Аўтапаязды для міжнародных перавозак выкарыстоўваюцца на адкрытых уроках ва Уздзенскім дзяржаўным каледжы

- 12:02Образование

Якія формы навучання і прафарыентацыйнай работы па падрыхтоўцы вадзіцеляў-міжнароднікаў прымяняюць ва Уздзенскім дзяржаўным каледжы, даведалася карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Дзеючыя аўтапаязды, што праехалі тысячы кіламетраў па ўсім свеце, цяпер пракладваюць маршрут у каледж дзякуючы вядучым транспартным кампаніям нашай краіны, якія з’яўляюцца базавымі для навучальнай установы.

— У час прафарыентацыі і вучобы навучэнцаў гэтыя аўтамабілі становяцца аб’ектамі вывучэння, расказвае Леанід Бесман, загадчык аддзялення па профілі адукацыі каледжа, у мінулым вадзіцель-міжнароднік. — Попыт на прафесію вадзіцеля-міжнародніка сярод моладзі ўзрастае з кожным годам. Паступаюць да нас падлеткі матываваныя, з добрымі адзнакамі пасля школы, прыязджаюць вучыцца з розных рэгіёнаў Беларусі. Значна пашырылася мэтавая падрыхтоўка, арганізаваная аўтатранспартнымі кампаніямі. І ўсё гэта на карысць справе. Сёння адбываецца пераарыентацыя лагістычных маршрутаў на новыя напрамкі, пашыраюцца пастаўкі тавараў, іншых аўтатранспартных паслуг, што патрабуе новых кваліфікаваных кадраў.

З улікам патрэб сферы міжнародных перавозак у каледжы ўдасканальваецца змест навучання, ідзе ўкараненне інфармацыйных тэхналогій, сучасных педагагічных метадаў і прыёмаў. Асноўная стаўка робіцца на практычнае навучанне будучых вадзіцеляў. Сумесна з базавымі аўтатранспартнымі прадпрыемствамі вядзецца пошук новых, нетрадыцыйных форм навучання і выхавання, каб развіваць цікавасць маладых людзей да выбранай прафесіі, пашыраць іх кругагляд у сферы міжнародных перавозак. А ў гэтым адной тэорыяй не абыдзешся. Для паглыблення практычных навыкаў у каледжы ўзялі за аснову праводзіць адкрытыя ўрокі, выкладчыкамі на якіх выступаюць прадстаўнікі аўтатранспартных кампаній розных прафесій — дыспетчары, механікі, вадзіцелі-міжнароднікі.

Амаль 14 гадоў назад дзякуючы сумесным намаганням «БАМАП» (Асацыяцыя міжнародных аўтамабільных перавозчыкаў), міністэрстваў адукацыі, транспарту і камунікацый, працы і сацыяльнай абароны ў сістэме прафтэхадукацыі пачалася падрыхтоўка кадраў для міжнародных аўтаперавозак. У гэтым Беларусь стала першай сярод іншых краін СНД. Будучых вадзіцеляў-міжнароднікаў рыхтуюць сёння ў васьмі ўстановах адукацыі нашай краіны. Сярод іх Уздзенскі дзяржаўны каледж, які, па сутнасці, стаў родапачынальнікам такой падрыхтоўкі і з кожным разам нарошчвае свае дасягненні ў навучанні і выхаванні.

Узаемадзеянне навучэнцаў і практыкаў дазваляе больш эфектыўна замацоўваць веды, быць бліжэй да рэальнага стану транспартнай сферы і яе развіцця на міжнародным рынку. Вядучым базавым прадпрыемствам каледжа з’яўляецца кампанія JENTY. Дзякуючы ёй установа адукацыі істотна нарасціла матэрыяльна-тэхнічную базу. У пераліку абсталявання, неабходнага ў вучэбным працэсе, з’явіўся рухавік MAN, сучасная каробка перадач, пярэдні і задні масты з падвескамі. Таксама каледж выкарыстоўвае ўзоры розных дакументаў, неабходных пры перавозцы грузаў.

А нядаўна тут наладзілі сувязь з ТАА «Інтэртракт». Кампанія мае сімулятар лічбавага тахографа, на ім наглядна і зразумела тлумачаць навучэнцам усе неабходныя дзеянні, якія раней асвойваліся толькі па падручніках. З уздзенскім каледжам супрацоўнічаюць таксама такія кампаніі, як «ПроЛив», «Примвэй», «Райзинг», гатовыя дапамагчы ў любой справе. Напрыклад, «ПроЛив» заўсёды прадастаўляе транспарт для перавозкі навучэнцаў на тыя ці іншыя мерапрыемствы.

Усе тэставыя заданні, абавязковыя кантрольныя работы ў рамках вучэбнага працэсу праводзяцца з дапамогай камп’ютараў. Кабінеты каледжа абсталяваны таксама сучаснымі мультыбордамі. З цягам часу праграмы і планы для навучання будучых вадзіцеляў-міжнароднікаў удасканальваюцца. Так, у прыватнасці, для паляпшэння якасці іх падрыхтоўкі цэлы спектр прадметаў, такіх як «Арганізацыя міжнародных перавозак», «Эксплуатацыя транспартных сродкаў», «Асновы мытнага заканадаўства», «Замежная мова ў прафесіі» і інш., быў аб’яднаны ў адну дысцыпліну «Арганізацыя і выкананне міжнародных перавозак грузаў». Колькасць гадзін на яе вывучэнне павялічылася да 130.

У метадычным забеспячэнні вялікую дапамогу каледжу аказвае вучэбны цэнтр «БАМАП-Веды». Яго метадычныя дапаможнікі напісаны лёгкай для засваення мовай. Дапаможная літаратура цэнтра выкарыстоўваецца і пры правядзенні заняткаў, якія арганізуюцца для майстроў вытворчага навучання і выкладчыкаў у рамках павышэння кваліфікацыі.

Асобна трэба сказаць аб экскурсіях для навучэнцаў, якія праводзяцца на прадпрыемствах транспарту. Яны дазваляюць паказаць асаблівасці функцыянавання ўсёй аўтатранспартнай кампаніі, а не аднаго яе падраздзялення. Моладзь даведваецца, як вадзіцелі атрымліваюць перад рэйсам неабходныя дакументы, як праходзяць КПП, як адбываецца загрузка таварамі машыны, а таксама знаёмяцца з зонай тэхнічнага абслугоўвання аўтамабіляў і прычэпаў.

Ала КЛЮЙКО
Фота з сайтаў «БАМАП» і Уздзенскага дзяржаўнага каледжа