Андрэй Іванец наведаў Мінскі гарадскі сацыяльны пансіянат «Выток»

- 11:10Актуально

Міністр адукацыі Андрэй Іванец у рамках дабрачыннай акцыі для пажылых людзей “Ад усёй душы” наведаў Мінскі гарадскі сацыяльны пансіянат “Выток”, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Разам з ім госцем адной з найстарэйшых сталічных сацыяльных устаноў стала таксама старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна Мядзведзева.

На сённяшні дзень у гэтым пансіянаце для людзей старэйшага ўзросту і інвалідаў пражывае 207 чалавек, у тым ліку 17 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Шмат заслужаных работнікаў з вялікім стажам працоўнай дзейнасці. Сярэдні ўзрост падапечных — амаль 80 гадоў. Больш за палову па стане здароўя знаходзяцца на пасцельным рэжыме. 

Андрэй Іванавіч душэўна пагутарыў з пажылымі людзьмі, азнаёміўся са створанымі для іх умовамі, а таксама дзейнасцю цэнтра захавання псіхічнага здароўя грамадзян старэйшага ўзросту “Гармонія”. Дарэчы, узначальвае яго кандыдат педагагічных навук, дацэнт, прафесар кафедры спецыяльнай і інклюзіўнай педагогікі Акадэміі адукацыі Ілона Кавалец. Пад яе чулым кіраўніцтвам пастаяльцы пансіяната трэніруюць памяць, увагу, развіваюць інтэлектуальныя здольнасці, каб як мага даўжэй супрацьстаяць з’яўленню ўзроставых дэментных праяўленняў. 

— Наведваючы пансіянат “Выток”, мы бачым, якія выдатныя ўмовы створаны тут дзяржавай. Гэта тычыцца і медыцынскага суправаджэння, і пытанняў догляду. Нам прыемна ўпэўніцца, у якіх надзейных руках сёння знаходзіцца старэйшае пакаленне. Усё гэта сведчыць аб тым, што ў нашай краіне кожны чалавек, ад нараджэння і да шаноўных гадоў, можа быць упэўнены, што дзяржава заўсёды падста­віць сваё плячо, — канстатаваў Андрэй Іванец.

Ён адзначыў, што акцыя “Ад усёй душы”, якая была ініцыіравана кіраўніком дзяржавы, дастаткова маладая для нашай краіны, але ўжо стала традыцыйнай.

— Клопат малодшага пакалення аб старэйшым паказвае пераемнасць, якая існуе ў нашым грамадстве. Гэта вельмі важная адметнасць нас, беларусаў. Таму ў гэтыя святочныя дні мы ўдзяляем вялікую ўвагу нашым маленькім грамадзянам у рамках акцыі “Нашы дзеці”, а падчас акцыі “Ад усёй душы” моладзь прыходзіць да старэйшага пакалення, да тых людзей, якія сваёй працай заклалі фундамент нашай краіны, у якой нам сёння пашчасціла жыць, — падкрэсліў Андрэй Іванавіч.

Сталічная творчая моладзь, члены Рэспубліканскага валанцёрскага цэнтра прадставілі спецыяльна падрыхтаваную для акцыі канцэртную праграму. Ад імя Міністэрства адукацыі быў уручаны грашовы сертыфікат, які пасадзейнічае ўмацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы пансіяната.

Пастаяльцы “Вытоку”, у ліку якіх ёсць і былыя педагогі, адзначаюць, што для іх такія сустрэчы як глыток свежага паветра. Ім вельмі прыемна, што прадстаўнікі ўлады, школьнікі, студэнты імкнуцца парадаваць іх цікавымі размовамі, канцэртамі, выставамі і, вядома ж, падарункамі. Адбываюцца такія візіты не толькі на Новы год і Раство, але і ў іншыя святы і звычайныя будні. Аднак у навагоднія дні падапечным пансіяната асабліва хочацца святла і цяпла.

— Калі прыязджаюць госці — для ўсіх гэта свята, магчымасць атрымаць новыя ўражанні, эмоцыі. Вось і сёння бачу, што нават толькі яшчэ ідуць у актавую залу, а ўжо з усмешкамі на тварах. Без песень, без творчасці жыць немагчыма! — адзначыў фалькларыст, культуролаг, былы выкладчык Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Мікола Котаў. — Дарэчы, у нашым пансіянаце пад маім кіраўніцтвам дзейнічае фальклорны гурт “Матуліна хата”, у які ўваходзяць пастаяльцы і супрацоўнікі. У святочныя дні ўдзельнічаем у канцэртах, а яшчэ ходзім па пакоях тых нашых людзей, якія ўжо ляжачыя. Кожнаму праспяваем хаця б па куплеціку — і ў чалавека адразу засвецяцца вочы.

— Вельмі люблю, калі прыяз­джаюць дзеці, падлеткі. У мяне адразу такі прыліў сіл і настрою! І, вядома ж, мне сёння вельмі цікава сустрэцца з міністрам адукацыі, — падзялілася былая настаўніца беларускай мовы і літаратуры Лідзія Сямёнаўна, якая больш за 40 гадоў працавала ў адной са сталічных школ. — Наколькі дазваляе здароўе, я імкнуся заставацца актыўнай. Хаджу на заняткі ў наш цэнтр “Гармонія”, удзельнічаю ў “Матулінай хаце”. У пансіянаце “Выток” для нас створаны ўсе ўмовы, за што я вельмі ўдзячна! 

Аксана МЫЦЬКО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА