Англійская з камфортам

- 10:21Практыкум, Рознае партфолiо

Настаўніца англійскай мовы гімназіі № 2 Магілёва Кацярына Дзмітрыеўна Ляшчэвіч на маю просьбу наведаць яе ўрок адрэагавала вельмі спакойна і згадзілася адразу. Упэўненасці ва ўдалым выбары настаўніка надала і папярэдняя размова з дырэктарам гімназіі Уладзімірам Іванавічам Фешчанкам, які ветліва запрашаў наведаць сваю ўстанову.

І вось, нягледзячы на пахмурнае, халоднае надвор’е, мяне цёпла сустракалі ў гімназіі № 2 Магілёва. Да пачатку ўрока Кацярыны Дзмітрыеўны заставаўся вольны час, таму дырэктар правёў для мяне невялічкую экскурсію па сваёй гімназіі, падчас якой я зразумела адметнасць гэтай навучальнай установы. Тут пануе атмасфера спакою і камфорту. Вучыць і вучыцца ў гімназіі даспадобы ўсім, бо працэс гэты ўпарадкаваны. І пакуль мы гулялі па калідорах, раз-пораз заглядваючы ў класы, ні разу не пачула не тое што настаўніцкага крыку, а нават павышанага голасу. Неўзабаве празвінеў званок на перапынак, і мяне правялі да кабінета англійскай мовы, вельмі ўтульнага і сучаснага. І пакуль Кацярына Дзмітрыеўна рыхтавалася да ўрока, я прыглядалася да дзяцей, спрабуючы ўгадаць, якімі яны будуць на ўроку. Урок быў у падгрупе шостага класа і прысвячаўся ежы. Гэта быў першы ўрок у раздзеле “Ежа”, і дзеці толькі знаёміліся з новай тэмай, таму мэтай ўрока было паведамленне новых ведаў.
Званок. Усе расселіся па сваіх месцах у чаканні цікавых заняткаў. На дошцы віселі каляровыя аркушы паперы з мэтамi ўрока i новым граматычным матэрыялам, чакалі свайго ўключэння ў справу інтэрактыўная дошка і ноўтбук. Урок пачаўся.
Спачатку настаўніца павіталася і пацікавілася справамі сваіх шасцікласнікаў. А далей задала ім загадку: “Сёння мы пачынаем вывучэнне новага раздзела. Будзем гаварыць пра тое, што любяць усе людзі на працягу ўсяго жыцця. Мы атрымліваем асалоду ад гэтага. Гэта дапамагае нам заставацца здаровымі і ўздымае настрой. Калі мы не маем гэтага ў дастатковай колькасці, то адчуваем сябе стомленымі і сумнымі. Давайце падумаем, якая ж тэма сённяшняга ўрока?”Пасля секунднай збянтэжанасці вучняў Кацярына Дзмітрыеўна прапанавала шасцікласнікам скласці пазл на дошцы. Усе атрымалі карткі, склаўшы якія можна было дакладна вызначыць тэму ўрока. На дошцы з’явілася выява талеркі з ежай.
— Так, сёння мы будзем вывучаць і гаварыць пра розныя віды ежы. Разгадаем граматычны сакрэт, будзем складаць дыялогі, зробім праекты — абазначыла мэты i структуру ўрока Кацярына Дзмітрыеўна і адразу прапанавала пагуляць. Гульня называлася “Карусель” і праводзілася для моўнай размінкі. Назва гульні адпавядала форме яе правядзення: дзеці сталі ў два кругі і, мяняючыся партнёрамі, задавалі адно аднаму пытанні і давалі адказы.
1. Do you have 3 or 4 meals a day?
2. Do you prefer healthy or unhealthy food?
3. Do you like school lunches?
4. Can you cook anything?
Затым прадстаўнікі ўнутранага круга селі на свае месцы, а вонкавага (дзеці, якія задавалі пытанні) — агучвалі адказы на кожнае пытанне. Гэтыя пытанні сталі падрыхтоўкай да далейшай работы ў межах тэмы “Ежа”. Затым Кацярына Дзмітрыеўна прапанавала загадкі, якія папоўнілі слоўнікавы запас шасцікласнікаў і дапамаглі патрэніравацца ў запамінанні новай лексікі.
1. Parents say they are bad for your teeth. (Sweets.)
2. These are Italian dishes. (Pizza, spaghetti.)
3. You can buy it at McDonald’s. (Hamburger.)
4. They are very good for your health. (Vegetables.)
5. It’s made of milk, sugar and fruit. (Yoghurt.)
6. This food swims in the river or in the sea before it is cooked. (Fish.)
7. Crispy bread. (Toast.)
8. Meat dish, often fried with eggs in Britain. (Bacon.)
Потым шасцікласнікі засвоілі невялікае граматычнае правіла на колькасныя займеннікі. Яны вучыліся размяжоўваць паняцці “нямнога”, “мала”, якія ў англійскай мове адрозніваюцца толькі тым, што выкарыстоўваюцца з вылічальнымі і невылічальнымі назоўнікамі. Гэтае правіла настаўніца тлумачыла на англійскай мове з дапамогай наглядных картак, каб дзеці бачылі, што такое “многа”, “нямнога” і “мала”.Правіла было замацавана ў граматычнай гульні. Работа вялася ў дзвюх групах. Адна павінна была замяніць словы “многа” на “мала” ў дачыненні да назваў як мага большай колькасці прадуктаў, а другая замяніць “многа” на “нямнога”. Атрыманыя словазлучэнні агучылі дзве групы. Затым вучні адказвалі на пытанні па гэтай жа тэме.
1. Do you eat many sweets every day?
2. Do you eat many crisps every week?
3. Do you eat much meat?
4. Do you have many sandwiches for breakfast?
5. Do you eat much cereal for breakfast?
6. Does your mum buy much yoghurt?
7. Do you eat much ice-cream?
Дзеці з заданнямі справіліся выдатна. Кацярына Дзмітрыеўна сваіх шасцікласнікаў пахваліла за работу над словамі і граматыкай, а затым прапанавала адпачыць. Настаў час фізкультхвілінкі. Дзеці зрабілі практыкаванні для вачэй, прагаварыўшы вясёлы англійскі вершык, і, атрымаўшы зарад добрага настрою, працягнулі работу.Пачаліся моўныя зносіны, гаварэнне, да якога настаўніца падвяла з дапамогай мазгавога штурму, спытаўшы ў сваіх вучняў пра любімую ежу, пра тое, дзе яны звычайна харчуюцца, ці наведваюць кафэ.
— We’ve learnt different kinds of food, but we still don’t know what your favourite food is. So, what is your favourite food? Where do you usually have your meals? Can you have your favourite dish at home or at the café? Do you often eat out with your family? Where do you usually go?
Аказалася, што дзеці ў кафэ ходзяць не часта, таму Кацярына Дзмітрыеўна запрасіла іх у кафэ падручніка:
— Now we are all going to the café. Open your books on page 139 Ex. 2a. Look at the two menus. Try to guess the names of the cafes on p. 138.
Listen to the conversations and put down what the people ordered at the cafes.
Listen again and tick off the phrases mentioned in the dialogue. Ex. 3a p. 139. Put them down on the board in the order they were used in the dialogue.
Вучні слухалі моўныя ўзоры і спрабавалі будаваць сваё маўленне самастойна. Пачалася работа над праектамі ў групах. Кожная група распрацоўвала меню для свайго кафэ, прыдумвала для яго назву, тлумачыла яе, абгрунтоўвала сваё меню. Пасля абароны праектаў настаўніца прапанавала групам абмяняцца сваімі меню і скласці дыялогі ў групах, каб патрэніраваць моўныя ўзоры і павучыцца гаварыць у кафэ. Нехта выступаў у ролі афіцыянта, а нехта быў кліентам, які робіць заказ.Уяўныя кафэ зачыніліся, і настаўніца разам са сваімі вучнямі пачала вызначаць, ці выканалі яны планы і мэты, пастаўленыя ў самым пачатку ўрока. Мэты ўрока былі дасягнуты.
Кацярына Дзмітрыеўна прапанавала сваім шасцікласнікам прадметную рэфлексію на разуменне матэрыялу ўрока ў выглядзе тэста.

Do a small test.
1. Which noun is uncountable?
a) cereal b) sweet c) sandwich
2. Which noun is countable?
a) pizza b) bacon c) vegetable
3. I don’t like sweet things, I eat … chocolate.
a) much b) little c) few
4. Jane’s on a diet. She doesn’t eat … bread.
a) much b) little c) few
5. You are late. There are … sandwiches left.
a) much b) little c) few
Як адзначыла настаўніца пасля, большая частка дзяцей прапанаваны тэст выканала без памылак. Толькі два чалавекі зрабілі па адной памылцы. І то, відаць, па няўважлівасці. Урок быў выніковым. Дзеці атрымалі свае заслужаныя “дзявяткі”, падзяку ад Кацярыны Дзмітрыеўны за добрую работу, запісалі дамашняе заданне і радасныя пабеглі на перапынак. Урок быў скончаны.

* * *

Усе, хто бывае на ўроках Кацярыны Дзмітрыеўны, адзначаюць спакойны і расслаблены стан яе вучняў. І я таксама гэта адчула. Усе працавалі зладжана і без унутранага напружання. Такая атмасфера — педагагічная тэхніка настаўніцы.— Я імкнуся заданні будаваць так, каб падвесці вучняў ад лёгкага да складанага без напружання. Заўсёды паказваю ўзор, па якім яны далей могуць працаваць самі. Мае вучні не адчуваюць псіхічных нагрузак, ім камфортна працаваць, а таму і запамінаецца лепш. У выніку задавальненне ад працэсу навучання атрымліваюць усе: і я, і мае навучэнцы. Адбываецца гэтакі ўзаемаабагачальны працэс.
Сённяшні ўрок быў камбінаваным. Была работа з карткамі, тэстам, падручнікам, прымяняліся аўдыя- і відэаматэрыялы. Я заўсёды стараюся, каб за 45 хвілін вучні маглі некалькі разоў мяняць від дзейнасці. Нельга ўвесь урок толькі вучыць словы, займацца граматыкай або толькі чытаць ці гаварыць. Пры пераключэнні з аднаго віду дзейнасці на іншы ў дзяцей адбываецца эмацыянальны пад’ём, які дазваляе не губляць цікавасці да ўрока і не адчуваць стомленасці.
Нельга навучыць гаварыць, калі дзеці не ведаюць слоў і не могуць пабудаваць сказ. Без ведання граматыкі гаварыць не навучыш. Апора на граматыку дае лепшы вынік, чым, напрыклад, адно гаварэнне на працягу ўрока з памылкамі, — адзначыла Кацярына Дзмітрыеўна.
Комплексны падыход да арганізацыі ўрока патрабуе адпаведнай падрыхтоўкі. Падручніка, натуральна, не хапае, бо ён разлічаны на тры гадзіны англійскай мовы ў тыдзень. У гімназіі замежная мова праводзіцца пяць разоў на тыдзень, таму падрыхтоўка картак, тэстаў, пошук дадатковай інфармацыі з’яўляюцца абавязковай умовай пры падрыхтоўцы да ўрока.
— Цяпер я працую ў 4-х, 6-х і 8-х класах. Вучні ў мяне матываваныя на паспяховае вывучэнне англійскай мовы, таму працаваць з імі прыемна і хочацца для іх рыхтаваць нешта новае. Усе вельмі любяць рабіць праекты, таму яны ў нас ёсць у кожнай тэме, прычым не па адным, а па два і болей. Вось васьмікласнікі нядаўна рабілі свае кнігі рэцэптаў.
Пэўную частку часу адводзім і на работу з тэкстамі. Чытаем і абмяркоўваем. Тут стараюся падбіраць тэксты невялікія і цікавыя па змесце. Паколькі ў тэкстах у асноўным ідзе гаворка пра Вялікабрытанію, заўсёды робім аналогіі з нашай краінай. Але стараюся ісці ад сказа да тэксту, а не ад тэксту да сказа, а тэксты падручнікаў у асноўным выкарыстоўваюцца для вывучэння новага матэрыялу, для пашырэння кругагляду навучэнцаў, — працягвала настаўніца.
Педагогіка Кацярыны Дзмітрыеўны вельмі адметная. Настаўніца любіць складныя тэмы, а дакладней, любіць іх рабіць неймаверна цікавымі:
— Нядаўна ў мяне быў адкрыты ўрок у 8 класе “Нацыянальныя валюты краін мовы, якая вывучаецца”. Гэтай тэмы ў падручніку няма, а ў праграме ёсць. Мы разам з дзецьмі разбіралі брытанскі фунт, канадскі, амерыканскі і аўстралійскі долары. Я падабрала невялікія тэксты, на аснове якіх вучні рабілі праекты. Знайшла цікавае відэа, дзе паказана, як сталела на грашовых купюрах каралева Лізавета. Калі яе выява з’явілася першы раз, то яна была яшчэ дзяўчынкай. Атрымаўся такі цікавы гісторыка-культуралагічны экскурс. Далей васьмікласнікі “зараблялі” грошы, адказваючы на пытанні віктарыны, а пасля “куплялі” сабе за іх падарункі. Гэта было якраз перад Новым годам.
У 2-й гімназіі Магілёва Кацярына Дзмітрыеўна Ляшчэвіч працуе першы год. Да гэтага яна была настаўніцай сярэдняй школы № 40 Магілёва, дзе сталела, набіралася вопыту і перамагала на конкурсе “Настаўнік года”. Калегі і адміністрацыя школы многаму яе навучылі, за што Кацярына Дзмітрыеўна вельмі ім удзячна.
Перайсці працаваць у гімназію прымусілі жыццёвыя абставіны, але за час працы Кацярына Дзмітрыеўна зразумела, што знайшла сваіх вучняў. Прычым яна не рабіла нейкіх спецыяльных захадаў, каб наладзіць з імі адносіны. Усё атрымалася само па сабе, і педагог арганічна ўлілася ў зладжаны вучнёўска-педагагічны калектыў гімназіі.
Хочацца павіншаваць Кацярыну Дзмітрыеўну і яшчэ раз падзякаваць ёй за ўрок, які дагэтуль дорыць адчуванне камфорту і пазітыву.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.