Ажывіць біялогію вобразамі: візуалізацыя вучэбнага матэрыялу з дапамогай кросенса

- 15:24Образование, Портфолио

На ўроках біялогіі кросенс дазваляе візуалізаваць вучэбны матэрыял і садзейнічае фарміраванню крэатыўнасці, супрацоўніцтва, камунікацыі і крытычнага мыслення навучэнцаў.

У адукацыйным працэсе сродкі візуа­лізацыі выкарыстоўваюцца не толькі для ілюстрацыі вучэбнага матэрыя­лу, але і садзейнічаюць стварэнню ўмоў для актывізацыі разумовай і пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў. Адным з такіх сродкаў з’яўляецца кросенс. У ім перасякаюцца выявы, вобразы, аб’яднаныя прычынна-выніковымі сувязямі.

Кросенс (ад англ. cross sense — “перасячэнне сэнсаў”) уяўляе сабой стандартнае поле з дзевяці квадрацікаў, у якіх змешчаны выявы. Дзевяць выяў расстаўлены такім чынам, што кожная карцінка мае сувязь з папярэдняй і наступнай, а цэнтральная аб’ядноўвае па сэнсе адразу некалькі. Задача навучэнцаў — растлумачыць кросенс, скласці аповед (асацыятыўны ланцужок) з дапамогай узаемасувязі выяў. Кросенс дазваляе ажывіць гісторыю вобразамі — партрэтамі дзеячаў, творамі мастацтва, выявамі прадметаў матэрыяльнай культуры, сюжэтнымі карцінамі сучаснікаў. Асноўны сэнс стварэння кросенса — гэта загадка, галаваломка, рэбус, заданне, прызначанае для пэўнай аўдыторыі.

Вылучаюць наступныя спосабы чытання кросенса.

Першы спосаб. Чытаем зверху ўніз і злева направа (як прынята чытаць у беларускай мове), устанаўліваем сувязі па ланцужку выяў: першая — другая, другая — трэцяя, трэцяя — шостая, шостая — дзявятая, дзявятая — восьмая, восьмая — сёмая, сёмая — чацвёртая — аснова.

Другі спосаб. Цэнтральная карцінка можа быць звязана па сэнсе з усімі выявамі ў кросенсе: чытаем у любым парадку, пачынаем з той выявы, якую пазналі.

Трэці спосаб. Устанаўліваем сувязі па прынцыпе цэнтральнага крыжа паміж квадратамі: другая выява — пятая, шостая — пятая, восьмая — пятая, чацвёртая — пятая (крыж).

Спосабы чытання кросенса.

Кросенс выкарыстоўваю на розных этапах урока: пры праверцы дамашняга задання, фармулёўцы тэмы ўрока, пастаноўцы мэты ўрока, раскрыцці інфармацыйнага блока тэмы, пошуку, абагульненні матэрыялу, замацаванні, арганізацыі групавой работы, як творчае дамашняе заданне.

Алгарытм складання кросенса:

  1. Вызначыць тэматыку, агульную ідэю.
  2. Падабраць выявы, якія ілюструюць элементы.
  3. Вылучыць дзевяць элементаў — выяў, якія маюць дачыненне да ідэі, тэмы.
  4. Знайсці сувязь паміж элементамі, вызначыць паслядоўнасць.
  5. Сканцэнтраваць сэнс у адным элеменце (пяты квадрат).
  6. Вылучыць адметныя рысы, асаблівасці кожнага элемента.

Прапаную варыянты выкарыстання кросенса на ўроках.

Кросенс па тэме “Краіны Заходняй Еўропы”

Мэта: праверка дамашняга задання.

Заданні (дадзены на адваротным баку карткі):

  • вызначыце тэму, дайце назву кросенса;
  • растлумачце значэнне кожнай ілюстрацыі.

Кросенс па тэме “Краіны Заходняй Еўропы”.

Прыклады адказаў:

  1. Краіна Заходняй Еўропы.
  2. У краіне працякае рака Сена.
  3. Большая частка лясоў высечана, а на іх месцы вырошчваюць вінаграднікі.
  4. На палях вырошчваюць мноства кветак, якія выкарыстоўваюць у парфумерыі.
  5. У краіне праходзіць паказ мод.
  6. Адной са славутасцей краіны з’яўляецца Дыснейленд.
  7. У краіне развіта машынабудаванне, вырабляюць аўтамабілі маркі “Сітраен”.
  8. Важнай галіной сельскай гаспадаркі з’яўляецца жывёлагадоўля.
  9. Краіна Францыя, сталіца Парыж.

Для фармулёўкі тэмы ўрока, пастаноўкі мэты ўрока прапаную знайсці сувязь паміж выявамі і вызначыць тэму ўрока, а таксама запланаваны вынік: што навучэнцы бу­дуць рабіць па ходзе ўрока. Для гэтага можна выкарыстоўваць кросенс “Агульны план будовы стрававальнай сістэмы” ў 9 класе.

Кросенс па тэме “Агульны план будовы стрававальнай сістэмы”.

Раскрыццё інфармацыйнага блока тэмы “Фотасінтэз — спосаб жыўлення раслін” у 6 класе можа ажыццяўляцца на аснове кросенса. Прапаную вучням адказаць на пытанне “Што адлюстравана на карцінцы ў правым слупку пасярэдзіне?”. Далей паслядоўна вывучаюцца асаблівасці праходжання фотасінтэзу ў раслін: зыходныя рэчывы, умовы праходжання, месца праходжання, прадукты рэакцыі працэсу, агульная выснова. На наступным уроку гэты кросенс можа быць выкарыстаны для праверкі дамашняга задання ў якасці апорнай
схемы.

Кросенс па тэме “Фотасінтэз — спосаб жыўлення раслін”.

З дапамогай кросенса можна пака­заць структуру ўрока: дзевяць яго элементаў паслядоўна адлюстроўваюць логіку зместу тэмы, якая вывучаецца, на аснове праблемнага падыходу. Варыянт такога кросенса складзены па тэме “Вітаміны” ў 9 класе.

Кросенс па тэме “Вітаміны”.

Кросенс па тэме “Жыўленне рэк”

Мэта: замацаванне і абагульненне вывучанага матэрыялу.

Задачы:

  • развіццё ў навучэнцаў умення выяўляць і тлумачыць прычынна-выніковыя сувязі;
  • развіццё зрокавай памяці, крытычнага мыслення, камунікатыўных здольнасцей навучэнцаў;
  • актывізацыя творчай дзейнасці навучэнцаў, пазнавальнай цікавасці да прадмета.

Заданні (дадзены на адваротным баку карткі):

  • растлумачце значэнне кожнай ілюстрацыі;
  • вызначыце тэму, дайце назву кросенса.

Кросенс па тэме “Жыўленне рэк”.

Прыклады адказаў:

  1. Атмасферныя ападкі ў выглядзе дажджу.
  2. Атмасферныя ападкі ў выглядзе снегу.
  3. Рачны басейн, рачная сістэма.
  4. Горны ляднік.
  5. Выхад падземнай крыніцы на паверхню.
  6. Рэчышча ракі з нізкім узроўнем вады.
  7. Рэчышча ракі з высокім узроўнем вады.
  8. Паводка.
  9. Паняцце “жыўленне рэк”.

Падчас праверкі дамашняга задання па пытанні “Антагенез. Эмбрыянальнае развіццё” ў 11 класе навучэнцам пры адказе прапануецца выкарыстоўваць кросенс, у якім зашыфраваны асаблівасці развіцця арганізма ў эмбрыянальным перыядзе.

Кросенс па тэме “Антагенез. Эмбрыянальнае развіццё”.

Кросенс можа стварацца не толькі настаўнікам, але і вучнем. Кросенс, складзены вучнем, адлюстроўвае глыбіню разумення ім зададзенай тэмы, са­дзейнічае развіццю лагічнага і вобразнага мыслення, павышае матывацыю і развівае здольнасць да самавыяўлення. Імкнучыся адлюстраваць сваё бачанне тэмы, вучні шукаюць цікавы дадатковы матэрыял, праяўляюць нестандартнае мысленне і павышаюць узровень уласнай
эрудыцыі.

Выкарыстанне кросенса на ўроках геаграфіі і біялогіі дазваляе навучэнцам авалодаць прадметным зместам з элементамі крэатыўнасці, узмацняе цікавасць да вывучэння геаграфіі і біялогіі, развівае назіральнасць, зрокавае ўспрыманне інфармацыі, памяць,
увагу.

Марына БЕЛАГАЛОВАЯ,
настаўніца біялогіі сярэдняй школы № 23 імя Ф.П.Гудзея Гродна
Фота Наталлі Калядзіч носіць ілюстрацыйны характар