Азарычы абновяцца. Комплексная рэканструкцыя закране і ўстановы адукацыі

- 9:12Новости

Разам з рэканструкцыяй мемарыяльнага комплексу вязням Азарыцкага лагера смерці ў Калінкавіцкім раёне запланаваны і маштабныя рамонтныя работы на аб’ектах інфраструктуры, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Даручэнні старшыні Гомельскага аблвыканкама Івана Крупко тычацца ў тым ліку работ па рамонце мясцовага дзіцячага сада, які цяпер наведваюць 76 выхаванцаў. Па ацэнцы галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама, установа можа прыняць яшчэ столькі ж. Аналагічная сітуацыя і па сярэдняй школе, дзе цяпер вучацца 152 школьнікі. Як адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Руслан Смірноў, праектная магутнасць школы — 450 чалавек:

Ёсць спартыўная і трэнажорная залы, на тэрыторыі — лёгкаатлетычны комплекс. На пасяджэнні па комплексным развіцці гарадскога пасёлка Азарычы вызначаны кірункі яго абнаўлення. Таксама вырашана зрабіць міні-поле для футбола.

Цяпер у Азарычах пражывае больш за 1,1 тысячы чалавек. Азарыцкі мемарыял — адзін са знакавых аб’ектаў Беларусі па захаванні гістарычнай памяці. Таму добраўпарадкаванне гарадскога пасёлка будзе праходзіць паралельна з рэканструкцыяй мемарыяльнага комплексу. Работы пачнуцца ў канцы сакавіка, а завяршэнне першага этапу запланавана на лістапад 2023 года. Дарэчы, сабраныя на абласным суботніку жыхарамі Гомельскай вобласці больш як 3 млн рублёў пойдуць на рэканструкцыю мемарыяльнага комплексу ў Азарычах.

Як адзначыла дырэктар Азарыцкай сярэдняй школы Таццяна Цяцерыч, установа адукацыі заснавана 5 кастрычніка 1865 года. Сучасны будынак пабудаваны ў 1959 годзе. Акрамя вучняў з гарадскога пасёлка, сюды падвозяць 39 дзяцей з вёсак Лясец, Вялікія Літвінавічы, Казанск і Чырвоная Слабодка.

У рамках праекта мадэрнізацыі сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь быў праведзены капітальны рамонт даху будынка школы, спартыўнай залы і кабінета біялогіі. Адукацыйны працэс ва ўстанове адукацыі ажыццяўляе педагагічны калектыў з 27 педагогаў. Пастаянна ўдасканальваецца матэрыяльная база нашай установы адукацыі. Сёння ў нас 15 абсталяваных вучэбных кабінетаў, спартзала, трэнажорная зала, пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, спартыўныя пляцоўкі, вучэбна-доследны ўчастак.

Варта адзначыць, што на прышкольным участку дзеці далучаюцца да работы на зямлі, а вучэбная практыка ў вытворчай брыгадзе дазваляе вырашаць пытанні патаннення харчавання ў школьнай сталовай і папаўняць пазабюджэтны рахунак на значныя сумы, — расказала Таццяна Цяцерыч.

Ірына АСТАШКЕВІЧ