Арт-тэрапія для раўнавагі

- 14:57Выхаваўчая прастора

Сёння адна з самых актуальных праблем у рабоце педагогаў — гэта суправаджэнне дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Як ніхто, такія дзеці маюць патрэбу ў псіхалагічнай дапамозе, сяброўскай падтрымцы і простай чалавечай спагадзе. Педагогі нашай дашкольнай установы ў супрацоўніцтве з маладзёжным аддзелам Свята-Уладзіміраўскага праваслаўнага брацтва ужо пяты год запар бяруць пад валанцёрскую апеку дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, з сацыяльнага прытулку вёскі Лойкі Гродзенскага раёна.

Штомесяц нашы педагогі прыязджаюць у прытулак з маленькімі падарункамі, канцылярскімі прыладамі, ласункамі і… арт-тэрапеўтычнымі трэнінгамі. Такія трэнінгі распрацоўваюцца для гэтых дзяцей спецыялістамі з мэтай гарманізацыі ўнутранага стану, навучання сацыяльна прымальным спосабам выяўлення агрэсіі, актуалізацыі ўнутраных стваральных рэсурсаў асобы, навучання спосабам самапрэзентацыі і самапрыняцця, прафілактыкі суіцыдальнай рызыкі, навучання сацыяльна прымальным псіхалагічным абаронам і многімі іншымі.

З улікам інтарэсаў дзяцей падбіраюцца тэмы трэнінгаў. На “Рыцарскім трэнінгу” дзеці з аднаразовага посуду і газет робяць замкі, шчыты і мячы, а потым ладзяць імправізаваныя баі. На “Тыбецкім” — вельмі займальна расфарбоўваюцца мандалы, а потым выкладваюцца са шкляных рознакаляровых каменьчыкаў і ядомых цукатаў. Вялікую радасць прыносіць напрыканцы “разбурэнне” такіх ядомых мандал. Вельмі падабаецца малым трэнінг “Монстры з паветраных шароў”, які дапамагае сустрэцца са сваім унутраным агрэсарам, дзеці робяць яго з надзьмутых шарыкаў, а потым знішчаюць пры дапамозе згорнутай у трубачку газеты. На “Японскім трэнінгу” дзеці гуляюць на імправізаваных традыцыйных барабанах тайко, зробленых з фанеры і пустых пластыкавых бутэлек. З якім задавальненнем яны выяўляюць пачуцці на іх, імітуючы японскіх воінаў! Такія трэнінгі суправаджаюцца спецыяльна падабранымі тэматычнымі відэаролікамі і музыкай, якая адлюстроўвае розныя культуры. Усяго для дзетак з сацпрытулку нашы педагогі распрацавалі каля трыццаці трэнінгаў.

Дзеці чакаюць сустрэчы з намі і, па словах выхавальнікаў, доўга потым захоўваюць свае арт-тэрапеўтычныя прадукты, якія не толькі прыгожыя, але і дапамагаюць зразумець свой унутраны свет, свае асаблівасці, сваю ўнікальнасць.

Быць валанцёрам — вельмі радасна, бо радасць, падзеленая з кімсьці, памнажаецца ў сто разоў. Кожную суботу, праведзеную у сацпрытулку, мы пражылі не дарэмна.

Святлана РЭЗНІК,
выхавальнік-метадыст ясляў-сада № 77 Гродна.
Фота Кацярыны ЧАРАПАНАВАЙ.