Студэнцтва чатырох устаноў вышэйшай адукацыі Магілёва прадэманстравала свае здольнасці і майстэрства падчас абласнога этапу Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнскай і студэнцкай моладзі “АРТ-вакацыі”.
— “АРТ-вакацыі” — заўсёды асаблівая падзея для студэнтаў і педагогаў вобласці. Удзел у адборачных турах узялі больш за 250 чалавек. Было прадстаўлена мноства разнастайных нумароў. Наша студэнцкая моладзь творчая, таленавітая, ініцыятыўная. І гэта вельмі значна, што маладыя людзі сёння стараюцца праявіць сябе не толькі ў вучобе, але і ў калектыўных творчых справах, конкурсах, спартыўных спаборніцтвах, — адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Заблоцкі.
— Сёлетнія “АРТ-вакацыі” прысвечаны Году гістарычнай памяці. Мы хацелі нагадаць аб тым, што абавязак маладога пакалення — памятаць пра гераічнае мінулае свайго народа, пра нацыянальныя традыцыі. Але між тым традыцыі — гэта не нешта непарушнае, закансерваванае. Гэта тое, што пранікае ў нашу свядомасць, што падштурхоўвае на новыя здзяйсненні, на адкрыцці і творчыя пошукі. Гэта жывы гістарычны матэрыял у нашых руках. Зараз час новых традыцый. Фундаментальнасць традыцый ствараецца моладдзю, нашымі сучаснікамі. У гэтым глабальная ідэя фестывалю. І важна, што яна гучала з усіх канцэртных пляцовак у абласцях. У час творчага марафону па рэгіёнах мы таксама ўбачылі своеасаблівы сцэнічны музей студэнцкай творчасці, у якім адлюстроўваюцца ўсе вехі развіцця маладзёжнай самадзейнасці. На сцэну выходзілі калектывы, якія былі створаны ў 1945—1946 гадах і якія пачалі свой творчы шлях толькі летась. Гэта найлепшым чынам пацвярджае, што менавіта нашай моладзі і ўшаноўваць, і ствараць традыцыі, — расказала загадчык аддзела Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Алена Лаўрыновіч.
Магілёўскае студэнцтва заўсёды здзіўляла сваімі талентамі, і гэты фестываль не стаў выключэннем. Падчас гала-канцэрта канкурсанты з Беларуска-Расійскага ўніверсітэта, Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова, Магілёўскага інстытута МУС і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій стварылі для прысутных незабыўную атмасферу натхнення і крэатыву. Маладыя людзі выступалі на сцэне з яскравымі вакальна-харавымі, тэатральнымі, харэаграфічнымі нумарамі. Не займаць канцэртнай праграме было і жанравай разнастайнасці: народныя матывы змяняліся сучаснымі рытмамі, песні — танцамі, музыкай і выдатнай дэкламацыяй.
Абавязак маладога пакалення — памятаць пра гераічнае мінулае свайго народа, пра нацыянальныя традыцыі.
Кожнае з творчых выступленняў было непаўторным. Так, калектыў сучаснага танца EXCITE з Беларуска-Расійскага ўніверсітэта ўразіў гледачоў неверагоднай энергіяй, жвавасцю і імпэтам.
— У нашым калектыве 11 чалавек, апантаных харэаграфіяй. Танцуем у асноўным хіп-хоп. На сцэне “АРТ-вакацый” выступаем не ўпершыню. Такія пляцоўкі патрэбны моладзі, бо даюць магчымасць паказаць сябе, — падзяліўся ўдзельнік EXCITE Аляксандр Станкевіч.
Сваім выступленнем літаральна зачараваў прыстуных і вакальны ансамбль “Папараць-кветка” з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій.
— У ансамбля багатая гісторыя. Аснова рэпертуару — беларускія народныя песні. Мы не толькі адраджаем традыцыі, а і імкнёмся прыўнесці ў выкананне нешта новае. Спяваем народныя кампазіцыі ў сучаснай апрацоўцы. Зараз у складзе калектыву 15 маладых людзей. Для ўсіх творчасць — гэта не проста хобі, а справа для душы. Многія былыя ўдзельнікі пасля заканчэння ўніверсітэта працягваюць займацца самадзейнасцю, ужо працуючы на заводах і прадпрыемствах, — расказала кіраўнік ансамбля Кацярына Ганчарова.
Неверагодна пранікнёным быў нумар курсанта Магілёўскага інстытута МУС Антона Кавалёнка. Ён выступіў з дэкламацыяй верша К.Сіманава “Адкрыты ліст”.
— Моладзі трэба ведаць мінулае сваёй краіны. Асабліва важна захоўваць памяць аб героях Вялікай Айчыннай вайны. Такія людзі ёсць у кожнай беларускай сям’і. У мяне ваявалі два прадзядулі і дзве прабабулі. Трое з іх загінулі. Гэты твор Сіманава для выступлення выбраў мэтанакіравана. Хацеў данесці да гледачоў, што важна не толькі памятаць гісторыю, але і шанаваць сямейныя каштоўнасці. А наогул, сучасным маладым людзям трэба берагчы тое, што ёсць, і рухацца наперад, у будучыню, — упэўнены юнак.
Абласны этап “АРТ-вакацый” найлепшым чынам паказаў рознабаковасць творчых здольнасцей магілёўскай моладзі. А калі ўлічваць, што студэнты прадстаўлялі свае работы на праведзеныя ў рамках фестывалю рэспубліканскія конкурсы “Арт-партал”, “Аўтограф”, “Рэцытацыя”, то спектр іх талентаў расшыраецца яшчэ больш. І ўсе яны прыйшліся даспадобы журы і гледачам. Па выніках трыццаць удзельнікаў абласнога фэсту адзначаны пераможнымі дыпломамі. Лепшыя з іх у хуткім часе змогуць выступіць на фінальным гала-канцэрце ў сталіцы.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.