У агульных інтарэсах

- 15:28Брэстчына

Чацвёрты раз гасцінная Брэстчына сустракала ўдзельнікаў прэс-туру, арганізаванага РВУ “Выдавецкі дом “Педагагічная прэса” і галоўным упраўленнем па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама ў рамках праекта “Творчае супрацоўніцтва і ўзаемадапамога ў сферы адукацыйных і інфармацыйных тэхналогій”. Падчас першых дзвюх паездак журналісты пабывалі ва ўстановах дашкольнай, агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі Брэста, Камянеччыны, Кобрыншчыны, Століншчыны, Піншчыны і Лунінеччыны. Чарговы прэс-тур стаў другім па ліку ў бягучым годзе. Сёлета супрацоўнікі “Настаўніцкай газеты” азнаёміліся з дзейнасцю ўстаноў прафесійнай адукацыі Брэста, Пінска і Століна. Паўсюль журналістаў чакала шмат новага і вартага ўвагі. Ва ўстановах адукацыі Брэстчыны ёсць на што паглядзець і чаму павучыцца. Тут заўсёды шмат цікавых тэм для публікацый.

Прэс-тур пачаўся з урачыстай цырымоніі падпісання абноўленага Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж РВУ “Выдавецкі дом “Педагагічная прэса” і галоўным упраўленнем па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама. Мера­прыемства праходзіла ў Брэсцкім дзяржаўным каледжы сувязі з удзелам кіраўнікоў устаноў прафесійнай адукацыі горада над Бугам.

— Сёння РВУ “Выдавецкі дом “Педагагічная прэса” аб’ядноўвае 6 друкаваных (“Настаўніцкая газета”, часопісы “Народная асвета” і “Спорт-Time”, газеты “Переходный возраст”, “Домой” і “Раніца”) і адно сеткавае (ng-press.by) выданне, — расказаў дырэктар РВУ “Выдавецкі дом “Педагагічная прэса” — галоўны рэдактар “Настаўніцкай газеты” В.А.Кнышаў. — З мэтай узмацнення ролі педагагічных СМІ ў грамадстве, удасканалення іх дзейнасці, павышэння эфектыўнасці ўзаемадзеяння з органамі кіравання адукацыяй і педкалектывамі ўстаноў адукацыі ўжо 7 гадоў паспяхова рэалізоўваецца праект “Творчае супрацоўніцтва і ўзаемадапамога ў сферы адукацыйных і інфармацыйных тэхналогій”, які прадугледжвае работу карэспандэнцкіх пунктаў у абласных цэнтрах, правядзенне прэс-тураў, выя­зных рэкламна-інфармацыйных акцый у рэгіёнах і інш. З цягам часу праект трансфармаваўся ў доўгатэрміновую праграму творчага супрацоўніцтва, якое няспынна развіваецца, пашыраецца і ўдасканальваецца. Сёння педагогі не толькі чытачы “Настаўніцкай”, але і яе актыўныя аўтары.

— Мы вельмі зацікаўлены ў інфармацыйных рэсурсах і інфармацыйным узаемадзеянні з педагагічнымі СМІ, — адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Ю.М.Прасмыцкі. — За час рэалізацыі праекта на старонках “Настаўніцкай газеты” істотна павялічылася колькасць матэрыялаў, прысвечаных сістэме адукацыі Брэстчыны, якая развіваецца дынамічна і вынікова. Толькі сёлета ў профільным выданні апублікавана каля 400 інфармацыйных нататак і артыкулаў з вопыту работы педагогаў, многія з якіх з’яўляюцца актыўнымі пазаштатнымі аўтарамі. І гэта без уліку матэрыялаў, падрыхтаваных журналістамі “Настаўніцкай газеты”. Адукацыйная галіна Брэстчыны дастойна прадстаўлена на яе старонках, у тым ліку дзякуючы дзейнасці карэспандэнцкага пункта ў Брэсцкай вобласці, які працуе з 2005 года. Гэта не толькі радуе, але і да многага абавязвае.

Прэс-тур — выдатная форма ўзаемадзеяння галіновага выдання з чытачамі, якая дазваляе наладзіць зваротную сувязь, пашырыць кантакты, геаграфію і тэматыку публікацый, пазнаёміцца з будучымі пазаштатнымі аўтарамі і журналістамі. “Настаўніцкую газету” мы лічым надзейным сябрам і дарадчыкам. А журналісты, упэўнены, бачаць у педагогах Брэстчыны не толькі ўважлівых і ўдзячных чытачоў, але і актыўных аўтараў. Спадзяюся, што падпісанне пагаднення актывізуе далейшае плённае супрацоўніцтва ў агульных інтарэсах, бо любыя зносіны патрабуюць перыядычнай рэвізіі і абнаўлення. Мы гатовы ўзяць на сябе пэўныя абавязацельствы па паляпшэнні дзейнасці карпункта ў Брэсц­кай вобласці.

— Сёлетнія прэс-туры прысвячаліся сістэме прафесійнай адукацыі, якая адыгрывае важную ролю ў эканамічным развіцці краіны, — расказала начальнік аддзела агульнай сярэдняй і прафесійнай адукацыі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама В.А.Шапавал. — Сёння на Брэст­чыне функцыянуе 31 установа прафесійнай адукацыі. Іх дзейнасць будуецца з улікам запытаў рынку працы і навучэнцаў. Структура і аб’ём падрыхтоўкі кадраў пастаянна ўдасканальваюцца, адкрываюцца перспектыўныя і запатрабаваныя спецыяльнасці і кваліфікацыі. У бягучым навучальным годзе ў ПТНУ і ССНУ вобласці прахо­дзяць падрыхтоўку больш за 16 тысяч юнакоў і дзяўчат па 94 кваліфіка­цыях і 34 спецыяльнасцях. Наладжана цеснае ўзаемадзеянне з заказчыкамі кадраў. Усе выпускнікі атрымліваюць накіраванні на работу.

З мэтай падрыхтоўкі канкурэнтаздольных выпускнікоў ва ўстановах прафесійнай адукацыі рэалізоўваюцца эксперыментальныя і інавацыйныя праекты. На базе 7 устаноў дзейнічаюць рэсурсныя цэнтры па 8 профілях вытворчага навучання.

У адукацыйным працэсе за­дзейнічана больш за 1,7 тысячы педагогаў. Іх прафесійны ўзровень дазваляе паспяхова выра­шаць многія прафесійныя задачы, пра што сведчаць перамогі навучэнцаў у конкурсах прафесійнага майстэрства. У розныя гады на рэспубліканскую Дошку гонару заносіліся Брэсцкі дзяржаўны каледж сувязі, Брэсцкі дзяржаўны каледж сферы абслугоўвання і Брэсцкі дзяржаўны гандлёва-тэхналагічны каледж, а на абласную Дошку гонару — Кобрынскі дзяржаўны прафесійны ліцэй сферы абслугоўвання.

Сярод перспектыўных напрамкаў — паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы ПТНУ і ССНУ, стварэнне рэсурсных цэнтраў, далейшая інтэграцыя прафесійнай адукацыі з прафесійнай падрыхтоўкай школьнікаў, пашырэнне ўзаемадзеяння сістэмы прафесійнай адукацыі з галінамі эканомікі і сацыяльнай сферы, у тым ліку праз аптымізацыю сеткі УПА, структуры і тэрмінаў падрыхтоўкі кадраў з улікам перспектыў сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў, павышэнне прафесіяналізму педагогаў і кіраўнікоў.

Падчас імправізаванай прэс-кан­­фе­рэн­цыі В.А.Кны­шаў і Ю.М.Прас­­мыц­кі адказалі на шматлі­кія пытанні педагогаў. Так, Ва­дзім Аляксандравіч прызнаўся, што вельмі цэніць у журналістах уменні слухаць, унікаць, бачыць, уражвацца і прафесійна расказ­ваць пра ўбачанае і пачутае, дзяліцца эмоцыямі. Юрыю Мікалаевічу падабаюцца творчыя, сумленныя і неабыякавыя журналісты, сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы, бо на іх ляжыць высокая сацыяльная адказнасць.

— Галоўнае ў публікацыях пра сістэму адукацыі — прафесійны погляд збоку для паказу і праблем, і дасягненняў. Мы вельмі цэнім “Настаўніцкую газету” як пляцоўку для гэтага, — заўважыў Ю.М.Прасмыцкі, які аддае перавагу аўтарскім матэрыялам педагогаў, што раскрываюць не толькі іх прафесійныя, але і асабістыя якасці.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.