Майстры на ўсе часы

- 15:02Брэстчына

Усе мы ведаем, што машына — гэта не раскоша, а сродак перамяшчэння. І ўсё ж, сёння чалавеку мала проста ехаць, хочацца знаходзіцца ва ўтульным салоне, слухаць музыку, карыстацца кандыцыянерам, парктронікам і яшчэ мільёнам прыстасаванняў, каб кожная паездка была ў радасць. Вось чаму канструктары не перастаюць удасканальваць аўтамабілі. Гэтак жа і з падрыхтоўкай спецыяліста. Калі адзін навучыўся толькі выконваць работу, а другі, акрамя неабходных уменняў, атрымаў яшчэ і шэраг дадатковых, надпрафесійных кампетэнцый, то другі работнік будзе больш канкурэнтаздольным на рынку працы. Такое параўнанне прыходзіць у галаву пры знаёмстве з работай Пінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа машынабудавання. Відавочна, што тут добра разумеюць патрэбы сучаснасці і імкнуцца не проста даць прафесію, а выхаваць кампетэнтнага прафесіянала з творчым, інавацыйным мысленнем.

Дырэктар каледжа Сяргей Фёдаравіч Палхоўскі.

Узначальвае ўстанову Сяргей Фёдаравіч Палхоўскі. У дзяцінстве яго запаветнай марай было стаць вадзіцелем аўтобуса. Мара збылася крыху інакш — ён кіруе ўстановай, дзе можна стаць вадзіцелем аўтобуса, і наогул любога транспартнага сродку. Ва ўстанове можна атрымаць права на кіраванне транспартным сродкам усіх катэгорый (акрамя мала запатрабаванай катэгорыі “А”). Каледж — адзіная ўстанова ў вобласці, якая цесна супрацоўнічае з Асацыяцыяй міжнародных аўтамабільных перавозчыкаў, рыхтуе вадзіцеляў-міжнароднікаў і ўзнагароджана Ганаровым дыпломам БАМАП як лепшая ўстанова, якая ажыццяўляе падрыхтоўку вадзіцеляў гэтай катэгорыі. 

Кадры вырашаюць

Дырэктар каледжа адзначае, што работа калектыву накіравана на вырашэнне галоўнай задачы — павышэнне якасці падрыхтоўкі рабочых і спецыялістаў з улікам патрабаванняў сучаснай вытворчасці і навуковых рашэнняў. Кіраўнік добра ведае, што ў гэтым пытанні “кадры вырашаюць усё”, таму заўсёды клапоціцца, каб у кале­джы працавалі  высокакваліфікаваныя прафесіяналы. Яму ўдалося сабраць добрую каманду дасведчаных спецыялістаў, здольных вырашаць самыя складаныя задачы.

Сёння ў каледжы на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі ажыццяўляецца падрыхтоўка слесараў па рамонце аўтамабіляў, кузаўшчыкоў, вадзіцеляў аўтамабіляў, электраманцёраў па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання, электра­газазваршчыкаў і электразваршчыкаў на аўтаматычных і паўаўтаматычных машынах, токараў, фрэзероўшчыкаў, слесараў-рамонт­нікаў, абіўшчыкаў мэблі, кавалёў ручнога кавання. На ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі ва ўстанове рыхтуюць тэхнікаў і аўтамеханікаў.

Заканамерна, што атрымаць добрыя кадры хочуць і прадпрыемствы. Важным напрамкам работы ўстановы прафесійнай адукацыі з’яўляецца ўмацаванне сувязей з заказчыкамі кадраў, пашырэнне ўзаемадзеяння з вядучымі прадпрыемствамі і арганізацыямі горада. З шэрагам арганізацый у каледжа заключаны дамовы аб супрацоўніцтве, установа атрымлівае заяўкі на падрыхтоўку рабочых кадраў, у адпаведнасці з патрэбай штогод карэкціруюцца лічбы прыёму, адкрываецца падрыхтоўка па  новых, запатрабаваных у рэгіёне  прафесіях. Для ўзмацнення ўзаема­дзеяння ў каледжы рэгулярна праводзяць сустрэчы з прадстаўнікамі арганізацый — заказчыкаў кадраў у фармаце адкрытага мікрафона “100 пытанняў прафесіяналу”. На сустрэчах абмяркоўва­юць пытанні працаўладкавання выпускнікоў на прадпрыемствы горада, павышэнне кваліфікацыйных разрадаў ва ўмовах вытворчасці, мэтавую падрыхтоўку навучэнцаў. Знаёмства з канцэпцыяй сучаснага прадпрыемства дапамагае навучэнцам пераканацца ў правільнасці выбару рабочых прафесій, што станоўча ўплывае на іх матывацыю да вучобы, а потым і работы.

Пільная ўвага дырэктара скіравана і на развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы, якая служыць спрыяльным асяроддзем для навучання і выхавання моладзі.

Заняткі ў творчым аб’яднанні “Глінка”.

Цуды тэхнікі

Сёння работадаўцы хочуць ба­чыць у маладых спецыялістах мабільнасц­ь, ініцыятыўнасць, камунікабельнасць, наватар­скае мысленне. Таму неабходна, каб у сценах каледжа навучэнцы  мелі магчымасць развіваць у сабе гэтыя якасці. Вось чаму тут актыўна вя­дзецца рацыяналізатар­ская дзейнасць, папулярызуецца тэхнічная творчасць. Дарэчы, добрым прыкладам для ўсіх у гэтым кірунку з’яўляецца кіраўнік установы — Сяргей Фёдаравіч, які распрацаваў шматфункцыянальны лодкавы прычэп, прызначаны для надзейнай транспарціроўкі лодкі да вадаёма і назад. Шэраг тэхнічных рашэнняў, якія дырэктар прымяніў пры вырабе прычэпа, значна паляпшае яго эксплуатацыйныя якасці. На абласным аглядзе інавацыйнай і тэхнічнай творчасці гэтая вынаходка была адзна­чана дыпломам І ступені.

Ёсць яшчэ шмат прыкладаў наватарскай дзейнасці ў каледжы. Так, навучэнцы сваімі рукамі сабралі электрасамакат і электралонгборд. Атрымалася значна танней, чым у магазіне. Дапамагаў навучэнцам  майстар вытворчага навучання Мікалай Анатольевіч Ігнатавец. Яшчэ а­дзін цікавы прыбор — сімулятар кіравання аўтамабілем. У адрозненне ад існуючых ана­лагаў, гэты прыбор цалкам імітуе вадзіцельскае месца ў аўтамабілі. Можна ціснуць на педалі, пераключаць перадачы і на маніторы назіраць, як ты “рухаешся” па вуліцы. Прыбор знайшоў прымяненне ў адукацыйным працэсе каледжа — яго выкарыстоўваюць пры навучанні будучых вадзіцеляў аўтамабіляў. Кіраўнік работы — Раман Мікалаевіч Касцюкоў.

Зусім іншы напрамак  творчасці развівае выкладчык Мікалай Аляксандравіч Мельніковіч. Разам з ім юнакі спасцігаюць сакрэты кавальскай справы. У руках майстроў расцвітаюць жалезныя ружы, нараджаюцца металічныя карункі. Юныя кавалі вырабляюць хатнюю і садовую мэблю, прадметы побыту, ліхтары, скрыні, мангалы. Гэтыя вырабы могуць упрыгожыць любы інтэр’ер або прысядзібную тэрыторыю. Яны карыстаюцца вялікай папулярнасцю. Напрыклад, пінскія каваныя вырабы аздабляюць сёння тэрыторыю НДЦ “Зубраня”.

Яркім адкрыццём каледжа стаў выкладчык  Сяргей Юр’евіч Шэлест, які запрашае ўсіх павучыцца ганчарнай справе. У аб’яднанні “Глінка” навучэнцы не толькі вучацца працаваць з гэтым матэрыялам, але і вывучаюць старажытныя традыцыі Палесся ў ганчарстве.

Сімулятар кіравання аўтамабілем, створаны навучэнцамі каледжа.

З навукай у будучыню

У каледжы ім­кнуцца ўсебакова развіваць навучэнцаў, даючы ім магчымасць паспрабаваць сябе ў розных відах дзейнасці, напрыклад, у навукова-даследчай рабоце. Выкладчыкі невыпадкова падтрымліваюць такі від дзейнасці: даследчыцкія кампетэнцыі прадугледжваюць, што чалавек не чакае перадачы ведаў у гатовым выглядзе, а вучыцца сам іх знахо­дзіць, што надзвычай актуальна ў сучасных умовах, калі веды патрабуюць пастаяннага абнаўлення. Цікавасць да даследаванняў у каледжы машынабудавання існуе даўно. Штогод ва ўстанове праводзіцца навукова-даследчая канферэнцыя “З навукай у будучыню!”, на якой навучэнцы прадстаўляюць вынікі сваёй дзейнасці. Даследаванні праводзяць як па агульнаадукацыйных прадметах, так і па прафесійных дысцыплінах. Напрыклад, на чарговай канферэнцыі, якая прайшла нядаўна, навучэнцы прадставілі работы, у якіх даследавалі рэкуперацыю газаў, вымяральныя прыборы ў машынабудаванні, прапаноўвалі спосабы ўтылізацыі адходаў работы аўтасэрвісаў, якія б не шкодзілі навакольнаму асяроддзю, і інш. Традыцыйна навучэнцы каледжа бяруць удзел у адкрытай Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі Беларусі “Паспяховы той, хто творыць”. Сёлета  дыпломамі былі адзначаны сем прадстаўнікоў каледжа. 

У 2019 годзе Пінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж машынабудавання  адзначыў 80-годдзе. Гэта найстарэйшая ўстанова прафесійнай адукацыі Брэстчыны і адна з найбуйнейшых. Сёння ў каледжы навучаюцца  620 чалавек.

Працуюць юныя кавалі.

Прафесіяналы перамагаюць

Прафесійнае майстэрства сёння — вызначальны фактар пры працаўладкаванні сучаснага выпускніка. Адзін са спосабаў удасканалення майстэрства — удзел у прафесійных конкурсах, бо такія мерапрыемствы — гэта не толькі магчымасць прадэманстраваць свае прафесійныя веды, уменні і навыкі, але і сапраўдная школа перадавога вопыту. Па гэтай прычыне педагогі і навучэнцы каледжа далучыліся да руху WorldSkills. На III Рэспубліканскім конкурсе WorldSkills Belarus — 2018 навучэнец каледжа Дзмітрый Мацейчык стаў бронзавым прызёрам конкурсу ў кампетэнцыі “Кузаўны рамонт”, Антон Пашковіч спыніўся за крок ад п’едэстала гонару ў кампетэнцыі “Зварачныя работы”. У гэтым годзе навучэнцы каледжа перамаглі таксама ў  Міжнародным конкурсе прафесійнага майстэрства Service Master Junior.

У Абласным конкурсе прафесійнага майстэрства па кваліфікацыі “вадзіцель аўтамабіля” каледж з’яўляецца абсалютным пераможцам на працягу многіх гадоў.

Гэтыя перамогі і наогул усе поспехі ўстановы пацвярджаюць, што ў кале­джы машынабудавання выбралі правільны курс: ва ўмовах хуткай зменлівасці нашага жыцця не толькі даваць научэнцам актуальныя навыкі, але і выхоўваць майстроў на ўсе часы.

Дар’я РЭВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.