Прывіваць любоў да дакладных навук, развіваць цікавасць да творчасці і фізкультуры — гэта толькі некаторыя з мноства аспектаў, на якіх засяроджана дзейнасць педагогаў Валожына. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Матэрыялы пра педагогаў Валожына час ад часу з’яўляюцца на старонках “Настаўніцкай газеты”, але супрацоўніцтва варта пашыраць і рабіць больш актыўным. З гэтым пагадзілася і начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Валожынскага райвыканкама Таццяна Крыкало.
“Нашым педагогам ёсць чым падзяліцца, — адзначыла Таццяна Мікалаеўна. — Што тычыцца “Настаўніцкай газеты”, заўсёды прыемна на яе старонках бачыць імёны сваіх калег. Вельмі падабаецца чытаць пра формы правядзення ўрокаў, метадычны вопыт. Часам, калі сустракаю цікавую інфармацыю, запісваю яе, каб пасля гэтыя ідэі рэалізоўваць і ў сваім рэгіёне”.
Сёння сістэма адукацыі Валожыншчыны працягвае ўдасканальвацца, умацоўваючы матэрыяльна-тэхнічную базу. У прыватнасці, напярэдадні абласных дажынак Мінскі абласны выканаўчы камітэт і Валожынскі райвыканкам дапамаглі з тым, каб абнавіць фасады навучальных устаноў, зрабіць унутраныя рамонты.
“Напрыклад, у дзіцячым садзе № 2 Валожына прыведзена ў парадак тэрыторыя, заменена надворнае абсталяванне, агароджа, зроблены прыгожыя сцежкі”, — паведаміла Таццяна Крыкало.
На мінулым тыдні завяршыўся капітальны рамонт дзіцячага сада № 3 Валожына. У ім зрабілі неабходную рэканструкцыю, замянілі дах, прывялі ў парадак фасад будынка.
“Івянецкая сярэдняя школа сёння можа пахваліцца найноўшым стадыёнам, — працягвае Таццяна Мікалаеўна. — Пры фінансавай падтрымцы абласнога ўпраўлення па спорце і турызме ў ёй з’явілася абсталяванне для правядзення ўрокаў фізкультуры, для дадатковых заняткаў спортам. Новыя бегавыя дарожкі, дзве пляцоўкі — баскетбольна-валейбольная, міні-футбольная, комплекс трэнажораў — гэта значна палепшыла якасць урокаў фізкультуры. Дзеці з задавальненнем займаюцца на ўсіх лакацыях. Фасад будынка Івянецкай сярэдняй школы таксама набыў новае аблічча, умацавалася яе матэрыяльна-тэхнічная база. Мадэрнізацыя закранула і Ракаўскую сярэднюю школу, Ракаўскі дзіцячы сад. Увогуле, будаўнічыя работы напярэдадні новага навучальнага года ішлі амаль ва ўсіх установах адукацыі горада і раёна”.
Начальнік упраўлення расказала і пра праекты, якія ў бягучым навучальным годзе будуць рэалізаваны ў школах горада і раёна. Самая знакавая падзея — адкрыццё ў сярэдняй школе № 1 Валожына авіяцыйнага класа. Валожын — адзін з сямі гарадоў Мінскай воблаці, дзе з’явіліся адпаведныя профільныя кірункі. Гэта стала магчыма дзякуючы падтрымцы Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі.
“У авіяцыйным класе займаюцца васьмікласнікі, — падкрэсліла Т.Крыкало. — Сёння гэта 20 дзяцей, якіх аб’ядноўвае захапленне самалётамі і небам. Школьнікі на павышаным узроўні вывучаюць матэматыку і фізіку. Таксама ў межах супрацоўніцтва з Акадэміяй авіяцыі прадугледжаны дадатковыя мерапрыемствы: вучні наведваюць як ваенныя, так і грамадзянскія палігоны, ездзяць на шматлікія экскурсіі. Дарэчы, міністр траспарту і камунікацый Аляксей Ляхновіч — наш выпускнік, таму ён узяў шэфства над школай”.
Яшчэ адна важная тэма, якая была закранута, гэта забяспечанасць кадрамі і профільнае навучанне. У жніўні на свае першыя рабочыя месцы прыйшоў працаваць 31 малады спецыяліст, 10 з іх — па мэтавым накіраванні. Што тычыцца профіляў, то ўсяго ў горадзе і раёне працуюць 11 педагагічных класаў, а ў Ракаўскай сярэдняй школе з верасня была арганізавана спартыўна-педагагічная група, у ёй захацелі вучыцца 9 школьнікаў.
“Аграрныя класы дзейнічаюць у пяці ўстановах адукацыі, — дадала Таццяна Мікалаеўна. — У гімназіі Валожына створаны 2 групы ваенна-патрыятычнага кірунку”.
Подых творчасці
Педагог дадатковай адукацыі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Ірына Згірская стварае ўнікальныя творчыя праекты. Сёння настаўніца працуе над панарамай Валожына.
Творчасцю Ірына Згірская пачала захапляцца ў дзяцінстве. Здольнасці дзяўчынкі да мастацтва заўважылі і яе педагогі, настаўнікі сярэдняй школы № 2 Валожына. Пасля гэтага не адно мерапрыемства ў школе не абыходзілася без таленавітай навучэнкі.
“Я малюю з 1 класа, — расказвае пра сябе педагог. — Усе плакаты, насценгазеты заўсёды рабіла з вялікім задавальненнем. І вельмі любіла наведваць гурток па маляванні. А яшчэ мне падабалася вучыць творчасці суседскіх дзяцей, стрыечных братоў. На лета нас заўсёды адвозілі ў вёску да бабулі, у яе збіраліся ўсе ўнукі. Калі мяне пакідалі за старэйшую і прасілі паглядзець за імі, без справы не заставаўся ніхто: адзін нешта выразаў, другі размалёўваў, трэці клеіў. Дарослыя ведалі, што на мяне можна разлічваць, бо ўмею зацікавіць малых. Бывала і так, што я прачынаюся раніцай, а нада мной ужо стаяць малодшыя браты, чакаюць, калі пойдзем нешта рабіць”.
Важным этапам творчага росту І.Згірскай стала вучоба ў мастацкай школе. На занятках дзяўчынка па-майстэрску спраўлялася з любым заданнем і ўсё больш захаплялася маляваннем.
“Вучыцца ў школе вельмі любіла, — працягвае расказваць настаўніца. — Неяк нам на лета далі дамашняе заданне: намаляваць 30 карцін. Я была ў вёсцы на канікулах, і мама вельмі позна прывезла мне фарбы для работы. Пра аркушы для малявання яна забыла, а ў вёсцы, якая знаходзіцца далёка ад горада, іх не знайсці. У выніку я намалявала толькі адзін твор. Здаць дамашняе заданне ў такім выглядзе не магла, было вельмі сорамна. Таму прыйшла ў школу і сказала, што ўсё ўмею і больш не буду наведваць заняткі. Як толькі выйшла за дзверы, адразу пашкадавала аб зробленым: мне так хацелася маляваць!”
Маляваць Ірына Згірская вярнулася на наступны дзень і з таго часу амаль не выпускае фарбы з рук. Пасля заканчэння школы дзяўчына паступіла ў БДПУ, дзе атрымала дыплом настаўніка малявання, чарчэння і народных промыслаў.
“Ва ўніверсітэце трапіла ў тое асяроддзе, якое натхняла і якога мне вельмі не хапала, — прызнаецца Ірына Аляксандраўна. — Ніна Вячаславаўна Пачынава, майстар па роспісе, аказала на маё станаўленне як на мастака і педагога вялікі ўплыў”.
Такое ж натхняльнае асяроддзе, якое спрыяе творчасці і новым ідэям, Ірына Згірская сёння стварае для дзяцей, якія прыходзяць маляваць у гурток “Самоцветы” Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Педагог упэўнена: узяўшы ў рукі пэндзаль і фарбы, можна адлюстраваць не толькі прыгажосць навакольнага свету, але і паказаць свае пачуцці і эмоцыі, перажыць іх.
Выкладаючы дзецям малюнак, педагог не забывае самаўдасканальвацца. У майстэрні Ірыны Згірскай акрылам амаль дапісана панарама Валожына. Яшчэ адно захапленне мастачкі — стварэнне макетаў архітэктурных аб’ектаў Валожына: касцёл, палацава-паркавы ансамбль Тышкевічаў — мініяцюрныя, але да дробязей дакладныя копіі гістарычна значных аб’ектаў уражваюць сваёй дасканаласцю. Што, акрамя цярпення і вялікага жадання, патрэбна, каб стварыць нешта падобнае?
“Для таго каб стварыць макет, выкарыстоўваю самыя розныя матэрыялы, — тлумачыць педагог цэнтра. — Сярод іх падложка пад ламінат, уцяпляльнікі сцен, пілавінне, пясок і інш. Перш чым нешта стварыць, падрабязна вывучаю гісторыю аб’екта і яго формы, тое, як і з чаго ён зроблены, што сабой уяўляе знутры, малюю аб’ект алоўкам на паперы. Мне важна, каб работа была абсалютным адлюстраваннем сапраўднай жывой формы, якую спрабую зрабіць. Нягледзячы на тое, што ў выніку атрымліваецца зменшаная копія, яна не мае права ў нечым саступаць арыгіналу. Архітэктуру я вельмі люблю, і мне падабаецца займацца адпаведнай работай”.
Ірына Згірская ўзгадала, што калісьці займалася лепкай і марыла стаць яшчэ і архітэктарам, але яе адгаварылі родныя. Час прайшоў, а думкі пра тое, што, паслухаўшы іх, адмовілася ад нечага важнага, дагэтуль не пакідаюць. Магчыма, надышоў час для таго, каб макеты выраслі?
І настаўнік, і камбайнер
Выхаваць у дзяцей любоў да заняткаў фізкультурай і спортам, а таксама да працы можна толькі на ўласным прыкладзе.
Настаўнік фізкультуры сярэдняй школы № 2 Валожына Сяргей Шаўлюк у гэтым упэўніўся даўно.
“Дзеці заўважаюць стаўленне педагога да свайго прадмета і паводзяць сябе гэтак жа ў адносінах да ўрока, — разважае настаўнік. — Гэта тычыцца не толькі заняткаў фізкультурай. Любоў да працы ў вучняў таксама з’яўляецца ў тым выпадку, калі яны бачаць добры прыклад”.
У настаўніцкай дзейнасці Сяргей Міхайлавіч аддае перавагу індывідуальнаму падыходу. Педагог упэўнены: толькі чуючы кожнае дзіця і разумеючы, чаго яно хоча, можна разлічваць на вынік. Дарэчы, акрамя таго, што выкладае фізкультуру, С.Шаўлюк выконвае яшчэ адну ролю — класнага кіраўніка.
“Сёння я класны кіраўнік у 8 класе, — працягвае настаўнік. — І гэта самы спартыўны клас, які мне трапляўся за гады работы ў школе. Бывае, што з усяго класа фізкультурай цікавяцца толькі некаторыя вучні. Але на гэты раз у мяне ўсе спартыўныя”.
Самы яскравы доказ слоў педагога — перамогі вучняў на раённых спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы, перамогі ў раённых спартакіядах.
“Сумяшчаць выкладанне фізкультуры і класнае кіраўніцтва не вельмі лёгка, — прызнаецца Сяргей Міхайлавіч. — Але гэта дазваляе яшчэ больш даведацца пра дзяцей, іх захапленні”.
На пытанне, ці можна да фізкультуры выхаваць такія ж адносіны, як, напрыклад, да хіміі ці матэматыкі, педагог адказаў, што гэта трэба рабіць, бо фізкультура — той прадмет, які вучыць клапаціцца пра сваё здароўе.
“Пра гэта нагадваю вучням пастаянна, — дадае настаўнік. — Калі бачу, што школьнік спартыўны, стараюся прыцягнуць яго да спорту. Зноў жа, раблю ўсё на ўласным прыкладзе: выходжу з дзецьмі на пляцоўку, гуляю ў баскетбол, валейбол, у настольны тэніс. Па суботах таксама займаемся разам з дзецьмі ў аб’яднанні па інтарэсах. У асноўным прысвячаем шосты школьны дзень заняткам валейболам”.
Акрамя фізкультуры і спорту, у Сяргея Міхайлавіча ёсць яшчэ адно захапленне, высакароднае! Больш як 35 гадоў ён летам працуе на камбайне. Любоў да такой працы прывіў бацька.
“Калі мне было 11 гадоў, тата ўзяў мяне памочнікам камбайнера, — успамінае выкладчык. — Але я працаваў толькі тыдзень, бо быў маленькі. Гэтага часу хапіла, каб палюбіў камбайн і працэс збору ўраджаю. Праз год я зноў выйшаў у поле. А калі вырас, ужо самастойна пачаў кіраваць тэхнікай. Атрымлівалася, што бацька працуе на адным камбайне, а я на другім”.
Гэтым летам да рэкорднай лічбы крыху не хапіла: Сяргей Міхайлавіч сабраў 930 тон збожжа. Але педагог не засмучаецца, бо за кожным паражэннем, якім бы яно ні было, абавязкова будзе перамога. І гэта яшчэ адно важнае правіла, пра якое настаўнік нагадвае сваім спартсменам.
“У спорце перамогі таксама здараюцца не адразу, яны спалучаюцца з паражэннямі, — заключае настаўнік. — Іх трэба ўмець прымаць, выносіць з гэтага ўрок для сябе і смела рабіць новы крок”.
Наталля САХНО
Фота аўтара і Алега ІГНАТОВІЧА