Многія дзесяцігоддзі аддзяляюць нас ад вогненных часоў Вялікай Айчыннай вайны, якая даўно ўжо стала гісторыяй. Прайшло цэлае жыццё, сталі дарослымі ўнукі тых, хто абараняў Радзіму ад гітлераўскай навалы. Вялікая Айчынная вайна пакінула на бялыніцкай зямлі сотні помнікаў, абеліскаў, брацкіх могілак, буйных мемарыялаў.
У нашай установе адукацыі адным з кірункаў працы з моладдзю з’яўляецца грамадзянска-патрыятычнае выхаванне. Напрыканцы чэрвеня настаўнікамі і вучнямі была арганізавана патрыятычная акцыя па навядзенні парадку каля помнікаў, абеліскаў, брацкіх магіл на мемарыяльным комплексе “Сцефанова”, на месцы знішчанай гітлераўцамі аднайменнай вёскі.
Актывісты БРСМ Яна Носава, Карына Ходар, Аляксей Маслянкоў, Сяргей Станкевіч, Ігар Лапінскі, Хрысціна Чэчатава, Наталля Мураўёва, Аляксандр Буры навялі парадак на магіле Героя Савецкага Саюза партызана 600-га атрада Леаніда Дзмітрыевіча Лорчанкі ў вёсцы Антонавай Будзе, на мемарыяльным комплексе “Сцефанова”, каля помніка камсамольцам-падпольшчыкам у вёсцы Вялікі Трылесін.
30 чэрвеня, у дзень вызвалення Бялыніцкага раёна ад гітлераўскіх акупантаў, а таксама з нагоды Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, у Антонавай Будзе, каля магілы Героя Савецкага Саюза Леаніда Лорчанкі, адбыўся святочны мітынг, на якім выступілі настаўнікі школы, актывісты БРСМ. Затым каля помнікаў, абеліскаў, брацкіх могілак былі ўскладзены жывыя кветкі як даніна памяці тым, хто аддаў жыццё, абараняючы незалежнасць нашай Радзімы.
Анатоль МАРОЗАЎ,
настаўнік гісторыі Свяцілавіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Бялыніцкага раёна.