Бабруйскія піянеры зараджаны на актыўнасць і сустракаюцца ў… «Кішэні»

- 12:04Увлечения

Выдатна, калі ініцыятыўнае дзіця з лідарскімі якасцямі знаходзіць сябе ў дзіцячай, а пасля і ў маладзёжнай грамадскай арганізацыі. Думаю, са мной пагодзяцца многія, калі выкажу ўпэўненасць у тым, што нам, дарослым, варта падтрымліваць усе дзіцячыя ініцыятывы. Як гэта ўмеюць рабіць у Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Бабруйска.

Сустрэча ў “Кішэні”

Маё знаёмства з названай установай адукацыі пачынаецца ў… “Кішэні” — гарадскім рэсурсным цэнтры маладзёжных ініцыятыў. Педагогі расказваюць, як ім удаецца напаўняць дзіцячы свет шматлікімі карыснымі справамі і неверагоднымі адкрыццямі. Менавіта тут, у Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Бабруйска, многія юныя жыхары горада робяць крок наперад — крок да сябе, сваіх мар і жаданняў. Пра гэта гаворыць Святлана Паўленіна, загадчыца аддзела па ўзаемадзеянні з дзіцячымі і маладзёжнымі грамадскімі аб’яднаннямі бабруйскага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

— Піянеры — самая масавая дзіцячая арганізацыя нашай краіны. Піянерская арганізацыя не проста дзіцячая арганізацыя, гэта арганізацыя дзяцей, падлеткаў і дарослых. Піянерыя памянялася разам з часам. Але піянер — гэта значыць першы, першапраходзец, першаадкрывальнік, і піянерская дружына, піянерскі атрад заўсёды былі арганізатарскім калектывам, — адзначае Святлана Ула­дзіміраўна.

Членства ў піянерскай арганізацыі дае дзецям магчымасць знаходзіць сяброў, рэалізоўваць свае таленты, навучыцца дапамагаць іншым: інвалідам, ветэранам, пенсіянерам. І, што самае галоўнае, у іх ёсць магчымасць вырасці сапраўднымі людзьмі, патрыётамі, якія ўсведамляюць сваю адказнасць за будучыню Радзімы.

— Нашы акцябраты і піянеры — дзеці ва ўзросце ад 7 да 14 гадоў, прычым 30 працэнтаў ад агульнай колькасці — гэта піянеры-лідары да 16 гадоў, — працягвае Святлана Паўленіна. — Мы займаемся з дзецьмі ў напрамках грамадзянска-патрыятычнага, экалагічнага выхавання, падтрымкі дзіцячых і маладзёжных ініцыя­тыў. Рэалізуем у горадзе мноства праектаў, сталі пераможцамі рэс­публіканскага конкурсу маладзёжных ініцыятыў. Так, нашы падлеткі захапляюцца вулічнымі відамі спорту — кікскутэрынгам, скейтбордынгам — і яны захацелі сабе адпаведную пляцоўку. Самастойна стварылі праект, прадставілі яго, і пад яго выдзелілі 25 тысяч рублёў на пабудову гэтай пляцоўкі. Зараз у Бабруйску ёсць такі аб’ект.

Якімі фішкамі ў рабоце мо­гуць пахваліцца педагогі дадатковай адукацыі Бабруйска? Напрыклад, сваім праектам “Крок наперад” для піянераў-лідараў, дзе яны вучацца, а пасля на практыцы мо­гуць ствараць штосьці сваё, унікальнае, адмысловае. У юных лідараў праходзяць сустрэчы з цікавымі спікерамі. Адна з апошніх такіх сустрэч “На ўсе сто” — з футбольнай камандай горада “Белшына”, яе асноўным складам. Падлеткі так натхніліся гэтай сустрэчай, што вырашылі падтрымаць любімую каманду перад сур’ёзнай гульнёй на шанс трапіць у Вышэйшую лігу па футболе. Арганізавалі конкурс плакатаў “Падтрымай каманду ярка”, каб натхніць футбалістаў.

— У нас больш за 14 тысяч піянераў, — гаворыць Святлана Ула­дзіміраўна. — І ўсіх дзяцей удаецца, што называецца, арганізоўваць. Штомесяц мы праводзім мерапрыемствы. Напрыклад, ваенна-патрыятычная гульня “Зарніца” праводзіцца для старшых піянераў, а спартыўна-патрыятычная гульня “Зарнічка” — для іх малодшых сяброў. Праводзім фестывалі “Агеньчык запрашае сяброў”, дзе выкарыстоўваем сучасныя кі­рункі выхаваўчай дзейнасці: чырлідынг, конкурсы “Спявай з БРПА” і “Танцуй з БРПА” — каб дзеці змаглі сябе рэалізаваць у розных напрамках. Выдатна праходзіць сямейны конкурс відэаролікаў “Тэрыторыя сям’і”, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі могуць рэалізаваць сябе праз узаемадзеянне са сваёй сям’ёй. Яны атрымліваюць заданні штомесяц, выконваюць іх і вынікі выкладваюць у сацыяльныя сеткі. Наглядна з нашай дзейнасцю можна пазнаёміцца на нашай старонцы ў Instagram.

Новы фармат узаемадзеяння

Дарэчы, у бабруйскіх педагогаў няма праблем з тым, каб прыцягнуць да сваёй дзейнасці не толькі заўсёды актыўных дзяўчынак, але і падлеткаў-хлопчыкаў. Вельмі добра заходзяць хлопчыкам спаборніцтвы на новай пляцоўцы, пра якую гаварылася раней. За сваю актыўнасць лепшыя піянеры атрымліваюць пуцёўкі ў НДЦ “Зубраня”, накіроўваюцца на абласныя і рэспубліканскія мерапрыемствы. Таксама ў планах — арганізацыя фестывалю маладзёжных культур.

— Яшчэ для падлеткаў праводзім конкурс “Лідар года” і іншыя мерапрыемствы, накіраваныя на рэалізацыю патэнцыялу маладзёжных ініцыятыў, развіццё дзіцячых праектаў. Працуе школа эфектыўнага лідарства “Піянерскі менеджмент”, дзе піянеры вучацца праектам і пасля рэалізуюць іх на справе. Цікавай з’яўляецца дзіцячая ініцыятыва “Рэп-батл у фармаце Instagram”. Яна з’явілася таму, што дзецям захацелася папулярызаваць піянерскія вершы, якія яны зачытвалі ў фармаце рэпа. Адна школа кідала выклік іншай школе, а тая прымала выклік. Папулярнымі ў дзяцей з’яўляюцца чэленджы спартыўнай накіраванасці, бо сучасныя дзеці паглыблены ў сацыяльныя сеткі, а мы стараемся выкарыстоўваць сацсеткі ў нашай дзейнасці, каб завабіць дзяцей. У год 85-годдзя Магілёўскай вобласці нашы піянеры своеасабліва віншавалі родны рэгіён: лічбу 85 дзеці выпякалі, майстравалі, выкладвалі з канструктара — правялі чэлендж. Падключыўся ўвесь горад, — дзеліцца Святлана Паўленіна.

Актыўна ўключаюцца ў выхаваўчую работу бацькі акцябрат і піянераў. Нядаўна юны бабруйчанін Арцемій Матлах — актыўны піянер з гімназіі № 3 Бабруйска імя мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева) і выдатны спартсмен — пабываў у Палацы Незалежнасці на сустрэчы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі з маладзёжным актывам. Бацькі вельмі ганарацца сваім сынам.

Калі гаварыць пра пераемнасць пакаленняў, то важна адзначыць, што ў Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і мола­дзі Бабруйска рэалізуецца праграма “БРПА — БРСМ: новы фармат узаемадзеяння”, у горадзе працуе дзіцячы і падлеткавы парламент, куды ўваходзяць лідары да 16 гадоў. Старшыя лідары, якія дабіліся поспехаў у піянерыі, вучаць цяперашніх піянераў і акцябрат.

— Мы робім усё магчымае, каб нашы піянеры пасля станавіліся актыўнымі членамі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, — гаворыць Святлана Паўленіна. — Як правіла, так і адбываецца, бо нашы дзеці зараджаныя на актыўнасць. Напрыклад, пасля “Зарнічкі” і “Зарніцы” нашы лідары з задавальненнем бяруць удзел у маладзёжнай гульні “Арляня”. Мы праводзім сумесную з БРСМ акцыю “Развітанне з піянерскім гальштукам”, дзе былыя піянеры становяцца членамі БРСМ.

Прастора свабоды і самавыяўлення

Напрыканцы сустрэчы з педагогамі Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Бабруйска пытаюся пра тое, чаму рэсурсны цэнтр для работы з маладзёжнымі ініцыятывамі называецца “Кішэня”.

— Кішэня — таму што ў рэсурсным цэнтры, як у кішэньцы, складзена ўсё, што цікава сучаснай моладзі: майстар-класы для педагогаў, мерапрыемствы (нядаўна прайшоў “Лямпавы вечар”, на якім дзеці чыталі вершы), інтэрактыўная пляцоўка “Шосты школьны дзень”, блогер-праект “Цэнтрыфуга 2.0”, клуб па інтарэсах “Хобі-шоп”, клуб настольных гульняў “Пячэнька”, — адказвае Таццяна Кізатава, педагог дадатковай адукацыі аддзела тэхнічнай творчасці бабруйскага цэнтра. — Асноўнай мэтай рэсурснага цэнтра з’яўляецца выхаванне эрудзіраванага, усебакова інфармаванага маладога грамадства. Наша “Кішэня” — гэта тая прастора, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі адчуваюць сябе свабодна, могуць рэалізаваць свае ідэі.

Па словах Таццяны Тарэлкі, намесніка дырэктара бабруйскага цэнтра па вучэбна-выхаваўчай рабоце, у бягучым навучальным годзе ва ўстанове адукацыі з’явіліся новыя аб’яднанні: “Бенефіс” (мастацкі профіль, вакальная творчасць), “Маска” (мастацкі профіль, тэатральная творчасць), “Рознакаляровы свет”, “Ажур” і “Глінка” (мастацкі профіль, дэкаратыўна-прыкладная творчасць), Treiny і “Пульс” (мастацкі профіль, харэаграфічная творчасць), “Кікбоксінг” (фізкультурна-спартыўны профіль), “Авіямадэльны спорт” (спартыўна-тэхнічны профіль), “Тэхнічнае канструяванне” (тэхнічны профіль), “Англійская мова” (грамадска-гуманітарны профіль), “Гульнятэка” (культурна-адпачынкавы профіль).

— Шматфункцыянальнасць установы задаецца варыятыўнасцю напрамкаў дзіцячай творчасці, якія адпавядаюць сучасным запытам дзяцей, падлеткаў і моладзі, а таксама іх бацькоў. У нашай установе адукацыі ўлічваюць запыты кожнага дзіцяці ў выбары свайго індывідуальнага адукацыйнага маршруту. Мы даём магчымасць найбольш поўна і якасна задаво­ліць запыт не толькі на адукацыйныя паслугі, але і на сацыяльныя, культурна-эстэтычныя, псіхаэмацыянальныя патрэбнасці асобы, якая развіваецца, зрабіць прывабным развіццёвую дзейнасць для навучэнцаў усіх узростаў, — падагульняе Таццяна Уладзіміраўна.

Поспехаў вам, калегі!

Наталля КАСТЭНКА