Сярод архітэктурных жамчужын Браслаўскага раёна выдзяляецца опсаўскі палац, узведзены ў пачатку ХХ стагоддзя. Падрабязна аб гэтым — у праекце карэспандэнта «Настаўніцкай газеты» «Нам засталася спадчына».
Для наведвання можна было выбраць іншыя аб’екты, тым больш што Браслаўшчына славіцца архітэктурнай разнастайнасцю. Аднак калі ўбачыў у інтэрнэце фотаздымак шыкоўнай каменнай лесвіцы, па якой калісьці прадстаўнікі знакамітага роду Плятэраў спускаліся да возера і слухалі ціхае шапаценне яго хваль, то зразумеў, што павінен пабываць у Опсе абавязкова. Па-першае, такой доўгай лесвіцы яшчэ не даводзілася бачыць на тэрыторыі былых шляхецкіх сядзіб (выключэннем з’яўляецца косаўскі палац Пуслоўскіх). Па-другое, у адрозненне ад таго ж Косава опсаўская лесвіца не зведала рэканструкцыі і знаходзіцца ў аўтэнтычным выглядзе.
Пасля Першай сусветнай вайны ў палацы размяшчалася сельскагаспадарчая школа. Тэрыторыя сядзібы літаральна патанала ў кветках, настаўнікі і вучні працавалі на агародах, у садзе. Сённяшні калектыў Опсаўскай сярэдняй школы працягвае справу папярэднікаў. Таксама настаўнікі актыўна даследуюць гісторыю сядзібы, лёс яе ўладальнікаў.
У краязнаўчых падарожжах часта бывае, што плануеш убачыць адзін аб’ект, а ў выніку наведаеш з добры дзясятак. Так было ў Друі, куды ехаў паглядзець у першую чаргу на Барысаў камень. Так адбылося і ў Опсе. Хацеў убачыць незвычайную лесвіцу, а сфатаграфаваў яшчэ і арачны мост з пажаўцелымі ад часу камянямі, азнаёміўся з прынцыпам работы халадзільніка ў даэлектрычную эпоху — так званай лядоўні-піўніцы. А яшчэ даведаўся, што краязнаўцамі могуць быць не толькі настаўнікі-прадметнікі, але і тэхнічныя работнікі школы. Але пра ўсё па парадку.
Пачнём з лесвіцы. Яна з’яўляецца неад’емнай часткай сядзібнага комплексу, закладзенага Плятэрамі ў пачатку мінулага стагоддзя. Дамінанта комплексу, безумоўна, мураваны палац. Калі апісваць яго мовай архітэктараў, то варта гаварыць так: “Узведзены ў стылі неакласіцызму ў 1904 годзе. Галоўны фасад звернуты на ўсход, аформлены порцікам з дзвюма калонамі. Дах палаца складаны, першапачаткова гонтавы, па баках ад порціка меліся люкарны. Спуск да возера на стромкім схіле аформлены каскадам лесвіц. Дзвярныя праёмы галоўнага ўвахода і выхада на тэрасу, а таксама два аконныя праёмы па баках ад іх мелі паўцыркульныя завяршэнні. Астатнія праёмы прамавугольныя. Праёмы дэкарыраваны арачнымі ліштвамі і пілястрамі. Сцены палаца руставаныя. Сядзіба была абнесена агароджай, аснова якой — каменныя мураваныя слупы. Пілоны галоўнага ўвахода завяршаліся каменнымі шарамі. Паміж пілонамі выкарыстоўваліся нахіленыя дубовыя штыкеціны”.
А цяпер паслухаем аповед намесніка дырэктара па гаспадарчай рабоце Опсаўскай сярэдняй школы Мікалая Міхайлавіча Петухова. Пра колішняе жыццё сядзібы мужчына расказваў з цеплынёй, лірычна: “Уявіце, што калісьці на возеры каля палаца заўсёды былі лодкі. Летнім вечарам гаспадары любілі спускацца па тэрасе, сядалі ў гэтыя лодкі і, узмахнуўшы вёсламі, адпраўляліся ў непрацяглае падарожжа па воднай гладзі возера. Яны слухалі плёскат хваль, вялі няспешную гутарку”. У гэты момант міжволі падумалася, што на Браслаўшчыну абавязкова трэба прыехаць яшчэ і летам. Тады таксама ўдасца паплаваць па возеры на лодцы, паслухаць плёскат хваль пад вёсламі.
— Побач з палацам захаваліся жылы флігель і некалькі гаспадарчых пабудоў. Злева ад галоўнага будынка знаходзіцца аднапавярховы флігель з бутавага каменю. Будынак драўляны, аднак галоўны фасад мае мураваную сцяну, да якой прымыкае мураваны тамбур з цэнтральным уваходам. Побач размешчана так званая піўніца, або лядоўня, з чырвонай цэглы, якая служыла для захоўвання напіткаў, малака, садавіны, агародніны. На высокім месцы стаяў так званы сталовы павільён. Ля самага возера была ўстаноўлена шкляная летняя дача, — пераняла эстафету-аповед настаўніца гісторыі Алена Уладзіславаўна Радзэвіч, якая працягвае краязнаўчыя традыцыі Опсаўскай сярэдняй школы, закладзеныя настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Вольгай Мечыславаўнай Мезінай.
Дарэчы, тое, як раней выглядаў палац, пакажуць старыя фотаздымкі або кадры з фільма “Зацішша”, знятага кінастудыяй “Беларусьфільм” у 1981 годзе па творах Івана Тургенева. У Опсе здымаліся сцэны пад дубам (гавораць, што да гэтага дрэва калісьці прывязваў свайго каня сам Напалеон або адзін з яго маршалаў), сцэны на тэрасе, пажар у сядзібе.
— Здымаўся фільм летам на працягу некалькіх тыдняў. У кадры трапілі палац Плятэраў, агароджа, лесвіца, возера і, канечне, самі жыхары Опсы. На здымкі фільма збіралася амаль уся вёска. А восенню ў сельскім клубе адбыўся бясплатны паказ. У памяшканні яблыку не было дзе ўпасці. Кадры з “Зацішша” маюць вялікую краязнаўчую каштоўнасць. Яны даюць уяўленне пра тое, як выглядала сядзіба на пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя. Сёння мы ўжо не пабачым дубовых штыкецін агароджы. Няма і дуба-патрыярха. А кадры фільма нібыта пераносяць нас у мінулае. А яшчэ даюць магчымасць задумацца над лёсам сядзібы, — падзялілася Алена Уладзіславаўна.
Зімой на Браслаўшчыне цікава. Але прыязджаць сюды лепш у цёплы перыяд года, калі азёры скідваюць белую коўдру з лёду і снегу і можна хоць суткі напралёт слухаць плёскат хваль — такі ж чароўны, як і аповед мясцовых настаўнікаў пра мінулае роднага краю.
Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара