Путрышкаўская сярэдняя школа Гродзенскага раёна ўдзельнічае ў рэалізацыі інавацыйнага праекта па сацыяльна-педагагічным суправаджэнні непаўналетніх, што пражываюць у сем’ях з прыкметамі дэсацыялізацыі.
У цэнтры ўвагі
Асаблівай увагі сацыяльна-педагагічнай службы патрабуюць сем’і, у якіх дзеці атрымалі новы шанс на паўнавартаснае жыццё, — апякунскія. Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Наталля Казіміраўна Заліўка дзеліцца назіраннямі, якія паспелі назбірацца за гады работы.
— Зараз у нашай школе 8 такіх сем’яў. Многія з іх складаюцца з бабуль, якія ўзялі апеку над унукамі. На жаль, нават нягледзячы на жыццёвы вопыт, гэтым людзям патрэбны падказкі, як адаптаваць дзяцей да жыцця ў сям’і. Наша справа як школы — даць ім слушныя парады і дапамагчы сарыентавацца ў свеце сучаснага бацькоўства, — расказвае Наталля Казіміраўна. — Менавіта сям’я фарміруе ў дзіцяці запатрабаванне быць прызнаным, здольнасць суперажываць, несці адказнасць за сябе і іншых. Хочам мы таго ці не, а выхаванне дзіцяці аб’ядноўвае ў сабе ўсе сферы нашага жыцця. На жаль, у дзяцей, якія аддадзены на выхаванне ў апякунскія сем’і, ужо сфарміраваны пэўныя звычкі, каштоўнасці, уяўленні, звязаныя з сям’ёй, і не заўсёды яны станоўчыя. Большасць доўгі час пражывала ва ўмовах, не прыдатных для фарміравання здаровых уяўленняў аб сямейных каштоўнасцях.
Таму вельмі важна, лічыць Наталля Казіміраўна, паказаць дзецям годны прыклад сям’і, даць трывалыя станоўчыя мадэлі паводзін, якія яны забяруць з сабой у дарослае жыццё.
— Практыка паказала: сямейныя традыцыі ў новым доме — тое, што працуе на гэтую мэту найбольш удала. Стварэнне традыцый дазваляе хутчэй сацыялізаваць дзяцей і прызвычаіць іх да новага штодзённага жыцця. Хаця гэтыя дзеці жылі не ў вакууме, яны часта маюць вельмі скажонае ўяўленне аб самых простых побытавых з’явах. Для іх любое дзеянне, якое яны робяць у новай сям’і, — шчасце. Яны з захапленнем расказваюць на класных гадзінах, як гатавалі салат з мамай, як дапамаглі накрыць на стол, як слухаюць на ноч казкі. Тое, што для іншых дзяцей проза жыцця, для іх — сапраўдны падарунак лёсу, — працягвае спецыяліст. — І вельмі важна, каб апякунскія сем’і знаходзілі час на тое, каб займацца гэтымі простымі побытавымі рэчамі разам з дзіцем, гэта дапаможа яму хутчэй сацыялізавацца. Дзеці, якія трапляюць у кола станоўчых сямейных традыцый, становяцца больш камунікабельнымі, хутчэй уліваюцца ў новы калектыў, адчуваюць сябе ў класе сваімі і нармальнымі.
Пункт бяспекі
Фарміраванне сямейных традыцый стварае пазітыўны вобраз будучыні. Дзіця ведае, што наперадзе яго чакае нешта добрае: гульня ў снежкі з першым снегам, сумеснае сямейнае маляванне насценгазеты напярэдадні Новага года, паездка ў лес у сакавіку, паход у тэатр у нядзелю. Любая сумесная справа ў сям’і з’яўляецца падставай і магчымасцю для зносін, абмеркавання навін і проста добрых жартаў, што дазваляе лепш пазнаць і зразумець адно аднаго, збліжае ўсіх членаў апякунскай сям’і, стварае адчуванне еднасці і салідарнасці. Дзеці разумеюць: што б вакол іх ні адбывалася, побач абавязкова будуць астраўкі надзейнасці і бяспекі.
— Я вельмі радуюся, калі апеку бяруць поўныя сем’і, якія адказна падыходзяць да прыняцця ў сям’ю новага дзіцяці. Але часта апякунства — гэта не столькі свядомы, колькі вымушаны крок. Напрыклад, калі бабулі, якія самі не маюць станоўчага вопыту сямейнага жыцця, бяруць на выхаванне ўнукаў. Ім цяжка стварыць для дзіцяці пазітыўную мадэль сям’і, бо самі яе не атрымалі, яны па звычцы карыстаюцца тымі мадэлямі паводзін, якія не прынеслі плёну ў выхаванні ўласных дзяцей. Такім бабулям мы дапамагаем парадамі, запрашаем на сустрэчы, трэнінгі, тлумачым, што і як трэба рабіць. Вучым, напрыклад, чытаць ці расказваць маленькаму ўнуку казку перад сном, абмяркоўваць з ім прачытанае, бо неабходнасць такіх простых рэчаў не ўсім дарослым зразумела, — працягвае спецыяліст. — Радуе, што нават у сталым узросце людзі здольны мяняць мадэль паводзін: ёсць станоўчыя змены, да нас прыслухоўваюцца. Так, адна з бабуль-апекуноў нядаўна адправіла ўсіх дзяцей на экскурсію (яна прыняла на апеку 4 унукаў). Раней ёй бы проста не прыйшло гэта ў галаву.
Фарміраванне сямейных традыцый стварае пазітыўны вобраз будучыні. Дзіця ведае, што наперадзе яго чакае нешта добрае: гульня ў снежкі з першым снегам, паездка ў лес у сакавіку, паход у тэатр у нядзелю. Любая сумесная справа збліжае ўсіх членаў сям’і, стварае адчуванне еднасці і салідарнасці. Дзеці разумеюць: што б вакол іх ні адбывалася, побач абавязкова будуць астраўкі надзейнасці, якія дапамогуць выстаяць.
Першае правіла — святкаваць
Заклапочаныя жыццёвымі праблемамі, людзі часта вымушаны адмаўляцца ад святкаванняў — гэта ж не рэчы першай неабходнасці.
— Я тлумачу, што зрабіць перапынак у штодзённых клопатах і парадавацца асабліваму дню — важна. Пафарбаваць яйкі перад Вялікаднем, зрабіць з паперы сняжынкі на вокны — не патрабуе шмат намаганняў, затое колькі радасных эмоцый дорыць дзецям. А якое шчасце для дзіцяці адсвяткаваць свой першы дзень нараджэння ў сям’і! Нават калі ў апекуна няма сродкаў на дарагі падарунак, можна зрабіць свята запамінальным, калі проста абвесці ручку і ножку дзіцяці алоўкам на паперы, адзначыць яго рост на дзвярах, намаляваць для яго насценгазету, надзьмуць шарыкі, згатаваць яго любімую страву, павадзіць карагод — гэта элементарныя рэчы, якія зробяць свята асаблівым і запамінальным. У дзетак з апякунскіх сем’яў зусім іншыя каштоўнасці. Іх вельмі проста парадаваць. На любую дробязь яны адгукаюцца вельмі ўдзячна, — працягвае Наталля Казіміраўна.
Ёсць сем’і, дзе крэатыву не займаць. Ад іх нават педагогі вучацца новаму.
— Напрыклад, у нас ёсць сям’я, якая раз у два тыдні абавязкова некуды выбіраецца разам. У лес на прагулку, на экскурсію, у цырк, у бібліятэку… І дзеці памятаюць гэта і жывуць у чаканні новага паходу. У другой сям’і ёсць чароўная каробка, куды дзеці на працягу тыдня складваюць пажаданні, што хочуць рабіць у выхадныя. І ў нядзелю яны ўсёй сям’ёй складаюць план дня. Дзеці чакаюць кожную нядзелю як свята. І забяруць гэта з сабой у дарослае жыццё.
Традыцыі сумеснай працы
Але не толькі святочныя паездкі могуць стаць нагодай для радасці — сумесныя заняткі, нават нарыхтоўка на зіму агародніны, варэння, паход за грыбамі будуць крыніцай новых уражанняў. І дазволяць лепш прыглядзецца да дзіцяці, вызначыць яго моцныя і слабыя бакі, стварыць трывалыя сувязі.
— І вядома, варта прыслухоўвацца да школы, бо мы бачым дзіця з іншага боку, — працягвае Наталля Казіміраўна. — Напрыклад, у нас быў вучань з вельмі сумным жыццёвым вопытам і адмоўным прыкладам бацькі. Бабуля-апякун хацела, каб хлопец паступаў у Акадэмію МУС, аднак мы патлумачылі: ён жа неспартыўны, а там трэба здаваць фізічныя нарматывы. Затое хлопец быў вельмі працавіты. За тры гады мы з ім наведалі некалькі вучэбна-вытворчых камбінатаў, убачылі, што яму там цікава. Дырэктар школы напісала хадайніцтва, каб хлопец атрымаў мэтавае накіраванне, і ён паступіў у Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт. Нядаўна мы былі там на дні адкрытых дзвярэй, і нам хвалілі гэтага хлопца як аднаго з лепшых студэнтаў. Прыемна, што школа можа станоўча паўплываць на лёс дзіцяці, што нашы намаганні прыносяць вынік і апекуны прыслухоўваюцца да нас.
Віталіна НЕСЦЯРОВІЧ.
Фота з архіва школы.