Аўтамабіль для лепшай настаўніцы краіны

- 10:27Актуально, Апошнія запісы

У чацвер у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі намеснік прэм’ер-міністра Васіль Жарко па даручэнні прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі ўручыў вялікага крышталёвага жураўля і ключы ад аўтамабіля пераможцы конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года — 2017” Святлане Румянцавай, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Баравухскай сярэдняй школы № 15 Наваполацка.

Віншуючы пераможцу, віцэ-прэм’ер адзначыў, што такая высокая ўзнагарода — знак пашаны і прызнання высакароднай педагагічнай працы, якая нязменна звязана з творчасцю і інавацыямі. У адказ Святлана Леанідаўна падзякавала за прызнанне і ўвагу. “Вельмі пачэсна і прыемна, што праца настаўніка ўшаноўваецца на самым высокім узроўні. Хочацца сказаць вялікі дзякуй усім, хто мне дапамагаў і падтрымліваў. Вялікі гонар — трапіць у лік лепшых настаўнікаў краіны”, — сказала пераможца, прымаючы ўзнагароду.

У цырымоніі ўзнагароджання прыняў удзел міністр адукацыі Ігар Карпенка, які таксама павіншаваў Святлану Леанідаўну і ўручыў дырэктару Баравухскай сярэдняй школы № 15 Наваполацка Ірыне Васіленка сертыфікат на набыццё інтэрактыўнай сэнсарнай сістэмы (мультыборда).

“Мы прынялі рашэнне, што школа, дзе працуе пераможца конкурсу “Настаўнік года — 2017” Святлана Румянцава, атрымае сертыфікат на камп’ютарныя сродкі навучання, якія будуць уведзены ў адукацыйны працэс, каб увесь педагагічны калектыў адчуў перамогу іх калегі на прэстыжным рэспубліканскім конкурсе. Сёння настаўнік вельмі часта сумяшчае ролю выхавальніка, часам нават і бацькоў, таму тое, кім вырастае маладое пакаленне, у многім залежыць ад настаўнікаў.

На конкурсе былі прадстаўлены лепшыя з іх. Прызы і ўзнагароджанні сёння не заканчваюцца. На працягу года многія школы, якія выставілі сваіх настаўнікаў на рэспубліканскі конкурс, атрымаюць у падарунак мультыборды”, — сказаў Ігар Карпенка.

Урачыстае ўзнагароджанне адбылося падчас рэспубліканскага семінара “Інавацыйнае развіццё — стратэгічны вектар адукацыі”. Вітаючы ўдзельнікаў семінара, Васіль Жарко адзначыў: “Цяпер у сістэме адукацыі ідзе сур’ёзная работа. Тут сабраліся лепшыя педагогі краіны, таму абмеркаванне надзённых пытанняў будзе прадукцыйным. Перакананы, што вынікам семінара стануць прапановы новых падыходаў, якія пойдуць на карысць развіцця сістэмы адукацыі нашай краіны”.

У рабоце рэспубліканскага семінара ўзяў удзел міністр адукацыі Ігар Карпенка, намеснік міністра Раіса Сідарэнка, кіраўніцтва Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, прадстаўнікі Нацыянальнага інстытута адукацыі, настаўнікі-метадысты, пераможцы конкурсу “Настаўнік года” розных гадоў, аўтары падручнікаў. Размова атрымалася разнастайнай і насычанай.

Гаворка ішла пра інавацыйнае развіццё адукацыі, развіццё інавацыйнай культуры сучаснага настаўніка, выкарыстанне інавацыйных тэхналогій. Гаварылі і пра развіццё школы ў інавацыйным рэжыме.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота БелТА.