Апярэджваючы будучыню

- 11:50Брэстчына

Мабільнае і воблачнае навучанне — рэальна існуючая, а не тэарэтычная магчымасць, якую выкарыстоўваюць навучэнцы і педагогі Столінскага дзяржаўнага аграрна­эканамічнага каледжа. З дапамогай мабільных прылад яны атрымліваюць доступ да неабмежаваных адукацыйных рэсурсаў, абмяркоўваюць інфармацыю і дзеляцца ёй з іншымі, атрымліваюць падтрымку ад выкладчыкаў і сяброў, а таксама выбудоўваюць эфектыўныя камунікацыі. 

Дырэктар каледжа А.Р.Бут-Гусаім.

Па словах дырэктара ўстановы Андрэя Рыгоравіча Бут­Гусаіма, каледж мае цікавую гісторыю. Ён быў утвораны ў 1940 годзе як Столінская сельскагаспадарчая школа паляводаў і рахункаводаў. У распараджэнне навучальнай установы быў перададзены былы палац князя Радзівіла, размешчаны ў парку “Манькавічы”, а таксама ўсе падсобныя памяшканні, якія знаходзіліся на тэрыторыі гэтага парку, сад і пчальнік. У 1953 годзе школа была  рэарганізавана ў сельскагаспадарчы тэхнікум. Кантынгент навучэнцаў фарміраваўся шляхам субяседавання па дакументах аб адукацыі з ліку асоб, якія мелі вопыт работы ў прыватнай гаспадарцы і накіраваных на вучобу сельскімі саветамі. За час свайго існавання тэхнікум­каледж падрыхтаваў і выпусціў каля 23,5 тысячы спецыялістаў для аграпрамысловага комплексу.

Падрыхтоўка навучэнцаў вядзецца па спецыяльнасцях “Бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль”, “Эканоміка і арганізацыя вытворчасці” , “Правазнаўства”, “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій”,  “Аперацыйная дзейнасць у лагістыцы”. На сёння ва ўстанове вучацца 525 навучэнцаў, прычым амаль трэцяя частка з іх — за кошт уласных грашовых сродкаў. Што тычыцца завочнай формы навучання, то яна паступова адыходзіць у гісторыю. Праўда, яшчэ 112 чалавек атрымліваюць адукацыю па ёй. 30 працэнтаў навучэнцаў складаюць ураджэнцы Столінскага раёна, 70 працэнтаў — выхадцы з іншых раёнаў Брэстчыны і рэспублікі.

— Сярэдні бал залічаных сёлета ва ўстанову адукацыі навучэнцаў — 7,9. Прахадныя балы ў залежнасці ад спецыяль­насцей вар’іруюцца. Самыя высокія — на спецыяльнасці  “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій”, “Аперацыйная дзейнасць у лагістыцы”. 7 балаў — пропуск на платную форму навучання, 8 і вышэй — на бюджэтную, — адзначае дырэктар каледжа. —  Фарміраваць высокі прахадны бал дазваляе той імідж, які мы сфарміравалі за гады работы.

Удзельнікі прэс­туру мелі магчымасць азнаёміцца з выставай, на якой была прадстаўлена дзейнасць каледжа за апошнія гады. Асабліва вялікая экспазіцыя прысвечана рабоце ў галіне інфармацыйных тэхналогій. А ганарыцца ўстанове ёсць чым. Толькі за мінулы навучальны год  61 навучэнец удастоены дыпломаў пераможцаў і сертыфікатаў на міжнародным узроўні, 120 дыпломаў і сертыфікатаў заваявана на рэспубліканскім узроўні. 

Не кожная ўстанова адукацыі можа пахваліцца тым, што ў яе сценах пабываў прэзідэнт. Пра тое, што каледж у красавіку 1996 года наведаў А.Р.Лукашэнка, сведчыць падпісаны ім валейбольны мяч, які таксама быў прадстаўлены на выставе. 

— Сярод асноўных трэндаў, якія вызначаюць дзей­насць установы, — інавацыйнасць і развіццё (мы не стаім на месцы і пастаянна імкнёмся стаць лепшымі ва ўсіх аспектах нашай дзейнасці, быць на крок наперадзе, укараняючы сучасныя тэхналогіі ў адукацыйны працэс), камандны падыход (мы аб’ядналіся ў каманду, і наша мэта — фарміраванне прафесійных кампетэнцый будучых спецыялістаў ва ўмовах комплекснага метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу з улікам інавацый у адукацыі), партнёрства (мы супрацоўнічаем з установамі вышэйшай адукацыі па далейшай падрыхтоўцы спецыялістаў), — падкрэслівае Андрэй Рыгоравіч.

Сваёй дзейнасцю каледж разбурае стэрэатып наконт таго, што эканамічныя і юрыдычныя спецыяльнасці незапатрабаваны сёння, і даказвае адваротнае. Усе выпускнікі каледжа працаўладкоўваюцца. Прычым летась на спецыялістаў юрыдычнага профілю было пададзена 47 зая­вак, а выпускалася 25 чалавек. Каледж выпусціў 75 бухгалтараў пры пададзеных 112 заяўках. Практыка паказвае, што ўзровень замацоўвання выпускнікоў пасля двух гадоў работы на прадпрыемствах аграпрамысловага комплексу — больш за 80 працэнтаў.

Выпускнікі каледжа матываваны на бесперапынную прафесійную адукацыю і маюць магчымасць выбару ўстаноў адукацыі, у якіх могуць працягнуць навучанне, паглыбіць і ўдасканаліць узровень як тэарэтычнай, так і практычнай падрыхтоўкі па адпаведных спецыяльнасцях, развіць навыкі нестандартнага крэатыўнага мыслення ва ўмовах інфарматызацыі грамадства. У цяперашні час каледж узаемадзейнічае з шэрагам устаноў вышэйшай адукацыі: БарДУ, Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміяй, БДУ і інш.

Як адзначыў загадчык аддзялення эканомікі і права каледжа Генадзь Раманавіч Трапец, большая палова выпускнікоў каледжа ўсведамляе неабходнасць у папаўненні ведаў на працягу ўсяго жыцця, імкнецца да іх пашырэння, абнаўлення, развіцця сваёй асобы. У 2019 годзе з 167 выпускнікоў паступілі ва УВА 54% навучэнцаў. Аднак гэтая лічба не з’яўляецца канчатковай, бо ў цяперашні час завяршаецца набор абітурыентаў ва ўстановы вышэйшай адукацыі сельскагаспадарчага профілю па завочнай форме навучання, у тым ліку і скарочанай. Туды традыцыйна паступаюць выпускнікі каледжа.

Пасля заканчэння ўстановы яе выпускнікі выбіраюць розныя формы атрымання адукацыі, сярод якіх — дзённае і завочнае навучанне, скарочаны тэрмін атрымання адукацыі. У большасці выпадкаў выбар устаноў вышэйшай адукацыі вызначаецца геаграфічным палажэннем (блізкасцю да месца жыхарства), размеркаваннем вучняў, магчымасцю атрымання адукацыі ў скарочанай форме. З кожным годам працэнт паступлення выпускнікоў на дзённую форму скарачаецца. Як правіла, выпускнікі аддаюць перавагу завочнай форме атрымання адукацыі ў скарочаныя тэрміны. Доля такіх выпускнікоў складае каля 90 працэнтаў. Такі выбар тлумачаць тым, што па завяршэнні навучання ва УВА яны набываюць вопыт практычнай дзейнасці і маюць больш высокія перспектывы прафесійнага росту. Больш высокі працэнт паступлення ў Палескі дзяржаўны ўніверсітэт (28,8%), Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію (20%),  БрДУ імя А.С.Пушкіна (11,1%). Маніторынг прафесійнага росту выпускнікоў паказвае, што многія з іх не спыняюцца на ступені вышэйшай адукацыі, працягваюць прафесійную адукацыю і набыва­юць вопыт на больш высокіх узроўнях, дабіваюцца поспехаў у кар’ерным росце і г.д.

Вельмі актыўна каледж працуе ў плане развіцця інфармацыйных тэхналогій. Тут добра разумеюць, што цяперашняя моладзь — гэта так званае лічбавае пакаленне, якое вырасла ў новых умовах даступнасці інфармацыі, што дазваляе навучэнцам фарміраваць персанальны набор з тых рэсурсаў, якія выклікаюць давер, і выкарыстоўваць мабільныя тэхналогіі як на занятках, так і ў пазакласнай дзейнасці.

 На сёння ў каледжы налічваецца 87 персанальных камп’ютараў, аб’яднаных у лакальную сетку, з іх 47 выкарыстоўваюцца ў вучэбным працэсе, астатнія — у кіраўніцкай дзейнасці. Калі яшчэ некалькі гадоў назад праграмнае забес­пячэнне для розных адміністрацыйных працэсаў у каледжы імкнуліся распрацоўваць сваімі сіламі (напрыклад, былі створаны электронная сістэма “Вучэбная частка”, якая дазваляе бачыць увесь адукацыйны працэс, расклад кожнага выкладчыка, сістэма “Абітурыент”, якая дае магчымасць весці базу ўсіх абітурыентаў і інш.), то зараз выбрана іншая стратэгія: не вынаходзіць веласіпед, а прымяняць гатовыя інтэрнэт­дадаткі, камп’ютарныя праграмы. І тут ёсць свае перавагі: няма неабходнасці ў абслугоўванні распрацовак, у падрыхтоўцы педагогаў.

— Пытанне аб набыцці сучасных камп’ютарных класаў не ставіцца, бо мы не можам угнацца за часам. Мы мяркуем так: кожны навучэнец, які паступае да нас, павінен мець асабістую электронную прыладу — як правіла, гэта персанальны ноўтбук. І зараз больш за 80 працэнтаў навучэнцаў маюць іх, — расказвае дырэктар.

Ёсць шмат меркаванняў наконт выкарыстання мабільных прылад у адукацыйным працэсе, аднак педагогі каледжа перакананы, што гэта сродак, з дапамогай якога набываюцца новыя веды. На думку метадыста каледжа Ганны Мікалаеўны Кулага, выкарыстанне мабільных тэхналогій мае наступныя перавагі: персаналізацыя навучання, імгненная зваротная сувязь і ацэнка вынікаў навучання, навучанне ў любы час і ў любым месцы, забеспячэнне сувязі паміж фармальным і нефармальным навучаннем. “Інтэлектуальныя мабільныя прылады прапануюць навучэнцам вялікую свабоду: яны могуць прасоўвацца наперад ва ўласным тэмпе і кіравацца асабістымі інтарэсамі, што павышае матывацыю да навучання”, — адзначае яна.

Пры арганізацыі адукацыйнага працэсу па агульнаадукацыйных дысцыплінах выкладчыкі каледжа на сваіх занятках выкарыстоўваюць такія мабільныя дадаткі, як GeoGebra (бясплатная, кросплатформенная дынамічная матэматычная праграма для ўсіх узроўняў адукацыі, якая ўключае ў сябе геаметрыю, алгебру, табліцы, графы, статыстыку і арыфметыку ў адным зручным для выкарыстання пакеце), Google Maps (спадарожнікавыя інтэрактыўныя анлайн­карты), Human Anatomy Atlas (трохвымерны атлас па анатоміі), Space Images (малюнкі і відэа прасторы, зорак і планет). У арсенале педагогаў — Google Earth (віртуальны глобус), Geography Learning Game (геаграфічны дадатак для навучання ў гульнявой форме), “Chemik — круты інструмент хіміі” (дадатак для навучання хіміі), “айМалекула: Біялогія ДНК” (дадатак для вывучэння свету клетачнай біялогіі), Lingualeo (адукацыйная платформа для вывучэння і практыкі замежнай мовы, пабудаваная на гульнявой механіцы).

Выкладчыкі каледжа выкарыстоўваюць мабільныя тэхналогіі, якія паскараюць працэс ацэнкі вынікаў навучання і даюць магчымасць хутчэй адсочваць дасягнутыя поспехі. Сучасныя дадаткі дазваляюць забяспечыць стварэнне тэстаў і рэалізацыю аператыўнага кантролю ведаў навучэнцаў з дапамогай сеткавага праграмнага забеспячэння для ноўтбукаў, планшэтаў і смартфонаў. Найбольш распаўсюджаныя ўтыліты і сэрвісы, якія выкарыстоўваюць выкладчыкі, — Google­формы, LearningApps.org, Videouroki.net, Online Test Pad і інш. Так, Google­формы — анлайн­сэрвіс для стварэння форм зваротнай сувязі, дзякуючы якому можна право­дзіць апытанні і збіраць атрыманыя даныя ў табліцы бясплатна, LearningApps.org — дадатак для стварэння інтэрактыўных заданняў розных узроўняў складанасці: віктарын, крыжаванак, пазлаў і гульняў.  У адукацыйным працэсе выкладчыкі каледжа выкарыстоўваюць яго ў замацаванні матэрыялу і для выканання дамашняга задання. Videouroki.net  выкарыстоўваюцца педагогамі для стварэння тэстаў. Яшчэ адным шматфункцыянальным сэрвісам для тэсціравання і навучання з’яўляецца  Online Test Pad. Дзякуючы інтэрактыўным функцыям мабільных прылад, адказ можа быць атрыманы практычна імгненна.

Мабільныя прылады сціраюць межы паміж фармальным і нефармальным навучаннем. З іх дапамогай  навучэнцы з лёгкасцю знаходзяць дадатковы матэрыял, каб глыбей зразумець канцэпцыі, пра якія расказвалася ў аўдыторыі, што ў далейшым  дазваляе ім паспяхова праводзіць вучэбна­даследчыя работы. Так, на III Рэспубліканскім конкурсе маладзёжных праектаў “Інфармацыйныя і мабільныя тэхналогіі для адукацыйнага працэсу” ў ліку прызёраў у намінацыі “Лепшы інавацыйны праект навучэнцаў устаноў прафесійна­тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі” — мабільны дадатак для хуткага ўспрымання тэксту 4Read Ільі Архіпава.

— Мабільныя тэхналогіі павышаюць эфектыўнасць кіравання адукацыйным працэсам, а таксама якасць камунікацыі паміж адукацыйнымі ўстановамі, педагогамі, навучэнцамі і бацькамі. Эфектыўнае вырашэнне з дапамогай мабільных тэхналогій такіх задач, як улік наведвальнасці і выстаўленне адзнак, дазваляе выкладчыкам прысвячаць больш часу ўласна працэсу навучання. Мабільныя прылады спрашча­юць збор даных і павышаюць якасць кіравання працэсам навучання, — падкрэслівае А.Р.Бут­Гусаім.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.