Антыстрэсавы чамаданчык, Ці што трэба ведаць для паспяховай здачы ЦЭ

- 13:44Образование, Приложение, Психолог в школе

Не за гарамі — май, а таксама першы ў жыцці сённяшніх адзінаццацікласнікаў цэнтралізаваны экзамен (ЦЭ). Педагог­-псіхолаг сярэдняй школы № 1 Лагойска Мінскай вобласці Алена Міхаленя распрацавала адмысловыя трэнінгавыя заняткі, якія дазволяць падлеткам справіцца са стрэсам перад іспытамі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

Рэпетыцыя без трывогі

Алена Міхаленя ў сярэдняй школе № 1 Лагойска працуе з 2015 года, мае першую кваліфікацыйную катэгорыю. Алена Уладзіміраўна скончыла ў 2010 годзе факультэт псіхалогіі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка (спецыялізацыя “Сацыяльная псіхалогія”). Акрамя таго, яна з’яўляецца крызісным псіхолагам, прайшла дадатковыя курсы і працуе па прафілактыцы суіцыдаў, з падлеткавымі траўмамі — пасля разводу бацькоў, іншымі крызіснымі сітуацыямі, гвалтам у адносінах да дзіцяці. 

— Рэпетыцыйны цэнтралізаваны экзамен праходзіў на базе нашай школы, — пачынае свой аповед пра стрэс ад экзамену і яго наступствы педагог-псіхолаг. — Сёлета ў нас два 11 класы — 25 і 26 навучэнцаў. ЦЭ таксама пройдзе ў нашай школе. Нам важна было высветліць загадзя, ці хвалююцца адзінаццацікласнікі перад экзаменам і пасля яго. Цікава, што асаблівага хвалявання, выразнай трывогі ніхто з дзяцей не паказаў. Думаю, што мы, дарослыя, нават больш за іх перажывалі, чым яны самі, што мяне здзівіла. Магчыма, гэта было таму, што экзамен быў рэпетыцыйным, дзеці ведалі, што ён асабліва ні на што не паўплывае. Хто ведае, як яны будуць сябе паводзіць на самім экзамене. Гэта пакажа жыццё.

З будучымі выпускнікамі Алена Міхаленя праводзіць работу на класных гадзінах. Падлеткі ўжо вызначыліся з прадметамі, якія будуць здаваць, і асаб­лівай трывогі не дэманструюць. Па меркаванні педагога-псіхолага, ім дапамагае лёгкі юнацкі максімалізм: дзеці ўпэўнены, што іспыты ім па сілах. А вось педагогі трывожацца, знаходзяцца ў стрэсавай сітуацыі, бо ЦЭ — гэта ацэнка іх працы.

З непрадказальным вынікам

Стрэс трывала ўвайшоў у жыццё сучаснага чалавека. Па словах педагога-псіхолага, стрэс — гэта дынамічны працэс паслядоўнага развіцця змяненняў у арганізме пры вострым ці хранічным экстрэмальным уздзеянні.

Экзамен — не проста праверка ведаў школьнікаў, а праверка ведаў ва ўмовах непрадказальнага выніку, — працягвае Алена Міхаленя. — Калі падлетак пры адной думцы пра экзамен адчувае пачуццё страху, няўпэўненасці ў сабе і трывогі, то такі стан называецца экзаменацыйнай трывож­насцю. У кожнага школьніка стрэс можа праяўляцца па-свойму — гэта залежыць ад узроўню стрэсаўстойлівасці канкрэтнага дзіцяці. Калі дзіця ўпэўнена ў сабе і сваіх ведах, яно паводзіць сябе спакойна. Калі ж веды добрыя, але трывожнасць павышана, а самаацэнка паніжана — дзеці праяўляюць стрэс, нер­вуюцца. Хлопчыкі часцей трымаюць усё ў сабе, яны больш стрыманыя. Дзяўчынкі ж могуць даволі выразна трывожыцца і паказваць сваю эмацыянальнасць.

Выдзяляюць тры фазы рэакцыі на стрэс. Першая — трывогі і напружання, калі чалавек пакутуе ад галаўных боляў, не здольны засяродзіцца, у яго здараюцца прыступы раздражняльнасці і неспакою. Другая — фаза супраціўлення, ці эустрэс (падтрымка намаганняў, якія прадпрымаюцца). Трэцяя фаза — знясілення (дыстрэс), калі пасля доўгага напружання зніжаецца здоль­насць арганізма супраціўляцца стрэсавай сітуацыі. Першая і другая фазы са­дзейнічаюць мабілізацыі ўсіх жыццёвых сіл чалавека, яго дзейнасць становіцца больш эфектыўнай і паспяховай. Трэцяя фаза вычэрпвае энергію арганізма, пачынаецца працэс разбурэння.

Дзелавы падыход

Трэнінгавыя заняткі для адзінаццацікласнікаў “Антыстрэсавы чамаданчык, Ці што трэба ведаць для паспяховай здачы экзамену” Алена Уладзіміраўна распрацавала яшчэ некалькі гадоў назад. Трэнінг дазваляе яго ўдзельнікам узяць пад кантроль эмоцыі і тры­вожнасць у працэсе здачы экзаменаў.

Чаму чамаданчык? Дзеці выконваюць заданні на трэнінгавых занятках і збіраюць сабе стосік рэкамендацый, парад і іншай карыснай інфармацыі. Атрымліваецца цэлы чамаданчык ведаў і ўменняў, як паводзіць сябе перад іспытамі, на экзаменах і пасля іх, пачынаючы з падрыхтоўкі да экзаменаў і заканчваючы тым, як апрануцца на іспыт, каб нікога не раздражняць сваім знешнім выглядам, — расказвае Алена Уладзіміраўна.

Няўжо знешні выгляд школьніка настолькі важны, пытаюся ў псіхолага. Алена Міхаленя раіць прыходзіць на экзамен у адзенні спакойных таноў, без занадта яркіх спалучэнняў і акцэнтаваных дэталей у касцюме. Важна заў­сёды памятаць пра пачуццё меры (нічога лішняга), а вось пасля экзамену можна апранаць, што душа пажадае.

“Галоўнае, каб у адзенні было камфортна і каб цябе ўспрымалі адэкватна, па-дзелавому, — падкрэслівае педагог-псіхолаг. — Экстравагантнасць тут не патрэбна”.

Шырока вядома, што неабходна зрабіць, каб плённа падрыхтавацца да іспытаў, — арганізаваць рабочую прастору, захоўваць рэжым дня і харчавання, гуляць на свежым паветры, спалучаючы разумовую працу з фізічнымі нагрузкамі, і г.д. Алена Міхаленя раіць адзінаццацікласнікам таксама звесці да мінімуму знаходжанне ў сацыяльных сетках і гаджэтах. Гэта, дарэчы, самае складанае. І гэта можна зрабіць толькі тады, калі дзіця зразумее, што для яго на цяперашнім этапе больш важна.

Экзамен у будучыню

Ужо праз пару месяцаў кожны з адзінаццацікласнікаў будзе стаяць перад дзвярамі ў кабінет, дзе пройдзе яго цэнтралізаваны экзамен, які вызначыць многае ў будучым жыцці выпускніка.

— Перад тым як зайсці ў кабінет, дзе праходзіць экзамен, трэба сказаць сабе: я абсалютна спакойны, — працягвае педагог-псіхолаг. — Для сябе я калісьці вывела формулу: задай сабе пытанне, навошта я сюды прыйшла (прыйшоў). Каб хвалявацца? Ці паказаць свае веды? І гэта добра дапамагае. Калі гэта вусны экзамен, ідзі адказваць адным з першых, каб не перагарэць. Каб зняць напружанне, думай пра сябе, што ты самы разумны і ў цябе ўсё атрымаецца. Некалькі разоў сцісні рукі ў кулакі і расслаб іх, пры павышанай трывожнасці дапамогуць простыя дыхальныя практыкаванні.

Выконваючы заданні, уважліва слухай настаўніка, пастарайся засяродзіцца і забыць пра навакольных. Чытай заданні да канца! Здараецца, што вучань “разумее” заданне па першых словах, а канцоўку задання дадумвае сам. Пакінь час на праверку. Калі экзамен вусны, то варта ўлічваць тэмперамент экзаменатара. Калі ён чалавек энергічны, то павольны і ціхі адказ вучня з вялікай колькасцю паўз можа яго расчараваць. Калі экзаменатар спакойны і ўраўнаважаны чалавек, ты рызы­куеш выклікаць у яго неўсвядомленае незадавальненне занадта жывой мімікай, жэстыкуляцыяй і гучным голасам. Усё добра ў меру.

Наталля КАСТЭНКА