Азарычы, Юравічы… У знакавых мясцінах беларускай гісторыі варта пабываць кожнаму з нас

- 13:09Репортаж, Родная земля

З багатай гісторыка-­культурнай спадчынай Калінкавіцкага раёна мы знаёмы яшчэ са школы. Ведаем і пра Азарычы, і пра Юравічы. Каб дапоўніць нашы веды, карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” прапаноўвае адправіцца ў знакавыя для беларускай гісторыі мясціны.

Скрадзенае дзяцінства

У юбілейную гадавіну вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў пачнём падарожжа з Азарыч, дзе на месцы сённяшняга мемарыяльнага комплексу ў сакавіку 1944-га нацысты стварылі адзін з самых жудасных канцлагераў: з амаль 50 тысяч мірных грамадзян, якія там утрымліваліся, загінулі больш за 20 тысяч. А гэта жанчыны, дзеці, старыя. Памерлі яны пакутніцкай смерцю: на снезе, пад адкрытым небам, без вады і ежы, ад сыпнога тыфу. Нават пасля вызвалення Азарыч воінамі 65-й арміі 1-га Беларускага фронту ў многіх вязняў (у асноўным дзяцей) не знайшлося фізічных сіл для аднаўлення, яны паміралі ў шпіталях.

“У гэтым лагеры я бачыў шмат дзяцей ад 1 да 3 гадоў без бацькоў, і знаходзіліся яны пад адкрытым небам пры вельмі нізкай тэмпературы. Амаль усе яны праз пэўны час пачыналі паміраць”, — расказваў Аркадзь Пятровіч Цітоў. А гэта ўжо словы Марыі Яфімаўны Малаковіч: “Я страціла траіх дзяцей, якія памерлі ад голаду і холаду. Сама іх хавала: рукамі выкапала ямкі”. Вось што ўзгадваў Канстанцін Сідаравіч Гаўрыленка: “Каб мы не замерзлі, маці клала нас на трупы”.

Гэта толькі некаторыя (прычым самыя стрыманыя) успаміны. Усяго іх запісана некалькі дзясяткаў. І значную частку сабраў краязнавец, былы настаўнік гісторыі, дырэктар Азарыцкай сярэдняй школы Уладзімір Лазаравіч Макатроў.

— У многім дзякуючы яму мы сёння захоўваем памяць пра гэтую трагічную старонку нашай гісторыі. Уладзімір Лазаравіч пачаў працаваць у Калінкавіцкім раёне ў 1950-я гады. Гаспадар, у якога ён кватараваў, часта ўзгадваў ваенны час, расказваў пра лагер смерці. Уражаны аповедамі, педагог даследаваў балота, на якім нямецкія салдаты трымалі людзей. Гэта ён знайшоў брацкую магілу вязняў, і менавіта па яго ініцыятыве на месцы магілы быў устаноўлены абеліск, — расказвае дырэктар Азарыцкай сярэдняй школы Таццяна Пятроўна Цяцерыч.

Успаміны былых вязняў, запісаныя ад рукі піянерамі і камсамольцамі пад кіраўніцтвам Ула­дзіміра Лазаравіча, сёння можна прачытаць на чорных мармуровых плітах сімвалічнай вежы памяці на мемарыяле. Праходзячы праз гэтую вежу, трапляеш на аглядную пляцоўку, размешчаную насупраць балота, на якім у сакавіку 1944-га гінулі жыхары Гомельскай, Магілёўскай, былой Палескай, а таксама Смаленскай і Арлоўскай абласцей.

Летам гэтае балота выглядае даволі прыветліва: пад блакітным небам бярозкі шапочуць зялёным лісцем, а невысокія тонкія сосны, нібыта ў чаканні дажджу, раскрылі над сабой парасоны — пухнаста-калючыя кроны. Сярод гэтай адвечнай прыгажосці як напамін пра людскія пакуты — памінальныя вянкі каля дрэў і чорныя чалавечыя фігуры з металу.

А яшчэ на агароджы агляднай пляцоўкі побач з кветкамі ўжо як сімвал няспраўджаных дзіцячых мар дзясяткі цацак — лялькі, ружовыя пантэры, блакітныя дэльфіны, бела-аранжавыя малпачкі.

Прыклад пераемнасці

Пасля маштабнай рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу ў 2023 годзе з’явілася не толькі брама з успамінамі вязняў, але і сцяна смутку, якая цягнецца ад брамы ўздоўж балота.

Побач кампазіцыя “Камні прасвятлення” (складаецца з чатырох невысокіх стэл з архіўнымі фотаздымкамі ваеннага часу і мармуровай пліты з вершаванымі радкамі выпускніцы Азарыцкай школы Соф’і Шах). Каля звона памяці традыцыйна 19 сакавіка, у дзень вызвалення Азарыцкага лагера смерці, служыцца літыя, прахо­дзіць мінута маўчання, ускладаюцца кветкі.

— Гісторыя мемарыяльнага комплексу з’яўляецца яркім прыкладам пераемнасці пакаленняў у справе захавання памяці пра ахвяр генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчын­най вайны. Адкрыты мемарыял у 1965 го­дзе. Але яшчэ раней, у 1954-м, па ініцыятыве Уладзіміра Лазаравіча Макатрова на месцы брацкай магілы быў устаноўлены абеліск, зроблены мясцовым майстрам. Шыльдачку на абеліск настаўнік заказаў у Мінску і сам, як мне потым расказваў, вёз яе на цягніку ў Азарычы. Усю дарогу акуратна трымаў у руках, хваляваўся, каб яна выпадкова не разбілася. На месцы таго абеліска сёння ўзвышаецца стэла, пастаўленая ў 1992 годзе. Тры яе грані сімвалізуюць тры лагеры смерці (Дзерць, Азарычы і Падасіннік), створаныя ў сакавіку 1944 года і больш вядомыя пад агульнай назвай Азарыцкі лагер смерці, — расказвае загадчык мемарыяльнага комплексу вязням Азарыцкага лагера смерці Зінаіда Мікалаеўна Хлебавец.

Размераны аповед, уменне зрабіць акцэнт на важных дэталях і тым самым зацікавіць юных экскурсантаў гісторыяй Азарыч выдатна сведчылі пра багаты педагагічны вопыт Зінаіды Мікалаеўны. Больш за 40 гадоў яна выкладала гісторыю ў школах Калінкавіцкага раёна, а ў Азарыцкай яшчэ і кіравала музеем “Памяці ахвяр Азарыцкага лагера смерці”, працягвала пошукавую справу Ула­дзіміра Лазаравіча Макатрова. Цяпер эстафету пераняла настаўніца гісторыі Святлана Леанідаўна Траццяк. Са студзеня 2024 года Зінаіда Мікалаеўна праводзіць урокі памяці ўжо на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу ў якасці яго загадчыка для навучэнцаў з розных куточкаў Беларусі.

— У мяне часта пытаюцца, ці трэба прывозіць на мемарыял вучняў пачатковых класаў, — дзеліцца суразмоўніца. — Я адказваю, што трэба. Канечне, падчас экскурсіі мы не акцэнтуем увагу малодшых школьнікаў на тых жахах, якія перажылі вязні. Але кожны вучань павінен разумець, што на гэтым месцы было балота, калючы дрот, што тут паміралі людзі. Сёння мемарыяльны комплекс — гэта своеасаблівая адукацыйная пляцоўка. Выдатна, калі на мемарыял прыязджа­юць не рознаўзроставыя групы, а вучні адной паралелі, тады прасцей праводзіць экскурсію. Напрыклад, у канцы мая да нас завіталі дзевяцікласнікі, якія рыхтаваліся да экзамену па гісторыі Беларусі. Настаўнікі загадзя тэлефанавалі і прагаворвалі моманты, на якіх неабходна было засяродзіць увагу. Пры такой падрыхтоўцы экскурсія заўсёды атрымліваецца, з вучнямі ў нас вядзецца дыялог.

Па словах Зінаіды Мікалаеўны, за шэсць месяцаў гэтага года музей мемарыяла наведалі толькі па ўваходных білетах каля 8,5 тысячы чалавек. Каб вызначыць дакладную колькасць, гэтую лічбу можна смела памнажаць на два, бо шмат школьнікаў прыходзіць у бясплатныя серады. Акрамя таго, прыязджаюць дэлегацыі, а кожны дзень насупраць мемарыяла паркуюцца дзясяткі аўтамабіляў. Заўважыўшы на ўзбочыне трасы велічныя стэлы, людзі спыняюцца, знаёмяцца з гэтым месцам.

Народны праект

У пачатку нашай сустрэчы Зінаіда Мікалаеўна невыпадкова адзначыла, што гісторыя мемарыяльнага комплексу з’яўляецца яскравым прыкладам пераемнасці пакаленняў. Устаноўка абеліска, а потым і стэлы на месцы брацкай магілы стала справай жыцця для У.Л.Макатрова і яго калег. Для сённяшніх азарыцкіх педагогаў такая справа гонару — удзел у маштабнай рэканструкцыі мемарыяла ў мінулым годзе.

— Гэта быў па-сапраўднаму народны праект. Мы з калегамі не маглі застацца ў баку ад агульнай справы і вырашылі нароўні з працоўнымі калектывамі вобласці ўдзельнічаць у праекце грамадзянскай ініцыятывы “Азарычы — боль і памяць”. Жадаючых працаваць у раёне было многа, але па нашай просьбе першая змена студатрада “Смугнар” складалася выключна з азарыцкіх навучэнцаў. Мы ўдзельнічалі ў рамонце капліцы і абнаўленні прылеглай тэрыторыі, пасадцы кустоў самшыта, умацаванні насыпу ля балотнага ўчастка, у пасільных будаўнічых работах. Ганарымся зробленай справай, — паведаміла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Азарыцкай сярэдняй школы Наталля Уладзіміраўна Мельнікава.

Памяць роднай зямлі

Актыўна школай праводзіцца і работа па захаванні памяці пра ахвяр генацыду. На працягу двух папярэдніх гадоў яна вялася ў рамках праекта “Зямля заклікае памятаць”. Музейныя сустрэчы з былымі вязнямі дазволілі запі­саць відэапасланні “Ваеннае пакаленне — мірнаму пакаленню”. Настаўнікі выступілі з ініцыятывай адкрыцця помніка ў гонар жаночага сяброўства на вайне. Ён будзе прысвечаны перш за ўсё франтавым сяброўкам Зінаідзе Самсонавай (19-гадовай дзяўчыне-санінструктару з Падмаскоўя, якая загінула пры вызваленні Азарыч) і Юліі Друнінай.

Н.У.Мельнікава расказвае вучням пра лёс баявых сябровак Зінаіды Самсонавай і Юліі Друнінай

Настаўнікі і вучні дагляда­юць адразу восем брацкіх магіл і помнікаў. Адзін з іх знаходзіцца ў скверы каля будынка школы. Зрабілі помнік у гонар землякоў, загінуўшых на франтах Вялікай Айчыннай вайны, былыя выпускнікі, якія выдатна займаюцца кавальскай справай. Цікавым у помніку з’яўляецца вобраз трох жураўлёў — быццам душы памерлых пралятаюць над роднай зямлёй. У гонар 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў да помніка была ўскладзена гірлянда Перамогі, створаная вучнямі і іх бацькамі.

Таксама школьнікі актыўна ўдзель­нічаюць у мерапрыемствах тыдня памяці ў студзені. Асабліва насычана праходзіць 19 сакавіка (дзень вызвалення вязняў Азарыцкага лагера смерці). Акрамя мерапрыемстваў на мемарыяле, у сценах школы адбываюцца дыялогавыя пляцоўкі “Дзецям дзяцей раскажыце…”.

— Наша актыўнасць у плане рэалізацыі грамадзянска-пат­рыятычных праектаў невыпадковая. Дзякуючы педагогам, якія фарміравалі ў нас любоў да малой радзімы, мы разумеем з калегамі, наколькі важна захоў­ваць традыцыі. Нам цікава хадзіць з дзецьмі ў паходы, таму што некалі самі з настаўнікамі падарожнічалі па роднай зямлі. Час мяняе толькі форму, а змест выхаваўчых мерапрыемстваў застаецца ранейшым — захоўваць памяць зямлі, якая цябе выгадавала, — па­дзялілася напрыканцы сустрэчы Наталля Уладзіміраўна.

Маманцяня Юрык

Усяго 25 км на паўднёвы ўсход ад райцэнтра — і мы пераносімся на 25 тысячагоддзяў да н.э., у часы верхняга палеаліту, месца, адкуль пачалася гісторыя Беларусі.

Пра жыццё мамантаў добра ведаюць В.В.Кучар і Н.А.Гарыст

Сёння на тэрыторыі Юравіцкай стаянкі першабытнага чалавека — сучасная музейная экспазіцыя. Тут і вялізная скульптура маманта, і краманьёнец у поўны рост. Дарэчы, пра рост нашых прашчураў. Прынята лі­чыць, што ў мінулыя эпохі людзі былі ніжэйшыя за сучасных хомасапіенсаў. Аднак краманьёнцы — выключэнне. Яны былі высокія, фізічна моцныя. Напэўна, толькі такі чалавек і мог выжыць у тых суровых умовах, калі па нашай зямлі блукаў ледавік.

Прадстаўлены пад адкрытым небам і макет жытла паляўнічых на мамантаў, валуны з рэпрадукцыяй наскальных малюнкаў. Побач на агляднай пляцоўцы — стылізаваная альтанка, з якой адкрываецца шыкоўны від на пойму Прыпяці. Адсюль у добрае надвор’е можна нават убачыць шматпавярховікі Мазыра.

Ніжэй па схіле пад агляднай пляцоўкай — памяшканне музея. Дыярама знаёміць са што­дзённымі клопатамі першабытных людзей, а на вялікіх экранах паказваюцца слайды з гісторыі адкрыцця стаянкі. Самыя малодшыя наведвальнікі мо­гуць нават паглядзець тэматычны мультфільм. Загадчык філіяла Калінкавіцкага краязнаўчага музея Валянціна Васільеўна Кучар расказвае, што жылі нашы далёкія продкі родавымі пасяленнямі. Жытло кожнай сям’і было крыху паглыблена ў зямлю, авальнай або круглай формы дыяметрам каля 5 і вышынёй да 3 метраў. Знізу яно ўмацоўвалася валунамі, чарапамі жывёл, вялізнымі косткамі. Для сучаснага чалавека карціна не самая эстэтычная. Але што зробіш? У тыя часы іншага будаўнічага матэрыялу амаль не было. Пасярод жытла гарэў ачаг, агонь у якім падтрымлівалі жанчыны. А вось мужчыны займаліся паляваннем.

Пра лад жыцця краманьёнцаў цудоўна расказвае і экспазіцыя гісторыка-краязнаўчага музея Юравіцкай сярэдняй школы. Слова “ўнікальная” выкарыстана нездарма. Косці, а тым больш зуб маманта сустрэнеш далёка не ў кожным школьным музеі. А вось арыгінальны ачаг эпохі неаліту ўбачыш далёка не ў кожным музеі свету. Ды ў Юравічах усё гэта ёсць. Побач захоўваюцца крамянёвыя разцы, наканечнікі стрэл, свердлы, праколкі, рэшткі глінянага посуду.

— Гэтыя артэфакты зной­дзены нашымі калегамі, былымі настаўнікамі Юравіцкай школы, — расказвае загадчык музея настаўніца гісторыі Вольга Анатольеўна Валатковіч-Сарокіна. — Пачынальнікам быў Юльян Юльянавіч Попель. Аднойчы ён ішоў па Юравічах і звярнуў увагу, як дзеці гуляюць з вялізнымі косткамі. Археолаг па адукацыі адразу ж вызначыў, што гэта косці не свой­скіх жывёл, а першабытных, магчыма, мамантаў. Ён паклапаціўся, каб косці былі адпраўлены на экспертызу ў Мінск — у Акадэмію навук. Там яго здагадкі пацвердзіліся. У 1929 годзе на месцы знаходкі касцей маманта вучоным-археолагам Канстанцінам Міхайлавічам Палікарповічам быў закла­дзены шурф, пачаліся раскопкі. У 1931 годзе яны працягнуліся.

Па словах дырэктара Юравіцкай сярэдняй школы Алы Леанідаўны Жолуд, раскопкі праводзіліся і ў пасляваенныя гады з актыўным удзелам мясцовых педагогаў і школьнікаў, напрыклад, настаўніка працоўнага навучання Аляксандра Паўлавіча Гарчанкі, стваральніка, першага кіраўніка школьнага музея.

— Асабліва памятнымі для нас з калегамі былі раскопкі ў 2006 годзе пад кіраўніцтвам доктара гістарычных навук Алены Генадзьеўны Калечыц. Тады быў адкапаны чэрап маманцяняці. Мясцовыя жыхары прыхо­дзілі паглядзець на незвычайную знаходку, і хтосьці, жартуючы, даў мянушку маманцяняці — Юрык, — далучылася да размовы намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Людміла Мікалаеўна Чарнышова.

Святыня Палесся

Не толькі стаянкай першабытнага чалавека славяцца Юравічы. Яны вядомы і як адзін з духоўных цэнтраў краю. На працягу некалькіх стагоддзяў сюды з розных куточкаў Палесся прыязджаюць пакланіцца Юравіцкай іконе Божай Маці як праваслаўныя, так і католікі. І гэта невыпадкова.

— У XVIІ стагоддзі па Палессі падарожнічаў езуіт айцец Марцін. З сабой ён вазіў ікону Багародзіцы. Па легендзе, калі ў 1673 го­дзе скончыў пропаведзь у Юравічах, то, як звычайна, ухутаў ікону, паклаў у скрыню, скрыню паставіў на воз і збіраўся ехаць далей, але коні не зрушылі з месца. Раптам пачуў жаночы голас: “Пакінь мяне тут, дай людзям пакланіцца”. Ён засумняваўся, што гэта голас Багаро­дзіцы, і пачаў доўга маліцца. На наступны дзень да яго прыйшла жыхарка Юравіч і сказала, што ў сне ёй з’явілася Маці Божая і пац­вердзіла сваю просьбу пакінуць ікону ў Юравічах. Айцец Марцін пабудаваў на месцы старажытнага гарадзішча каплічку, а недалёка заснаваў храм і мужчынскі езуіцкі манастыр.

В.А.Валатковіч-Сарокіна знаёміць з гісторыяй манастыра

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 годзе храм быў перададзены каталіцкаму ордэну бернардзінцаў, а потым і праваслаўным вернікам, — расказвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Наталля Анд­рэеўна Гарыст.

Юравіцкая ікона адразу праславілася як цудатворная. Яе шануюць і католікі, і праваслаўныя, таму пасля асвячэння ў 1865 годзе галоўнага храма манастыра па праваслаўным чыне святыню было вырашана пакінуць у царкве. Пакручастае ХХ стагоддзе не пашкадавала манастыр. Ён быў разбураны, і доўгі час храм стаяў у запусценні. Настаўнікі расказвалі, як у дзіцячыя гады разам з сябрамі лазілі па манастырскіх падзямеллях, даследавалі скляпы.

Л.М.Чарнышова

Ужо больш за дзесяцігоддзе вядзецца аднаўленне храма і прылеглых будынкаў. Наладзілася манастырскае жыццё, і, як у даўнейшыя часы, з розных куточкаў Палесся сюды прыязджаюць паломнікі, каб пакланіцца святыні. І кожнага Маці Божая сустракае сваёй бязмежнай любоўю.

Абавязкова завітайце!

Будзеце ў Юравічах, наведайце не толькі стаянку першабытнага чалавека і велічны храм.

Абавязкова завітайце ў школьны музей! Цікава, захапляльна тут раскажуць і пра краманьёнцаў, і пра цудадзейную ікону, і пра ранейшы побыт землякоў. А яшчэ настаўнікі і вучні паведамяць некалькі фактаў з гісторыі напісання Іванам Мележам “Палескай хронікі”, бо Юравічы, як вядома, згадваюцца ў трылогіі некалькі разоў.

А наша падарожжа па калінкавіцкай зямлі на старонках выдання яшчэ працягнецца…

Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара