Арт-аб’ект «Курган Славы» стварылі маладыя педагогі мінскай школы № 52

- 15:11Новости

Маладыя педагогі сярэдняй школы № 52 Мінска на вясновых канікулах наведалі Акадэмію адукацыі, дзе сустрэліся з рэктарам установы Ірынай Старавойтавай і прынялі ўдзел у пасяджэнні круглага стала па тэме «Пабудова адукацыйнай вертыкалі маладых педагогаў ва ўстанове адукацыі», паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Былі абмеркаваны пытанні прафесійнага развіцця маладых спецыялістаў праз сістэму бесперапыннага павышэння кваліфікацыі, перападрыхтоўку, праходжанне атэстацыі. Таксама разгледжаны магчымасці, якія прадастаўляюцца педагагічным работнікам для заняткаў навуковай дзейнасцю.

Настаўнікі даведаліся аб конкурсным руху для маладых педагогаў і азнаёміліся з электроннымі рэсурсамі музея Акадэміі адукацыі «Вучэбная кніга ў гісторыі адукацыі». Ва ўрачыстай атмасферы прарэктар па вучэбнай рабоце акадэміі Ірына Дзюба ўзнагародзіла 23 маладыя педагогі 52-й школы падзякамі і граматамі, уручыла памятныя падарункі за поспехі ў арганізацыі навучання і выхавання падрастаючага пакалення.

— Настаўнік павінен адпавядаць запытам сучаснага грамадства, — адзначыла намеснік дырэктара 52-й школы Таццяна Сікірыцкая. — У пабудове адукацыйнай вертыкалі маладых педагогаў у нашай установе пад кіраўніцтвам Аксаны Цуран дапамагаюць школа маладога настаўніка, наведванне адкрытых урокаў, удзел у конкурсным руху, павышэнне кваліфікацыі і інш. Сучасная школа павінна ствараць умовы для фарміравання ў пачынаючых педагогаў прафесійных кампетэнцый, патрэб у пастаянным развіцці і самаразвіцці, прафесійнай кампетэнтнасці.

Сярэдняя школа № 52 Мінска ўнікальная па сваім педагагічным складзе: больш за 70 % настаўнікаў — гэта маладыя людзі ва ўзросце да 35 гадоў. Установа стварае ўмовы для рэалізацыі інавацыйных праектаў маладымі таленавітымі педагогамі разам са сваімі навучэнцамі. Так, напрыклад, сёлета сіламі маладых настаўнікаў гісторыі, тэхнічнай працы і інфарматыкі Яўгена Агіевіча, Арцёма Кароткага, Сяргея Юрчанкі і іх навучэнцаў быў створаны арт-аб’ект «Курган Славы» да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэтыя педагогі разам са школьнікамі развіваюць стэндавы мадэлізм, прымяняючы адытыўныя тэхналогіі (3D-мадэляванне і шматслаёвы 3D-друк з дапамогай пластыку), ствараюць макеты арт-аб’ектаў і мадэлі архітэктурных збудаванняў.

Маладыя настаўніцы пачатковых класаў Мілана Міхайлюк і Дар’я Грыцэнка, а таксама інжынер-праграміст Святаслаў Радзюкевіч паспяхова рэалізуюць эксперыментальны праект па выкарыстанні робататэхнічных набораў пры стварэнні вучэбных праектаў як на уроках, так і ў пазаўрочнай дзейнасці. Настаўнікі матэматыкі, фізікі, рускай мовы і літаратуры, гісторыі, англійскай мовы Наталля Дзярабіна, Кірыл Шымановіч, Таццяна Рудазуб, Паліна Фёдарава рыхтуюць навучэнцаў да навукова-практычных канферэнцый, алімпіяд і самі з’яўляюцца пераможцамі конкурсаў не толькі ў раёне, горадзе, але і ў рамках міжнароднага супрацоўніцтва (Асацыяцыі школ Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь).

Настаўнік фізічнай культуры і здароўя 52-й школы Данііл Бурдзянкоў забяспечвае ўдзел дзяцей у спартыўна-масавых мерапрыемствах. Маладыя педагогі ўстановы — актыўныя ўдзельнікі грамадскага жыцця, пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота прадастаўлены сярэдняй школай № 52 Мінска