Адбылося ўрачыстае адкрыццё фіналу рэспубліканскай ваеннапатрыятычнай гульні “Арляня”.
Праект рэалізуецца ў рамках Года гістарычнай памяці. Ён дапамагае ўдасканальваць сістэму патрыятычнага выхавання і ўзровень дапрызыўнай падрыхтоўкі навучэнцаў, садзейнічае фарміраванню актыўнай грамадзянскай пазіцыі ў моладзі.
— Вы з’яўляецеся лепшымі прадстаўнікамі ад абласцей і горада Мінска, прайшлі шматступеньчаты і няпросты шлях адбору, прадэманстравалі свае ваенныя, спартыўныя, інтэлектуальныя і творчыя ўменні. Гэта яшчэ раз падкрэслівае, што сёння сапраўдны патрыёт сваёй краіны з’яўляецца шматгранна развітым чалавекам. Вядома, у гульні пераможа наймацнейшы, але сёння вы ўжо з’яўляецеся пераможцамі! — звярнуўся з прывітальным словам да “арлянят” міністр адукацыі Андрэй Іванец.
Рэспубліканскі ваенна-патрыятычны праект “Арляня” стартаваў з адборачных тураў у лютым гэтага года. У сакавіку прайшлі раённыя і гарадскія гульні з удзелам 526 каманд, а гэта амаль 6 тысяч таленавітых хлопцаў і дзяўчат. У маі адбыліся абласныя і мінская гарадская гульні, дзе за шанс згуляць у фінале пазмагаліся 92 каманды.
Вельмі важна захаваць пераемнасць пакаленняў. Як адзначыла сакратар ЦС БРПА Аляксандра Ганчарова, на працягу 30 гадоў Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыяй праводзілася гульня “Зарніца”. Каб хлопчыкі і дзяўчынкі не страцілі сваіх навыкаў і ў далейшым умацоўвалі любоў да Радзімы, у мінулым годзе сумесна з Міністэрствам абароны, Міністэрствам адукацыі і БРСМ было прынята рашэнне правесці гульню “Арляня” для старэйшых школьнікаў.
У фінале каманды прадэманструюць свае ўменні, навыкі і веды ў ваенізаванай эстафеце “Час каманды”, конкурсе па страявой падрыхтоўцы “Кожны з нас у страі!”, конкурсе “Трапны стралок”, ваенна-спартыўным конкурсе “Мужнасць! Адвага! Гонар!”, ваенна-тактычнай гульні “Дарогамі пераможцаў”, конкурсе-прывітанні “Час моладзі”, інтэлектуальным квізе-турніры “Памятаем пра мінулае, ганарымся сучаснасцю, думаем пра будучыню!”, творчым конкурсе “Баявы лісток”.
— Да конкурсу мы рыхтаваліся каля 6—7 месяцаў, — расказвае ўдзельнік ваенна-патрыятычнай гульні і выпускнік Полацкага кадэцкага вучылішча Дзмітрый Трубкін. — Адбіраліся навучэнцы 10—11 класаў, якія былі першымі як у вучобе, так і ў фізічнай падрыхтоўцы. Ад конкурсу мы чакаем, вядома ж, перамогі. Мы рыхтаваліся кожны дзень на пляцы па 5—6 гадзін і ўпэўнены ў сваіх сілах. Яшчэ хочацца пазнаёміцца з усімі ўдзельнікамі, завесці як мага больш сяброўскіх сувязей.
Соф’я ЦЫКУНОВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.