“Адукацыя Брэстчыны — сфера міру і стварэння, ініцыятыў і магчымасцей” — пад такой назвай у горадзе над Бугам прайшла абласная жнівеньская педагагічная канферэнцыя, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Прадстаўнічаму форуму з удзелам намесніка старшыні Брэсцкага аблвыканкама Вадзіма Краўчука і старшыні Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Таццяны Якубовіч папярэднічала работа 6 тэматычных секцый, дзе абмяркоўваліся праблемы і задачы педкалектываў па розных кірунках дзейнасці, а таксама выстава педвопыту на 6 метадычных пляцоўках, дзе прэзентаваліся напрацоўкі і дасягненні школ, устаноў дадатковай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі.
Начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Наталля Каліноўская пачала выступленне на пленарным пасяджэнні з арганізацыі выхаваўчай і ідэалагічнай работы:
— У мінулым навучальным годзе ў сістэме адукацыі вобласці было праведзена каля 120 тысяч мерапрыемстваў у сферы ідэалагічнага і грамадзянска-патрыятычнага выхавання. Але галоўнае — не колькасць, а эфект ад іх. У Год міру і стварэння педагогі акцэнтуюць увагу дзяцей, прычым ужо з дашкольнага ўзросту, на паважлівых адносінах да гісторыі народа і захавання міру на Зямлі. У дапамогу бацькам распрацаваны даведнікі з маршрутамі выхаднога дня, адаптаваныя да дзіцячага ўспрымання. Паспяхова рэалізаваны праекты “Пісьмо пра Беларусь” і “Палёт жураўліка” сярод устаноў дашкольнай адукацыі Баранавіч. Даволі цікавымі і маштабнымі атрымаліся акцыі “Чытаем разам пра вайну” і “Сям’я ў кадры”.
Установы адукацыі адыгрываюць важную ролю ў рабоце з бацькамі. Але для павышэння яе эфектыўнасці, па словах Наталлі Каліноўскай, неабходна рэгулярна абнаўляць тэматыку сустрэч у “бацькоўскіх універсітэтах”, паляпшаць прававую культуру мам і татаў, больш актыўна далучаць іх да патрыятычных акцый. Надышоў час перагледзець формы работы з сям’ёй у цэлым.
Сярод прыярытэтаў — недапушчэнне рэвізіі савецкай гісторыі і скажэння праўды пра Вялікую Айчынную вайну. З гэтай мэтай праводзіцца шэраг тэматычных мерапрыемстваў з зацікаўленымі ведамствамі. Яркі прыклад — абласны конкурс “Памяць пакаленняў”.
У рабоце са школьнікамі актыўна задзейнічаны вайсковыя часці і падраздзяленні Узброеных Сіл Беларусі. Дзякуючы ім, у вобласці створаны 20 клубаў па ваенна-патрыятычным выхаванні, 7 цэнтраў патрыятычнага выхавання і 5 цэнтраў дапрызыўнай падрыхтоўкі. Сістэматызацыяй, абагульненнем і распаўсюджаннем эфектыўнага вопыту ў гэтым кірунку займаюцца 17 рэсурсных цэнтраў для педагогаў. Сёлета звыш 30 выпускнікоў ваенна-патрыятычных класаў вобласці скарысталіся льготамі пры паступленні ў сілавыя УВА. Наталля Каліноўская ўпэўнена, што істотны імпульс у гэтай дзейнасці надасць рэалізацыя праекта Рэспубліканскага патрыятычнага цэнтра ў Брэсцкай крэпасці.
— Важнае месца ў фарміраванні актыўнай грамадзянскай пазіцыі моладзі і пашырэнні вучнёўскага самакіравання займаюць школы міру, якіх у вобласці 25, — расказала Наталля Анатольеўна. — Гэта вельмі перспектыўны праект, бо ён не толькі прыцягвае да добрых спраў шмат валанцёраў з ліку юных міратворцаў, але і валодае магутным выхаваўчым рэсурсам. Сярод іншых адметных праектаў — “Школа актыўнага грамадзяніна”, гасцямі якога ўжо сталі больш за 920 цікавых персон.
На Брэстчыне склалася добрая традыцыя ўвекавечваць памяць пра выдатных гістарычных дзеячаў, чыё жыццё было звязана з рэгіёнам, у прысваенні іх імёнаў установам адукацыі. У мінулым навучальным годзе імянны статус атрымалі 11 школ, а ў новым да іх дададуцца яшчэ 6. І гэтая традыцыя будзе прадоўжана.
Парадавалі вынікі атэстацыі адзінаццацікласнікаў, якія сёлета ўпершыню здавалі цэнтралізаваныя экзамены: 95% выпускнікоў атрымалі на іх адзнакі, што карэлююцца з гадавымі па прадметах. Школьнікі паказалі 282 стабальныя вынікі, у тым ліку 11 — па 2 прадметах. Больш за ўсё максімальных сертыфікатаў у выпускнікоў школ Баранавіч, Пінска, Маскоўскага раёна Брэста, Столінскага, Лунінецкага і Іванаўскага раёнаў.
— Па-ранейшаму нявырашанай застаецца праблема нізкай выніковасці ўдзелу школьнікаў вобласці ў заключным этапе рэспубліканскай прадметнай алімпіяды, — заўважыла Наталля Каліноўская. — Сёлета на ёй атрымалі дыпломы 58 вучняў, што на 12 менш, чым летась. На жаль, на працягу многіх гадоў адсутнічаюць пераможцы заключнага этапу алімпіяды ў шэрагу ліцэяў і гімназій, арыентаваных на работу з высокаматываванымі дзецьмі.
Разам з тым не змяншаецца адток выпускнікоў школ у замежныя ўстановы адукацыі. Гэта патрабуе ад кіраўнікоў устаноў, асабліва ліцэяў і гімназій, павышанай увагі да прафарыентацыйнай работы.
— У мінулым навучальным годзе ў 31 каледжы Брэстчыны атрымлівалі рабочыя прафесіі амаль 8,7 тысячы юнакоў і дзяўчат, а больш за 4,6 тысячы — сярэднюю спецыяльную адукацыю, — паведаміла Наталля Анатольеўна. — Сёлета істотна актывізавалася работа па арганізацыі мэтавай падрыхтоўкі: каля 15% ад кантрольных лічбаў прыёму, што амаль удвая больш, чым летась.
З новага навучальнага года ўсе каледжы вобласці будуць удзельнічаць у рэспубліканскім эксперыментальным праекце па апрабацыі лічбавай мадэлі кіравання якасцю адукацыйнага працэсу. Павышаць якасную падрыхтоўку кадраў дапамагаюць 7 цэнтраў кампетэнцый, аснашчаных сучасным абсталяваннем.
Педагогі і навучэнцы каледжаў актыўна і вынікова выступаюць на конкурсах прафмайстэрства рознага ўзроўню. Так, па выніках V Рэспубліканскага конкурсу ProfSkills Belarus — 2023 каманда вобласці заваявала 10 медалёў.
— Разам з тым для далейшага развіцця і ўдасканалення прафесійнай адукацыі варта шукаць новыя формы і магчымасці ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы ССНУ і эфектыўнага ўзаемадзеяння з прадпрыемствамі — заказчыкамі кадраў, — падкрэсліла Наталля Каліноўская. — Акрамя таго, неабходна аптымізаваць аб’ёмы і структуру падрыхтоўкі спецыялістаў, рабочых і служачых, у тым ліку шляхам адкрыцця новых спецыяльнасцей, якія адпавядаюць запытам сучаснага рынку працы.
У сваім выступленні Наталля Анатольеўна не абышла ўвагай і кадравыя праблемы: недахоп педагогаў фізіка-матэматычнага профілю, педагогаў-псіхолагаў, сацыяльных педагогаў, выхавальнікаў і настаўнікаў пачатковых класаў. Іх дэфіцыт будзе вырашацца за кошт павелічэння педнагрузкі іншым педагогам, сумяшчальнікаў і асоб пенсіённага ўзросту.
— Выхоўваць сабе дастойную змену мы павінны праз педкласы, падбор будучых мэтавікаў, узмацненне прафарыентацыйнай работы з вучнямі і іх бацькамі. Самае галоўнае, каб кожны настаўнік запаліў агеньчык цікавасці да прафесіі хоць у адным вучні — і тады кадравая праблема ў нашай краіне будзе вырашана, а працаваць у школах будуць самыя лепшыя і паспяховыя, — лічыць Наталля Каліноўская.
Звяртаючыся да педагогаў, намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Вадзім Краўчук запэўніў, што кіраўніцтва рэгіёна ўдзяляе вялікую ўвагу адукацыйнай галіне, на якую прыпадае 30% абласнога бюджэту і дробязей у якой няма.
— Задач на новы навучальны год шмат, але ўсе яны цалкам вырашальныя, калі падыходзіць да справы прафесійна, адказна, дысцыплінавана і нераўнадушна. А яшчэ лепш падмацоўваць усё уласным прыкладам, — адзначыў Вадзім Краўчук.
Напрыканцы канферэнцыі лепшыя педагогі атрымалі граматы і падзячныя пісьмы аблвыканкама і галіновага прафсаюза, а таксама нагрудныя знакі “Выдатнік адукацыі Беларусі”. Сярод узнагароджаных — начальнік упраўлення па адукацыі адміністрацыі Ленінскага раёна Брэста Таццяна Савіч, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 27 Брэста Галіна Згера, выкладчыца інфарматыкі Баранавіцкага дзяржаўнага каледжа тэхналогіі і дызайну Таццяна Бегер, настаўніца пачатковых класаў Косаўскай сярэдняй школы імя А.Зайкі Івацэвіцкага раёна Ала Ляховіч і загадчыца Гарадзішчанскага дзіцячага сада Баранавіцкага раёна Ірына Маруцік.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота БелТА





