Архітэктурную спадчыну паспяхова аднаўляюць у Іванаўскім раёне

- 12:00Родная земля

У нашай спадчыны пакручасты лёс. Многае захавалася, многае страчана, але многае аднаўляецца. Выдатным прыкладам адраджэння архітэктурных славутасцей з’яўляецца Іванаўскі раён. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Асаблівая атмасфера

Упершыню адноўленую ся­дзібу роду Ордаў я наведаў мінулым летам. Гэта была незабыўная экскурсія. Спёка, у чыстым блакітным небе спеў жаўрука, абапал гравійнай дарогі зялёная сцяна кукурузы. І раптам гэтая сцяна расступаецца і за паваротам з’яўляецца будынак, акурат як на малюнках нашага земляка, славутага мастака, кампазітара, педагога Напа­лео­на Орды. Першае адчуванне — ты ў ХІХ стагоддзі. Нягледзячы на выкарыстанне сучасных матэ­рыялаў, архітэктарам-рэстаўратарам удалося не проста адна­віць сядзібу, а пера­даць атмасферу далёкай эпохі, удала спалучыць будынак з мясцовым краявідам.

Утульную атмасферу сядзібнага дома стварылі ўжо работнікі Раённага музейнага комплексу імя Напалеона Орды. Памеры пакояў, дзвярныя праёмы, нават памеры і месца размяшчэння печак — усё, як на старым інвентары. Адзінае, чаго не ведаюць работнікі музейнага комплексу, — гэта прызначэнне кожнага пакоя. Напрыклад, вядома, што ў доме быў кабінет Напалеона Орды, але дзе канкрэтна ён знаходзіўся, ска­заць цяжка. Таму інтэр’ер — гэта ўжо вынік фантазіі музейшчыкаў. Але адноўлена ўсё з густам, шляхетна. У пакоях размешчана антыкварная мэбля. На сталах — партрэты прадстаўнікоў роду, кнігі таго часу, перададзеныя Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, копіі акварэлей Орды.

Па словах музейных экскурсаводаў, мастак пакінуў пасля сябе 1098 малюнкаў архітэктурнага пейзажу, каля 50 музычных твораў, два падручнікі. З гэтых малюнкаў 200 прыходзіцца на тэрыторыю Беларусі. Сярод цікавых экспанатаў — копія фотаздымка жонкі мастака Ірэны Багле на кані каля ганка сядзібы. Самы ўнікальны экспанат — ванна-самавар. А вось вучні, якія прыхо­дзяць сюды на экскурсію, заўсёды з цікавасцю разглядаюць незвычайнае крэсла для фарміравання роўнай паставы. Зроблена яно ў ХІХ стагоддзі, але ў стылі XVII стагоддзя.

Сядзібны дом Ордаў узведзены з дрэва ў другой палове XVIII стагоддзя. У ім перапляліся рысы барока і класіцызму. Будынак быў аднапавярховым пад ламаным дахам, з мансардай пад трохвугольным франтонам і двух’ярусным ганкам са слупамі. Адноўлены ў 2021 годзе.

Школьнікі, дарэчы, самыя частыя наведвальнікі сядзібы. Гэта невыпадкова. Як паведаміла намеснік начальніка аддзела па адукацыі Іванаўскага райвыканкама Галіна Рыгораўна Бінько, варацэвіцкая сядзіба адносіцца да аб’ектаў, абавязковых для наведвання ў рамках вучэбнай праграмы па некалькіх прадметах. Найбольш цесныя сувязі сядзібы склаліся з Варацэвіцкай сярэдняй школай. Згодна з планам супрацоўніцтва ўстановы адукацыі і музейнага комплексу, навучэнцы наведваюць гэтую ўстанову культуры не радзей, чым раз у чвэрць.

— З мэтай пашырэння ведаў пра родны край, яго гісторыю і культуру на базе музейнага комплексу настаўнікамі гісторыі праводзяцца ўрокі “Наш край”. Спецыялісты музея ла­дзяць экскурсіі, краязнаўчыя квесты, віктарыны. Музейныя ўрокі право­дзяцца з нагоды дзяржаўных свят, памятных і святочных дат, Года міру і стварэння, у рамках праекта “ШАГ”. Таксама на базе музея арганізоўваюцца выставы па тэме генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Сумесна з музейнымі работнікамі рэалізоўваўся сацыяльна-педагагічны праект “Памяць, якой не будзе канца…” у рамках праекта “Мінулых дзён жывая памяць”. Па выніках абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня ў намінацыі “Мы — нашчадкі Вялікай Перамогі” наш праект адзначаны дып­ломам ІІІ ступені, — паведаміў дырэктар Варацэвіцкай сярэдняй школы Міхаіл Іванавіч Міховіч.

Формулы прыгажосці

Таксама настаўнікі і вучні перадаюць у музейны комплекс матэрыя­лы даследчых работ. Прычым для работ выбіраюцца даволі арыгінальныя тэмы. На­прыклад, вучаніца Кацярына Бондар пад кіраўніц­т­вам настаўніцы матэматыкі Людмілы Мікалаеўны Сачавічык даследавала залатое сячэнне ў работах Напалеона Орды.

— У малюнках, прысвечаных, у прыватнасці, Нясвіжскаму замку Радзівілаў і варацэвіцкай ся­дзібе, праглядаецца такі элемент залатой прапорцыі, як залатая спіраль. На прыкладзе нясвіжс­кай работы добра бачна, што ў цэнтры спіралі ўзвышаюцца купалы цэнтральных будынкаў замка, затым уздоўж спіралепадобнай стужкі размяшчаюцца астатнія будынкі, а таксама ўзгорак, роў, пасадка, агароджа. На карціне, дзе адлюстравана варацэвіцкая ся­дзіба, цэнтрам спіралі з’яўляецца клумба, вакол якой па спіралі размешчана дарога і іншыя аб’екты. Напалеон Орда быў знакамітым мастаком яшчэ пры жыцці, але да сённяшняга часу яго асоба і дзейнасць застаюцца для нас таям­ніцай. Усё, што было створана гэтым чалавекам, гарманічна і падпарадкавана законам прыроды, формулам прыгажосці, — паведаміла вучаніца.

Дастойныя захавальнікі

Калі варацэвіцкай сядзібе Ордаў пашчасціла (страчаная ў віхуры стагоддзяў, яна адноўлена ў наш час), то родаваму гнязду Дастаеўскіх шанцуе менш. Па словах Сяргея Вячаслававіча Шпакоўскага, дырэктара Дастоеўскай сярэдняй школы, якая з 1971 года носіць імя Ф.М.Дастаеўскага, выдзяленне фінансавых сродкаў на аднаўленне сядзібы было нават прадугледжана бюджэтам Саюзнай дзяржавы, аднак нешта не атрымалася і пакуль што на месцы сядзібнага дома толькі рэшткі падмурка і памятны знак, устаноўлены мясцовымі ўладамі ў 2006 годзе.

Аднак дастоеўскія краязнаўцы не страчваюць надзеі, што ў іх краі з’явіцца такая ж архітэктурная славутасць, як і ў Варацэвічах, а колькасць жадаючых убачыць гэтую жамчужыну бу­дзе з кожным годам павялічвацца. Пакуль што пра род Дастаеўскіх, сувязь сусветна вядомага пісьменніка, класіка рускай літаратуры з гэтым куточкам Беларускага Палесся вам захапляльна раска­жуць у школьным літаратурна-края­знаўчым музеі. Дарэчы, адкрыты музей у 1982 годзе, а з 2004 года ён носіць пачэснае званне народнага.

— Сваім гасцям мы любім задаваць такое пытанне: “Як вы думаеце, што спачатку было: Дастоева або Дастаеўскія?” Многія думаюць, што ў гонар Фёдара Міхайлавіча наш аграгарадок атрымаў назву Дастоева. І вельмі здзіў­ляюцца, калі гаворым, што наадварот, — расказвае захавальнік фондаў музея Валянціна Ула­дзіміраўна Пуцыковіч. — Лічыцца, што наш населены пункт атрымаў назву ад слова “дастойнікі”, гэта значыць, майстры-рамеснікі. Упершыню згадваецца ў 1452 го­дзе. А пачатак роду Дастаеўскіх датуецца 1506 годам, калі пінскім князем быў выда­дзены прывілей Данілу Іванавічу Рцішчэвічу на валоданне землямі ў ваколіцах Дастоева. У сыноў Данілы Іванавіча ўжо было прозвішча Дастоеўскіх. Звярніце ўвагу: першапачаткова назва роду прамаўлялася з націскам на “о”. Мясцовыя жыхары расказваюць, што яшчэ ў 60-я гады ва ўрочышчы Сад знаходзілі рэшткі сядзібы Дастаеўскіх, аднак падчас меліярацыі яны былі знішчаны.

Як выглядала сядзіба больш за 250 гадоў назад, можна даведацца, калі паглядзець на макет. Ён размешчаны пры ўваходзе ў музейную залу, прысвечаную Фёдару Міхайлавічу Дастаеўскаму. Макет створаны былым кіраўніком музея Анатолем Іосіфавічам Бураком па звестках з інвентара 1754 года і старых карт. Гэтыя дакументы (іх копіі захоўваюцца ў музеі) якраз і могуць стаць асновай для аднаўлення сядзібы.

— Вызначальнай у рабоце нашай школы з’яўляецца тэма сувязі роду Дастаеўскіх з Дастоевам. Знакавым быў 2021 год, у які адзначалася 200-годдзе з дня нараджэння Фёдара Міхайлавіча. Велізарная праца была праведзена задоўга да юбілейнай даты. Па даручэнні старшыні Іванаўскага райвыканкама Анатоля Уладзіміравіча Ткачука была добраўпарадкавана школьная тэрыторыя, а таксама абсталяваны прэс-цэнтр, што дазволіла нам праводзіць не толькі школьныя мерапрыемствы, музейныя ўрокі, лекцыі, але і творчыя пляцоўкі, віртуальныя экскурсіі, майстар-класы настаўнікаў-прадметнікаў, відэаканферэнцыі, мерапрыемствы абласнога, рэс­публіканскага і міжнароднага значэння. У юбілейны год калектыў нашай школы заклаў алею ў парку аграгарадка. Але самая галоўная падзея праходзіла 11—12 лістапада. Гэта была міжнародная канферэнцыя “Асоба і творчасць Ф.М.Дастаеўскага ў кантэксце агульнакультурнай парадыгмы”. Несумненна, па­мяць пра гэтае мерапрыемства застанецца ў настаўнікаў і вучняў на ўсё жыццё і будзе выклікаць пачуццё гордасці за сваю малую радзіму, звязаную з імем славутага пісьменніка, — расказаў дырэктар школы.

Сапраўдным святам для школы з’яўляецца прыезд нашчадкаў Фёдара Дастаеўскага. Наладжаны сувязі з яго праўнукам Дзмітрыем Андрэевічам і прапраўнукам Аляксеем Дзмітрыевічам. У лютым Дастоева наведаў з сям’ёй Аляксей. А нядаўна, 12 мая, каля былой сядзібы Дастаеўскіх настаўнікі і вучні школ раёна заклалі дубовую алею. Адметна, што жалуды перадала сям’я Аляксея Дзмітрыевіча, а ўзяла іх на тэрыторыі Аляксандра-Неўскай лаўры, дзе пахаваны пісьменнік.

— Мы, дастоеўцы, ганарымся тым, што род геніяльнага пісьменніка каранямі сыходзіць у глыб Беларускага Палесся. Стараемся рабіць усё магчымае, каб пра Дастоева як пра выток роду Дастаеўскіх ведалі ва ўсім свеце, — адзначыла Валянціна Ула­дзіміраўна.

Актыўная краязнаўчая, мемарыяльная работа не застаецца незаўважанай. Дастоеўская школа ўдзельнічае ў міжнародных праектах. У адным з іх “Па слядах Дастаеўскага” В.У.Пуцыковіч заняла 2-е месца. Таксама яна стала лаўрэатам міжнароднага літаратурнага конкурсу “Ліст Дастаеўскаму”. Сярод пераможцаў прадстаўнікі Расіі, Аргенціны, Казахстана. У музея і школы шмат дасягненняў. Самым значным з’яўляецца беларускі турыстычны “Оскар”. Дастоеўская школа стала лаўрэатам рэспубліканскага конкурсу “Пазнай Беларусь”. За вялікі ўклад у вывучэнне і папулярызацыю творчасці Ф.І.Дастаеўскага і дасягненні ў галіне духоўна-маральнай культуры В.У.Пуцыковіч узнагароджана ордэнам “Зорка Дастаеўскага”.

І ўсё ж самай вялікай узнагародай для дастоеўскіх настаўнікаў і вучняў стане аднаўленне сядзібы роду Дастаеўскіх. Гэта будзе, сапраўды, дастойная ўзнагарода для дастойных захавальнікаў.

Партызанскімі сцежкамі

Выдатным прыкладам аднаўлення страчанай спадчыны з’яўляюцца не толькі Варацэвічы. Як паведаміла галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі Іна Віктараўна Масюк, такіх аб’ектаў у Іванаўскім раёне некалькі і адносяцца яны да розных гістарычных перыядаў. Калі сядзіба Ордаў — гэта ў асноўным ХІХ стагоддзе, то з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны звязана стаянка штаба Пінскай партызанскай брыгады ў ваколіцах вёскі Махро. Адметнасць гэтага аб’екта ў тым, што ён адноўлены па ініцыятыве і пры непасрэдным удзе­ле настаўнікаў і вучняў.

Падобны аб’ект чытачы “Настаўніцкай газеты” ўжо наведвалі ў нумары за 5 мая. Тады мы адправіліся ў Івацэвіцкі раён на знакамітую партызанскую Хаваншчыну — месца дыслакацыі падпольных абкамаў КПБ і ЛКСМБ, штаба партызанскага злучэння. Цяпер жа нас чакае прагулка па іванаўскіх лясах да ўрочышча Карасіна. Гэтыя дзве стаянкі аб’яднаны партызанскай тэматыкай. І там, і там можна ўбачыць адноўленыя зямлянкі, ваенныя і гас­падарчыя будынкі. Але наколькі розныя гэтыя мясціны! Калі Хаваншчына ўразіла як выдатны прыклад стварэння музейнай экспазіцыі пад адкрытым небам, то Карасіна — сваёй аўтэнтычнас­цю (тут захаваліся рэшткі партызанскіх акопаў і нават унікальныя партызанскія могілкі), а таксама душэўнасцю, бо экскурсію праводзіў непасрэдны ініцыятар аднаўлення гэтага аб’екта настаўнік геаграфіі Махроўскай сярэдняй школы Міхаіл Іванавіч Кунахавец. Аповед у яго атрымаўся цікавым, змястоўным і шчырым.

З 1943 па 1944 год ва ўрочышчы Карасіна базіраваўся штаб Пінскай партызанскай брыгады. Адноўлена стаянка па ініцыятыве і пры непасрэдным удзеле настаўнікаў і вучняў Махроўскай сярэдняй школы.

Запомніўся яшчэ адзін момант. Калі на Хаваншчыну я наведаўся ў канцы красавіка (тады яшчэ не дакучалі камары і машкара), то цяпер, у маі, ледзь толькі наша невялікая экскурсійная група выйшла з аўтамабіля, як камары тут жа накінуліся дружнай чарадой. Міхаіл Іванавіч, гледзячы, як госці актыўна адмахваюцца ад насякомых, з усмешкай сказаў: “Мы з дзецьмі ў гэты час хадзілі сюды ў трохдзённы паход. А ўявіце, як жылося партызанам!”

— Ідэя аднаўлення стаянкі ўзнікла, можна сказаць, выпадкова. У 2012 годзе праводзіўся трохдзённы турыстычны паход. Каб сумясціць прыемнае з карысным, мы з вучнямі вырашылі навесці чысціню на месцы размяшчэння штаба партызанскай брыгады. Далей кожны год падчас паходаў аднаўлялі па адной лакацыі. У першы год адну жылую зямлянку. У другі год — калодзеж з пітной вадой, а на трэці — частку абарончай траншэі. Далей работа вылілася ў сацыяльны праект “Адраджэнне подзвігу”. Удзельнічалі з праектам у конкурсах метадычнай літаратуры, конкурсе “100 ідэй для Беларусі”. Нашу ініцыятыву падтрымалі органы мясцовага кіравання, раённая ўлада. Цяпер пад іх кіраўніцтвам право­дзіцца далейшае аднаўленне лакацый на месцы стаянкі. Зроблена больш за дзясятак аб’ектаў, фартыфікацыйныя збудаванні, плануецца пашырэнне бытавой часткі лагера, — расказаў настаўнік.

Пасільную дапамогу аказва­юць і навучэнцы, аднак у асноўным іх работа заключаецца ў зборы краязнаўчай інфармацыі, рабоце з дакументамі. У 2019 го­дзе сумесна з су­дова-крыміналістычнай групай Пінска ўдалося ўстана­віць імёны чатырох партызан, якія былі пахаваны ў брацкай магіле як невядомыя, вызначаны месцы брацкіх пахаванняў мірных жыхароў і партызан у выніку правядзення нямецка-фашысцкімі акупантамі палітыкі генацыду. Таксама знойдзена месца пахавання партызан атрада імя Тадэвуша Касцюшкі і сумесна з пракуратурай Іванаўскага раёна было ініцыіравана абазначэнне месца пахавання, устаноўка памятнага знака. Адметнасць Іванаўшчыны ў тым, што тут дзейнічалі інтэрнацыянальныя партызанскія атрады. Беларусы, рускія, украінцы, палякі, чувашы разам змагаліся за вызваленне савецкай зямлі ад нямецка-фашысцкіх акупантаў. Пошукавая дзейнасць вучняў пад кіраўніцтвам Міхаіла Іванавіча Куна­хаўца працягваецца.

Адкрыццё новага турыстычнага аб’екта адбылося ў маі 2021 года. З аднаўленнем месца стаянкі штаба Пінскай партызанскай брыгады і правядзеннем на гэтым месцы ў пачатку чэрвеня ваенна-гістарычных рэканструкцый значна вырасла цікавасць да школьнага гісторыка-краязнаўчага музея. Па словах настаўніка, музей быў створаны 5 мая 1979 года. Першапачаткова ў ім была толькі адна зала. Пасля рэканструкцыі 2008 года адкрыта другая — мастацкая, прысвечаная Анатолю Паўлавічу Рубановічу. Гэта чалавек няпростага лёсу. У гады вайны ён выратаваў вёску ад знішчэння нямецкімі карнікамі, аднак быў абвінавачаны ў супрацоўніцтве з акупантамі. Вяртаннем яго доб­рага імені фактычна займаліся махроўскія настаўнікі і вучні.

Раздзелы музея прысвечаны археалогіі, этнаграфіі, гісторыі царквы, Першай сусветнай вайне, Вялікай Айчыннай вайне, партызанскаму руху на тэрыторыі Іванаўскага раёна, аднаўленню гас­падаркі ў пасляваенны перыяд, жыццю пры калгасах, гісторыі школы, воінам-інтэрнацыяналістам.

— Асаблівая ўвага — гісторыі партызанскага руху, бо Іванаўская зямля, а канкрэтна тэрыторыя Махроўскага сельсавета, у партызанскім жыцці краю адыгрывала ключавую ролю. Тут была вялікая партызанская зона, а з 1943 па 1944 год размяшчаўся штаб Пінскай партызанскай брыгады, — паведаміў Міхаіл Іванавіч.

Прыязджайце, азнаёмцеся. Не пашкадуеце!

У фондах школьнага музея (як і дастоеўскі, ён таксама мае званне народнага) захоўваецца найцікавейшы матэрыял па гісторыі махроўскага краю. Прыязджайце, азнаёмцеся. Не пашкадуеце! Калі вырашыце самастойна або з класам завітаць на партызанскую стаянку ва ўрочышча Карасіна, звярніцеся спачатку ў Махроўскую сярэднюю школу або ў аддзел па адукацыі. Вам абавязкова арганізуюць цікавую экскурсію, а яшчэ прапануюць для наведвання іншыя аб’екты Іванаўшчыны, сярод якіх будуць знакамітыя Варацэвічы і не менш славутае Дастоева.

Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара