў Андрэй Васільевіч.
З панядзелка па суботу Сямёнавы сумесна з задавальненнем ідуць на работу ў сярэднюю школу № 2 Круглага. Вольга Іванаўна настаўнічае ў пачатковых класах, Андрэй Васільевіч далучае навучэнцаў да фізкультуры і спорту.
На дваіх у іх адно прафесійнае крэда: для кожнага навучэнца педагогі падбіраюць унікальную адукацыйную траекторыю.
— Усе вучні розныя, з непаўторным унутраным светам, характарам і здольнасцямі, таму і падыход да іх павінен быць індывідуальным. Да мяне навучэнцы прыходзяць зусім малышамі. Стаўлю перад сабой задачу раскрыць іх патэнцыял, даць трывалую базу ведаў, якая стане падмуркам для далейшага навучання, — расказала Вольга Сямёнава.
Ключык да кожнага дзіцяці шукае і Андрэй Сямёнаў. Працуючы над структурай урокаў, ён заўсёды абапіраецца на фізічную падрыхтоўку, асаблівасці і схільнасці школьнікаў.
— Такім чынам атрымліваецца зацікавіць спортам усіх дзяцей. Заняткі па сілах знаходжу і для вучняў, якія маюць праблемы са здароўем. Акцэнт раблю на гульнявым і спаборніцкім фармаце заняткаў. Гэта дае магчымасць выявіць будучых спартыўных зорачак і працаваць з імі больш прадметна, — адзначыў Андрэй Васільевіч.
Для адораных дзяцей Андрэй Сямёнаў арганізуе дадатковыя трэніроўкі, накіроўвае іх у канкрэтныя віды спорту, рыхтуе да выступленняў на розных спаборніцтвах. Старанні прыносяць адпаведны плён. Навучэнцы ўпэўнена перамагаюць у самых прэстыжных спартыўных стартах. Становяцца прызёрамі “Снежнага снайпера”, мнагаборства “Здароўе” і “Абаронца Айчыны”, часта ўваходзяць у кагорту лепшых на абласным і заключным этапах Рэспубліканскай алімпіяды па фізкультуры.
Вучэбныя вышыні пастаянна пакараюць і падапечныя Вольгі Сямёнавай. Пад чулым кіраўніцтвам першай настаўніцы хлопчыкі і дзяўчынкі заваёўваюць дыпломы ў творчых, спартыўных і інтэлектуальных конкурсах.
Адметна, што ў працоўнай дзейнасці Андрэя Васільевіча і Вольгі Іванаўны прыярытэтнае месца займае не толькі адукацыя, але і выхаванне вучняў. Сваім прыкладам педагогі вучаць дзяцей дабрыні, адказнасці, калектывізму, праяўленню патрыятызму і грамадзянскай пазіцыі.
— Фарміраванне асобы пачынаецца ў дзяцінстве. Імкнёмся даносіць да навучэнцаў правільныя духоўна-маральныя каштоўнасці, вучым іх любіць сваю Радзіму і быць дастойнымі людзьмі, — падкрэсліла Вольга Сямёнава.
У такім жа ключы Сямёнавы выхоўваюць і ўласнага сына. Арцём — бацькоўская гордасць. Выдатнік вучобы, спартсмен, актывіст. Хлопчык сур’ёзна займаецца камп’ютарнымі тэхналогіямі і футболам, спрабуе сябе ў біятлоне.
— Увесь вольны ад работы час праводзім сям’ёй. Мне ўдалося захапіць жонку і сына спортам. Рэгулярна
адпраўляемся на сумесныя велапрагулкі, ходзім у басейн і на лыжню, удзельнічаем у спартыўных турнірах. Традыцыяй для нас сталі таксама падарожжы па краіне і родным раёне, выезды на прыроду, на пікнікі, — расказаў Андрэй Васільевіч.
— Вядома, цалкам адысці ад працоўных пытанняў не атрымліваецца. Перыядычна ненаўмысна ладзім сямейныя міні-педсаветы. Абмяркоўваем урокі, адукацыйныя методыкі, падрыхтоўку да конкурсаў. У такіх размовах нярэдка ўзнікаюць добрыя ідэі, — падзялілася Вольга Іванаўна.
Як на рабоце, так і дома Андрэй і Вольга Сямёнавы — падтрымка і апора адно аднаго ва ўсім. Па іх словах, менавіта ў гэтым заключаецца формула сямейнага шчасця.
— Для моцнай сям’і патрэбна не толькі каханне, але і паразуменне, адзінства мар, поглядаў і імкненняў, — перакананы педагогі.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара